«З роты засталося некалькі чалавек». Баец «ЛНР» з жорсткай шчырасцю апісаў баі за Рубежнае
Адзін з вайскоўцаў так званай «ЛНР» вядзе блог. Шчыры расійскі патрыёт, ён пры гэтым сумленна апісвае праўду вайны. У нядаўнім пасце ён расказаў, як адбываўся штурм Рубежнага, горада ў Луганскай вобласці, — у ім палёг увесь ЛНРаўскі батальён. Таксама ён пацвердзіў рэпутацыю кадыраўцаў як галоўных войскаў Цік-току. І ў яго праходзіць захапленне тым, як разумна ваююць украінцы, берагуць кожнага свайго чалавека.
У Рубежным усё адразу пайшло не так, піша аўтар блога.
«З самага пачатку ўсё пайшло праз вядомае месца. У пачатку сакавіка брыгада высунулася ў раён Рубежнага. Заходзілі з поўначы. Як вынікае з апавяданняў відавочцаў, на адной з лясных дарог на подступах да горада калона спынілася і адправіла наперад разведку».
Разведка выявіла два ўкраінскія пункты, украінцы нічога не падазравалі, распавядае аўтар. Хвілін 40 расіяне вырашалі, што рабіць далей. За гэты час украінцы выявілі іх калону і адкрылі «шквальны агонь з мінамётаў і артылерыі».
«У гэтым налёце асабісты склад нашага батальёна ўпалавініўся, яшчэ не ўступіўшы ў бой», ‒ распавядае баец.
Сам аўтар блога ў гэты час быў у Луганску, чакаў ад’езду на фронт, інфармацыі пра жахлівыя лічбы трохсотых і двухсотых ён не верыў.
«Як я зразумеў пазней, выехаць мы не маглі з прычыны таго, што тыя, хто павінен быў нас адпраўляць, былі занятыя дастаўкай трохсотых і арганізацыяй апазнання двухсотых».
Пазней, ужо ў батальёне, яму пацвердзілі гэтыя страты.
Пасля гэтага разгрому батальён «спешыўся і залёг».
«Мароз, снег, ляжалі трое сутак пад абстрэламі. Вогнішчы разводзіць забаранялася. Да страт дадаліся абмарожаныя ў вялікай колькасці. Увогуле, да пачатку штурму ад батальёна заставалася ад сілы траціна асабістага складу».
Далей пры падтрымцы артылерыі пачаўся штурм паўночнай часткі горада, там, дзе шматкватэрныя 5-9-павярховыя дамы.
«Укропы (рускія так абразліва называюць украінцаў — НН) абараняць іх не сталі і даволі хутка адышлі на падрыхтаваныя пазіцыі ў прыватным сектары, — піша ЛНРавец і дадае цікавостку. — У канцы сакавіка ў гэтых дамах размясціліся чачэнцы і посцілі пастановачныя ролікі пра тое, як яны па-геройску «зачышчаюць» пяціпавярховікі, зачышчаныя за два тыдні да іх».
Дарэчы, Кадыраў не адзін раз абвяшчаў, што яны ўжо ўзялі Рубежнае, гэта стала прадметам жартаў.
Далей сітуацыя зусім не палепшала, а наадварот.
«У якасці апорніка ўкропы выкарыстоўвалі бетонныя гаражы ‒ яны ў правай частцы здымка. Чырвоным абведзены кварталы, якія яны абаранялі. Яны выдатна падрыхтавалі пазіцыі.
На поўдзень ад пазіцый — нізіна, якая хавае ад арты [артылерыі]. Да яе выведзены хады. У тарцах вуліц, якія вядуць на поўнач праз пасёлак ‒ бетонныя доты [доўгачасовыя агнявыя пункты]. У саміх пасялковых кварталах загадзя арганізаваны «агнявыя мяшкі» — расчышчаны сектары для перакрыжаванай стральбы, абсталяваны кулямётныя пункты ў падвалах, падрыхтаваны снайперскія пазіцыі. А ў самі «мяшкі» клапатліва пракладзены сцежкі — прабітыя дзіркі ў агароджах і гаспадарчых пабудовах. Байцы, якія спрабуюць правесці разведку боем, каб не ісці па вуліцах, якія прастрэльваюцца, ідуць дварамі. Яны не ведаюць, хто прабіваў праходы, — можа нашы. І па гэтых праходах заходзяць пад перакрыжаваны агонь кулямётаў і снайпераў. Групы гінулі, нават не паспеўшы зразумець, што па іх страляюць», — расказвае пра падрыхтаванасць украінцаў іх вораг.
Вайна выявілася далёкай ад рамантычных уяўленняў пра яе, якія стварае прапаганда.
«Паглядзіце на хаос забудовы. У дварах наогул нічога не відаць — усё загароджана платамі і дамамі.
У адзін з такіх мяшкоў зайшла групоўка. Адразу 9 двухсотых. Камандзір — ні драпіны. Вярнуўся, узяў людзей, павёў выцягваць двухсотых. Той жа сцежкай. Паклаў яшчэ траіх. І так — тыдзень. У выніку там ляжалі 20 двухсотых, якіх не маглі забраць некалькі тыдняў. Загад «выцягваць двухсотых» стаў раўнацэнны загаду «хадзі і памры».
У выніку да сярэдзіны красавіка ад «даваеннага складу» роты засталося «пару чалавек».
У бой ужо дасылалі добраахвотнікаў і рэзервістаў.
«Добраахвотнікі ў масе — з досведам 2014-2015, але тут зусім іншая вайна і іх досвед нічым не дапамагае. Ну а рэзервісты — гэта наогул налоўленыя на вуліцах шахцёры без найменшага досведу. Нікога не хвалюе. Аўтамат у рукі і наперад, пад мінамёты», — расказвае баец «ЛНР».
«Людзей катастрафічна не хапае, байцоў не выводзілі з перадка [перадавой] месяц і болей.
Шмат у каго ехаў дах ад такіх нагрузак. Некаторыя пачыналі бухаць па-чорнаму, балазе на перадку з бухлом няма ніякіх праблем. Чыста матэматычна выйсці з перадка жывым і не параненым шанцаў амаль няма. Чым больш ты там знаходзішся, тым менш шанцаў у цябе застаецца. З тых, з кім я быў дружны ці дзяліў хлеб, за два тыдні загінулі 8 чалавек. Астатнія параненыя ці кантужаныя. За тыдзень змяніліся тры ротныя — двое загінулі. Афіцэраў узроўня рота-ўзвод увогуле не засталося», — распавядае ён.
У сярэдзіне красавіка, пасля шматлікіх нападаў і вялікіх страт, гаражы ўдалося ўзяць. Праз дзень з нізінкі выехаў украінскі танк проста разбурыў гаражы да падмурка.
«Укропаўскія танкі там працуюць зусім беспакарана. Вось гэтую дзевяціну [дзевяціэтажку], суседнюю з намі, два ўкропаўскія танкі разбіралі некалькі гадзін ‒ метадычна і спакойна. Куды тым часам глядзела наша арта — хз [невядома].
Аўтар піша, што «ўсяго гэтага можна было пазбегнуць, ужыўшы авіяцыю. Але Пасечнік [пасаджаны Масквой кіраўнік «ЛНР»] сказаў «Справімся самі». Вось і спраўляліся, кідаючы людзей на забой пачкамі», — рэзюмуе аўтар.
Каментары