Улада

«Змірыцца — дрэнная стратэгія». Як Калеснікава і Знак сталі сімваламі свабоды, а цяпер ім пагражае да 12 гадоў

4 жніўня Мінскі абласны суд пачне разглядаць справу Марыі Калеснікавай і Максіма Знака — у закрытым рэжыме. Ім пагражае да 12 гадоў калоніі: іх абвінавачваюць у спробе захопу ўлады, публічных закліках да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы, і стварэнні экстрэмісцкага фарміравання. 10 месяцаў Знак і Калеснікава правялі ў СІЗА. Згадваем, чым яны запомніліся і якіх прынцыпаў працягваюць трымацца, нават знаходзячыся за кратамі.

Парвала пашпарт і адмовілася сустракацца з Лукашэнкам

«Далбіць, далбіць, далбіць» — бадай, самая вядомая фраза Марыі Калеснікавай. Флейтыстка і арт-дырэктарка культурнага хаба ОК16, на мінулых выбарах яна стала каардынатаркай штаба Віктара Бабарыкі. Калеснікава да апошняга не хацела з’язджаць — і не з’ехала: парвала пашпарт на мяжы і вылезла з машыны праз акно, калі яе спрабавалі прымусова вывезці з краіны. Хаця магла б кінуць палітыку і займацца музыкай — культурныя праекты ў Германіі ў яе былі распісаны да 2022 года.

«Тыя, хто мяне выкрадаў, неверагодна слабыя і ў істэрыцы. Яны нават не ўмеюць рабіць сваю працу добра. У іх паўсюль бардак і хаос», — пісала яна ў лісце бацьку.

«Нам няма чаго баяцца, бо мы не парушаем закону», — такім быў яе прынцып.

Марыя — адзіная з жаночага трыумвірату, хто застаўся ў Мінску і хадзіў на нядзельныя маршы.

Калеснікава верыла: людзі могуць усё змяніць і паўплываць на палітыку. І часта падбадзёрвала беларусаў — «Вы неверагодныя» было яе кампліментам. 

На сустрэчу з Лукашэнкам у СІЗА яна адмовілася ехаць. Калі да Марыі прыязджалі супрацоўнікі, каб забраць на «круглы стол», яна яшчэ не ведала, хто там будзе, але сказала, што ёй спакайней у жодзінскім ізалятары. Адзін з удзельнікаў сустрэчы, Юрый Васкрасенскі, пасля заявіць, што гэта хлусня, маўляў, ні ў каго з палітвязняў не пыталі, хочуць яны бачыць Лукашэнку ці не.

Марыя і за кратамі застаецца аптымісткай. Фарбуе вусны чырвоным, кожны дзень робіць па 350 прысяданняў і 100 адцісканняў. У лістах Калеснікава жартавала, што выглядае маладзейшай, чым да арышту. Яна расказвала, што ў турме яе больш за ўсё напружваюць дзве рэчы: законы, якіх не прытрымліваецца сама адміністрацыя, і адсутнасць музыкі.

«Я ні пра што не шкадую і паступіла б гэтак жа», — заўсёды адказвала яна. 

За сваю нязломнасць Калеснікава атрымала некалькі міжнародных прэмій у сферы правоў чалавека. З апошняга — Штутгарцкая прэмія міру 2021 за мужную барацьбу з аўтакратыяй. У гэтым горадзе Марыя пражыла 12 год.

«Гэта вельмі складана — выціскаць з сябе раба, па кроплі, але неабходна для нас, для нашай будучыні», — перадавала Калеснікава з СІЗА.

У інтэрв’ю яна казала, што для яе найбольш каштоўнае жыццё чалавека і пачуццё ўласнай годнасці. «Гэта якраз тое, што ў Беларусі не з’яўляецца каштоўнасцю».

Прадстаўляў Бабарыку і трымаў галадоўку 

Топавым адвакатам Максім Знак лічыцца не толькі па беларускіх мерках. Ён уваходзіць у прэстыжны міжнародны рэйтынг Chambers Global, які складае брытанскае агенцтва. Кандыдат юрыдычных навук, ён выкладаў права ў родным БДУ.

Пасля таго як Бабарыку пасадзілі, Максім прадстаўляў яго інтарэсы ў Цэнтрвыбаркаме. Падаваў заяву ў ЦВК аб рэгістрацыі Бабарыкі кандыдатам у прэзідэнты, пасля скаргу ў Вярхоўны суд на рашэнне аб адмове.

Усе выклікі Знак прымаў спакойна: будзем абскарджваць, будзем дзейнічаць у прававым полі. Ён спрабаваў выкарыстаць усе прадугледжаныя законам магчымасці, каб абараніць правы штаба — як бы гэта ні выглядала наіўна. Дзякуючы яму тэрмін «прававы дэфолт» стаў вядомы ўсім беларусам.

Пасля выбараў Знак, як і Калеснікава, увайшоў у прэзідыум Каардынацыйнай рады.

Трапіўшы ў СІЗА, юрыст 10 дзён трымаў галадоўку: ён лічыў незаконным свой крымінальны пераслед. Але толькі запэўніўся, што высокія стаўкі нічога не змяняюць у падыходзе сілавікоў.

«Тэкст абвінавачання падобны да сцэнарыя галівудскага блокбастара, — каментаваў ён пасля. — Мяркуючы па сэнсе абвінавачання, экстрэмістамі можна лічыць усіх паважаных беларусаў, якія ўвайшлі ў Каардынацыйную раду, каб хоць неяк дапамагчы ў пераходзе да канструктыўнага рашэння ў кантэксце жніўня 2020 года».

На Валадарцы Максім займаецца спортам (раней ён удзельнічаў у гонках Ironman), піша вершы і песні (і нават пачаў фантастычны раман), шмат чытае. Адным з яго адвакатаў стала яго жонка. За час зняволення Знак напісаў амаль 5000 лістоў!

Ад сукамернікаў вядома, што Максіма змяшчалі ў карцар на чатыры дні, але ён і пасля гэтага працягваў пісаць звароты адміністрацыі ізалятара аб паляпшэнні ўмоў утрымання. І гэта дало вынік: з падзямелля мужчын перасялілі ў камеру з рамонтам.

«Некаторыя кажуць, што варта змірыцца. Але мне здаецца, гэта дрэнная стратэгія», — дзяліўся Знак думкамі з СІЗА.

На пытанне, што можа паскорыць яго выхад з турмы, ён адказваў:

«Ёсць вельмі просты і правільны спосаб: следчыя, пракуроры, суддзі — яны ж таксама мы, беларусы. Для майго хуткага вызвалення дастаткова сумленна, адкрыта і публічна разгледзець маю так званую «справу» па законе».

Каментары

Цяпер чытаюць

Расія заявіла, што распачынае «сістэмныя ўдары па Кіеве». МЗС РФ заклікаў замежнікаў пакінуць сталіцу Украіны29

Расія заявіла, што распачынае «сістэмныя ўдары па Кіеве». МЗС РФ заклікаў замежнікаў пакінуць сталіцу Украіны

Усе навіны →
Усе навіны

Медзвядчук: Зяленскі спрабуе ўцягнуць Мінск у вайну, адкінуўшы Лукашэнку і запрасіўшы Ціханоўскую16

Былы палітвязень і экс-кіраўнік партыі «Зялёныя» Дзмітрый Кучук адкрыў бізнэс у Літве2

«Яны хацелі б быць дома». Парэшткі лідара АУН Мельніка і яго жонкі перапахавалі ва Украіне5

Названы памер сярэдняга заробку за красавік5

Рэжысёрка фільма пра «СВА» звалілася з моста ў Асеціі і загінула14

Дзяўчынка сустрэла на лецішчы мядзведзя. Ён мірна адпачываў у двары1

Папулярны трэвел-блогер з Польшчы наведаў Беларусь. Такіх цэн і колькасці камер ён не чакаў15

«Вольны Кіеў — Свабодны Мінск». Ціханоўская прадэманстравала чыгуначны квіток ФОТАФАКТ6

Ціханоўская пра ўдары Расіі па Украіне: Кожны такі ўдар толькі яшчэ раз паказвае сапраўдную сутнасць пуцінскага рэжыму10

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Расія заявіла, што распачынае «сістэмныя ўдары па Кіеве». МЗС РФ заклікаў замежнікаў пакінуць сталіцу Украіны29

Расія заявіла, што распачынае «сістэмныя ўдары па Кіеве». МЗС РФ заклікаў замежнікаў пакінуць сталіцу Украіны

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць