Свет

Сахавуд. Якуцкае нацыянальнае кіно стала феноменам, з якім лічацца і ў Маскве 

Сучасныя малыя народы Расііі знаходзяцца ў цяжкай сітуацыі. З Крамля зададзены курс на моўна-культурную ўніфікацыю краіны, усялякім чынам абмяжоўваецца нацыянальная адукацыя, выцясняюцца з актыўнага абарачэння нацыянальныя мовы там, дзе яны да нядаўняга часу яшчэ захоўвалі хоць якія пазіцыі. Грамадска-палітычную актыўнасць пад сваімі нацыянальнымі сцягамі весці цяпер амаль немагчыма. Але ў некаторых рэспубліках мясцовая інтэлігенцыя намагаецца рэалізоўваць сябе прынамсі на культурным полі. Пра ўздым у апошнія гады нацыянальнага якуцкага кінематографа, які для яе ёсць неразгаданым феноменам, піша на «Эхо Москвы» расійскі кінааглядальнік Дар'я Міціна. 

Адно з маіх галоўных узрушэнняў кінагода 2021 — якуцкае кіно, якое набірае размах і штогод выстрэльвае дзясяткамі магутных кінаснарадаў. Яго феномен дыскутуецца ўжо не першы год, але ніхто так і не наблізіўся да тлумачэння таго, якім чынам рэспубліка з насельніцтвам менш за мільён чалавек генеруе самабытную і самастойную нацыянальную школу без якой-небудзь падтрымкі звонку.

З самага пачатку якуцкі кінематограф фармаваўся не на патрэбы еўрапейскаму фестывальнаму гледачу, не як этнаграфічная экзотыка, доля якой — спецпаказ на перыферыі вялікага кінафоруму, а менавіта для нацыянальнага пракату, для гледача, які разумее якуцкую мову і заглыблены ў мясцовы культурны кантэкст. Тым ён і быў каштоўны.

Чатыры галоўныя прызы фестывалю «Кінашок» у 2021 годзе атрымала карціна якуцкага рэжысёра Міхаіла Лукачэўскага «Верталёт» — вострасюжэтная драма, якая перарастае ў survival-трылер. Па маштабе і складанасці здымак яна выглядае як сапраўдны галівудскі блокбастар, хоць у рэальнасці стваралася на працягу шасці гадоў паводле прынцыпу «з міру па нітцы», знятая па мерках кінематографа за смяхотныя капейкі, але пры гэтым стала прыкладам «кіно вялікага стылю». <…>

Стваральнікі фільма «Верталёт» з дыпломамі прэміі «Кінашок» 2021 года.

Фабула фільма балюча знаёмая і для саміх якутаў, і для жыхароў любога цяжкадаступнага раёна краіны. Маладая сям'я з грудным дзіцём прыязджае да пажылых бацькоў, якія жывуць у далёкім паўночным пасёлку. Раптам дзіця пачынае хварэць, у пасёлку няма ні лекараў, ні лекаў, абарвалася тэлефонная лінія, дарогі размыла вясновай паводкай. Шлях маладога бацькі да райцэнтра, каб выклікаць у пасёлак санітарны авіярэйс — сапраўдны экзамен на выжыванне.

Экстрэмальныя здымкі на холадзе ў ледзяной вадзе — акцёрскі і рэжысёрскі подзвіг, размах ландшафтных здымак, складанасці з задзейнічаннем неабходнай авіяцыйнай тэхнікі, — усё гэта ставіць «Верталёт» у адзін шэраг, напрыклад, з оскараносным «Выжылым» Аляхандра Гансалеса Іньярыту, які выйшаў у сусветны пракат ужо пасля пачатку доўгіх шасцігадовых здымак карціны Лукачэўскага.

З перспектыўных якуцкіх майстроў, напэўна, самай універсальнай і зразумелай кінамовай валодае Дзмітрый Давыдаў. <…> Па асноўнай сваёй прафесіі ён школьны настаўнік з Амгі, малабюджэтнае кіно здымае на свае грошы, задзейнічаючы сваіх жа землякоў у якасці і акцёраў, і здымачнай каманды (бюджэт трыумфальнага «Пудзіла» (2021), напрыклад, паўтара мільёна рублёў), не звязваючыся з пітчынгамі, квотамі, справаздачамі і іншым галаўным болем дзяржаўнага фінансавання.

Кадр з фільма «Пудзіла».

«Пудзіла» — страшнаватага выгляду нечасаная, моцна выпіваючая цётка без узросту ў рознамасных валёнках, якой палохаюць дзяцей. Але калі любое дзіця захварэе, усе адразу бягуць да яе за дапамогай. Аднавяскоўцы могуць стукнуць яе лапатай ці выштурхаць у карак з крамы, не даючы купіць бохан хлеба, але ў любой вострай сітуацыі непазбежна валакуцца ў яе ўбогае жытло са сваёй апошняй надзеяй. Ці то знахарка і лекарка-самавук, ці то надзеленая звышнатуральным дарам, маючая зносіны з духамі і боствамі жрыца, пудзіла, чыйго імя мы так і не даведаемся, — парыя, ізгой і адначасова саломінка, за якую хапаецца кожны ў цяжкую хвіліну жыцця. <…>

Разнастайнасць жанраў якуцкага кіно сведчыць пра «шматвектарнасць» развіцця нацыянальнай кінашколы: за некалькі гадоў існавання гэтай з'явы якуцкім рэжысёрам (сярод якіх ёсць прафесіяналы, але больш энтузіястаў, якія навучаюцца ў працэсе) атрымалася не замкнуцца і не акукліцца ў лакальнай тэматыцы і эстэтыцы, хоць гэта было б самым простым і лагічным шляхам развіцця, а ўліцца ў расійскі і агульнасусветны кінематограф на правах асобнага, стылістычна і інтанацыйна вядомага напрамку.

Вырасці самастойна, без грошай Мінкультуры і Фонда кіно, і таму не быць звязанымі ніякімі абмежаваннямі і скрэпамі. І вось мы ўжо бачым не толькі культываванне якуцкай «асобнасці», але і замах на агульнанацыянальныя каштоўнасці, на буйнамаштабнае ваенна-патрыятычнае кіно. <…>

Распрацоўвалася ў 2021 годзе якуцкімі кінематаграфістамі і тэма вызвалення ад каланіяльнай спадчыны, якая непазбежна выводзіць на пярэдні план праблему ўзаемаадносін гістарычных якутаў са сваімі рускімі суседзямі.

Назва драмы Уладзіміра Мункуева «Нуучча» перакладаецца як «Чужынец». Для герояў карціны такім чужынцам становіцца рускі паліткатаржанін, які адправіўся на катаргу менавіта з-за таго, што выступаў за пераадоленне адчужанасці паміж народамі і з прыходам якога ў мясцовым возеры зноў з'явіцца зніклая невядома куды рыба.

Кадр з фільма «Нуунча».

Расчэсванне вузканацыянальных балячак ніколі не прыводзіла ні да чаго добрага, роўна як і нежаданне прымаць руку, шчыра працягнутую для дапамогі і ўзаемадапамогі. Наўмыснае змешванне, ураўноўванне палітвязня, вымушанага пасяліцца сярод мясцовага насельніцтва, і казакоў, якія яго пераследуюць і ўвасабляюць жорсткую да любога свайго падданага імперыю, на мой погляд, фармуе скажоны глядацкі погляд на гістарычную праўду.

Несвабодны ад такога зрушэння гістарычных акцэнтаў і «Тыгын Дархан» рэжысёра Мікіты Аржакова, зняты па матывах якуцкага гераічнага эпасу з цыклапічным па якуцкіх мерках бюджэтам у 255 мільёнаў рублёў пры падтрымцы ўрада Рэспублікі Саха. У гістарычным блокбастары, які па размаху нагадвае пеплумы другой паловы ХХ стагоддзя, расказ пра аб'яднанне якуцкіх плямёнаў непазбежна вырульвае на слізкую тэму ўзаемаадносін якутаў з Расійскай імперыяй.

І хоць стваральнікі фільма спрабуюць тактоўна сысці ад гістарычных крыўдаў і недагаворанасцяў (галоўны герой Тыгын Дархан намаляваны менавіта аб'яднальнікам народа, а не змагаром з суседзямі-тунгусамі і рускімі каланізатарамі), аўтарскі погляд лёгка счытваецца па ўскосных прыкметах і дэталях. Напрыклад, антаганіст галоўнага героя, кіраўнік Легай, які прыняў рускае заступніцтва, намаляваны адназначна адмоўным персанажам, без нюансаў і паўтонаў.

Толькі ў 2020-м годзе, на фоне пандэміі і каранціну, у Якуціі было знята 28 поўнаметражных фільмаў, і працягваліся здымкі яшчэ 20 — гэта дзесьці адна шостая — адна сёмая ад расійскай нацыянальнай кінавытворчасці.

Чытайце таксама:

Рускамоўных дзяцей адмовіліся прымаць у нацыянальную школу ў Якуцку — якуты спрабуюць адстаяць школу на роднай мове

Каментары

Упаў з крэсла і не паспеў адключыць камп‘ютар. На якіх дробязях праколваліся расійскія разведчыкі?2

Упаў з крэсла і не паспеў адключыць камп‘ютар. На якіх дробязях праколваліся расійскія разведчыкі?

Усе навіны →
Усе навіны

Каманда Трампа заявіла, што падтрымка Украіны будзе працягнутая7

«Лукашэнка зладзіў дзяржаўны пераварот і практыкаваў палітычныя забойствы». За што біяграфію Нямцова маглі прызнаць «экстрэмісцкай»12

У Мінску адкрытым полымем гарэў «Опель» ВІДЭА

«Апроч тых дванаццаці гадоў, калі ён піў». Нязвыклыя ўспаміны ўдавы Рыгора Барадуліна13

Памерла Валянціна Барадуліна2

У аўторак у Дзяржынску прайшлі затрыманні і ператрусы1

Расійскае грамадства хоча вайны, паказваюць апытанні22

Выставілі на продаж будаўнічы рынак «Уручча»

Новыя стаўкі падаткаў у 2025 годзе. Колькі і за што давядзецца плаціць?1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Упаў з крэсла і не паспеў адключыць камп‘ютар. На якіх дробязях праколваліся расійскія разведчыкі?2

Упаў з крэсла і не паспеў адключыць камп‘ютар. На якіх дробязях праколваліся расійскія разведчыкі?

Галоўнае
Усе навіны →