Эканоміка66

«Умовы амаль казачныя». Праграміст не знайшоў працу і паехаў у Маскву (пакуль расіяне мараць пра Мінск)

«Вакансіі ў заходніх кампаніях я не вывучаў — падумалася, што ў Расіі беларусу прасцей легалізавацца».

Каб пачаць кар’еру прадуктовага аналітыка ў ІТ, Мацвей у пачатку года пераехаў з Мінска ў Маскву — на радзіме вакансій для яго папросту не было, піша Devby.io.

«Падумалася, што ў Расіі беларусу прасцей легалізавацца»

— У Беларусі я працаваў у дзяржбанку — уладкаваўся туды пасля ўнівера, але недзе праз год зразумеў, што там няма магчымасцяў для росту.

У мяне былі добрыя задаткі для працы ў прадуктовым аналізе, — і мне было цікава развівацца ў гэтым кірунку. Таму я пачаў шукаць іншую працу — спачатку ў Мінску.

На жаль, адкрытых пазіцый было вельмі мала, і, як высветлілася, мне, чалавеку без рэлевантнага досведу, не свяціла трапіць ні на адну з іх — усюды патрабавалі людзей з практычнай экспертызай.

Тады я пачаў глядзець вакансіі ў Расіі — у бігтэках. Прайшоў некалькі суразмоўяў на пачатковыя пазіцыі, — і знайшоў тое, што хацеў: у нас адразу здарыўся мэтч з камандай, і прадукт быў мне вельмі цікавы. Да таго ж гэта топавая кампанія і ўмовы амаль казачныя:

  • поўны рэлакацыйны пакет — праезд, гатэль на першы час, рыэлтар для дапамогі з пошукам жылля, «пад’ёмныя»;
  • выдатная медстрахоўка;
  • заробак мяне цалкам задавальняе;
  • ну і ежа ў офісе (сам офіс таксама добры).

Вакансіі ў заходніх кампаніях я не вывучаў — падумалася, што ў Расіі беларусу прасцей легалізавацца, чым у краінах EC, дзе пасля 2022 года да нас ставяцца з насцярожанасцю.

«Прадукт выдатны, калегі ўсе прафесіяналы»

Увогуле рашэнне пра пераезд далося лёгка — не на Марс жа з’язджаў, да дому якіх-небудзь 700+ км, самалёты лётаюць, цягнікі ходзяць.

Праца падабаецца — прадукт выдатны, калегі ўсе прафесіяналы.

На першыя два тыдні мне знялі нумар у гатэлі (далі спіс — выбар вельмі добры, скардзіцца няма на што!). Яшчэ прадаставілі рыэлтара для пошукаў кватэры — вельмі зручна! У выніку мы знайшлі кватэру-студыю на 26 «квадратаў».

Кампанія аплаціла першы месяц арэнды і камісіі. З усімі плацяжамі па лічыльніках выходзіць 50 тысяч расійскіх рублёў (прыкладна 635 даляраў па курсе) — цярпіма, але ў мяне і раён не прэміяльны.

А з іншага боку, гэта амаль чвэрць заробку. На гэтыя ж грошы ў Мінску я б мог зняць аднушку мары дзе-небудзь на Грушаўцы.

Масква ў цэлым багаты па зразумелых прычынах горад. Калі параўноўваць з Мінскам, то не такі ўтульны, і людзі на вуліцах нейкія менш прыемныя, але ёсць прыгожыя месцы ў цэнтры горада, у якіх цудоўна гуляць.

У плане побыту адрозненняў не вельмі шмат. Так, трэба было прывыкнуць да новай валюты. З мінусаў — інтэрнэт-рэсурсы толькі праз VPN, дарагое жыллё, якое яшчэ і знаходзіцца далёка ад працы. У адзін бок дабірацца — гадзіна. Але ёсць і плюсы: добрыя сервісы дастаўкі і аказання паслуг па адносна прымальных цэнах.

Ці можна працаваць з Мінска? Можна, галоўнае добра перформіць. І так, спакуса вярнуцца на радзіму не адпускае мяне (працаваць з Мінска можна). Што ўтрымлівае — добрыя бенефіты, плюс цікава проста пажыць у мегаполісе. Акрамя таго, у «кадры» трэба прадастаўляць часовую рэгістрацыю ў Маскве, для гэтага неабходна дзесь штось здымаць і выдаваць грошы ў любым выпадку.

Калі будзе важкая прычына — вельмі хутка вярнуся назад.

«Я ўсведамляю, на што ідуць мае падаткі. Стараюся глядзець на гэта ў доўгатэрміновай перспектыве»

Пра маральны бок працы на Расію: я ўсведамляю, на што ідуць мае падаткі.

Так, гэта неэтычна — але я стараюся глядзець на гэта ў доўгатэрміновай перспектыве: гэта важная складаючая майго прафесійнага станаўлення, і ў плане досведу я атрымліваю вельмі шмат. У будучыні я змагу пусціць яго на карысць ужо маёй краіны, уносячы ўклад у эканоміку і прафесійную культуру.

Да вайны і дзяржавы, якая яе развязала (хай я нават у ёй жыву і працую), я стаўлюся негатыўна — і працаваць бы на дзяржструктуры дакладна не стаў: гэта нават горш чым на букмекерскія канторы. І таму мяне радуе, што наш прадукт чыста цывільны.

Сама вайна няправедная, як і большасць войнаў, развязаных Расіяй (ужо каму як беларусам не ведаць). Калі шчыра, мне страшна ад думкі, што ў яе могуць паўнавартасна ўцягнуць і маю краіну.

Хоць сама вайна і далёка, але заўсёды навідавоку: самае банальнае — гэта сталы вярбоўшчыкаў на ўваходзе ў метро. Непрыемна бачыць іх кожны дзень. Што хвалюе яшчэ больш — навіны з Беларусі: «ідуць вучэнні», «прызываюць з запасу»… Я не хачу праліваць кроў невядома за што — так што маральна гатовы перарэлацыравацца ў любы момант, з працай дыстанцыйна на сваю ж кампанію разбяруся. Аднак пакуль Беларусь паўнавартасна не ўцягнутая ў вайну, сплю больш-менш спакойна.

«Офісныя «плюшкі» — не толькі сталовыя, але таксама вэндаматы і крамы побач з офісам»

У цэлым у офіс у нас у кампаніі можна хадзіць па жаданні — некаторых калег я тыднямі не бачу ўжывую. Але я прыхільнік офіснага фармату працы. У офіс езджу штодзённа — не толькі каб размежаваць свой працоўны і асабісты час, але і праз «плюшкі». Стараюся прыязджаць раней, каб трымаць рэжым дня (гэта рэч тонкая!), у офісе праводжу 8‑9 гадзін.

У офісныя «плюшкі» уваходзіць харчаванне на пэўную суму ў дзень — не толькі ў сталовых (у нас іх некалькі), але таксама пакупкі ў вэндаматах і крамах побач з офісам, а ў самім офісе шмат бясплатных пачастункаў тыпу пячэння і садавіны кожны дзень.

Ёсць спартзала і іншыя зоны для забаў — більярд, плойкі, кіберзона з камп’ютарамі, масажыст. Яшчэ псіхолаг і тэрапеўт — калі раптам спатрэбяцца.

На выходных езджу гуляць у більярд (зноў жа ў офіс!) і гуляю па новых месцах. Стараюся кожныя выходныя хадзіць у новы музей, манастыр ці царкву.

Плюс з таго часу, як я атрымаў страхоўку, актыўна займаюся сваім здароўем і матаюся па дактарах у выходныя — у будні гэта рабіць вельмі лянота.

«У Беларусі ў мяне было адчуванне межаў, а ў Расіі мне страшна далёка заходзіць у размовах»

З сувяззю і інтэрнэтам усё, вядома, дрэнна.

Калі трэба доступ да якіх рэсурсаў, што цікавяць мяне — пакуль ратуе VPN. Тэлеграм, Instagram, Youtube — усё ёсць, усё гляджу. І калі не будзе прама чэбурнэту з белымі спісамі і іншай лухтой, то так, напэўна, і застанецца. Шанцы на чэбурнэт я ацэньваю недзе ў 10% у гэтым годзе. Ва ўладароў таксама ёсць жонкі і дзеці — дзе ж ім посціць фоткі з умоўнай Ніцы?

У нас у кампаніі для ўнутраных камунікацый выкарыстоўваецца тэлеграм — і ў цэлым працуе нармальна ў офісе і праз карпаратыўны VPN. Адзінае, што можа перашкодзіць, — гэта калі ты не за ноўтам, прыходзіцца ўключаць VPN на тэлефоне, каб штось прачытаць ці адказаць. MAX устанаўліваць ніхто не прымушае — і размоў такіх пакуль таксама няма. І так, на ўсялякі выпадак у кампаніі ёсць яшчэ ўнутраны месенджар.

У сувязі з усёй гэтай сітуацыяй мае калегі ўжо паўжартам-паўсур’ёзна гавораць пра пераезд у Беларусь (у цэлым цікава назіраць, як мала расіянам трэба для свабоды: Zara + Instagram і ўсё, ужо лічы, як у Швейцарыі). Я намагаюся пазбягаць гэтай тэмы, каб не ляпнуць лішняга, пасля чаго прыйдзецца гаварыць з кадрамі.

Не, у цэлым, у нас добрая каманда — можна весці размовы і жартаваць на любыя тэмы. Пытанне ў тым, наколькі далёка можна зайсці.

У Беларусі ў мяне было адчуванне нейкіх больш-менш акрэсленых межаў на любую тэму, а ў Расіі, калі шчыра, мне пакуль страшна занадта далёка заходзіць у размовах на палітычныя тэмы. У Беларусі можна ўсё зразумець пра погляды чалавека пасля хвіліны размовы. Тут вельмі адчуваецца, што людзі ментальна ад нас адрозніваюцца, я іх не зусім разумею. Таму і не лезу з лішнімі размовамі.

Па адчуваннях, калегі ў асноўнай сваёй масе прытрымліваюцца прынцыпу: «цар — добры, баяры — дрэнныя». Але ёсць і тыя, хто яўна супраць вайны, хоць іх і няшмат. Адбітых зэтнікаў няма ўвогуле — і гэта радуе. Хоць гэтую тэму абмяркоўваць на працы не прынята: праціўнікі баяцца, а прыхільнікі не хочуць, бо пахваліцца ім асабліва няма чым.

«Мне здаецца, тое, што я працаваў на расійскую кампанію, будзе не самым крытычным фактарам»

Я разлічваю яшчэ 3‑4 гады правесці па такім сцэнарыі, калі жыццё будзе прымальным. А ў будучыні хацелася б пераехаць у Мінск і працаваць на замежную кампанію ці беларускую, але такую, што не саступіць замежнікам па заробку.

Так, было б класна выкарыстоўваць атрыманы досвед менавіта ў нейкім крутым беларускім прадукце. Але пакуль, на жаль, не бачу перадумоў для якіх-небудзь значных паляпшэнняў у ІТ-галіне ў Беларусі.

Мне здаецца, тое, што я працаваў на расійскую кампанію, будзе не самым крытычным фактарам — да гэтага многія ставяцца нейтральна. Прынамсі, мне хочацца верыць, што будучаму працадаўцу будзе больш цікавы сам прадукт, над якім мы працавалі, і мая роля ў ім.

Іншыя беларусы ў кампаніі ёсць. Іх не вельмі шмат, але з дзясятак набярэцца — з тых, пра каго я чуў. Асаблівага стаўлення з боку калег я да сябе не адчуваю, і тое, што я з Беларусі, ніяк не адбіваецца на нашым узаемадзеянні.

Каментары6

  • так ў імперыі д'ябла лепей ?
    27.04.2026
    "«Умовы амаль казачныя». Праграміст не знайшоў працу і паехаў у Маскву (пакуль расіяне мараць пра Мeнск)"
    так ў імперыі д'ябла лепей ? ці галоўнае каб супраць валета ?
  • Максим Дизайнер
    27.04.2026
    [Рэд. выдалена]
  • Патрульны Гунько
    27.04.2026
    А чаго чакалі,

    Гэта лёгка, апасля ж першага залёту.
    Таму хай лепей па лекарах і манастырах ходзіць.

Цяпер чытаюць

Андрэя Пачобута памянялі на лукашэнкаўскіх шпіёнаў, арыштаваных у Польшчы

Усе навіны →
Усе навіны

У Магілёве з'явіцца свая версія мінскай «Пясочніцы»

Беларускі прыхільнік «рускага свету» ледзь не выступіў на канферэнцыі ў Літве. Яго выкраслілі ў апошні момант2

У віцэ-спікеркі Каардынацыйнай рады Лізаветы Пракопчык сабралася $12 тысяч даўгоў130

Yung Lean, шведская зорка з Мінска, зняў жорсткі кліп з неверагодна гіпнатычным танцам. Вам трэба гэта бачыць!16

Ахвотным наведаць Афганістан цяпер можна зрабіць гэта прасцей21

У Полацку пасажырка загінула, выходзячы з аўтобуса. Кіроўцу вынеслі прысуд

Сусветныя вайсковыя выдаткі пабілі новы рэкорд. У асноўным за кошт актывізацыі Еўропы

Расійскім прызыўнікам ужо не даюць выязджаць з краіны праз Беларусь10

Мерц: У ЗША няма стратэгіі ў вайне супраць Ірана, а Іран дзейнічае майстэрна11

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Андрэя Пачобута памянялі на лукашэнкаўскіх шпіёнаў, арыштаваных у Польшчы7

Андрэя Пачобута памянялі на лукашэнкаўскіх шпіёнаў, арыштаваных у Польшчы

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць