Беларус Ян Дзюрбейка, які трапіў у расійскі палон.

Месяц таму расіяне «асудзілі» замежнікаў, якія ваявалі за Украіну, да расстрэлу. Гаворка ішла пра грамадзян Брытаніі і Марока. Тыя людзі (як і каліноўцы) не былі ніякімі наёмнікамі — яны даўно служылі ва Узброеных сілах Украіны.

«Асудзіўшы» месяцы таму брытанцаў і мараканца, расіяне хацелі пацвердзіць сваю прапагандысцкую устаноўку для ўнутранай расійскай аўдыторыі, што Марыупаль два месяцы абаранялі «наёмнікі». Акрамя таго, той суд быў інструментам ціску на Вялікабрытанію. 

Публіцыст Станіслаў Бязушка мяркуе, што наўрад ці падобны «суд» у «ДНР» ці «ЛНР» магчымы з беларусамі. Абмяняць іх таксама будзе цяжка. Ён мяркуе, што каліноўцаў проста перададуць афіцыйнаму Мінску. 

«У мяне заўсёды ёсць надзея, што іх змогуць абмяняць. Але мы бачым, што гэтыя працэсы ідуць вельмі-вельмі цяжка. Мы бачым, што расійскі бок не гатовы абменьваць не тое, што жывых, а нават трупы яны не гатовыя абменьваць. Мне здаецца, для таго, каб «дапамагчы» Лукашэнку, іх перададуць у Рэспубліку Беларусь для паказальнага суда. Каб паказаць: паглядзіце, мы засуджваем гэтыя дзеянні, гэта няправільна, гэта няправільныя беларусы, і не трэба туды ехаць ваяваць», — кажа публіцыст. 

Ян Дзюрбейка. Скрыншот з відэа, запісанага ў расійскім палоне

Па словах Станіслава Бязушкі, нават калі нейкія абмены паміж расіянамі і ўкраінцамі адбываюцца — гэта працэсы максімальна закрытыя і непублічныя. 

«Ёсць каардынацыйны цэнтр. Гэтым працэсам кіруе Галоўнае ўпраўленне разведкі. Яны вядуць усе перамовы. Яны гавораць пра абмен толькі па факце, калі ён ужо адбыўся. У публічную плоскасць нічога з гэтага не выносяць. Нават па азоўцах, для таго, каб не было лішніх эмоцый і маніпуляцый», — кажа Станіслаў Бязушка. 

Сустрэча з абмененымі ўкраінскімі вайскоўцамі. Фота: Ірына Верашчук

На ягоную думку, гэта правільны падыход, бо раней розныя палітычныя сілы Украіны арганізоўвалі вакол абмену палоннымі цэлыя шоу. 

«Каб цалкам прыбраць эмоцыі, гэта зараз кантралююць спецслужбы», — кажа публіцыст.

Ён адзначае, што няма нават ніякіх «зліваў» наконт працэсу абмену ў прэсу. 

«Усё адбываецца па вайсковых каналах. Як у іх адбываецца, як яны дамаўляюцца, якія спісы яны вызначаюць — мы не разумеем. Мы можам пабачыць па факце», — дадае спадар Бязушка. 

У паведамленні палка Каліноўскага паведамлялася: «Паколькі наш баец з'яўляецца кантрактным вайсковаслужбоўцам, а не наймітам, ён афіцыйна зʼяўляецца ваеннапалонным».

Па законах Украіны на замежных грамадзян, якія служаць у шэрагах Узброеных сілаў Украіны, распаўсюджваецца прававы статус камбатантаў. Гэты статус надзяляе іх правам на абыходжанне з імі як з ваеннапалоннымі, калі яны патрапілі ў рукі ворага. Гэта значыць, што яны абароненыя Жэнеўскай канвенцыяй. Гэта паводле міжнароднага права.

Але на практыцы расіяне цалкам ігнаруюць міжнароднае права. І на лёс палонных каліноўцаў ніяк не паўплывае той факт, што ў іх быў кантракт, мяркуе Станіслаў Бязушка.

«Напрыклад, брытанцы, якія патрапілі ў палон, былі кантрактнікамі марской пяхоты. І гэта не адыграла ніякай ролі. На іх павінны былі распаўсюджвацца правы вайскоўцаў, але яны не распаўсюджваліся. Я думаю, што з беларусамі будзе тое самае. Для расіян міжнароднае права не мае ніякага значэння», — кажа публіцыст. 

«Адзіны шанец, які ёсць у беларусаў, што не паспеюць уключыцца цэнтры ўплыву ў розных спецслужбах і ў Маскве адносна палітычнага рашэння і хутка ўдасца іх на месцы абмяняць, калі ёсць дамоўленасці непасрэдна паміж камандзірамі тут і цяпер. Але гэты шанец мізэрны», — адзначае Станіслаў Бязушка. 

Чытайце таксама:

Хто ён — палонны каліновец Ян Дзюрбейка?

Расказваем пра беларуса Сяргея Дзёгцева — другога каліноўца ў палоне

Клас
8
Панылы сорам
3
Ха-ха
4
Ого
1
Сумна
66
Абуральна
11

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру