Анёл і змей, чарапы і сэрцы. «Тлумачальны слоўнік» па сімволіцы на старых помніках
Кароткі, але ёмісты «тлумачальны слоўнік» па сімволіцы пахаванняў на беларускіх могілках падрыхтаваў Сяргей Грунтоў.

Дзеці на помніку — яўны знак, што маладая нябожчыца пакінула па сабе сірот. А вось выява жанчыны ў жалобе зусім не асацыюецца з канкрэтнай сваячкай памерлага.
На любых большых старых могілках мы аказваемся аточанымі напаўзабытай візуальнай мовай. Давайце паспрабуем яе зразумець.
Чатырохканцовы і шасціканцовы
Самы распаўсюджаны сімвал на любым некропалі — гэта крыж. Калі на гістарычных могілках мы бачым надмагілле без выявы крыжа, то, хутчэй за ўсё, ён быў страчаны. Крыж часта аказваўся важнейшым нават за саму эпітафію: на розных могілках мы можам знаходзіць камяні з выявамі крыжоў, але цалкам пазбаўленыя тэксту і імёнаў пахаваных. Чаму крыж быў такі важны? Ён зацвярджаў той факт, што пахаваны быў хрысціянінам, а значыць, смерць яго толькі часовая і разам з іншымі адзінаверцамі ён чакае ўваскрашэння.
У слоўніках сімвалаў можна пабачыць вялікую разнастайнасць крыжоў, але на беларускіх могілках сустракаюцца два асноўныя: каталіцкі чатырохканцовы і праваслаўны шасціканцовы. Пры гэтым чатырохканцовы выкарыстоўваўся і праваслаўнымі як універсальны знак крыжа ў тых выпадках, калі могілкі былі толькі праваслаўнымі і канфесійны кантэкст быў адназначны.

Часта на надмагіллях можна пабачыць роўнабаковы крыж святога Георгія. Ён шырока выкарыстоўваўся на простых сялянскіх помніках з неапрацаваных камянёў. А ў выпадку больш дарагіх надмагілляў, якія вырабляліся ў спецыяльных майстэрнях, ён найчасцей гаворыць пра прыналежнасць памерлага да вайсковай справы.
Здзіўленне можа выклікаць выява крыжа ў нахіленым стане. Гэта не дэкаратыўны прыём, а вобраз крыжа, які Хрыстос нёс на Галгофу, — як сімвал зямных пакут. Разам з выявай Хрыста ён сустракаецца значна радзей і звычайна ў поўнафігурных скульптурах.
Вянец і якар
Неад’емнай часткай многіх крыжоў з’яўляецца выява распятага Хрыста. Сімвал зямных пакут і ўваскрашэння, ён, акрамя таго, сустракаецца і як самастойны элемент: часам як паўнароставая выява ў літых крыжах ці ў выглядзе скульптуры, часам у выглядзе паплечнай выявы ў медальёнах, з цярновым вянцом на галаве. Да таго ж яго прысутнасць можа быць праяўлена толькі ў выглядзе манаграмы, напрыклад, ІХЦІ ці IHS.

Гаворачы пра манаграмы, варта прыгадаць і яшчэ адну, вельмі папулярную асабліва да сярэдзіны ХІХ стагоддзя, — D.O.M. Гэта лацінскі акронім, які азначае «Deo optimo maximo» («Богу найлепшаму, найвялікшаму»). Аднак часта гэтае слова чыталася літаральна, як «дом», з-за таго што і ў народнай, і ў шляхецкай культуры магіла часта асацыявалася з новым домам памерлага. Як вынік, у эпітафіях узніклі такія дзіўныя формулы, як польскамоўны «DOM wieczności» («дом вечнасці»), дзе акронім страчвае першапачатковы сэнс.

Часам на Хрыста ўказваюць асобныя атрыбуты, напрыклад, цярновы вянец, які ўскосна сведчыць пра жыццёвыя пакуты памерлага. У іншых выпадках гэта сэрца, звычайна з невялікім полымем уверсе — уласна, Сэрца Хрыстова, якое палае любоўю да чалавецтва.
Калі звяртацца да хрысціянскай Тройцы, то два другія яе персанажы, Бог-Бацька і Святы Дух, у дэкоры надмагілляў адлюстроўваюцца заўважна радзей. Першы звыкла адлюстраваны ў выглядзе вока, заключанага ў трохкутнік. Святога Духа прадстаўляў голуб з распраўленымі крыламі — яго можна пабачыць на карункавых літых крыжах ХІХ стагоддзя і каменных надмагіллях з майстэрні мястэчка Мір.
Другі найважнейшы персанаж хрысціянства — гэта Дзева Марыя. Яе выява сустракаецца на могілках заўважна часцей за Хрыстову, што сведчыць пра надзвычайную папулярнасць яе культу як у ХІХ стагоддзі, так і сёння. Часта гэта паўнароставая скульптура са складзенымі на грудзях рукамі, якая стаіць на паўсферы і нагою прыціскае змяю.

Нярэдка лічаць, што анёл з’яўляецца атрыбутам дзіцячых пахаванняў, аднак часцей такія выявы можна ўбачыць над пахаваннямі дарослых людзей. Часам гэтыя біблейскія персанажы стаяць у жалобе, абапіраючыся на крыж, часам трымаюць у руках харугву, а ў іншых выпадках трубу — тады перад намі не хто іншы, як Анёл Суднага Дня, які грае на трубе і будзіць памерлых падымацца з магіл.

Крыху радзей за святых на могілках сустракаюцца выявы вернікаў, якія пазнаюцца па тым, што яны стаяць на каленях. Прытым звычайна ўкленчваюць менавіта дзеці, і гэта сведчыць пра тое, што ў такой магіле пахаваная маладая жанчына, якая пакінула па сабе сірот. Таму, напрыклад, на надмагіллі Францішкі Хамінскай у Канстанцінаве Мядзельскага раёна такіх постацяў дзве, а на помніку Аляксандры Лопат у Дараве Ляхавіцкага раёна — адразу тры.

Даволі часта на помніках можна пабачыць скульптурную выяву кнігі. Часам гэта толькі дэкаратыўны элемент, але ў большасці выпадкаў мы можам зразумець, што перад намі менавіта Біблія (ці Евангелле) дзякуючы цытатам адтуль на раскрытых «старонках». Сама па сабе наяўнасць Бібліі на помніку яшчэ нічога не гаворыць пра асобу памерлага, але калі яна спалучаецца з манстрацыяй, аплаткай і стулай, то перад намі — пахаванне святара.

З усёй хрысціянскай сімволікі чалавека неабазнанага найбольш можа здзівіць выява якара. Яна выклікае асацыяцыі з прафесіяй марака, даволі незвычайнай для Беларусі. Але насамрэч якар — гэта хрысціянскі сімвал надзеі, які часта выяўляецца ў камплекце з сэрцам (любоўю) і крыжам (верай). А вось на пахаваннях маракоў, братоў Яна і Аляксандра Канажэўскіх у Аборку каля Маладзечна, мы выяваў якараў якраз не знаходзім.

Напамін пра долю людскую
Калі хрысціянская сімволіка на надгробках застаецца пашыранай і ў наш час, то сімвалы, звязаныя з самім фактам смерці, амаль цалкам зніклі з ужытку. Сёння нам складана ўявіць, каб нехта замовіў свайму памерламу сваяку надмагілле з выявай чэрапа і скрыжаваных костак, але на гістарычных могілках Беларусі мы можам знайсці сотні помнікаў з такімі знакамі. Такая выява знаходзіцца ў ніжняй частцы помніка і называецца галавой Адама. Над ёю заўжды знак крыжа — як ахвяры, якую прынёс Хрыстос, адкупіўшы ёю першародны грэх чалавека.

Выкарыстанне чэрапа і костак працягвае змрочную эстэтыку барока часоў Рэчы Паспалітай. Бо гэта яшчэ і ясны напамін пра лёс чалавека на зямлі і тое, што ад яго ў выніку застанецца. Мода на чарапы на надмагіллях паступова знікла ў другой палове ХІХ стагоддзя, але лакальна захоўвалася да пачатку ХХ-га.

Для вока нашага сучасніка больш змрочнай за чэрап і косці можа падацца хіба толькі выява труны. Яна і сустракаецца значна радзей і звычайна ў выглядзе формы самога помніка, які можа нагадваць саркафаг. Найцікавейшы прыклад знаходзім у Ваўкавыску. На мясцовых каталіцкіх могілках ёсць вялікі помнік, выкананы ў выглядзе гранітнага саркафага, які стаіць на высокім пастаменце на львіных лапах.
Выява развітання з нябожчыкам на надмагільным помніку ў Беларусі ёсць толькі адна. Такі ўнікат захаваўся ў Бастыні каля Лунінца. Там на літай пліце мы можам бачыць жалобную працэсію разам з катафалкам, запрэжаным коньмі пад доўгаю гунькай.
Зрэдку на надмагіллях можна знайсці выявы нябожчыкаў — не ў выглядзе прыжыццёвых партрэтаў, а пасля смерці. Унікальны для Беларусі прыклад такой выявы мы знаходзім у касцёле ў Росі на Ваўкавышчыне. Тут знаходзіцца паўнароставая мармуровая скульптура Сафіі Несялоўскай, якая ляжыць на смяротнай пасцелі, трымаючы крыж у руках. Яе вочы заплюшчаныя, рукою да грудзей яна прыціскае крыж. Помнік выкананы ў 1881 годзе ў рымскай майстэрні Джуліа Маскеці.
Натуральным атрыбутам любога пахавання сёння з’яўляюцца жалобныя вянкі. Так было і ў ХІХ стагоддзі. Наш энцыклапедыст Аляксандр Ельскі нават апублікаваў артыкул, дзе горача крытыкаваў любоў сваіх сучаснікаў да забагатых вянкоў. Часам рэшткі гэтых сімвалаў жалобы яшчэ можна пабачыць на айчынных могілках. Вянкі выраблялі з металу, які пасля фарбавалі, таму дзе-нідзе яны пазахоўваліся да нашых дзён, прымацаваныя да крыжоў на помніках.

Верагодна, самы просты спосаб адлюстраваць жалобу — паказаць чалавека, які ў ёй знаходзіцца. Звычайна такую ролю выконвала апранутая ў доўгае адзенне жанчына, якая схіляе галаву ля помніка. Гэта ўніверсальны сімвал жалобы, а не выява, напрыклад, канкрэтнай сямейніцы памерлага. У Беларусі збераглося некалькі такіх помнікаў, і адзін з найбольш запамінальных знаходзіцца на цвінтары касцёла ў Гнезне каля Ваўкавыска. Там жанчына стаіць ля ўвахода ў надмагільную капліцу роду Калупайлаў і плача, апусціўшы твар на далонь, у якой трымае край сваёй тунікі. У другой яе руцэ — маленькі вянок.

Часам сярод сімвалаў смерці можна сустрэць такую цалкам побытавую рэч, як рыдлёўка — уласна, інструмент для капання магілы. На шэрагу літых помнікаў яе трымае анёл, але сустракаецца яна і самастойным элементам.
Тут жа прыгадаем яшчэ пясочны гадзіннік — сімвал хуткаплыннага часу (часта іх можна ўбачыць у нечаканым варыянце з крыламі), згаслыя паходні, з якіх яшчэ віецца дым, — сімвал завершанага жыцця, вазы і урны на пастаментах і вяршынях калон — антычныя сімвалы жалобы, перанятыя хрысціянскай эпохай, хоць крэмацыю новая рэлігія не прадугледжвала.
Для таго, каб убачыць большасць пералічаных прадметаў адначасова ў адным месцы, варта падысці да брамы менскай Кальварыі. Два барэльефы, якія яе ўпрыгожваюць, складзеныя з труны, рыдлёвак, чэрапа, урны, паходняў, вянкоў, крыжа і жалобных штандараў. Ідэальная ілюстрацыя да таго, што такое сімволіка смерці і пахавання.
Лілеі і ружы
У ХІХ і першай палове ХХ стагоддзя папулярна было ўпрыгожваць надмагільныя помнікі разнастайнымі дрэвамі і раслінамі — не жывымі, а такімі, што былі часткай самога помніка.

Адной з самых яскравых праяваў такога «батанічнага» трэнду сталі помнікі ў выглядзе камля дрэва з абсечанымі сукамі. Першыя такія надгробкі з’яўляюцца ў 1860—1870-я і працягваюць выконвацца невялікімі майстэрнямі аж да 1970-х, а сустрэць іх можна як на хрысціянскіх, так і на габрэйскіх могілках. Дрэвы памерлых, як часам іх называюць, сімвалізуюць заўчасна завершанае жыццё, часта ў людзей, якія не пакінулі нашчадкаў. Існуе легенда, што колькасць абрэзаных сукоў адпавядае колькасці пражытых дзесяцігоддзяў, але на практыцы яна не пацвярджаецца. Ды і такія помнікі маглі ставіць проста з эстэтычных меркаванняў, не вельмі зважаючы на сімволіку.
Часам у аздобе надмагілля можна ўбачыць дубовыя лісткі. Гэта сімвал трываласці і мужнасці. Іншы папулярны дэндральны матыў — скрыжаваныя вянком аліўкавая і пальмавая галіны. Першая сімвалізуе мір і спакой, другая — дабро, справядлівасць, блаславенне. А вось такія папулярныя сёння ў аздобе помнікаў бярозы ў ХІХ стагоддзі зусім не выкарыстоўваліся.
На могілках часта можна ўбачыць мак, часам у выглядзе вянкоў з макавых каробачак без пялёсткаў. Гэта сімвал глыбокага сну, такога, у якім знаходзяцца памерлыя ў чаканні ўваскрашэння, і, адпаведна, яшчэ адзін спосаб адмаўлення татальнасці смерці.

Лілея — сімвал добрай весткі зачацця Хрыста і збавення для чалавецтва. Большасць каталіцкіх эпітафій завяршаецца просьбай прачытаць малітву «Вітай, Марыя!», якая ў словах перадае момант атрымання Марыяй добрай весткі ад анёла. Лілея ў гэтым кантэксце — візуальны напамін пра названую малітву, якую трэба прачытаць за душу памерлага. Часам яе можна бачыць у суседстве з анёлам на літых крыжах, часам як самастойны элемент, які з іншымі травамі «вырастае» ля падножжа помніка.
Яшчэ адна кветка, якая традыцыйна звязваецца з Дзевай Марыяй, — гэта ружа. Яе часта можна бачыць у літых вянках і ў кветкавых гірляндах на каменных помніках. А вось вінаград, які сімвалізуе Хрыста і кроў Хрыстову, на беларускіх могілках можна ўбачыць значна радзей.
Змяя і матыль
Жывёльная сімволіка на могілках з’яўляецца даволі рэдкай. Вышэй ужо ўзгадвалася змяя пад нагою Дзевы Марыі, але сустракаецца яна і як самастойны элемент, вядомы як «ураборас». Гэта змей, які, скруціўшыся ў кола, кусае ўласны хвост. Ён сімвалізуе перараджэнне, вечнае жыццё, а ў Беларусі яго можна ўбачыць на каталіцкіх могілках у Пінску і на цвінтары ў Гародніках каля Ашмянаў.
Другі прыгожы і старажытны сімвал — матыль. Ён сімвалізуе душу, якая выйшла з кукалкі-цела да новага жыцця. Пра адзін з такіх прыкладаў мы ўжо пісалі ў сумесным з Дзмітрыем Віцько артыкуле пра могілкі вёскі Трашчычы Карэліцкага раёна (№3/2020 «Нашай гісторыі»).

А бываюць ужо страчаныя прыклады, вядомыя толькі па архіўных фота. Так, адзіны ў Беларусі вядомы ўзор выкарыстання выявы сабакі на магіле знаходзіўся на пінскіх могілках. Гэта была скульптура сабакі каля сваёй гаспадыні, дзяўчыны з партфелем гімназісткі ў руках на склепе Тукальскіх-Нелюбовічаў. Сабака, сімвал вернасці, сёння страчаны, а сам помнік моцна пашкоджаны.

Егіпецкія матывы
Вельмі часта на могілках можна ўбачыць калоны і абеліскі — сімвалы славы, запазычаныя з лексікона антычнай архітэктуры. У некаторых выпадках калоны маюць абламаны верх, і тады гэта сімвал завершанага жыцця.
Найбольш экзатычныя прыклады архітэктурнай сімволікі — гэта старажытнаегіпецкія матывы ў форме і дэкоры надмагілляў. Вялікія пахавальні-піраміды можна пабачыць у Маліноўшчыне каля Маладзечна і ва Уздзе, надмагільную капліцу з егіпецкімі калонамі і сімволікай — на каталіцкіх могілках у Магілёве, барэльеф з галавою сфінкса — на каталіцкіх могілках у Пружанах. З аднаго боку, гэта сляды эстэтычных захапленняў сваёй эпохі, з іншага — сімвалы вечнасці, магчымасці створанага чалавекам ператрываць тысячагоддзі.

Папулярнасць акроніма D.O.M., пра якую казалася вышэй, знаходзіла сябе і ў архітэктурных формах. Беларускія сяляне будавалі над магіламі драўляныя зрубныя дамкі пад крытымі гонтай дашкамі. Шляхецкія пахаванні мелі свае аналагі ў выглядзе мураваных каплічак-дамкоў. Адна з іх, маляваная некалі Напалеонам Ордам, захавалася над магілай паэта Францішка Карпінскага ў Лыскаве Пружанскага раёна.

Акрамя груп надмагільных сімвалаў, ёсць і індывідуальныя знакі, што расказваюць пра асобу памерлага ці яго род. Самы вядомы прыклад — геральдычныя выявы, якія паказвалі на шляхецкае паходжанне памерлага. Падобную функцыю выконвалі і выявы зброі. Толькі ў некаторых выпадках яна сведчыць пра вайсковы занятак памерлага. Часта гэта толькі ўказанне на шляхецтва як вайсковае саслоўе, таму меч часам можна сустрэць і на жаночым надмагіллі.

Нярэдка пэўныя выявы на помніку сімвалізуюць прафесійны занятак памерлага. На помніку кампазітара Міхала Грушвіцкага ў Ракаве мы бачым ноты, на помніку скульптара Баляслава Шышкевіча ў Гародні — ягоныя прылады працы, на помніку хіміка Анджэя Снядэцкага ў Гародніках Ашмянскага раёна — хімічную лабараторыю. Гэты трэнд застаецца папулярным і сёння.

Канечне, свет мемарыяльнай сімволікі нашмат больш варыятыўны і неадназначны, чым агульныя яго тлумачэнні. Магчыма, гэта самае цікавае, што ёсць у вывучэнні «знакаў памерлых»: мы ў любы момант можам апынуцца перад новым адкрыццём і новай загадкай. Дастаткова толькі ўважліва глядзець.
Каментары