Грамадства

«Працуюць на лесапілцы ці мыюць вагоны». Асуджаная студэнтка распавяла пра ўмовы на жаночай хіміі

Халодныя пакоі, адзін душ на ўсіх і праца на лесапілцы ці ў лакаматыўным дэпо. Студэнтка з Ліды Дар'я Чайко, якой далі 2,5 года абмежавання волі за каментары ў чатах, расказвае пра ўмовы на жаночай хіміі.

У Дар’і не было ні затрыманняў, ні штрафаў. Таму візіт міліцыі ў сакавіку стаў для яе нечаканасцю.

«Да мяне дадому прыйшлі аператыўнікі і спрабавалі забраць у аддзел, каб я дала тлумачэнні, дзе я знаходзілася 8 сакавіка 2021 года і ці не ведаю я нейкую Крысціну. Тады дома быў тата, сказаў, што я нікуды не пайду, і выправадзіў іх. Я яшчэ паказала даведку, што на кавід хварэю.

На наступны дзень мне трэба было ў паліклініку. На выхадзе з яе да мяне падышлі тры чалавекі без формы, сказалі, што з міліцыі (я дваіх пазнала — яны прыходзілі да мяне дадому). Адвезлі ў апорны пункт. Завялі ў кабінет і тады толькі сказалі, што ёсць пастанова пракурора на маё затрыманне. 

У мяне праходзіў допыт на працягу пяці гадзін без адваката. Мне адкрыта казалі: ад таго, наколькі лаяльна пройдзе дыялог, залежыць, ці выйду я адсюль сёння альбо праз пару гадоў. Узялі мой тэлефон, глядзелі тэлеграм, лідскі чат».

«Дамовіліся, што я яму пад распіску кампенсую 500 рублёў маральнай шкоды і ён адзаве іск»

Прычынай затрымання сталі каментары на адрас лідскага следчага, якія дзяўчына пакінула ў верасні мінулага года. У чаце тады пісалі, што ён нібыта прымушаў людзей падпісваць пратаколы і пагражаў пасадзіць у «правільную» камеру. Дар’я ў каментарах выказала стаўленне да такіх дзеянняў. 

«У канцы са мной запісалі відэа, надыктавалі тэкст, які я павінна сказаць. Дубляў 10 здымалі, пакуль іх не задаволіла. І далі афіцыйнае папярэджанне — я падпісала паперу, што праведзена гутарка і што, калі яшчэ недзе траплюся, будзе больш сур’ёзная адказнасць. Мяне адпусцілі, але забралі тэлефон на экспертызу».

Праз тыдзень Дар’і паведамілі, што на яе завялі крымінальную справу па артыкуле 369 (Абраза прадстаўніка ўлады). Пасля дадаўся і артыкул 342 (Арганізацыя дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак) — за паведамленні ў гарадскім чаце. Дзяўчына пісала, што не трэба даваць людзям без апазнавальных знакаў сябе збіваць, а калі пратэстоўцы бачаць АМАП у форме, то лепш сысці.

«Следчы падаў на мяне іск на 2500 рублёў маральнай шкоды. Я за некалькі тыдняў да суда схадзіла да яго папрасіць прабачэння, патлумачыць, чаму так напісала. Ён мне сказаў, што ўсё цудоўна разумее, зла не трымае, прасіў зразумець яго. Маўляў, да яго прыйшлі, паказалі каментары і сказалі пісаць заяву.

Мы дамовіліся, што я яму пад распіску кампенсую 500 рублёў маральнай шкоды і ён адзаве іск. На судзе следчы прасіў для мяне мяккага пакарання, не звязанага з абмежаваннем волі».

«Гарачая вада ўключаецца раніцай на дзве гадзіны, удзень — на тры і ўвечары — на дзве»

Дар’я вучылася на бюджэце на першым курсе БДУ, на факультэце геаграфіі і геаінфарматыкі. Вясной праз хваробу лёгкіх яна сыходзіла ў акадэмічны адпачынак. Збіралася перапаступаць на першы курс, але хімія змяніла планы.

У папраўчую ўстанову Дар'я паехала тыдзень таму. 

Камуналка за камендатуру летам складае 10-15 рублёў, узімку — 50-55.

«Гарачая вада ўключаецца раніцай на дзве гадзіны, удзень — на тры і ўвечары — на дзве. Бойлер награвае ваду, і пасля колькі чалавек паспела пад ёй памыцца, столькі паспела. Пліты таксама працуюць па гадзінах. Там адразу збіраецца чарга — за тыдзень я яшчэ ні разу нічога не прыгатавала на пліце».

«Заробкі ў асноўным 400-450 рублёў»

Дар’я пакуль на каранціне. Кажа, жанчын тут адпраўляюць на цяжкую фізічную працу.

«Напрыклад, на лесапілку, у калгас капаць, садзіць. Некаторыя прыбіральшчыцамі працуюць у лакаматыўным дэпо, мыюць вагоны, кабінеты. Адна дзяўчына — прыбіральшчыцай у віцебскім СІЗА. Побач знаходзіцца вытворчасць нітак на станках — там таксама працуюць. 

Працоўныя дні ў каго па 8 гадзін, у каго па 10, ёсць начныя змены. Заробкі ў асноўным 400-450 рублёў. На лесапілцы большыя, там у асноўным занятыя абавязаныя асобы — у каго ці аліменты, ці даўгі».

Па назіраннях дзяўчыны, да палітычных на хіміі асаблівага стаўлення няма. Апроч аднаго — адразу ставяць на ўлік як схільных да экстрэмізму. 

«Гэта значыць, што ты спіш толькі на верхнім ложку, кожную гадзіну ў непрацоўны час прыходзіш адзначацца.

У 19 гадоў гэта не тое месца, куды хацелася б патрапіць», — уздыхае дзяўчына.

***

Пісаць Дар'і Чайко можна ў інстаграм @ineffable__limerence

Каментары

Цяпер чытаюць

Усе навіны →
Усе навіны

Першая калонка Фядуты: Гэта была расправа з пакаленнем, якое ўлада не спадзявалася прыручыць, а таму спрабавала зламаць14

Чаму за навагоднім сталом хочацца дэсерту, нават калі пераеў? Тлумачыць прафесар анатоміі1

Навагодні стол за 20 рублёў: беларуска паказала, што здолела купіць на такія грошы6

«Пасля ўскрыцця не захоўваць». Ці азначае гэта фраза на ўпакоўцы малака, што яго трэба выпіваць адразу?9

Расія з-за зніжак Кітаю і Індыі прадае нафту са стратамі7

Зяленскі: Было б пажадана, каб Трамп прыляцеў ва Украіну самалётам

Вялікі «Зубр» і пустая Плошча. Гісторыя жыцця Андрэя Пятрова16

Туск: ЗША гатовыя паслаць войскі на тэрыторыю Украіны

Ціханоўская прызналася, што абавязкова глядзіць навагодні тэлезварот Зяленскага1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

З Новым годам! За «іх там» — за тых, хто не з намі!4

З Новым годам! За «іх там» — за тых, хто не з намі!

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць