Грамадства

«Падыму бел-чырвона-белы сцяг», — 61-гадовая Лілія Яноўская можа стаць першай беларускай на Эверэсце

Лілія Яноўская

Празь некалькі дзён 61-гадовая Лілія Яноўская зьбіраецца падняцца на найвышэйшую вяршыню сьвету Эвэрэст. Альпіністка мае з сабой беларускі і канадзкі сьцягі, але першым хоча ўзьняць бел-чырвона-белы сьцяг, піша Свабода.

Цяпер Лілія разам зь некалькімі сотнямі альпіністаў знаходзіцца ў лягеры ў Нэпале, за некалькі кілямэтраў ад вяршыні, і рыхтуецца да ўзыходжаньня. Праз спадарожнікавую сувязь Свабодзе ўдалося зьвязацца зь альпіністкай.

Лілія Яноўская, 61 год. Грамадзянка Канады і Беларусі. Нарадзілася ў Івянцы, гадавалася ў Менску. Закончыла матэматычны факультэт БДУ, пазьней атрымала другую вышэйшую адукацыю ў галіне фінансавага аналізу. Замужам, мае трох дачок. У 1990-я гады сям’я эмігравала ў Канаду. Лілія пачала займацца альпінізмам пасьля нараджэньня трэцяй унучкі, ва ўзросьце 50 гадоў. Менш чым праз два гады паднялася на гару Кіліманджара ў Танзаніі. Да 2013 году Лілія здабыла найвышэйшы пік у Паўднёвай Амэрыцы, Аканкагуа ў Аргентыне (6962 м) і да 2017 году паднялася на дзесяць пікаў па ўсім сьвеце, уключаючы гару Матэрхорн у Швайцарыі (4478 м), Рэйнэр у ЗША, а таксама стратавульканы ў Мэксыцы, Эквадоры і Пэру.

«Пакуль ніводная беларуская жанчына на вяршыню Эвэрэсту не падымалася»

— Мы гутарым з вамі напярэдадні вашага ўзыходжаньня на Эвэрэст, самую высокую гару ў сьвеце. Ці першая вы беларуска, якая будзе ўзыходзіць на Эвэрэст? Што гэта значыць для вас асабіста, для беларускага альпінізму, для беларускага жаночага альпінізму?

— На сёньняшні дзень крыху больш за 10 беларусаў падняліся на васьмітысячнікі сьвету. Толькі двое зь іх жанчыны. Гэта я і Ірына Велянкова, якая дзякуючы неймавернай волі да жыцьця перажыла ноч на маленечкім участку скалы, на вяршыні 7000 мэтраў, у шторм, бязь ежы, вады і кіслароду. Ёй прыйшлося ампутаваць ступні ног.

Толькі чатыры беларусы заваявалі Эвэрэст: Віктар Кульбачэнка ў 1998 годзе, потым праз восем гадоў Уладзіслаў Каган, Віктар Лутаў і Ўладзімер Цяльпук у 2006 годзе.

Пакуль ніводная беларуская жанчына не паднялася на Эвэрэст. Бел-чырвона-белы сьцяг уздымалі над Эвэрэстам толькі аднойчы — Кульбачэнка ў 1998 годзе.

Тут у лягеры знаходзіцца яшчэ адна жанчына зь Беларусі. Калі я зьбіралася ў экспэдыцыю, пра гэта ня ведала. Нечакана высьветлілася, што яна вучылася з маёй сярэдняй дачкой у адной школе ў Беларусі. Калі ў яе атрымаецца, я ўсімі сіламі яе падтрымаю. Тут няма ніякага спаборніцтва паміж намі, таму што ўзыходжаньне вельмі складанае фізычна. Ня выключана, што ніводная з нас ня здолее, а можа, нехта і ўзыдзе на вяршыню. Такім чынам, цяпер у лягеры дзьве беларускі, якія зьбіраюцца ўзьняцца на вяршыню Эвэрэсту. (Другая беларуска ідзе ад афіцыйнай каманды Беларусі, якая зьбіраецца ўзьняць там штандар Перамогі, дзяржаўны сьцяг і капсулу зь зямлёй. — РС ) У нашым лягеры людзі з розных краінаў сьвету. Міністэрства турызму Нэпалу сёлета выдала рэкордную колькасьць дазволаў на ўзыходжаньне — 408.

«Я прабегла свой першы маратон, паднялася на Кіліманджара і зразумела, што гэта не было канчатковай мэтай»

— Вы сталі альпіністкай у 50 гадоў, пасьля нараджэньня трэцяй унучкі. Цяжэй было фізычна ці маральна? Хто ў вас верыў? Ці шмат было скептыкаў?

— Самым вялікім скептыкам, напэўна, была мая маці, якая заўсёды казала, што не разумее, навошта мне гэта трэба, «лепей бы ты зьезьдзіла на курорт ці схадзіла ў рэстарацыю». Спачатку было складана, ды і цяпер усё яшчэ цяжка. Я захаплялася дасягненьнямі польскіх альпіністаў яшчэ дзяўчынкай-падлеткам. Але гэта было ў Савецкім Саюзе 1970-х гадоў, і рухацца па сьлядах Ванды Рудкевіч і Войтэка Куртэкі было немагчыма, у СССР проста не было мэханізму і неабходнай падтрымкі, якая дазволіла б мне ажыцьцявіць сваю мару.

Калі мне споўнілася 50, сямʼя ўжо сфармавалася, дзеці вырасьлі, у іх зьявіліся свае дзеці, а ў мяне — свая мэта: прабегчы маратон і забрацца на гару Кіліманджара. Я пачынала павольна і рухалася паступова, узважваючы свае сілы і акуратна павялічваючы нагрузку. Калі я была не гатовая, то працавала над тым, каб падняць узровень. Я прабегла свой першы маратон, цягам двух гадоў паднялася на Кіліманджара і зразумела, што гэта не было канчатковай мэтай, а толькі пачаткам, бо я хацела рухацца далей.

Мае дочкі мяне падтрымлівалі — настолькі, што мы з малодшай дачкой Дашай разам зрабілі больш за дзясятак узыходжаньняў. Але больш за ўсё маю сямʼю турбавалі рызыкі, зьвязаныя з экспэдыцыямі. Усё ж альпінізм — небясьпечны від спорту.

«У гарах я адчуваю сябе па-сапраўднаму жывой»

— Што для вас самае галоўнае пры ўзыходжаньні?

— У першую чаргу гэта любоў да гор. Кожны раз, калі я ступаю на ледавік, — я дома, я адчуваю, што я знаходжуся менавіта там, павінна знаходзіцца. Горы — гэта неймаверная прыгажосьць, і, каб іх па-сапраўднаму ўбачыць і адчуць, трэба пераступіць празь сябе не адзін раз. Іх трэба настойліва дамагацца. Дасягнуць пастаўленай мэты хочацца заўсёды. Вяртаньне дадому, так і ня ўзяўшы вяршыню, прыносіць пачуцьцё надзвычайнага расчараваньня. 

Горы — гэта тэст на трываласьць і жаданьне зразумець, на што я здольная. Але ў той самы час гэта і магчымасьць пабыць сам-насам з сабой і сваімі лімітамі, і ўсьведамленьне таго, што нават калі я раблю ўсё магчымае — я бясконца малая перад бязьмежнымі прасторамі і вечнасьцю, якія мяне атачаюць. У гэтым ёсьць свая паэзія, прыгажосьць. У гарах я адчуваю сябе па-сапраўднаму жывой.

— Вы нарадзіліся ў Івянцы, вучыліся і працавалі ў Беларусі, потым зьехалі ў Канаду. Якую краіну вы будзеце прадстаўляць пры ўзыходжаньні?

— Альпінізм — гэта не алімпійскі від спорту, гэта вельмі індывідуальны спорт.

Я нарадзілася і вырасла ў Беларусі. Беларусь сфармавала мяне як асобу. Я імігравала ў досыць сталым узросьце, мне было ўжо 39 гадоў. У душы я беларуска. Але Канада дала мне асяродак, у якім я змагла рэалізаваць свой патэнцыял і ажыцьцявіць свае мары. Канада дазволіла мне зразумець, што альпінізм у 50 гадоў — гэта магчыма. І, больш за тое, гэта магчыма для мяне. Я абсалютна вольная выбіраць, ці хачу я пячы пячэньне для ўнукаў, чытаць раманы, падымаць штангу, бегаць маратоны, займацца бізнэсам або стаць альпіністкай. Канада дала мне свабоду.

Усе абмежаваньні, якія былі ў Беларусі, у Канадзе адсутнічаюць. Калі ў Беларусі пойдзеш у трэнажорную залю ў такім узросьце, на цябе будуць дзіўна глядзець. Магчыма, там нешта мяняецца цяпер.

Я адчуваю прыналежнасьць да абедзьвюх краінаў і вельмі хачу ўбачыць Беларусь краінай, якая дазваляе сваім грамадзянам рэалізоўваць свае таленты і патэнцыял, не патрабуючы нічога ўзамен.

«Беларуская рэвалюцыя — як сьнежная лявіна»

— Ці сочыце вы за падзеямі на радзіме? Ці можна параўнаць з альпінізмам рух беларусаў за мірныя перамены? Калі зрабіць альпінісцкую мэтафару, то на якім этапе беларусы цяпер?

— Тое, што здавалася недасяжнай марай яшчэ некалькі гадоў таму — ужо зусім побач. Празь некалькі дзён мяне чакае штурм вяршыні Эвэрэсту. На гэта мне спатрэбілася 10 гадоў, і няма ніякіх гарантый. 10 гадоў упартай працы, штодзённых трэніровак і дысцыпліны — але самае цяжкае яшчэ наперадзе. Трэба ня толькі здолець падняцца, але і знайсьці ў сабе сілы спусьціцца назад, вярнуцца дадому. Гэта будзе сапраўдным выпрабаваньнем на трываласьць.

Беларуская рэвалюцыя — як сьнежная лявіна. Зьмятаючы статус-кво на сваім шляху, лявіна трансфармуе ляндшафт і стварае новыя магчымасьці, часам адкрываючы новыя шляхі ўзыходжаньня там, дзе іх не было раней. Але лявіна ніколі не падыме вас наверх — заваёўваць вяршыню прыйдзецца самому, крок за крокам, сашчапіўшы зубы, перамагаючы свой страх і не здаючыся. Воля і ўпартасьць рухацца да мэты ня прыйдзе звонку, яна ўнутры нас, і яе можна і неабходна разьвіваць. Галоўнае — памятаць, што вяршыня, як свабода, — яна ёсьць, яна адчувальная, і за яе варта змагацца.

Кожны па-рознаму ідзе да сваёй перамогі. Некаторыя спартоўцы прымаюць стэроіды, некаторыя навукоўцы купляюць дыплёмы. Папраўдзе, гэтак сама і ў альпінізьме.

Некаторыя альпіністы падымаюцца на верталёце і праходзяць апошні кілямэтар да вяршыні, дэкляруючы перамогу за пару дзён ці тыдняў там, дзе астатнім спатрэбіліся гады трэніровак і месяцы, праведзеныя ў экспэдыцыі. Ёсьць тыя, хто фальсыфікуе фатаздымкі зь вяршынь, або тыя, хто проста купляе сэртыфікаты пра ўзыходжаньне. Але набытая або выкрадзеная перамога — гэта і не перамога зусім. Каштоўнасьць сапраўднай перамогі ва ўнутранай трансфармацыі.

— Ці шмат жанчын, ці шмат жанчын у вашым узросьце адважваюцца на ўзыходжаньне на найбольш высокія і складаныя вяршыні сьвету?

— Ёсьць розная статыстыка. З 3600 альпіністаў, якія ўзышлі на Эвэрэст, толькі 16% — жанчыны. Наколькі мне вядома, беларусак, якія заваявалі васьмітысячнікі, толькі дзьве. Калі маё ўзыходжаньне будзе пасьпяховым, я стану самай узроставай канадкай, якая пабывала на Эвэрэсьце. Але ўзрост не перашкода. Самая дарослая жанчына, якая паднялася на Эвэрэст, — японка Tamae Watanabe, якая ўзяла пік у 73 гады.

— Які ваш дэвіз у гарах?

— Вяршыня ёсьць. І за яе варта змагацца.

— Ці падымеце вы сьцяг і які?

— Сьцягі маіх краінаў абʼядноўваюць чырвоны і белы колеры. Калі я здолею ўзысьці на вяршыню, я з гонарам падыму абодва сьцягі, асабліва беларускі нацыянальны. Я захапляюся беларускім жаночым рухам пасьля выбараў 2020 году Я хачу падкрэсьліць, што беларуская жанчына можа падняцца на самую высокую гару. У яе хапае фізычнай і маральнай сілы, волі, настойлівасьці, упэўненасьці. Беларускі сьцяг будзе першым, які я падыму на вяршыні.

Каментары

Галоўчанка патлумачыў, чаму падае беларускі рубель

Галоўчанка патлумачыў, чаму падае беларускі рубель

Усе навіны →
Усе навіны

У Лідскім раёне загарэўся цягнік2

«Могуць пайсці і знайсці іншага лоха!» Трамп перасцярог БРІКС ад спробаў увесці ўласную валюту14

Коля Лукашэнка расказаў, ці сядзіць ён у сацсетках17

«Лукашэнка ў Ісламабадзе». Найлепшыя твіты тыдня5

Перастрэлка адбылася ў раёне прэзідэнцкага палаца ў Дамаску6

«Вялікі абсалютна чалавек». Коля Лукашэнка расказаў, што для яго бацька і ў чым ягоная апазіцыйнасць70

Прэзідэнтка Грузіі абвясціла парламент нелегітымным і адмаўляецца ісці ў адстаўку13

Беларус Арцём запусціў у Польшчы збор на дапамогу сабе. Многія паверылі, а ён аказаўся махляром4

У мінскіх гандлёвых цэнтрах і кавярнях цяпер не будуць уключаць сусветныя навагоднія хіты. Затое даюць зарабіць праўладным артыстам13

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Галоўчанка патлумачыў, чаму падае беларускі рубель

Галоўчанка патлумачыў, чаму падае беларускі рубель

Галоўнае
Усе навіны →