Статкевіч: Лідары руху за дэмакратыю павінны заставацца ў краіне, нават калі кошт гэтага вялікі. Дыяспара можа адыграць толькі дапаможную ролю
Сённяшняя палітычная эміграцыя займаецца самападманам. Ствараючы квазі-партыі і квазі-парламенты за мяжой, яны ствараюць ілюзію кіравання працэсамі ў Беларусі. Эміграцыі трэба заняць сваё годнае месца — месца дыяспары, якая дапамагае і рыхтуе кадры для будучыні, не спрабуючы штучна ўзначальваць працэсы, на якія яна не мае ўплыву — піша Мікола Статкевіч.

«Недзе больш за дзве з паловай тысячы гадоў таму ў Кітаі быў запісаны наступны дыялог.
Цзы Лу спытаў: «Вэйскі правадыр мае намер прыцягнуць Вас да кіравання дзяржавай. Што Вы зробіце найперш?»
Канфуцый адказаў: «Неабходна пачаць з выпраўлення імёнаў».
Цзы Лу спытаў: «Вы пачынаеце здалёк. Навошта трэба выпраўляць імёны?»
Канфуцый адказаў: «Калі імёны няправільныя, то словы не маюць пад сабой падстаў. Калі словы не маюць пад сабой падстаў, то справы не могуць ажыццяўляцца».
Гэта я да чаго. За час майго апошняга зняволення сітуацыя кардынальна памянялася. Была праведзена масаваная спецаперацыя сілавых структур для прымушэння да эміграцыі сотняў тысяч нашых суайчыннікаў. Адбылася «зачыстка» ад незадаволеных у спадзяванні на пакорлівасць астатніх. Грамадская актыўнасць у краіне падаўлена.
Таму публічнае грамадска-палітычнае жыццё беларусаў перамясцілася за мяжу. Там палітычная эміграцыя спрабуе аднавіць у эрзац-форме звыклую для сябе дзейнасць. З іншага боку мяжы гэта часта выглядае крыху дзіўнавата», — піша Статкевіч.
Ён кажа, што яго ўразіла неадпаведнасць рэальнаму стану, што палітычная эміграцыя называе сябе беларускімі дэмакратычнымі сіламі, утварае нейкія квазі-партыі з некалькіх дзясяткаў членаў, праводзіць выбары ў нешта кшталту квазі-парламенту «беларускіх дэмсіл», мае «лідарку беларускіх дэмсіл».
Палітык дадае, што гэта дадзенасць, што за мяжой апынулася столькі разумных і актыўных суайчыннікаў. І трэба думаць, як скарыстаць гэтую трагедыю на карысць дэмакратычнай будучыні Беларусі. Зараз і ў той будучыні, калі накопленыя ў развітых краінах веды і досвед змогуць быць запатрабаваны на роднай зямлі.
«Вось я тут і спатыкнуўся на тым, што трэба неяк жа назваць гэтых нашых людзей за мяжой», — піша Статкевіч.
«З назвы «беларускія дэмакратычныя сілы» літаральна вынікае, што ўсе беларускія дэмакраты апынуліся за мяжой і змагаюцца за дэмакратыю ў краінах знаходжання супраць мясцовых недэмакратычных рэжымаў. А на тэрыторыі гістарычнай Радзімы іх не засталося. Але гэта для мяне абсалютна бясспрэчная няпраўда.
Мне гэта відно без усялякіх апытанняў, бо я сам па сабе добры індыкатар — дастаткова проста з'явіцца ў людным месцы. Тут іх, на мой погляд, не раўнуючы болей за 2 тысячы.
Не ўсіх жа атрымалася выперці з роднай краіны. Яны не арганізаваныя ў нейкія структуры, што ва ўмовах вайны супраць народа цалкам зразумела. Хутчэй, гэта асобы дэмакратычных перакананняў, але яны тут у большасці», — сцвярджае палітык.
Паводле яго слоў, пры спрыяльных умовах гэта будуць масавыя дэмакратычныя сілы.
«Толькі ці захочуць яны прызнаваць «лідарамі» тых, хто прэтэндуе на гэта з «бяспечнага далёка»? Лідар — гэта не пасада, а характарыстыка чалавека, які ўмее весці за сабой іншых людзей да канкрэтнай мэты, не зважаючы на небяспеку для сябе. Лідары масавых уцёкаў не лічацца», — мяркуе ён.
Палітык прыводзіць у прыклад гісторыю Польшчы:
«Падчас увядзення ваеннага становішча генералам Ярузельскім, лідарам апазіцыі прапанавалі выбіраць паміж турмой і эміграцыяй. Усе тыя, хто выбралі эміграцыю, прайгралі на першых жа дэмакратычных выбарах».
На яго думку, усё становіцца на свае месцы, калі скарыстаць другі саманазоў — дыяспара.
Дыяспара такіх памераў і якасці, як наша, мае каласальны патэнцыял, піша ён.
«У свеце вядомыя народы, у лёсе якіх дыяспары адыгралі вялізарную ролю. Да прыкладу — гэта армянская дыяспара. А яўрэйская дыяспара ўнесла вялікі ўнёсак у аднаўленне сваёй гістарычнай дзяржавы, стала крыніцай кадраў для яе і дагэтуль аказвае ёй неацэнную падтрымку.
Дыяспара можа бараніць правы сваіх членаў, аказваць дапамогу новым уцекачам з гістарычнай Радзімы, дапамагаць вязням і дысідэнтам, праводзіць акцыі ў краінах знаходжання, каб прыцягнуць увагу мясцовых уладаў да праблем сваёй Радзімы. Урэшце, быць голасам свайго паняволенага народу ў свеце. А са з'яўленнем інтэрнэту — нават весці інфармацыйную барацьбу з рэжымам», — піша Статкевіч.
Пажадана, дадае ён, каб дыяспара была арганізаваная. Якім чынам арганізаваць дзейнасць дыяспары — справа, найперш, тых нашых землякоў, якія не сваёй воляй апынуліся за мяжой, піша палітык.
Каментары
І тыя, і тыя маюць мінімальныя магчымасці ўплыву на сітуацыю ў краіне.
А беларусы ў Беларусі яшчэ не маюць і права голасу. (Статкевіч зараз выключэнне - спроба любога іншага чалавека зрабіць палітычнае выказванне закончыцца праз дзень.)
Змяніць нешта змогуць, калі тое атрымаецца, і тыя, хто ў Беларусі, і тыя, хто зараз выехаў.
І маральнае права на ўплыў, палітычную дзейнасць будзе ў кожнага, незалежна, дзе ён жыў перад тым.
Хопіць ужо цягнуць гэтыя дурненькія склокі часоў СССР і рускага свету "эмігранты супраць застаўшыхся". Сорам.
Па-большасці, мэты ў нас усіх агульныя.
Гэтым прыкладам Статкевіч прыцягвае гісторыю пад сваё меркаваньне за вушы.
Ёсьць і іншыя прыклады, таксама ў суседзяў, Адамкус, В-В.Фрэйберга. Застанься іх сем'і пад бальшавікамі, іх бы зьнішчылі фізычна. Рэжым і Статкевіча зьнішчыў бы, калі б не дзейнасьць эміграцыі.