«Спачатку было неяк няёмка, а пасля…» Як і чаму беларусы ў эміграцыі пераходзяць на родную мову?
Сярод беларусаў за мяжой нярэдка можна сустрэць тых, хто пасля пераезду перайшоў на родную мову. «Наша Ніва» запісала некалькі гісторый такой трансфармацыі.
«Мозг спачатку ўспрымаў беларускую як замежную»
Наталля нарадзілася і вырасла ў горадзе Крупкі Мінскай вобласці, там яна скончыла рускамоўную школу і пераехала ў сталіцу. Пасля падзей 2020 года дзяўчына з’ехала з Беларусі. Цяпер жыве ў Каліфорніі, дзе і вырашыла перайсці на беларускую, хоць да гэтай вясны на ёй не размаўляла.
«Мне падабалася чуць беларускую мову, але слоўнікавага запасу не хапала каб падтрымліваць размову. Ды і самой было зручней размаўляць на рускай», — прызнаецца Наталля.
Пры гэтым часам у яе ўзнікалі думкі на тэму таго, што ў нас так мала людзей размаўляюць на роднай мове.
«Было неяк трохі сорамна, што ў той жа Украіне людзі размаўляюць на сваёй мове, а у нас не. Бянтэжыла, што размаўляць на ёй часам было нават не надта бяспечна. Але ў апошнія гады жыцця ў краіне мяне радаваў той факт, што з'яўляліся аматары, якія прасоўвалі беларускую мову», — дзеліцца Наталля
Галоўным штуршком для пераходу на беларускую для дзяўчыны паслужылі кадры з вызваленых ад расейцаў украінскіх гародоў Буча і Ірпень.
Раптоўны пераход, па словах дзяўчыны, быў даволі складаным, бо яе мозг спачатку ўспрымаў беларускую як замежную, але Наталля не збіраецца здавацца. Калі нехта пытацца, на якой мове яна размаўляе, ёй прыемна казаць, што на беларускай.
Дзяўчына заўважае за сабой прагрэс у валоданні мовай. Яна пачала весці па-беларуску TikTok з рэцэптамі, старонку ў Instagram.
Наталля паўплывала і на мужа, хоць той спачатку не збіраўся пераходзіць на родную мову.
«Ен лічыць, што мова — гэта проста інструмент і рускую разумеюць больш людзей у нашым асяроддзі. Але дзесьці праз тыдзень заўважыў, што размаўляе па-беларуску ўжо не гадзіну ў дзень, каб мяне падтрымаць, а ўвесь час. Апроч мужа, пераходу на беларускую спрыяе падтрымка сярод падпісчыкаў і знаёмых.
Некалькі дзяўчат напісалі, што пасля мяне самі пачалі патроху пераходзіць на беларускую мову. Гэта таксама натхняе. Увогуле штосьці мне падказывае, што перайсці на беларускую, знаходзячыся за мяжой, нават прасцей, чым унутры краіны. Тут я сустрэла больш беларускамоўных людзей, чым у Беларусі. Але ж практыкі ўсё адно не хапае», — кажа Наталля.
Перайшла на беларускую пасля шасці год жыцця за мяжой
Наша іншая суразмоўца таксама вучылася ў рускамоўнай школе і ў той час асабліва не клапацілася моўнымі пытаннямі.
Для паступлення ў ВНУ дзяўчына пачала больш дасканала вывучаць гісторыю Беларусі, каб добра здаць ЦТ, праз гэта ў яе і з’явілася цікавасць да беларушчыны.
«Ва ўнівэрсітэце я ўжо вывучала новыя словы, глядзела перадачы пра родную мову. Мяне ўражвалі і натхнялі беларускамоўныя людзі», — згадвае суразмоўца.
Але на беларускую яна перайшла толькі пасля шасці гадоў жыцця ў Канадзе. Штуршком для яе паслужыла кніга «Мова 404», пра якую дзяўчына даведалася на адной з гутарак «Вольнай мовы».
«Спачатку было неяк няёмка, бо на падсвядомым узроўні было трошкі страшна пабачыць рэакцыю людзей. Мабыць, паўплывалі ўспаміны з дзяцінства і рэакцыя іншых дзяцей, якія смяяліся з тых, хто размаўляў па-беларуску, і называлі мову калгаснай.
Але жаданне размаўляць і любоў да мовы былі мацнейшымі. Таксама былі цяжкасці з запасам слоў, бо на момант пераходу я цягам шасці год не выкарыстоўвала ніводнага беларускага слова», — прызнаецца дзяўчына.
Яна ўпэўнена, што, калі ёсць жаданне і матывацыя, прагрэс непазбежны, нават калі ты жывеш у краіне, дзе ўсе размаўляюць на іншай мове і ўвогуле вельмі рэдка сустракаеш беларусаў.
«Каб удасканальваць свой узровень, я чытаю, гляджу навіны і перадачы па-беларуску.
Што тычыцца рэакцыі на маю беларусізацыю, то некаторыя кажуць, што іх гэта таксама натхняе, некаторыя пагаджаюцца з неабходнасцю ўжывання роднай мовы, але самі яшчэ не гатовы да гэтага. Негатыўнай рэакцыі дагэтуль ні ад каго не было».
«Раней гэта была трасянка, цяпер намагаюся размаўляць на чыстай беларускай мове»
Наш трэці суразмоўца жыве не за акіянам, а ў суседняй Польшчы. Там ён і пачаў свой пераход на беларускую мову.
Дзяніс нарадзіўся ў Шчучыне. Пазней жыў у Гродне, адкуль з’ехаў напрыканцы 2020 года ў Беласток. Хоць па-беларуску ён не гаварыў, адзначае, што яго заўжды турбавала пытанне, чаму ў краіне пад назвай Беларусь увесь дакументазварот ідзе па-руску.
«Да роднай мовы ў мяне былі нармальныя адносіны, але станавіцца беларускамоўным я не планаваў. У маім акружэнні былі людзі, якія размаўлялі па-беларуску, у размовах з імі я таксама намагаўся пераходзіць на яе, але гэта хутчэй была трасянка. Цяпер жа я намагаюся размаўляць на чыстай беларускай мове», — кажа хлопец.
Хтуршком да пераходу на беларускую для Дзяніса сталі падзеі 2020 года.
«Можна сказаць, што гэта адбылося, дзякуючы Пуціну і расійскім уладам. Яны тады падтрымалі Лукашэнку.
Іншым чыннікам, які паўплываў на такі выбар, былі падарожжы па Падляшшы. Мы здымалі кліп на песню «Гэта мы» і падчас здымак аб’ездзілі вялікую частку беларускага Падляшша. Наведвалі музеі, школы, могілкі і іншыя знакавыя месцы. Былі і ў вёсцы, дзе дарожныя знакі мелі беларускія надпісы. Усё гэта таксама падштурхнула да беларушчыны».
Хлопец прызнаецца, што першыя крокі да мовы былі цяжкімі, атрымлівалася не вельмі добра. Для таго, каб паляпшаць свой узровень, ён намагаецца шмат чытаць на беларускай.
«Але чым больш я размаўляў, тым далей знікала гэтае пачуццё няўпэўненасці. Што тычыцца пераходу на беларускую мову за мяжой, то высветлілася, што рабіць гэта не складана, бо Радзіма — гэта не толькі зямля, але і людзі. У Беластоку шмат беларусаў, якія пераходзяць на беларускую, мы ў гэтым падтрымліваем адно аднаго», — кажа Дзяніс.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары