Грамадства

«Перадайце ў інтэрнэт, што жанчына ў 78 гадоў выйшла са сцягам». За гэты ўчынак ёй выпісалі амаль 2000 рублёў штрафу

У Дзень Волі інтэрнэт узрушыла фота старэнькай жанчыны, якая з кіёчкам выйшла з бел-чырвона-белым сцягам і села на лаўцы каля пад'езда. Тая мінчанка — Алена Аляксееўна Кандрашэвіч. Ёй 78 гадоў. І за свой учынак яна атрымала ад лукашыстаў велізарны штраф — 1920 рублёў. «Я дзіця вайны. Добры падарунак мне да Дня Перамогі», — уздыхае яна.

Фота: тэлеграм-канал Антона Матолькі

У Дзень Волі Алена Аляксееўна накінула сцяг на плечы і выйшла на лаўку каля дома. Яе гісторыю запісаў праект «1906».

«Сяджу, думаю: як людзі будуць рэагаваць, што я са сцягам. Адзін мужчына павіншаваў: «Са святам!» Другі сказаў грэбліва: «Сядзіць з нейкім сцягам». А пасля — чатыры міліцыянты. Я сабралася ісці дадому — а яны не пускаюць мяне. Кажу: «Я есці хачу, пусціце».

Пасля прыехала шэсць міліцыянтаў у аўтобусіку і павезлі мяне ў Кастрычніцкае РУУС. Я расказвала ім: «Я ж нічога дрэннага не рабіла, памінала тых людзей, якія змагаліся за незалежнасць Беларусі».

Дадала: «Лукашэнка прысягу прымаў пад бел-чырвона-белым сцягам». «Ну тады іншага не было», — запярэчылі мне. 

Я кажу: «Праз два гады, калі буду жывая, буду героем Беларусі».

Яны склалі пратакол: што я без дазволу гарвыканкама пікетавала.

Пасля ўчастковы павёз мяне дадому. Пытаўся: «Дзе ўзяла сцяг?» Кажу: «Мне яго падарыў райвыканкамаўскі работнік». Просіць: «Падарыце мне». Адказваю: «Я гэты сцяг нікому не аддам!».

Пазней, кажа, даведалася, што заклаў яе мужчына, які пражывае ў іх доме.

12 красавіка міліцыянты зноў прыйшлі да жанчыны — паведаміць, што ёй трэба ў суд. Алена Аляксееўна засталася дома — баялася, што праз хворыя ногі проста не дойдзе. А праз колькі дзён атрымала ліст з судовым рашэннем: ёй выпісалі штраф у 1920 рублёў.

«Мой унучаты пляменнік пазычыць грошы, і заплацім, каб за месяц паспець і пені не было. Бо ў самой мяне такіх грошай на руках няма, я адзінокая», — уздыхае Аляксееўна.

Яна нарадзілася ў 1943 годзе.

«Мы жылі на Старажоўцы, на Крапоткіна. У маі 1943 года руская лётчыца кінула бомбу і трапіла ў барак. Бабулі руку адарвала, і яна памерла. А маці была цяжарная мной, і я, сямімесячная, нарадзілася раней за час», — расказвае жанчына.

У 19 гадоў яна паступіла ў «ін’яз». У гэты ж год яе разам з іншымі студэнтамі адправілі на бульбу — пасля той паездкі жанчына на чатыры месяцы трапіла ў бальніцу.

«Я гарадская — не надта ўмела тую бульбу выбіраць, у свіран папрасілася. Там чатыры дзяўчыны патрэбны былі машыну зярном загрузіць. А мяшкі ж па 100 кілаграмаў. Я пасля гляджу і разумею, што амаль не бачу. Пайшла ў оптыку, доктар мяне паглядзела і адразу накіравала ў бальніцу. У мяне здарылася адслаенне сятчаткі. Дзве аперацыі пасля было, вока перастала бачыць.

Дактары толькі лёгкую працы дазволілі. І нараджаць тады было нельга».

Замуж Алена Аляксееўна так і не выйшла.

Дзясяткі гадоў яна адпрацавала тэхнічным сакратаром у газеце «Звязда», толькі два гады таму, у 76 гадоў, звольнілася — здароўе зусім падвяло, абвастрыўся артроз суставаў.

У цяжкія часы, калі незалежную прэсу выкідалі з «Белсаюздруку», Алена Аляксееўна таксама дапамагала разносіць газеты падпісчыкам. У сваім раёне, у Курасоўшчыне, нягледзячы на кепскі зрок і хворыя ногі.

Да бел-чырвона-белага сцяга ў яе асаблівыя пачуцці.

«Я калі першы раз пабачыла яго, плакала. І так, як убачу яго дзе — наогул не магу, раву. У жыцці б я не падумала, што столькі сцягоў будзе, калі гэтыя маршы праходзілі — ай-ай-ай!» — згадвае ўражанні Алена Аляксееўна.

«Маё пажаданне, каб вы ў інтэрнэт перадалі: што старая жанчына ў 78 гадоў 25 Сакавіка выйшла са сцягам на лаўку. Што такія ёсць», — просіць яна. І спадзяецца, што ў яе хопіць здароўя дажыць да наступнага мора бела-чырвона-белых сцягоў.

Каментары

Цяпер чытаюць

«Я стаў шчаслівы». Праца на будоўлі прыносіць добрыя грошы, а грамадская актыўнасць — маральную сілу. Былы каліновец Кусь расказаў пра тое, як вярнуў унутраную раўнавагу12

«Я стаў шчаслівы». Праца на будоўлі прыносіць добрыя грошы, а грамадская актыўнасць — маральную сілу. Былы каліновец Кусь расказаў пра тое, як вярнуў унутраную раўнавагу

Усе навіны →
Усе навіны

27‑гадовага мінчука, якога шукалі 10 дзён, знайшлі мёртвым1

У Маскве пахавалі генерал-маёра Плахатнюка, які загінуў на дні нараджэння генерала Чайко9

«Забойца Вікіпедыі» ад Ілана Маска ўсё? Grokipedia перастала абнаўляцца7

Вялікая партыя абутку «Белвест» згарэла пры пажарах на складах Wildberries9

Наста Рагатко расказала, колькі зарабіла на сваёй кнізе19

«Многія людзі стануць непатрэбнымі». Сузаснавальнік EPAM пра сяброўства з Добкіным, багацце і няроўнасць, жыццё ў Латвіі і настальгію22

«Белавія» купіла тры «Боінгі». Яны прыляцелі з самай малой краіны Афрыкі9

Прафесійны догляд без візіту ў салон: легендарны брэнд WAHL выпусціў лінейку для стрыжкі дома2

«Белавія» назвала топ-5 самых загружаных маршрутаў

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Я стаў шчаслівы». Праца на будоўлі прыносіць добрыя грошы, а грамадская актыўнасць — маральную сілу. Былы каліновец Кусь расказаў пра тое, як вярнуў унутраную раўнавагу12

«Я стаў шчаслівы». Праца на будоўлі прыносіць добрыя грошы, а грамадская актыўнасць — маральную сілу. Былы каліновец Кусь расказаў пра тое, як вярнуў унутраную раўнавагу

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць