З ініцыятывы Рады Еўропы штогод, пачынаючы ад 2001 г., 26 верасня святкуецца Еўрапейскі дзень моваў.Яго мэтай з’яўляецца спрыянне моўнай разнастайнасці, якая адыгрывае ключавую ролю ва ўзаемаразуменні паміж народамі і захаванні іх культурнай спадчыны.
26 верасня ў Мінску пройдуць мерапрыемствы з нагоды Дня.
Іх арганізатарамі выступаюць Пасольства Швецыі, Шведскі Інстытут, Цэнтр шведскіх даследаванняў, Пасольства Францыі, кінатэатр «Цэнтральны», Інстытут імя Гётэ ў Мінску, Пасольства Італіі і Польскі Інстытут у Мінску.
Еўрапейскі дзень моваў будзе праводзіцца ў кінатэатры «Цэнтральны» (праспект Незалежнасці, 13).
26 верасня ў «Цэнтральным» адбудзецца кінамарафон, у межах якога будуць дэманстравацца наступныя фільмы: «Nuovomondo» (Італія), «L’auberge espagnole» (Францыя), «Die Blindgänger» (Германія), «Ninas resa» (Швецыя), «Jasminum» (Польшча).
Паказ фільмаў будзе ажыццяўляцца на мове арыгінала з беларускімі ці рускімі субтытрамі. З 10.00 да 21.00 будзе праходзіць моўны кірмаш, падчас якога на інфармацыйных стэндах арганізатараў свята можна будзе атрымаць інфармацыю аб вывучэнні моў. На свяце будуць таксама праведзены праграмы‑прэзентацыі моў: «Свет італьянскай мовы», «Свет французкай мовы», «Свет нямецкай мовы», «Свет шведскай мовы» і «Свет польскай мовы».
25 верасня а 15‑й гадзіне ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа Нацыянальнай Акадэміі Навук Беларусі (вул. Сурганава, 15, пакой 110) адбудзецца прэзентацыя выставы «Моўная палітра еўрапейскай кніжнай культуры XVI — XXI стст».
Мерапрыемства арганізавана ЦНБ НАН Беларусі сумесна з Польскім Інстытутам у Мінску ў рамках святкавання Еўрапейскага дня моў.
Каментары