Да 7 год асудзілі падпалкоўніка СК у адстаўцы, які меў дачыненне да «Чорнай кнігі»
Сёння ў Мінскім гарадскім судзе суддзя Алена Ананіч прысудзіла 7 гадоў пазбаўлення волі падпалкоўніку Следчага камітэта ў адстаўцы Вячаславу Кандыбе.

Яго прызналі вінаватым па ч.3 арт.130 (распальванне варожасці) і ч.1 арт.203 (незаконны збор і распаўсюд звестак аб прыватным жыцці).
Як вядома «Нашай Ніве», Кандыбу вінавацілі ў тым, што ён нібыта перадаваў інфармацыю суполцы «Чорная кніга Беларусі», у якой фіксуюцца людзі, якія маюць дачыненне да парушэння законнасці і рэпрэсій у Беларусі.
Рэпрэсіі закранаюць сілавікоў, якія тым ці іншым чынам дапамагалі руху за свабодныя выбары і аднаўленне законнасці.
Таксама Кандыбу пазбавілі звання падпалкоўніка юстыцыі.
Нам вядома, што са службы Кандыба сышоў 7 год таму. Ëн служыў у міліцыі, з цягам часу перавёўся ў Следчы камітэт і там даслужваў.
«Пайшоў служыць у міліцыю ў вельмі цяжкі час, калі і бандытызм быў, ну, самі разумееце… Школу скончыў з залатым медалём, праблем у калектыве ў яго не было ні падчас вучобы ў казарме, ні пасля таго. Сумленны чалавек з вялікім сэрцам. Мае старэнькую хворую маці, якой ўжо даўно за 70», — такую характарыстыку на Кандыбу далі саслужыўцы.
-
КДБ запусціў новы бот у тэлеграме для вярбоўкі беларусаў за мяжой. Прапануюць расклейваць улёткі, фатаграфаваць аб'екты і «нешта іншае»
-
У продажы з’явілася пашыранае англамоўнае выданне кнігі Алеся Бяляцкага
-
«Хто праз вёску едзе — спыняецца, фатаграфуе». Беларуска расказала пра гісторыю векавога дрэва на сваёй сядзібе
Каментары