Меркаванні2828

Мілінкевіч: Беларусь распачынае вялікую працу на дарозе да еўрапейскай інтэграцыі

Палітык распавёў усе акалічнасці сваёй аперацыі і расказаў, як ідзе выздараўленне ды шмат чаго іншага.

Лідэр Руху за Свабоду і былы кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Мілінкевіч пасля аперацыі ў Польшчы з’ехаў у родную вёску Бершты. Там палітык аднаўляецца пасля аперацыі і рыхтуецца да новых палітычных крокаў.

Як ваша здароў’е?

Мілінкевіч: На шчасце, я хутка папраўляюся. У мяне ў жыцці было 6 аперацый. Я вельмі хутка загойваюся і вяртаюся, і рэабілітуюся. Можа, арганізм у мяне такі здаровы ў сваёй аснове.

Я ўжо шпацырую на прыродзе, хаджу вакол сваёй хаты на кастылях. Дзесьці праз месяц іх адкіну, буду з палачкай, потым без палачкі. Ведаю, што буду ездзіць на горных лыжах, гуляць у валейбол, плаваць. Усё змагу і будзе ўсё добра.

Раскажыце, калі ласка, пра саму аперацыю.

Мілінкевіч: У мяне была аперацыя тазасцегнавага сустава левай нагі. Даволі складаная. Яна на медыцынскай мове называецца алапластыка. Алапластыка — замена пэўных частак сустава, таму што былі абмежаванні ў рухах.

Тут таксама адбілася тое, што калі я займаўся баскетболам,

каб вышэй скакаць і хутчэй бегаць, накладаў на галенастопы па 4 кілаграмы свінцу на трэніроўках. А потым падчас спаборніцтваў гэта ўсё здымаў і як птушка лётаў.

Гэта таксама спрыяла пашкоджанню суставаў: тады не адчувалася, а зараз адчуваю. Таму спатрэбілася замена пэўных частак, пластыка сустава. Цяпер нават болю ніякага не адчуваю!

Шмат нараканняў на вас было з‑за таго, што вы паехалі лячыцца за мяжу, у Польшчу, а не ў Беларусі.

Мілінкевіч: Я не лічу, што гэта нейкае злачынства адносна Беларусі. Сам ведаю многа выдатных медыкаў з залатымі рукамі і светлымі галовамі ў Беларусі, гэта мае сябры ў тым ліку. Але і яны казалі: «Калі ў цябе ёсць магчымасць зрабіць за мяжою, у Польшчы ці ў іншай краіне, то зрабі там, бо там абсталяванне значна больш сучаснае.

Гэта аперацыя праводзілася з дапамогай цэлага комплексу камп’ютарнай і медыцынскай тэхнікі, якая там на вельмі высокім узроўні. Таму не лічу, што гэта штосьці такое, што абражае нашых медыкаў. Я думаю, калі б у іх было такое абсталяванне, яны былі б нічым не горшыя за амерыканскіх, польскіх ці французскіх дактароў.

Аперацыя была ў Польшчы, а цяпер вы ходзіце ў беларускія паліклінікі?

Мілінкевіч: Я ўвогуле абыходжуся без паліклінік. Да мяне прыязджаў знаёмы лекар‑рэабілітолаг, прафесар з Гродна. Ён мяне паглядзеў. Цяпер мы з ім па тэлефоне размаўляем, і калі якая праблема — ён прыедзе. Мне спакойна можна быць тут без дактароў да наступнай сустрэчы праз месяц з тым лекарам, што рабіў аперацыю.

У інтэрнэце хапае спекуляцый наконт вашага лячэння: нібыта вы патрацілі шалёныя сродкі. Калі не сакрэт, колькі сапраўды каштавала аперацыя і адкуль на яе грошы?

Мілінкевіч: У мяне ёсць блізкія сябры, якія ў стане дапамагчы ў складаныя моманты.

Мне не прыйшлося плаціць за аперацыю. Дакладнай сумы я не ведаю.

Цэны на медыцынскія паслугі ёсць у інтэрнэце на сайтах шпіталяў. Яны даступныя для цікаўных.

Спрабую стварыць этнаграфічны музей у хаце, якой амаль 120 гадоў

Пасля аперацыі вы крыху адышлі ад палітычнай дзейнасці, у вас нават тэлефон не ловіць. Ці сочыце вы за падзеямі, працягваеце працаваць, можа нешта пішыце?

Мілінкевіч: Шчыра кажучы, лета — гэта такі мёртвы сезон у палітыцы. Тэлефон мой мабільны тут не працуе, але ёсць інтэрнэт. Я сачу за падзеямі, я маю магчымасць многа чытаць. Палітыку трэба не толькі гаварыць, але і сустракацца, многа думаць і павышаць свой узровень.

Яшчэ я ўзяў мае рукапісы па гісторыі Гродна, недапісаныя кніжкі. Мару, можа, ўсё ж такі за гэты час рэабілітацыі хоць некаторыя з іх я скончу. Гэта маё хобі, якое дае мне велізарнае задавальненне.

Цікава, як аднавяскоўцы ставяцца да вас, ці удалося іх сагітаваць?

Мілінкевіч: Розныя ёсць аднавяскоўцы: ёсць прыхільнікі ўлады, ёсць мае прыхільнікі. Хаця агітацыяй я тут ніколі не займаўся. Я тут такі вясковы чалавек, як яны — праўда, не маю поля, на якім працую.

Але мару зрабіць за гэты час этнаграфічны музей, які б ствараўся пры дапамозе школьнікаў.

І проста адчуваю такую вялікую патрэбу зрабіць гэтую этнаграфічную экспазіцыю ў хаце, якой амаль 120 гадоў.
Прыедуць мае сябры: музейшчык з Гродна, мастакі — і яны мне дапамогуць. Вось такія ў мяне мары. Я лічу, што здзейсняцца.

А мясцовая міліцыя часам вас не наведвае?

Мілінкевіч: Ведаеце, увага да маёй персоны пасля пэўнай адлігі ў Беларусі вельмі сціплая, яна значна зменшылася. У маіх падарожжах па нашай краіне міліцыя паводзіла сябе зусім інакш, чым год таму, і зараз ніхто да мяне не прыязджае, не сочыць за мной.

Дарэчы, калі адновяцца вашыя падарожжы?

Мілінкевіч: Для мяне гэта праца назаўсёды і думаю, што з пачатку восені буду ездзіць. Тым больш, што хачу паўдзельнічаць у сходах па падрыхтоўцы еўрапейска‑беларускага форуму. І тое, што мы будзем рабіць па ўсёй краіне, — гэта сходы з актывам, сходы з людзьмі, якія цікавяцца палітыкай і еўрапейскім супрацоўніцтвам, і я буду ездзіць на гэтыя сходы таксама.

Заказная журналістыка — гэта ўжо не журналістыка: гэта — прапаганда

Апошнім часам нават у некаторай незалежнай прэсе з’явілася негатыўнае стаўленне да вас. Як вы лічыце, чаму?

Мілінкевіч: Ёсць СМІ, якія гэта робяць. Ёсць палітыкі, якія за гэтым стаяць. Палітычная барацьба. Я скажу, што хацелася вельмі, каб яна была ўсё ж такі сумленнай і маральнай. Барацьба — гэта прыстойна, а вось бруд я не ўспрымаю.

На старонках «Народнай волі» з’явіўся даволі спрэчны матэрыял. Вам прапанавалі адказаць, але вы адмовіліся. Чаму?

Мілінкевіч: Ведаеце, пасля тых абразаў, пасля той хлусні і бруду, што былі ў «Народнай волі», у мяне проста няма жадання быць аўтарам гэтай газеты. Я думаю, што ў яе ёсць свае аўтары — няхай яны пішуць на гэтых старонках.

Газета ўсё ж такі мусіць быць аб’ектыўнай, і калі яна выказвае сваю думку, то яна павінна грунтавацца абавязкова на фактах, чаго ў «Народнай волі» няма. А заказная журналістыка — гэта ўжо не журналістыка: гэта — прапаганда.

Калі так, як вы думаеце, то хто вас «заказаў»?

Мілінкевіч: Я не ведаю гэтага, шчыра кажучы. Я думаю, што больш за ўсё я не да спадобы тым людзям, якія б хацелі перапыніць рух Беларусі ў Еўропу.

Я гатовы ісці ва ўладу, але толькі ў выніку вольных выбараў

На вас наракалі, калі ўлады пачалі актыўна кантактаваць з Еўрасаюзам і рознымі структурамі. Казалі, што вы тут «замяшаны»…

Мілінкевіч: Я вельмі ганаруся, што я не толькі ў гэтым замяшаны — я адзін з аўтараў гэтага праекту вяртання Беларусі ў Еўропу. Я рады, што ў выніку, нягледзячы на тое, што ў нас вялікія праблемы сёння — з грамадзянскімі свабодамі, ёсць палітвязні, так мала свабодных СМІ — усё роўна пагрозы беларускай незалежнасці сёння менш, чым год таму.

Беларусь распачынае вялікую працу на дарозе да еўрапейскай інтэграцыі.

Я думаю, гэта наш поспех; а тое, што не ў адзін дзень дэмакратыя наступае, — я лічу, што гэта ўсім зразумела.

Нават калі б дэмакраты былі пры ўладзе, гэта ўсё адно працэс. Канечне, значна больш хуткі быў бы, але гэта працэс, бо дэмакратыя — гэта перш за ўсё тое, што ёсць у галовах людзей.

А вы б пагадзіліся на пасаду прэм’ер‑міністра, каб Аляксандр Лукашэнка вам яе прапанаваў?

Мілінкевіч: Я гатовы ісці ва ўладу, але толькі ў выніку вольных выбараў. Таму што чалавек, які ідзе на пэўную пасаду, павінен несці адказнасць за свае дзеянні і адчуваць, што ён можа вырашаць пэўныя пытанні. У сённяшніх умовах гэта немагчыма. Таму калі б сёння была прапанова, я б, безумоўна, адмовіўся.

Нельга аб’ядноўвацца пад прынцыпам «супраць». Сёння трэба вызначыцца з каштоўнасцямі

Папярэднія гады апазіцыі ўдавалася так ці інакш аб’яднацца. Цяпер сітуацыя іншая. Чым гэта можа быць выклікана?

Мілінкевіч: Я думаю, гэта перш за ўсё слабасць. Я калісьці выкарыстаў слова «маргінальная» — што мы ўсе «мыргіналізуемся». На мяне абурыліся, а я і сёння лічу, што гэта праўда. Бо слова «маргінальны» значыць «на ўзбочыне працэсу».

Гэта — групы, якія не ўплываюць. І мы сапраўды ўсё менш уплываем на грамадства.

Трэба не толькі гаварыць пра барацьбу супраць дыктатуры, за свабоду. Трэба ўплываць на грамадства, каб грамадства нас успрымала, каб яно аддавала нам перавагу. І вось тут мы, на жаль, усё менш уплываем.

Чаму апазіцыя страчвае людзей?

Мілінкевіч: Я думаю, што ёсць аб’ектыўныя прычыны. Безумоўна, ўлада шмат зрабіла, карыстаючыся СМІ. Яна зрабіла ўсё, каб дыскрэдытаваць апазіцыю.

Але апазіцыя нясе вялікую віну, таму што дазволіла закрыць сябе ў гета.

Апошнім часам, пасля 2007 года, цэлы шэраг лідэраў сядзяць і распрацоўваюць працэдуры, як яны будуць супрацоўнічаць. Я думаю, гэта паказчык таго, што мы не ўмеем пайсці да людзей і сказаць тое, што іх турбуе, вывучаць стан рэчаў на месцах, проста быць людзям зразумелымі. І гэта прывяло да такой прычыны аб’ектыўнай, суб’ектыўнай, да такога стану рэчаў.

Ці ўдасца апазіцыі ў чарговы раз перад прэзідэнцкімі выбарамі ўсё ж такі пайсці на кампраміс, аб’яднацца і вылучыць адзінага кандыдата?

Мілінкевіч: Я лічу, што аб’яднанне — гэта вялікая каштоўнасць, але яна можа адбыцца толькі на прынцыпах маральных. Нельга аб’яднацца ў кааліцыю, дзе некаторыя хацелі б ісці ў саюзную дзяржаву, а іншыя мараць пра Еўрасаюз. Нельга аб’яднаць гэта ўсё.

У 2006 годзе аб’яднанне адбылося пад прынцыпам «супраць» — вось мы былі супраць дыктатуры, супраць Аляксандра Лукашэнкі, і таму мы аб’ядналіся. Тады гэта больш спрацавала, хаця не да канца.

Сёння сітуацыя значна больш каляровая, не чорна‑белая. Трэба аб’ядноўвацца выключна на каштоўнасцях. Я пра гэта казаў ужо з 2007 года і веру ў тое, што на каштоўнасцях значная частка апазіцыі аб’яднаецца.

Гэтыя каштоўнасці для мяне вельмі простыя: незалежнасць, дэмакратыя і шлях у Еўропу.

Гутарыў Віталь Малькевіч, Еўрарадыё

Каментары28

Цяпер чытаюць

Што вядома пра жанчыну, якая загінула ў аўтобусе, што вёз беларускіх футбалістаў-школьнікаў у Геленджык?18

Грамадстваудакладнена18

Што вядома пра жанчыну, якая загінула ў аўтобусе, што вёз беларускіх футбалістаў-школьнікаў у Геленджык?

Усе навіны →
Усе навіны

«Вельмі цікавыя заявы саюзніка Пуціна». Кіраўнік МЗС Германіі адрэагаваў на заявы Лукашэнкі пра вайну ва Украіне7

У Варшаве замежнікаў правяралі «патрульныя» ў форме, якія не маюць дачынення да дзяржаўных органаў11

«Я не хачу ў загончык беларушчыны». Кныровіч адказаў на крытыку за ўдзел у канцэрце на Дзень Расіі85

Беларуска знайшла італьянскую сям’ю, якая прыняла яе пасля Чарнобыля. Яна думала, што італьянцы яе кінулі11

Джорджа Мелоні на саміце G7 пахвалілася, што перамагла шкодную звычку4

21‑гадовага хлопца са Светлагорска пасадзілі за палітыку. Хлопец жыў у дзетдоме, а нядаўна сам стаў бацькам1

Колькасць абортаў у Беларусі абнавіла гістарычны мінімум. Але на Магілёўшчыне іх усё больш4

Брытанскі тэлевядучы Джэрэмі Кларксан паведаміў, што ў яго дыягнаставалі рак2

Стала вядома пра арышт яшчэ аднаго каліноўца Андрэя Сяргеева

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Што вядома пра жанчыну, якая загінула ў аўтобусе, што вёз беларускіх футбалістаў-школьнікаў у Геленджык?18

Грамадстваудакладнена18

Што вядома пра жанчыну, якая загінула ў аўтобусе, што вёз беларускіх футбалістаў-школьнікаў у Геленджык?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць