Грамадства

«Тут ніхто не застаецца, усе выходзяць». Што пішуць у лістах з СІЗА закладнікі-нашаніўцы

Ад затрыманых нашаніўцаў прыйшлі першыя лісты з Валадаркі. Галоўны рэдактар Ягор Марціновіч і кіраўнік аддзела рэкламы і маркетынгу Андрэй Скурко распавядаюць у іх пра побыт у камерах, свой настрой і тое, што надае ім сіл.

«Прывітанне з замка №1! Не думаў, што апынуся тут на экскурсіі, але калі трэба, значыць, трэба. Сёння першы раз за два тыдні нармальна выйшаў на свежае паветра — даўно так не кайфаваў, хоць і проста ў дворыку», — пачынае ліст Ягор Марціновіч.

Ён трымаецца бадзёра і супакойвае блізкіх.

«Нічога страшнага не адбываецца, рана ці позна я ўсё адно выйду. Трошкі сумна, але калі разумееш, што ты не адзін, а з вялізнай групай падтрымкі, то нашмат весялей».

Галоўны рэдактар піша, што пакрысе наладжае побыт. На Акрэсціна яму вельмі не хапала гадзінніка, каб планаваць дзень.

Большасць часу Ягор чытае кнігі — па 500 старонак на дзень. Сканчвае трэці том «Архіпелага ГУЛАГ». Заяўкі ў турэмную бібліятэку прымаюцца па нядзелях.

З газет у камеры ёсць «СБ», «Беларусы і рынак», але Ягор найбольш чакае «Прэсбол», каб сачыць за спартыўнымі навінамі.

Ён піша, што лістоў пакуль не атрымаў, дайшлі толькі чатыры тэлеграмы.

«З нас [з іншым палітвязнем] тут усе смяюцца, не вераць, што мы хутка выйдзем, але мы на пазітыве: за нас жа змагаюцца, пішуць лісты. Гэта вельмі прыемна і вельмі крута», — дзеліцца галоўны рэдактар.

Андрэй Скурко цяпер у медчастцы, бо ў яго выявілі пнеўманію. Піша, што ўсю неабходную медыцынскую дапамогу яму аказваюць — ставяць кропельніцы, робяць аналізы.

«Ні за што не перажывайце, тут ніхто не застаецца, усе выходзяць. Магчыма, давядзецца пабыць нейкі час тут, але калі Бог пасылае выпрабаванні, значыць, трэба пакорліва іх прымаць».

Андрэй расказвае пра побыт: кожны дзень іх водзяць на шпацыр, па чацвяргах — душ. Ёсць кіпяцільнік, таму ў любы час можна выпіць чаю ці кавы.

«Тут праз акно чуваць званы Чырвонага касцёла і нават трошкі службу, здаецца. А таксама мелодыю з Ратушы. І часам дзяўчаты недзе ў камерах спяваюць народныя песні вельмі прыгожа. Яшчэ відаць неба і чуваць птушак».

Наш калега жартуе, што пакуль быў на Акрэсціна, зарос як Рабінзон. Есць вітаміны — пятрушку, цыбулю, часнык, яблыкі, апельсіны.

«Чытаю тут упершыню ў жыцці газету «Прэсбол». Гэта як было ў фільме «ДМБ»: «В санчасти дембель с нами подружился, потому что дружить ему больше было не с кем».

Андрэй дзеліцца адчуваннем часу за кратамі: «Хвіліны тут могуць цягнуцца даўгавата, але дні пралятаюць скора».

Свайму маленькаму сыну ён даслаў верш:

Да Тамашыка ў госці
Бегла мышка, ўзняўшы хвосцік.
А на хвосціку — сцяжок,
І ў лапках — піражок.

Нашаніўцы былі затрыманы 8 ліпеня. Ім выставілі абвінавачванне па ч. 2 арт. 216 КК (Нанясенне маёмаснай шкоды без прыкметаў раскрадання групай асобаў).

Сэнс прэтэнзій у тым, што аплата за камунальныя паслугі памяшкання была па тарыфах для фізасобаў, а трэба было плаціць па тарыфах для юрасобаў. Следчыя налічылі, што за чатыры гады прадпрыемству «Мінэнерга» быў нанесены ўрон — 3,5 тысячы рублёў. Само прадпрыемства з прэтэнзіямі ніколі не звярталася. Андрэй і Ягор прызнаныя палітвязнямі.

Пішыце нашым калегам лісты! Адрас: 220030, СІЗА-1, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Каментары

Цяпер чытаюць

Трамп: Расія паводзіла сябе цалкам нармальна ў дачыненні да Украіны49

Трамп: Расія паводзіла сябе цалкам нармальна ў дачыненні да Украіны

Усе навіны →
Усе навіны

На полі пад Мядзелам людзі сустрэлі вялікага мядзведзя ВІДЭА8

У Мастах прадалі расіяніну стогадовы асабняк з вялікім паркам4

Беларусь усё больш набывае расійскага малака і вяршкоў7

Дрон, які заляцеў з Польшчы ў Літву і выбухнуў там, быў украінскім3

ЗША зноў не папярэдзілі ўкраінцаў пра расійскія ўдары балістыкай4

У Мінскім моры злавілі гіганцкага сома ФОТА5

32‑гадовы беларус з-пад Гомеля першы раз у жыцці атрымае пашпарт толькі цяпер

Ва Украіне параненага байца ўпершыню эвакуявалі з перадавой паветраным дронам ВІДЭА2

Дзяржбяспека Літвы: «Наш дом» Карач штучна стварае ўмовы, каб беларусы, што не адпавядаюць крытэрыям міжнароднай абароны, атрымлівалі ВНЖ у Літве50

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Трамп: Расія паводзіла сябе цалкам нармальна ў дачыненні да Украіны49

Трамп: Расія паводзіла сябе цалкам нармальна ў дачыненні да Украіны

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць