Алег ЛСП — пра жыццё пасля 24 лютага, творчасць на беларускай мове і плэйлісты Лукашэнкі ды Пуціна. Вялікая гутарка
Жыццё пасля 24 лютага, забароны і судовыя позвы, творчасць на беларускай мове і песні ў плэйлістах Лукашэнкі ды Пуціна — усё гэта «Наша Ніва» абмеркавала з лідарам гурта ЛСП Алегам Саўчанкам падчас эксклюзіўнай размовы.
Алег ЛСП: Беларусам варта проста крышачку пачакаць — і ўсё міне, як у той песні, і крыўда, і радасць. Фота: instagram.com/lspolegi
«Наша Ніва»: Пасля пачатку баявых дзеянняў ва Украіне ты амаль знік з медыя-прасторы. З чаго складалася жыццё Алега ЛСП у апошнія тры месяцы?
Алег ЛСП: Пад канец мінулага года запланаваў наведванне міжнароднай выставы «Экспа» ў Дубаі. Мінулым разам, калі туды трапіў, вандраваў па секцыях адзін, бо калегі з маёй дэлегацыі паддаліся спакусам пляжнага адпачынку. І нават на канцэрт Black Eyed Peas не пайшлі, які зрабіў на мяне велізарнае ўражанне. Таму гэтай зімой вырашыў: не, мы зноў туды ўсе завітаем — і гэтым разам ужо фундаментальна да івэнтаў усіх далучымся.
Актыўнасці «Экспа» па часе былі распланаваныя на шэсць месяцаў і заканчваліся ў сакавіку. Таму пару тыдняў новага года прабавілі ў Дубаі. Пасля ж зразумеў, што эмацыйна не выцягваю асэнсаванне таго трэшу, які адбываўся навокал. Як вынік, мы вырашылі пакуль не вяртацца ні ў Беларусь, ні тым больш у Расію — і колькі месяцаў правялі ў вандроўках. Гэта дапамагала і асяроддзе мяняць, і нейкім чынам хаця б на некаторы час пераключацца, каб не звар'яцець канчаткова.
«НН»: Ты адкрыта і адназначна выказаў стаўленне да ваеннай агрэсіі: выклаў у сеціва live-кліп на песню «Ураганы» ды скіраваў сродкі ў фонд падтрымкі бежанцаў. Учынак музыкі з вялікай літары, калі ўлічыць, якая вялікая ў яго доля рускамоўнай аўдыторыі…
АЛ: Слухай, не хацеў бы спекуляваць на гэтай тэме. Тут няма нічога звышнатуральнага. Усё, што меў сказаць на гэты конт, давёў праз запіс у Інстаграме.
Людзі, якія здольныя чытаць, у гэтых абзацах знойдуць для сябе ўсе адказы. Да таго ж піярыцца праз нейкія грамадзянскія пазіцыі лічу немэтазгодным: кожнаму ўчынку свой час.
«НН»: Ці адчуў ты нейкі падзел музычнага свету, тамтэйшай суполкі пасля 24 лютага?
АЛ: Адкажу асабістым прыкладам: увесь мой склад, з якім ладзіў гастролі ў розных краінах, разляцеўся, як аскепкі ваенных снарадаў — Германія, Польшча, Партугалія, астраўныя дзяржавы. Застаўся, бадай што, толькі бубнач, які зусім нядаўна далучыўся да калектыву. Падзеі ва Украіне, бы той каталізатар, паскорылі людзей з рашэннямі, якія выспявалі ўжо не адзін тыдзень. Мае хлопцы таксама не выключэнне. Кагосьці падзеі зімы калатнулі эмацыянальна, хтосьці рацыянальна ўзяўся ацэньваць сітуацыю. Але і тыя, і іншыя прыйшлі да падобных высноў… Таму цяпер няма не толькі асаблівага жадання выступаць з канцэртамі, але і такой магчымасці.
«НН»: Наколькі нагугліў, апошнімі месяцамі ты сутыкнуўся з серыяй забарон на творчасць у Расіі, а на радзіме патрапіў у «чорны спіс»…
АЛ: У Расіі ледзьве не кожныя шэсць месяцаў ці то з 2017, ці то з 2018 года — з часоў блакіроўкі трэка «Манетка» — нейкія юрыдычныя казусы валяцца на нашы галовы. Са «свежага», хутчэй за ўсё, ты бачыў навіны пра забарону песні «Канкан». Чаму, з якой нагоды? Пёс яго ведае!
У мяне нават літаратурная тэорыя з'явілася.
Людзі ў гэтых цэнзурных камітэтах (ці як там яны называюцца) навучыліся пласты ў песнях счытваць глыбей, чым я здольны іх закладваць — і цяпер кожны запіс «перабіраюць» на свой розум. Ну што магу зрабіць у такім выпадку? Хіба толькі павагу выказаць…
Вось ты рагочаш, а можа ўсё так сур'ёзна і ёсць?! Хаця ў тым жа «Канкане» ідзе аповед пра стасункі мужчыны ды жанчыны — і тэкст заканчваецца радкамі «калі меркаваць па тваім твары, табе патрэбны ключ: мне ж ён не патрэбны, калі я сыду». Відавочна ж, што пасыл пра расстанне. У адказ жа атрымліваем позвы па ўсялякіх падазрэннях у закліках да суіцыду. Адкуль што бярэцца?
Магу толькі ўяўляць, абапіраючыся на нашы рэаліі, як сістэма спрацоўвае. Можа, у якой глыбінцы — умоўным Чарапаўцы — маці дзесяцігадовага хлапчука пабачыла яго плэйліст. І там следам за трэкам Фэйса «Бургер» ідзе наша «Манетка». Паслухала адну песню, паслухала другую, ашалела ды ўзялася тэлефанаваць у паліцыю. Маўляў, зрабіце што-небудзь: гэта ж не людзі, а драпежнікі нейкія. У ста выпадках ёй адкажуць «Добранька!» і нічога не будуць рабіць. А на сто першы нейкі адказны чалавек рапартуе: «Так, абавязкова разбяромся», — ды пойдзе да кіраўніка.
Галоўны па чыне ў ста выпадках кіне пратакол у сметніцу, а на сто першы вырашыць «пакласці канец гэтаму пеклу музычнаму». У выніку з якогась суда Навакузнецкай акругі горада Чабаксары нам прылятае рашэнне аб забароне трэка. А пасля яно імгненна разлятаецца па тэлеграм-каналах. Так і жывём…
«НН»: Слухай, вось мы пра забароны гамонім. А ўяві, што трэкі ЛСП у той жа час гучаць у плэйлістах Лукашэнкі ці Пуціна?
АЛ: Крэатыўнае пытанне, канечне, але вымушаны цябе расчараваць. Гэтая генерацыя нашу музыку слухаць не будзе. Там іншыя густы, іншыя прыярытэты, іншае разуменне ўсяго навокал. Можа, якія дзеці альбо, хутчэй, нават унукі могуць трэк-другі наш умыкаць. Аднак дакладна не тыя, пра каго ты цікавішся.
«НН»: Ці вяртаешся сёння нейкім чынам да творчасці? Бо пры канцы зімы, наколькі памятаю, ты пісаў: «Сустракаў 23 лютага з мноствам творчых ідэй, што нецярпліва чакалі свайго ўвасаблення. А на наступны дзень яны ўсе адразу падаліся абсалютна неістотнымі».
АЛ: Апошнія тыдні бавіў час з сям'ёй у фармаце 24/7 — і гэта, як бы дзіўна ні гучала, даволі складаная праца. Нават шчасце можа стаць прыкрым, калі кожны дзень смакаваць яго велізарнымі чарпакамі. Таму на нешта новае элементарна не хапала часу.
Аднак колькі тыдняў таму я, так бы мовіць, «растрыбушыў засекі»: паказаў дасведчаным людзям матэрыял з архіваў, каб нешта апрацаваць, удыхнуць у яго пэўную свежасць. Адразу, канечне, усё з касмічнай хуткасцю не паляцела. Але з мёртвай кропкі зрушыла, як у тых торэнтах: калі запампоўку здымаеш з паўзы, яна так пакрысе — хрусь, хрусь — ды разганяецца.
Нешта рабіць хочацца, аднак складана зразумець, што менавіта. Не разумееш, як рэфлексаваць: у лоб — жадання няма, бо гэта нецікава, небяспечна і неэстэтычна, а каб не ў лоб — трэба сур'ёзна ўсё абдумаць ды праз сябе прапусціць, перапрацаваць. А гэта сёння няпроста.
«НН»: Цяпер стала модным ды клёвым вывучаць беларускую мову. Ці не думаў пайсці гэтым шляхам?
АЛ: Я такі чалавек, што не люблю нейкія разавыя акцыі, каб падтрымаць трэнд. Дый увогуле скептычна да ўсялякага «мэйнстрыму» стаўлюся. Калі нешта распачынаю, то раблю ўжо фундаментальна і ў тэму занырваю з галавой. Гэта, канечне, мае пабочныя эфекты, бо адбірае шмат энергіі і сіл. Аднак калі ў нешта паглыбляешся, то паглыбляйся з усёй адказнасцю і дасканаласцю.
Што да беларускай мовы, такія задумы ёсць, прычым дастаткова даўно. А з узростам жаданне іх рэалізаваць толькі павялічваецца, бо ацэньваеш сваё жыццё не толькі з перспектыў сённяшняга дня, але і больш шырока. Хаця разумею: беларускамоўны праект — максімальна супярэчлівая штука. З матэрыялістычных пазіцый відавочна, што профіту ён ніякім бокам не прынясе. Але эстэтычна хочацца ўшанаваць унікальную культуру, якой доўгі час грэбавалі.
Пагадзіся, нават у школе, дзе мова выкладалася, ніхто асабліва да яе не заахвочваў. Ды і крутым яе вывучэнне не лічылася. Таму задумваешся: калі не ты, то хто гэтую прадузятасць знішчыць, хто дапаможа вярнуць роднаму слову адэкватнае стаўленне з боку людзей?
Плюс пытанне прыкладу, які прыводзяць дзецям, каб у тых прачнулася любоў да мовы.
Мне пашанцавала: прадзед вучыў беларускай Рыгора Барадуліна, мама вольна размаўляе і піша на роднай мове. А што далей? Якія «матыватары» будуць у маіх дзяцей? Што будзе вакол?
Таму і трымаю ў галаве ідэі аб прасоўванні беларускай мовы. Аднак пакуль навокал стаіць такі трэш, наўрад ці рэальна іх рэалізаваць.
«НН»: Украінцы цяпер даюць канцэрты па ўсім свеце і збіраюць грошы на падтрымку краіны. Твая думка, чаму беларускія выканаўцы не здолелі такім жа чынам кансалідавацца ў 2020-м?
АЛ: Як казаў мой сябар Юрый Казлоўскі па мянушцы «Юкінг», мужчыны ды жанчыны — крышку розныя людзі (смяецца). Уся справа ў менталітэце.
Прывяду прыклад для лепшага разумення. Калі прыязджаеш да музыкаў ва Украіну, адразу трапляеш у рух, быццам у Гарлеме: «Ё, бро, давай нешта рабіць: вось біт, вось мая начытка, вось тут ты начытаеш! Дудка трэба? Не пытанне. Піяна? Ды лёгка. Пагналі!» У нас жа, калі нешта прапануеш, чуеш у адказ: «Карацей, там трэба гітару спачатку запісаць. Дзесьці праз тыдзень прыедзе чувак, я ў яго запытаю, каб яшчэ ў аднаго чувака гэтую гітару замовіць. А пасля ўжо я патэлю табе і дамовімся. Але толькі не адразу, а праз мае вакацыі…» Так і працуем.
«НН»: Ведаю, што ты любіш баскетбол НБА. Скажы, чаму суперзорны ЛеБрон Джэймс лічыць нармальным казаць аб праблемах бежанцаў услых, а легендарны трэнер Грэг Попавіч асуджае агрэсію ва Украіне, хаця ім гэтыя праблемы — з улікам кіламетражу — павіны быць абыякавыя? У той жа час беларускія спартсмены ў асноўным маўчаць, хаця ўварванне іх тычыцца напрамую.
АЛ: Вось глядзі, падчас наведвання Дубая завітаў у кніжны «Кінакунья». Дык там навуковы аддзел па тэорыі музыкі займае прастору асобна ўзятай беларускай крамы. Паўгадзіны там прабавіў, калі аглядаў паліцы з матэрыяламі выключна па клавішных… А цяпер параўнай гэта з мінскай цэнтральнай кнігарняй. Адчуваеш розніцу ў выхаванні, стаўленні да магчымасцяў зразумець гэты свет і волі выбару таго, якімі ўстаноўкамі жыццёвымі карыстацца?
Згадай у той жа час, у якім узросце ў Штатах моладзь пачынае жыць незалежна ад бацькоў, калі пачынае несці адказнасць за свае ўчынкі. Калі ў нас людзі толькі-толькі задумваюцца, як бы злезці з мамчынай шыі, а ў ідэале — дык і наўпрост зваліць з краіны, то за акіянам у гэты час чалавек мае і дом, і машыну, і жонку, і дзяцей. Ён ужо думае, куды ўнукаў вучыцца аддаць ды пра ўласнае здароўе клапоціцца, на кожны дзень тыдня абіраючы вітамінны комплекс для развіцця паўшар'яў мозгу. А ў нас, калі адна таблетка на ўсё будзе ў людзей, то ўжо і добра.
«НН»: Ты казаў, што шчыра верыш у тэзіс «Дабро заўсёды перамагае». Чаго цяпер не хапае беларусам, каб дабро перамагло?
АЛ: Удакладню, перамагае не дабро, а час. Усе ж ведаюць: калі доўга сядзець на беразе рэчкі ды глядзець на ваду, па ёй рана ці позна праплыве вядомы ўсім аб'ект. Таму беларусам варта проста крышачку пачакаць — і ўсё міне, як у той песні, і крыўда, і радасць. Чым горай нам сёння, тым лепей будзе потым, упэўнены ў гэтым.
Каментары