Грамадства

«Ваш канал прызналі экстрэмісцічэскім». Феерычны аповед Паўла Вінаградава пра 48 сутак і магчымасць эміграцыі

Павел Вінаградаў — чалавек тысячы заняткаў. Актывіст, блогер, тэлевядучы, парыкмахер… і палітвязень. У 2011 годзе яму прысудзілі 4 гады за ўдзел у масавых беспарадках. Павел паспеў адсядзець 9 месяцаў, ажаніцца ў калоніі, а пасля выйшаў праз памілаванне. Сёлета па яго прыйшлі зноў — спачатку па адміністратыўнай справе. 48 сутак Павел правёў за кратамі і вышаў на волю ўжо падазраваным па крыміналцы — паклёп на Лукашэнку. І адміністратыўка і крыміналка — за адзін і той жа пост у Фэйсбуку. Як сядзець у Беразіне, жыць у сённяшняй Беларусі і быць гатовым сесці на некалькі гадоў, Вінаградаў распавёў «Нашай Ніве».

«Калі сеў — стала нават лягчэй»

Вінаградава абвінавацілі спачатку па адміністратыўнай справе — за пост у Фэйсбуку. Нібыта заклікаў у допісе да ўдзелу ў несанкцыянаваных мерапрыемстваў.

«Па мяне прыйшлі ўвечары ў панядзелак 5 ліпеня. Фармальна — за пост у Фэйсбуку. Прыйшло чацвёра, усё ветліва: хочаце сваіх панятых? Ці можна там паглядзець? Тут паглядзець? 

Тварам у падлогу не паклалі мяне. Забралі тэхніку і самагон — 15 літраў. Самагон, дарэчы, абяцалі вярнуць, праўда, пакуль не аддалі. 

Абяцалі: «Не хвалюйцеся вы, Павел Юр’евіч! Пераначуеце ў нас, дадуць штраф ды паедзеце дадому! Усё будзе нармальна!»

А мой бацька прыйшоў паглядзець на гэтае іх «мерапрыемства». І пытае: «А не будзе так, што сын сядзе па адміністратыўнай справе, а пасля павесяць крымінальную?»

Яны адказваюць: «Ды не, што вы такое кажаце!»

Бацька: «Івуліна ж так і пасадзілі!»

«Не-не, вы што, не будзе ніколі такога!»

Ну і як бы вось.

Але я такія песні чуў тысячу разоў, таму сабраўся нармальна, узяў вялікі кешар і пайшоў сядзець тую «адну ноч».

Прычым, унікальны момант — кантэкст майго паста ж зусім іншы. У ім я кажу, што заклікі Латушкі выходзіць на вуліцы — няўдалая ідэя. Пасыл майго допіса быў супрацьлеглы заклікам выходзіць, але ж… Гэты пост — проста дакалупка. 

Я думаю, што і адміністратыўка за пост, і крыміналка за яго — бздур. Я сядзеў не за тое. 

Мая версія іншая. Пакуль мая лепшая ў свеце перадача выходзіла толькі на Ютубе —ніхто не звяртаў увагі. Як толькі «Белсат» уключыў яе ў эфірную сетку, адразу прыйшлі. Глядзіце: у пятніцу ўвечары паказалі маю перадачу, хтосьці заўважыў, пасля тое-сёе, паманіторылі мае сацсеткі, знайшлі да чаго дакалупацца, прызначылі адказнага, перадалі справу ў Беразіно — і вось якраз вечар панядзелка, калі да мяне прыйшлі «госці»! Я ўпэўнены ў гэтай версіі на 85%! Бо ўсё ж не ведаю, што ў іх у галавах.

На наступны дзень ніякага суда не было. Ён быў праз дзень, у актавай залі РАУСа. Туды прыехала суддзя і пакарала мяне 15 суткамі — адзінага з васьмі, якіх судзілі. Астатнія атрымалі штрафы. Каб вы разумелі: мужык у той жа суддзі за п’яны скандал і рэальнае непадпарадкаванне міліцыі атрымаў чатыры базавыя штрафу. Я — 15 сутак ні за што. Але ж суддзёй Аксанай Пенкрат у нас даўнія і цёплыя зносіны, яна ўжо прысуджала мне суткі пасля выбараў. 

А пасля яшчэ мне накінулі 30 сутак, судзілі ўжо па скайпу. Пакаралі за «Пагоню» на паштовай скрыні і шыльду з адрасам на доме, якая таксама была з пагоняй ў белых і чырвоных колерах. Гэта прызналі пікетаваннем. Пікетаваў я. 

Але ў камеры мне стала нават лягчэй, бо самае цяжкае было — чакаць, што прыйдуць. Мы з жонкай былі ў расхістаным маральным стане, нас каўбасіла, бо разумелі, да чаго ідзе. Было няпроста. А як сеў, то мне стала лягчэй у душэўным плане, зваліўся той цяжар чакання. І жонцы нават стала лягчэй — яна ў лісце прызналася.

Пакуль я сядзеў яшчэ першыя 15 сутак, да мяне прыйшоў чалавек. Сказаў, што аператыўны супрацоўнік, маўляў, праводзіцца праверка з нагоды майго паста ў фэйсбуку, дзе я тыпу «заклікаў». Тут я канчаткова пераканаўся, што будзе крыміналка. З таго момант я ўжо быў упэўнены, што ніхто мяне не адпусціць. У дзень, калі сканчваліся суткі, я нават не рыхтаваўся, а тут раптам — ты выходзіш.

Але гэта пасля. А падчас адсідкі прыйшла следчая, паведаміла, што я падазраваны, сказала, за якія канкрэтна словы, сказала, што будзе праводзіцца экспертыза. Вынікі яе, дарэчы, прыйдуць 9 верасня недзе. Тады я, хутчэй за ўсё, з падазраванага стану абвінавачаным і, магчыма, зменіцца мера ўтрымання. Бо пакуль няма ані падпіскі аб неразгалошванні, ані падпіскі аб нявыездзе. Я толькі абавязаны з’явіцца па выкліку.

Блыхі, брытвы, Пацярпелы

Пра адсідку Павел распавядае, як пра вясёлыя прыгоды.

«Прыехалі ў дзяжурку, заводзяць у шклянку і — цуд! У шклянцы не смярдзіць. Потым адводзяць у туалет і зноў цуд! Яны памянялі (або адмылі) ўнітаз на першым паверсе. Мне хочацца думаць, што гэта яны там адрэагавалі на мае водгукі ў мінулым годзе, а можа і не.

Далей мяне адводзяць у ІЧУ. Месца проста выдатнае. Давайце па пунктах.

Пайка. У параўнанні з мінулым годам стала горш і стэйк з ялавічыны ўжо не падаюць. Але! У гарбаце ёсць цукар і заварка амаль заўсёды. Хлеб амаль заўсёды смачны і свежы. Два разы ў тыдзень курынае яйка. Порцыі нармальныя і з соллю. Плоў — самы смачны ў маім жыцці. Абрызглая каша была адзін раз, але гэта выключэнне, а не правіла.

Перапіска. Мой бацька спрабаваў даслаць тэлеграму, і ў яго нічога не выйшла. Нейкія лісты да мяне даходзілі, нейкія не. Нейкія ад мяне сыходзілі, а нейкія не. Дакладнай прычыны, што ж там такога было напісана, што яны не праходзілі, я не ведаю. Начальнік ІЧУ мне спіс забароненых тэм пералічыць адмовіўся. У любым выпадку, нізкі паклон усім тым, хто пісаў. Рэальна крута.

А вось што мне начальнік ІЧУ патлумачыць пагадзіўся, дык гэта прычыну, па якой у мяне ўдзень забіраюць матрац. Кажа, загад міністра. Маўляў, у людзей, якія сядзяць па такіх артыкулах, як ты (ну ты зразумеў, па якіх), кажа, забіраць матрац. Шкада толькі не ўдакладніў, загад якога канкрэтна міністра. Можа, міністра сельскай гаспадаркі?

Курыва. Паліць легальна можна выключна ў шпацырным дворыку. За 48 дзён прагулак не было дзевяць разоў. Так, я лічыў і запісваў.

Душ. Раз у 7 дзён ты ідзеш у канец калідора ў мясцовы лазневы комплекс. Лепш, чым у мяне дома, шчыра. Таму што ў мяне вада награваецца за 50 секунд, а там гарачая ідзе адразу. Яшчэ там амаль заўсёды быў шампунь і мыла, чаго я не бачыў наогул ніколі і нідзе, а гэта мой 21-ы адміністрацыйны арышт, на секундачку.

Персанал. Я вам так скажу — ідуць працэсы. Стаўленне да мяне было добрае. Усяго распавесці не магу, таму што мне там яшчэ сядзець. Калі амаль любога супрацоўніка трошачкі паскрэбці пазногцікам, унутры акажацца наш, беларусік, які хоча сумленна служыць, змагацца са злачынцамі і не саромецца свайго галоўнакамандуючага. Бо яны маюць вочы, бачаць, што мне далі за адміністратыўку 45 сутак, яны ведаюць, колькі даюць іншым. Усё яны бачаць. 

Таму на месцы начальніка РАУСа я б перастаў давяраць абсалютна ўсім сваім супрацоўнікам ужо зараз. Бо прыйдзе час — і яго «ўлупяць» усе. Дадуць усе патрэбныя паказанні.

У ІЧУ перадачы прымаюць і, самае галоўнае, аддаюць, гэта вам не Мінск.

Санапрацоўка ад кароны прыкладна два разы ў месяц. Прыходзіць спецыяльны супрацоўнік. Усе супрацоўнікі прышчэпленыя, наколькі я ведаю.

Адзін раз прапанавалі гуманітарныя наборы ад Чырвонага Крыжа. Мне не трэба было, а вось сукамерніку выдалі шчотку, пасту, печыва.

У камеры, дзе я правёў большасць часу, хапала квадратуры. Я мыў яе, як мог, але без мыйных сродкаў гэта зрабіць праблематычна (выдалі трохі адзін раз для туалета). На сцяне нават была мая любімае пляма (ванітавала кагосьці, хутчэй за ўсё), якая была падобна на «Мядзведа» са старажытнага мемаса. Гэта быў мой выхад у Інтэрнэт. Глядзеў на яго разоў сто за дзень і ўсміхаўся, як дурань.

А! І гэта ж Беразіно. Таму ўсе адзін з адным суседзі альбо сябры, альбо знаёмыя па абодва бакі дзвярэй. Навіны абмеркаваць, там, у каго як пахаванне прайшло або дзень нараджэння. 

Калі «Белсат» прызналі экстрэмісцкім прыходзіў міліцыянер правесці апытанне мяне як чалавека, чый твар там з’яўляецца. Дыялог быў наступным.

— Ваш канал Белсат прызналі экстрэмісцічэскім (тут я зразумеў, што зараз будзе цікава).

— Гэта не мой канал.

— Ну, вы туды відэа загружаеце?

— Не.

— Ну гэта ваш твар? Тут цэлы плэйліст з вамі.

— Мой.

— Значыць, ваш канал.

— Не.

— Добра, няважна. Усё роўна канал прызнаны экстрэмісцічэскім 27-га ліпеня, а вы з 5-га жніўня жывяце ў нас. Тлумачэнні будзеце даваць?

— Не. Але хацелася б ведаць, якім прызнаны канал?

— 27-га ліпеня.

— Якім?

— 27-га ліпеня.

— Не, гэта адказ на пытанне «калі», а я пытаюся «якім?»

— Экстрэмісцічэскім.

Таксама ў мяне ў камеры быў партрэт майго Пацярпелага. Я яго акуратна выдраў з газеты, наляпіў мылам на канверт. Пры праверках некаторыя проста ўгаралі, некаторыя рабілі выгляд, што не заўважаюць. Начальнік ІЧУ не сказаў мне ані слова пра гэта. 

Ну і блыхі. Непрыемная гэтая сволач. Я да гэтага часу ўвесь у расчасаны ўкусах. З'явіліся дзесьці на 30-35 суткі. Потым я адну злавіў і прыклаў яе да заявы з просьбай правесці санапрацоўку. Прыйшоў начальнік ІЧУ і мне змянілі бялізну. Але санапрацоўкі я не дачакаўся, бо мяне выгналі з турмы».

Гатовы сесці, каб дапамагаць палітычным знутры

«Пытанне ад’езду мы абмяркоўвалі з жонкай яшчэ да пасадкі. Мы думалі, што калі будзе пагроза крыміналкі, то бярэм дзіця, прадаем нерухомасць і валім. Але ж нешта нам перастала падабацца гэтае рашэнне. Я выйшаў, мы з жонкай пагаварылі яшчэ двойчы, узважылі ўсе «за» і «супраць». І вырашылі заставацца ў Беларусі. 

Ёсць магчымасці, мая маці даўно жыве ў Італіі. Адной прычыны, чаму застаемся, няма, іх некалькі. Пачнем з таго, што я ўвогуле не разумею, чаму я павінен з’язджаць кудысьці, калі валіць з краіны мусяць усе яны? 

Па-другое, калі ўсе з’едуць, то хто ж застанецца? І як жа тады дабро будзе перамагаць?

Трэцяе: ў нас дзіця. І маё сэрца абліваецца крывёю, калі мне расказваюць, як малы пытаўся, пакуль я сядзеў: «А дзе тата? А дзе тата?» Але ж хіба дзяцей няма ў Севярынца? Юхневіча? Давайце ўзгадаем — дзе дзіця Бабарыкі?

І яшчэ — надта шмат народу абрадуецца, калі я з’еду. Такі падарунак я ім не хачу рабіць. 

Так, я разумею, што магу сесці, я маніторыў, што даюць людзям па маім артыкуле (367 КК). Там сумна ўсё, але ладна. 

Раней я думаў, як і многія, што ад чалавека, якога пасадзілі, няма ніякай карысці, на волі ён можа зрабіць больш, нават за мяжой. Але я так думаў, пакуль ў эміграцыі не стала надта ўжо шмат нашых. Так, людзі, якія з’язджаюць арганізуюцца ў дыяспары, актыўна дапамагаюць тым, хто ў Беларусі. Але «там» ужо настолькі шмат людзей, што гэтага ўжо і дастаткова для дапамогі тым, хто застаецца ў краіне. І ад таго, што я туды прыеду, асабліва дапамогі не дадасца. А вось калі я застануся… Спрэчны момант, наколькі палепшыць сітуацыю мая пасадка, але маю пэўную матывацыю —

сёння сядзіць шмат палітычных, сотні людзей. І яны «попалі в непонятное», як я люблю казаць. А для мяне гэтае ўсё даўно зразумелае, я чалавек з вопытам і змагу там ім неяк дапамагчы. 

Ці не страшна сесці? Не страшна. Божачкі, гэта ж проста турма, я там быў, я там усіх ведаю! (Смяецца). Але страшна разумець, што маёй сям’і будзе цяжка. 

Так, жонка мяне падтрымлівае. Гэта ж мая жонка. І яна ж клятву давала! «І ў горы, і ў радасці, і ўсё такое!» (смяецца).

Каментары

Вялікая гутарка з Алінай Коўшык — пра інтэрв’ю з Падсасонным, скандал з Кулеем і рэформы на «Белсаце»9

Вялікая гутарка з Алінай Коўшык — пра інтэрв’ю з Падсасонным, скандал з Кулеем і рэформы на «Белсаце»

Усе навіны →
Усе навіны

Былы прэзідэнт ЗША Джымі Картэр памёр ва ўзросце 100 гадоў2

Казахстан адправіць чорныя скрыні з Azerbaijan Airlines у Бразілію

Гардон: Гарачая фаза вайны завершыцца ўжо заўтра26

У Жодзіне адкрылі краму з мерчам БелАЗа6

Некаторыя «заменнікі мяса» далёка не бясшкодныя для чалавека10

Бондараву абурылі слова Раство і зоркі НАТА на навагодняй елцы ў Мінску27

На вайне ва Украіне загінуў былы футбаліст зборнай Расіі10

Як зарабляць на YouTube пасля адключэння манетызацыі ў Беларусі? Гэта цалкам магчыма

Халезін: Мы дабраліся да Хілары Клінтан і дамовіліся аб санкцыях18

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Вялікая гутарка з Алінай Коўшык — пра інтэрв’ю з Падсасонным, скандал з Кулеем і рэформы на «Белсаце»9

Вялікая гутарка з Алінай Коўшык — пра інтэрв’ю з Падсасонным, скандал з Кулеем і рэформы на «Белсаце»

Галоўнае
Усе навіны →