Новая форма лекаў можа зацікавіць тых, каму цяжка глытаць таблеткі або хто не любіць уколаў. Аднак у фармацэўтычнай індустрыі навінка выклікала крытыку.

За апошнія некалькі гадоў прэпараты для пахудання, такія як «Аземпік» і яго аналагі, набылі вялікую папулярнасць. Калі спачатку такія лекі былі даступныя пераважна ў выглядзе ін'екцый, то цяпер на рынку з'яўляюцца і таблеткі. А некаторыя кампаніі эксперыментуюць з яшчэ больш незвычайнымі формамі.
Як піша Daily Mail, амерыканская кампанія Journi Health, якая спецыялізуецца на дыстанцыйных медыцынскіх паслугах, выпусціла шакалад пад назвай Melt. Ён змяшчае орфаргліпрон (orforglipron) — дзейнае рэчыва прэпарату Foundayo, распрацаванага фармацэўтычнай кампаніяй Eli Lilly.
Орфаргліпрон уздзейнічае на тыя ж рэцэптары гармону GLP-1, што і семаглутыд у складзе «Аземпіку», зніжаючы апетыт і дапамагаючы хутчэй адчуць сытасць.
Паводле вытворцы, шакалад разлічаны на штодзённы прыём па адным кавалачку. Упакоўка з 24 кавалачкаў каштуе $315. Набыць яе можна толькі па рэцэпце пасля кансультацыі з доктарам.

Наколькі гэта эфектыўна і бяспечна?
У красавіку гэтага года амерыканскае Упраўленне па кантролі якасці харчовых прадуктаў і лекавых сродкаў (FDA) ухваліла выкарыстанне орфаргліпрону для зніжэння вагі, але толькі ў форме таблетак.
Падчас клінічных выпрабаванняў людзі з лішняй вагой і атлусценнем, якія прымалі найвышэйшую дазіроўку прэпарату, за 72 тыдні страцілі каля 12% сваёй вагі, або ў сярэднім 12 кілаграмаў. Сярод магчымых пабочных эфектаў — млоснасць, ваніты, дыярэя і запор.
Ці можна дасягнуць падобнага выніку з дапамогай шакаладу, невядома. Сам прадукт не праходзіў клінічных выпрабаванняў і не атрымаў ухвалення FDA. Акрамя таго, кампанія не раскрывае дазіроўку дзейнага рэчыва, каларыйнасць шакаладу і ўтрыманне ў ім цукру.
З'яўленне такога прадукту на рынку стала магчымым дзякуючы асаблівасцям амерыканскага заканадаўства, якое пры пэўных умовах дазваляе аптэкам самастойна вырабляць лекі, напрыклад, калі пацыенту неабходная іншая дазіроўка або форма прэпарату.
Распрацоўшчык арыгінальных лекаў, кампанія Eli Lilly, назваў Melt недаследаванай копіяй свайго прэпарату, а выкарыстанне шакаладу — маркетынгавым трукам і заклікаў рэгулятары прыняць меры супраць распаўсюджвання падобных прадуктаў.
Худзець з дапамогай цукерак спрабавалі і раней
Зрэшты, ідэя сумясціць прысмакі са сродкам для падаўлення апетыту ўзнікла задоўга да з'яўлення сучасных прэпаратаў для пахудзення.
Яшчэ ў 1944 годзе ў ЗША пачалі прадаваць цукеркі пад назвай Ayds. Іх рэкламавалі як сродак, які нібыта дазваляў скінуць да 4,5 кілаграма за пяць дзён без дыет і фізічных практыкаванняў. Пік папулярнасці цукерак прыпаў на 1970‑я гады, калі іх актыўна рэкламавалі галівудскія зоркі.
Аднак з пачаткам эпідэміі СНІДу ў 1980‑я гады продажы рэзка ўпалі праз сугучнасць назвы цукерак з англійскай абрэвіятурай AIDS. Нават спроба перайменаваць прадукт у Diet Ayds не выратавала брэнд.
Каментары