Кіраўнік Мінсельгасхарча пра каўбасу з зуброў: Ну, робіцца прадукт, ну і што?
Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Ігар Брыло, выступаючы на канале СТВ, паразважаў пра тое, адкуль бяруцца зубры на каўбасу, што прадаецца ў беларускіх крамах. Паводле яго, яны не чырвонакніжныя, а «жывёлы, выгадаваныя штучна, каб ствараць для чалавека, скажам, эмоцыі нейкія станоўчыя».
Міністр растлумачыў, што каўбаса ці тушонка робяцца не з тых зуброў, якія жывуць у Белавежскай пушчы:
«Хоць і там, бывае, прысутнічае тэхналагічны адыход, гэта фізіялогія: адно жывёла старэе, другая атрымлівае траўму — гэта ж трэба ўсё разумець. Зразумела, што ён у Чырвонай кнізе. Тое, што рабіў Гродзенскі мясакамбінат — гэта як раз менавіта ў тых гаспадарках, у якіх зубры вырошчваюцца штучна. І мы выдатна разумеем: да вялікай папуляцыі сэнсу няма разводзіць, таму што гэта ўжо будзе перавышэнне нейкіх нормаў, нават заатэхнічных, знаходжання жывёл у той ці іншай мясцовасці.
Таму зразумела, што ёсць тэхналагічны адыход. Зразумела, што ёсць нейкая траўма, дапусцім, несумяшчальны з жыццём пералом нагі і гэтак далей. Ну, робіцца прадукт, ну і што?».
«Гэта жывёлы, якія вырашчаныя штучна, каб ствараць для чалавека, скажам, эмоцыі нейкія станоўчыя. Але ў той жа час гэта папуляцыя, яны нараджаюцца, яе таксама трэба неяк рабіць … кантраляваць колькасць жывёл».
Інфармацыя пра тое, што ў некаторых беларускіх крамах прадаецца каўбаса з мяса зуброў, з'явілася ў канцы красавіка. Яе вырабляе Гродзенскі мясакамбінат. Пазней стала вядома, што сыравінай для яе сталі зубры з СВК «Азёры» пад Гродна. Гаспадарка перадала мясакамбінату шэсць зуброў з рэзервовага генафонду — «няма куды было падзець».
Каментары