Свет33

Салодкія мроі прапаганды: «У Лукашэнкі былі б вельмі вялікія шанцы выйграць на выбарах у Літве». А як насамрэч?

«Аляксандр Лукашэнка — вельмі харызматычны палітык, у якога былі б вельмі вялікія шанцы перамагчы на дэмакратычных выбарах у Літве». Пра гэта ў эфіры прапагандыста Ігара Тура заявіў літовец Станіславас Томас. Насамрэч, рэйтынг Лукашэнкі ў Літве — 4,3%. Вядома, гэта вышэй за 3%, але гэта зусім не тая падтрымка, з якой недзе перамагаюць. Вось яшчэ некалькі цікавых фактаў.

«У мяне няма такога адзінага погляду на Захад, для мяне Захад не з'яўляецца чымсьці адзіным цэлым. Ёсць куча супярэчлівых тэндэнцый у заходнім грамадстве.

Калі, напрыклад, Лукашэнка ўдзельнічаў бы ў дэмакратычных выбарах у Літве, і ён быў бы літоўцам, я ўпэўнены, што ў яго былі б вельмі вялікія шанцы выйграць на гэтых выбарах.

Проста таму, як харызматычна ён камунікуе і выказвае свае думкі», — мяркуе Томас, якога прапагандысты называюць «літоўскім адвакатам».

Але ці насамрэч Лукашэнка мог бы выйграць выбары ў Літве? Не зусім карэктна параўноўваць папулярнасць мясцовых палітыкаў і замежных, але Лукашэнка сярод літоўцаў мае адзін з самых высокіх антырэйтынгаў у параўнанні з іншымі замежнымі палітыкамі.

У сакавіку ў Літве быў складзены рэйтынг замежных палітыкаў. Лідарам сімпатый літоўцаў аказаўся ўкраінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі, якому сімпатызавалі амаль 50% рэспандэнтаў, яшчэ каля 30% «хутчэй сімпатызавалі».

Макрону сімпатызуюць амаль 17% апытаных, а «хутчэй сімпатызуюць» яшчэ 56%. У польскага прэзідэнта Анджэя Дуды каля 14% і 54%.

А вось Лукашэнку літоўцы зусім не любяць.

Пра яго пазітыўна выказаліся толькі 1,5%, «хутчэй сімпатызуюць» яму толькі 2,8%. Такім чынам, агульная колькасць сімпатызантаў Лукашэнкі ў Літве — 4,3%. Вядома, гэта вышэй за 3%, але гэта зусім не тая падтрымка, якую малюе прапаганда.

Негатыўны рэйтынг Лукашэнкі ў Літве — каля 70%. Большы антырэйтынг сярод замежных палітыкаў у Літве толькі ў Пуціна.

Таксама ў эфіры прапагандысцкага шоу Станіславас Томас сцвярджае, што літоўцы хочуць прыватызаваць усю беларускую эканоміку.

Фобіі пра прыватызацыю — старая песня лукашэнкаўскай прапаганды. Увесь час Лукашэнка і дзяржаўныя СМІ малююць прыватызацыю замежнікамі як нешта страшнае і разбуральнае. Але раней у каварстве і хіжых намерах прапагандысты абвінавачвалі расійскіх алігархаў і заходнія карпарацыі. І ўпершыню — літоўцаў.

І тут несастыковачка. Прапаганда ўвесь час крычыць, што ў Літве крызіс, што там, нібыта, усю эканоміку развалілі і нічога не вырабляюць. А з іншага боку кажуць, што хіжы літоўскі бізнэс з маленькай краіны мае грошы на прыватызацыю прадпрыемстваў вялікай, моцнай і квітнеючай Беларусі.

Хто такі Станіславас Томас, які ўсё гэта гаворыць?

Гэты чалавек не ўпершыню маніпулюе фактамі, гістарычнымі звесткамі ў эфіры беларускай і расійскай прапаганды. Станіславас Томас у 2016 годзе прадстаўляў літоўскага палітыка і экс-прэзідэнта Раландаса Паксаса ў справе супраць Літвы. Нагадаем, Паксасу ў свой час абвясцілі імпічмент.

Еўрапейскі суд па правах чалавека (ЕСПЧ) высветліў, што адвакат Томас з'яўляецца самазванцам, і яму назаўжды забаронена прадстаўляць заяўнікаў ці іншым чынам дапамагаць ім у справах.

Таксама Томас быў вядомы тым, што ў 2019 годзе разбіў памятную шыльду ў гонар літоўскага генерала Ёнаса Нарэйкі і трансляваў гэты працэс у фэйсбуку. За гэта Томасу прысудзілі штраф і кампенсацыю шкоды.

У гэтым жа годзе ён спрабаваў балатавацца ў Еўрапарламент, але не здолеў сабраць неабходнай колькасці подпісаў. Разам са сваімі подпісамі Томас чамусьці здаў подпісы Казімераса Юрайціса. Юрайціса можна назваць паплечнікам Альгірдаса Палецкіса — літоўскага палітыка, які ў ліпені 2021 года быў прысуджаны да шасці гадоў пазбаўлення волі за шпіянаж на карысць Расіі.

На сваім афіцыйным сайце Томас сцвярджае, што з 2013 года з'яўляецца адвакатам у Прыднястроўі. У 2016 годзе ён становіцца адвакатам у Андоры і на Нармандскіх астравах. У 2014 годзе нібыта атрымлівае ажно тры званні «прафесара» ў Расійскім новым універсітэце (Масква), Еўразійскай юрыдычнай акадэміі (Алматы) і ва ўніверсітэце «Нархоз» (Алматы).

Каментары3

  • пей таблеткі
    04.07.2022
    … былі б вельмі вялікія шанцы выйграць на выбарах у Літве, калі б толькі гэтыя “выбары” праходзілі ў 6й палаце)
  • RLB
    04.07.2022
    Не ў "Літве", а Ліетуве, са сталіцай не "Вільня", а Вільнюс.
    Усё астатняе, у сэнсе аналізуемая у артыкуле "праблема", на маю думку, кажучы па-расейску, не стоит выеденного яйца.
  • лакей з мзс RLB
    05.07.2022
    RLB, лукашысты чамусьці толькі на “яйцах” акцэнтуюць увагу.

У Мінску знік вядомы прарасійскі блогер і госць лукашэнкаўскай прапаганды6

У Мінску знік вядомы прарасійскі блогер і госць лукашэнкаўскай прапаганды

Усе навіны →
Усе навіны

Лукашэнка атрымаў віншаванне з «перамогай» на выбарах ад прэзідэнта Грузіі4

Кітай пачаў прапаноўваць краінам сваё фінансаванне замест USAID22

Зяленскі заявіў, што прапануе Расіі занятую УСУ частку Куршчыны на абмен5

Прызналі «экстрэмісцкай» выяву «Мёртвая галава»6

«За мной Масква!» Як «алігарх мясцовага разліву» пагражаў загадчыцы кафедры БДУ8

У Сірыі калону расійскіх вайскоўцаў не пусцілі на базу ў Тартусе4

Аплікацыя «Новая Беларусь» змяніла назву. Цяпер гэта платформа Svae6

Пры пераводах грошай у калоніі на пошце сталі патрабаваць пашпарт

Беларуска аформіла на сябе крэдыт для сяброўкі, а тая адмовілася даваць грошы. Што адказалі ў судзе?1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Мінску знік вядомы прарасійскі блогер і госць лукашэнкаўскай прапаганды6

У Мінску знік вядомы прарасійскі блогер і госць лукашэнкаўскай прапаганды

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць