Грамадства

«Я не баюся». Пагутарылі з дацэнтам, які адпрацаваў у МДЛУ 54 гады і смела выступіў перад новай рэктаркай

«Я ў гэтым універсітэце з 1966 года. Я ўклаў сюды вельмі шмат сіл. І мне балюча, сорамна за тое, што адбываецца. За тое, што ціхары ходзяць па ўніверсітэце. Яны высочвалі Наталлю Дуліну і забралі проста пры выхадзе! Гэта дапушчальна наогул ў навучальнай установе?»

Так эмацыйна дацэнт і былы прарэктар МДЛУ Юрый Стулаў выступіў перад новай рэктаркай Наталляй Лапцевай, калі тая паклікала на размову актыўных выкладчыкаў.

«Наша Ніва» звязалася з ім.

Юрый Віктаравіч сам выпускнік МДЛУ. Ён застаўся пасля вучобы працаваць на кафедры граматыкі і гісторыі англійскай мовы. З 1990 па 1994 быў прарэктарам па навучальнай працы.

«А потым я сышоў з пасады, бо жыцця асабістага практычна ніякага не было, на навуку часу не хапала. Гэта былі вельмі цікавыя, але цяжкія часы. Я вырашыў, што зрабіў усё, што мог зрабіць», — расказвае выкладчык.

Пазней ён узначаліў кафедру замежнай літаратуры, дзе працуе загадчыкам і цяпер.

Калі ў верасні студэнтаў пачалі затрымліваць наўпрост перад парамі, Юрый Віктаравіч не змог змаўчаць.

«Гэта ж немагчыма нават уявіць, каб ва ўніверсітэт АМАП даслаць! Мы адрэагавалі, як і ўсе нармальныя людзі. Пачалі патрабаваць сустрэчы з кіраўніцтвам, пісаць лісты. У якісьці з дзён мне патэлефанавала рэктар (тады гэту пасаду займала Наталля Баранава — «НН»), сказала, што ў яе сядзяць дэканы. «Што вы патрабуеце?» — спытала.

Я пацікавіўся, чаму людзям нельга выказваць сваю думку на тое, што здарылася. «У нас дзяржаўная ВНУ, і мы павінны праводзіць дзяржаўную палітыку», — тое, што я пачуў. Кажу: а калі я іншую пазіцыю маю? «Гэта вашы праблемы», — прыводзіць той дыялог Стулаў.

Шокам для яго стала звальненне, а пасля арышт дацэнта Наталлі Дулінай. 79 выкладчыкаў МДЛУ падпісалі зварот з просьбай вярнуць на працу яе і іншых калег, што страцілі месца праз палітыку, а таксама аднавіць студэнтаў. У пятніцу 6 лістапада ўсіх, хто падпісаўся, сабралі на сустрэчу з новай рэктаркай.

«Нас падзялілі на дзве групы — адна прыйшла а 12 гадзіне, другая а 15-й. Для рэктарата гэта была нейкая спроба высветліць, што мы патрабуем, а для нас — пабачыць, як рэагуе кіраўніцтва ўніверсітэта.

Шмат пытанняў было — па якіх прынцыпах адлічалі студэнтаў, хто быў у той камісіі. Чаму, калі звальнялі Наталлю Алегаўну Дуліну, не бралі пад увагу, што яна адпрацавала 28 гадоў, была вядучай выкладчыцай італьянскай мовы?

Нервы былі нацягнутыя. Мы cпыталі, ці можна студэнтам вярнуцца ва ўніверсітэт. «Хай яны пішуць, мы разгледзім справы», — адказала кіраўніцтва. «А выкладчыкам?» — удакладнілі мы. «Могуць пісаць заявы, але ці будзе для іх праца, не ведаем». Абавязкі звольненых размеркавалі паміж іншымі выкладчыкамі.

«Незаменных людзей няма», — вось гэта была тая фраза, якая мяне абурыла», — успамінае Стулаў, чаму вырашыўся на прамову.

У актавай зале Юрый Віктаравіч тады казаў, што іх падтрымліваюць калегі з розных універсітэтаў.

«Мы не падрываем рэпутацыю МДЛУ тым, што пратэстуем супраць таго, што адбываецца. Не трэба заплюшчваць вочы!» — абураўся ён.

Сустрэча скончылася тым, што рэктарка паабяцала збірацца з выкладчыкамі для дыялогу і далей.

Пасля рэзкага выступу Юрыя Віктаравіча «на дыван» не выклікалі. Пакуль.

«Я разумею, што ўсё можа быць, бо мы жывем у такі час. Але не баюся. У мяне ўжо ўзрост — ну звольняць і звольняць. Адзінае — мне будзе не хапаць студэнтаў, таго, дзеля чаго я столькі гадоў працаваў», — прызнаецца ён. 

Сярод выкладчыкаў універсітэта ёсць тыя, хто падтрымлівае дзеючую ўладу, ёсць абыякавыя.

«Як мне адзін чалавек запярэчыў: «Чаго ім мала? Грошы маюць, працу маюць, чым незадаволеныя?» Ну што гэтаму чалавеку казаць пра свабоду?» — уздыхае дацэнт.

Дзеці Юрыя Віктаравіча таксама выкладаюць ва ўніверсітэтах. Бацька ганарыцца імі, а яны падтрымліваюць яго пазіцыю.

«Правільна — не прымаць тое, што адбываецца, выказваць гэта рознымі спосабамі. І патрэбна салідарнасць усіх. Калі кагосьці звольнілі, не сядзець маўчаць і чакаць, пакуль за табой прыйдуць».

Каментары

Цяпер чытаюць

Для каго сабраліся будаваць велізарны вантавы мост у Мінску?

Для каго сабраліся будаваць велізарны вантавы мост у Мінску?

Усе навіны →
Усе навіны

Футбольны клуб у Нідэрландах душэўна правёў на пенсію прачку, што мыла футболкі гульцоў 27 гадоў1

На працоўным стале кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны Кірылы Буданава ляжыць нататнік «Спіс пі*арасаў 2026»25

Хлопец у Асіповічах вырашыў праверыць, ці добра гарыць бензін. Аказалася, што добра3

12‑гадовая дзяўчынка стала кур'ерам тэлефонных махляроў у Мінску

Пірацкая копія новага мультфільма «Аватар: Легенда пра Аанга» пайшла ў беларускі пракат пасля зліву ў сеціва5

«У працы мне падабаецца калектыў і ў пэўнай ступені свабода». Як дзяўчыне-сісадміну працуецца ў раённай бальніцы2

«Я — не гвалтаўнік». Трамп пракаментаваў абвінавачванні з маніфеста стралка12

Мінчанка адпрасілася з працы, каб узяць два крэдыты і перадаць махлярам 50 тысяч даляраў6

Настаўніцу-дэфектолага з-пад Мінска асудзілі за «садзейнічанне экстрэмізму»2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Для каго сабраліся будаваць велізарны вантавы мост у Мінску?

Для каго сабраліся будаваць велізарны вантавы мост у Мінску?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць