Фота: Мінабароны РФ

Маім хлопцам, у тым ліку мне, ставілі задачы па разведцы мясцовасці [на мяжы з Украінай] яшчэ ў 2021 годзе, — кажа Мікалай (імя героя змененае). — Мы прамацвалі кірунак, на якім усё будзе, глядзелі, як там наогул уладкаваная мяжа, што дзе стаіць, дзе колькі [чалавек] ахоўвае. Гэта значыць, нам проста казалі: ехаць туды, рабіць тое. Але мы не дурныя, у нас падрыхтоўка добрая, таму здагадкі ў нас ужо тады былі, што, магчыма, будзе нешта сур'ёзнае. Але ў мяне тады не было яшчэ нейкага асаблівага стаўлення да гэтага. У тым, што мы рабілі, не было нічога злачыннага. Гэта звычайная практыка, калі войскі розных краін правяраюць межы суседніх дзяржаў: нашу мяжу, напрыклад, таксама «паляць» з дапамогай беспілотнікаў. 

Потым, у 2022 годзе, першапачаткова былі звычайныя вучэнні. Мы прыехалі туды [да мяжы з Украінай] яшчэ ў лютым, амаль уся асноўная групоўка. І месціліся на базе непадалёк ад мяжы. І нам ніхто нічога не казаў. Мы проста прыехалі туды, ставім лагер і сядзім. Але мы таксама не дурні. Напрыклад, у большасці вайскоўцаў забралі мабільныя тэлефоны. Мы, праўда, свае не аддалі. 

Звычайна проста ходзяць зэгэтэшнікі (ЗГТ, абарона дзяржтаямніцы. — Рэд.), сочаць, каб не карысталіся тэлефонамі. А тут [на пачатку лютага на мяжы з Украінай] пачалі жорстка ўсю гэтую справу паліць, фээсбэшнікі пачалі сканаваць раёны, дзе стаяць войскі. У іх ёсць спецыяльныя такія праграмы, спадарожнікі, глушылкі — яны могуць вылічыць дакладнае месцазнаходжанне чалавека з мабілай, прасачыць яго сацсеткі, што ён дзе пісаў. І вось тады пачалі жорстка ціснуць з тэлефонамі, адбіраць іх. Таму большасць салдат нават не ведалі, што адбываецца ў свеце. 

Мы ж [наша падраздзяленне], напрыклад, увесь час маніторым палітыку. Таму мы ведалі, што адбываецца нагнятанне абстаноўкі праз СМІ, сацсеткі, усялякія лозунгі з'явіліся па вызваленні [народа Украіны], пра нацыстаў і іншае. То-бок мы разумелі, да чаго гэта вядзе. Але мы ўсё ж да апошняга думалі, што мы проста прыедзем… Ну, ведаеце, як звычайна прыязджаюць, падцягваюць да межаў краіны войска памерацца «гаспадаркамі»… Мы думалі, што будзе менавіта так. Ніхто не хацеў, каб пачыналася [поўнамаштабнае ўварванне]. Ніхто. 

На захопленую тэхніку з расійскімі V, Z i O ўкраінцы наносяць свой знак: крыж

Пасля нам пачалі прывозіць боепрыпасы. У войску ў падраздзяленняў ёсць так званы боекамплект на выпадак вайны, але яго ніколі не выдаюць. Але калі нам ужо пачалі прывозіць КамАЗы з усім гэтым… Мы зразумелі, што гэта ўжо не скончыцца чыста маханнем палкамі. 

Яшчэ на тэрыторыі Расіі сабралі БТГ [батальённыя тактычныя групы], там пяхота, тэхніка, увогуле поўны камплект, і ў ноч на 24-га [лютага] мы рушылі [ва Украіну]. Проста як фашысты, а 4-й раніцы [напалі на Украіну]. 

Гэта было гэтак жа, як падчас захопу Крыма. Таксама ніхто нічога не ведаў да апошняга моманту. Звычайны працоўны дзень. Падчас абеду ўсіх рэзка выклікаюць: прыязджайце, трывога. Але гэта ж можа быць і вучэбная трывога. Людзі прыехалі, атрымалі ўсё тое, што патрэбна, іх проста прывезлі на аэрадром. У войску ёсць такая штука — фотасправаздача. Прыгожыя фатаграфіі для начальства. І тут таксама нібыта «зробім гэтыя фотасправаздачы і — па дамах». У выніку ўсіх пасадзілі па самалётах, караблях і ўсё: людзі ўжо выйшлі ў Крыме. 

«Страты былі вельмі, вельмі вялікія»

«[Падчас поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну] я ўжо адчуваў нянавісць да нашых, да камандавання ў асноўным. Як яно паводзіць сябе, кідае нас у пекла, і сама ідэя гэтай вайны. Я быў на этапе [на пачатку сакавіка], калі пачыналася гэтая гісторыя [акупацыя] з Ізюмам, калі пачалі падводзіць войскі ўжо да Харкава. Вось гэты першы этап, калі наступленне ішло, карава, але ішло. Потым ужо Харкаў пачалі адбіваць, і [мы] спрабавалі завезці туды ўжо ўнутраныя войскі, тэхніку. Там іх усіх папалілі, і войскі вярнуліся назад. То бок, гэта тое, што я заспеў. 

Для вайскоўцаў, асабліва тых, хто без досведу, напрыклад, для гэтых бедных салдат тэрміновай службы, якіх туды ўпіхнулі, першыя дні былі шокам. 

Напрыклад, тыя, хто з гэтых рэгіёнаў [памежных з Украінай], яны ведалі, што яны ўжо на тэрыторыі Украіны. А іншыя проста ехалі і не ведалі, куды яны едуць, навошта. Таму і атрымалася такая сітуацыя, якую потым салдаты расказвалі на гэтых відэа ўкраінцам, што «мы не ведалі ўвогуле, куды мы едзем». Прызыўнікоў адправілі [на вайну], таму што ў многіх часцях не хапае кадраў. Іх звычайна адпраўляюць на вучэнні, у камандзіроўкі, прапаноўваючы ім салодкі пернік у якасці грошай. Пачынаюць ім вешаць локшыну на вушы наконт водпускаў, добрых выплат і іншага. А што малады хлопец, якому 18-19 гадоў, скажа? Асабліва для тых, хто з бедных рэгіёнаў, гэта заўжды працуе. 

Расіяне панеслі цяжкія страты падчас адступлення пад Балаклеяй і кінулі тэхніку

[У першыя дні ўварвання Расіі ва Украіну] салдаты тэрміновай службы былі напалоханыя жорстка, яны былі проста ў шоку. Калі пачалася стральба, пачаліся першыя кантакты [з УСУ], яны былі ў аслупяненні, упадалі ў поўны ступар. Альбо другая рэакцыя, тут ужо як пашанцуе, што пачыналі да апошняга біцца: гэта на падсвядомым узроўні адбываецца, ён [салдат] б'ецца не за краіну, ён б'ецца, каб тупа выжыць. Па маіх звестках, усяго ў першы дзень было адпраўлена ва Украіну больш за дзве тысячы салдат тэрміновай службы. Калі мы [наша падраздзяленне] іх сустракалі [на вайне], мы ім аказвалі дапамогу і адразу арганізоўвалі эвакуацыю, адпраўлялі назад на тэрыторыю Расіі. Проста мы разумелі, што салдатам тэрміновай службы там рабіць няма чаго». 

На пачатку вайны з Украінай расійскія ўлады адмаўлялі, што ваяваць былі адпраўленыя ў тым ліку салдаты тэрміновай службы. Пазней прадстаўнік Мінабароны Ігар Канашэнкаў са шкадаваннем паведаміў , што ўсё ж «выявілася некалькі фактаў прысутнасці вайскоўцаў тэрміновай службы». Пры гэтым ён адзначыў, што ў палон трапілі салдаты тэрміновай службы, якія былі ў тыле, гэта значыць, не ўдзельнічалі ў баях. Пра страты сярод салдат тэрміновай службы на той момант Канашэнкаў нічога не сказаў. 

«У першыя дні былі вельмі, вельмі вялікія страты, — працягвае Мікалай. — А па целіку казалі, што ў першыя дні будзе знішчаная ўся авіяцыя, уся СПА [супрацьпаветраная абарона], рускамоўныя [украінцы] устануць за нас, нас будуць сустракаць з кветкамі і іншае (смяецца). Гэта значыць, людзям талдычылі ў галаву ўсе гэтыя гады пра тое, што нас там чакаюць, нас там любяць, што мы нясём, блін, святло. 

Ведаеце, гэта нечым было падобна на крыжовыя паходы. І камандаванне верыла ва ўсю гэтую ідэалогію, і цар у тым ліку таксама ў гэта верыць, што яго ўсе любяць і ўсе чакаюць. Таму людзі [расійскае ваеннае камандаванне] вырашылі наскокам [пачаць ваяваць], а як па іх пачалі шмаляць, то яны зразумелі, што не [так не выходзіць]. 

Фота: Мінабароны РФ

У першыя пяць дзён не было нармальнай ні артылерыйскай, ні авіяцыйнай падтрымкі. То-бок стаяць [нашы] наземныя войскі, ну іх і сустрэлі. А ва Украіне таксама не дурні, там хлопцы восем гадоў да вайны рыхтаваліся, ведалі, у якім кірунку пойдуць: мы ж восем гадоў казалі, што «абаронім Данбас» і вось гэта ўсё. Таму, калі мы прыйшлі, там былі добрыя пазіцыі, ДАКі [доўгачасовая агнявая кропка], ДЗАКы [доўгачасовая замаскіраваная агнявая кропка], усё ўмацавана. Яны добра працуюць, яны малайцы. Плюс у іх веданне мясцовасці. Увогуле, там было вельмі [нам] складана. 

У першы ж дзень толькі на нашым напрамку прывезлі КамАЗ трупаў. На чацвёрты дзень ад дзесяці БТГ засталося толькі дзве. Гэта значыць, 20-30% [салдат] толькі выжылі і ацалелі, астатніх альбо знішчылі, альбо пакоцалі настолькі, што іх вярнулі назад [у Расію]». 

У першыя дні ўварвання Расіі ва Украіну ў кожнай БТГ было не менш за тысячу чалавек, тлумачыць «Важным гісторыям» іншы расійскі вайсковец, які ўдзельнічаў у вайне з Украінай. «Пазней — каля 800, у красавіку — 600, у маі адпраўлялі рэшткі па 30-100 чалавек з частак на даўкамплектаванне тых частак, хто там знаходзіцца. Вось яны пакуль едуць, батальёна ўжо няма. І гэтыя 100 чалавек цяпер і ёсць батальён. А па штаце ў залежнасці ад роду войскаў прыкладна 350-450 чалавек павінна быць у батальёне. Задача прылятае на штатны батальён, а ў ім 100 чалавек. Адпаведна, яны не ў сілах выканаць задачу — адсюль вялікія страты. А ў першыя дні калоны гналі наперад — «На хуткасці праходзьце!» — і іх проста спальвалі ў дарозе. 

Калі б БТГ адразу разгортвалі ў баявыя парадкі і наступалі, як вучылі, страты былі б мінімальныя. Але наверсе нейкія ідыёты вырашылі наскокам браць і аддавалі загады «Хутчэй! Хутчэй!», таму і камандзіры на месцах разгубіліся, ну і не ўмеюць вышэйшаму начальству пярэчыць», — тлумачыць вайсковец. 

Палонныя расійскія салдаты

«Людзей проста кідалі на мяса, — расказвае Мікалай. — Напрыклад, кажуць атраду, чалавек 30: «Ідзіце туды». Яны кажуць: «Ну там жа чалавек 300, мы ж усе паляжам». — «Так, паляжаце». Або, напрыклад, прыходзіць зверху распараджэнне: «Трэба захапіць вось гэтую вёску. Адпраўляйце войскі». А камандаванне настолькі некампетэнтнае ўвогуле: «Добра, мы адправілі». Іх там малоцяць, уцалелі ці не, [не важна]. Не атрымалася. Начальства кажа: «Ну, бывае, яшчэ раз паспрабуем». Гэта значыць, вось настолькі ўсё дрэнна, што проста людзей кідаюць, абы ім начальства нічога [не зрабіла]… Страх перад начальствам больш палохае людзей, чым страх смерці, непавагі, пагарды [да іх]».

«Ён абараняе свой дом гэтак жа, як і мы б абаранялі свой, калі б на нас напалі»

«У войску нас спрабавалі загітаваць [супраць Украіны]. Памятаю, раздалі таўшчэзны часопіс, старонак на сто, з загалоўкам «Нацыяналістычныя арганізацыі Украіны». І там былі апісаныя ўсе нацыяналістычныя групоўкі, якія ва Украіне наогул былі калі-небудзь. І так распісана, як быццам ва Украіне ўвогуле няма простых людзей і УСУ, адны «нацбаты». І нібытау ідзём вось супраць іх ваяваць. Але, па сутнасці, гэта было проста «апраўданнем», каб туды ісці [ваяваць]. У маім падраздзяленні ў гэта ніхто не верыў, таму што ў нас усіх сваякі і сябры ва Украіне. У Расіі таксама шмат нацыяналістаў. Ёсць людзі, якія нават больш жорсткія, чым тыя, якімі палохаюць ва Украіне. Прычым людзям па тэлевізары нешта гавораць, а ім лянота нават проста ў інтэрнэт зайсці, пачытаць пра гэта. Што, напрыклад, тэраабарона — гэта не тэрарыстычная абарона, а тэрытарыяльная. 

Калі мы рухаліся [па тэрыторыі Украіны], мы бачылі, як вёскі засталіся без святла, цяпла, вады… Дапамагалі мясцовым чым маглі: ежай, меддапамогу аказвалі. І мы дапамагалі нечым, і нам дапамагалі — ежу нам падганялі. У нас былі такія пайкі, каб проста не памерці з голаду, для поўнага функцыяналу гэтага замала. 

Сілай мы ніколі нічога не забіралі. Як гэтая бедная, няшчасная пяхота, марадзёры, якія, як прусакі ходзяць, усё з'ядаюць, выносяць, крадуць. Мы [у падраздзяленні] не дэграднулі [дэградавалі], як наша камандаванне або большасць салдат, якім абы катаваць, забіць, згвалтаваць. Ці як зампатыле, ведаеце, гэта такія хамякі, якія ўсё нясуць : нават калі ім не трэба, яны ўсё роўна гэта сапруць, прывязуць, падораць камусьці. Гэта вось так працуе, такіх людзей прызначаюць. 

Пару разоў было, што мы працавалі па адрасах. Гэта калі ФСБ дасылае нам адрасы людзей, і мы выязджаем, працуем па іх. Гэта значыць, мы прыязджаем, хапаем чалавека, правяраем усю інфу, электроніку і адвозім яго да фээсбэшнікаў. Ніхто нікога не збівае, як нашы касманаўты на мітынгах, проста прыязджаем: «Пацанчык, паехалі з намі, будзем разбірацца». Быў момант, што злавілі хлопца, пачалі распытваць пра ўсё. 

У канцы задалі яму пытанне: «Вось калі мы зараз цябе вернем назад, пойдзеш зноў ваяваць?» — «Так». — «Чаму?» — «Таму што я абараняю свой дом». І тут ён мае рацыю. Таму што ён абараняе свой дом гэтак жа, як і мы б абаранялі свой, калі б на нас напалі. Я лічу, што гэта добры хлопец з выхаваннем і ідэалогіяй. Нават ведаючы, што яго могуць проста зараз забіць за гэтыя словы, ён вось так адказаў. І за гэта яму павага, ён малайчына (па словах Мікалая, украінскага салдата пасля допыту пасадзілі ў турму для ваеннапалонных.— Рэд.). 

Фота: Мінабароны РФ

Нянавісці ні да каго з украінцаў мы не адчувалі, ні з каго не здзекаваліся. У нас было правіла, што калі мы ўбачым нейкае бяззаконне [з боку расійскіх вайскоўцаў], мы іх самі прыстрэлім. Была ў мяне, напрыклад, адна размова з афіцэрам пяхоты. Я спрабаваў развесці яго на тэму стаўлення да гэтага ўсяго, таму што мне заўсёды было цікава меркаванне людзей, каб ведаць, ад каго што можна чакаць, з кім можна працаваць, з кім не. Гэты афіцэр мне спачатку падаўся нармальным маладым хлопцам, ёсць жонка, дзеці. І тут ён кажа: «Хачу паехаць вось туды, знайсці якую-небудзь хахлушку і трахнуць яе». Спрабую даведацца ў яго, навошта: «Хочацца». Гэта значыць, проста пачуццё сваёй непаўнавартаснасці прыкрыць, паказаць, які ён круты і моцны, што вось, «я магу і зраблю». Ну яму было сказана, што калі ён паспрабуе гэта зрабіць пры нас, то мы яго застрэлім.

Калі я гляджу вось гэтыя ўсе навіны [пра злачынствы расійскіх вайскоўцаў ва Украіне], я не здзіўляюся. Бо кантынгент людзей, які знаходзіцца ў большай частцы арміі, ён менавіта такі. Няма нармальнага падбору кадраў. У такія падраздзяленні, як наша, трапляюць адзінкі пасля адбору. У астатнія прыходзяць: кульгавы або касы, вычварэнец або дэбіл — пофіг. Галоўнае — штат дабіць, а там ужо ўсё роўна. Таму і адбываюцца ўсе гэтыя інцыдэнты: крадзяжы, забойствы, згвалтаванні, разборкі. 

Або, вось, выходзіць гэты прэс-сек войска [Ігар Канашэнкаў], які распавядае ўсякія гісторыі пра хімічную зброю і галубоў. І кажа, што кшталту мы бамбілі не ГЦ [гандлёвы цэнтр], бамбілі там завод, склады. Глядзіш на здымкі, ну якія склады? Усе працуюць па папяровых, старых картах. Калі ты проста можаш узяць любую мабільную праграму, напрыклад, і там жа ёсць здымкі са спадарожніка. Яны не разумеюць, што за год, нават за паўгода, можна пабудаваць вялізны гандлёвы цэнтр. Ну, няма месца ў горадзе — будуюць яго побач з якім-небудзь заводам. Гэта значыць, камандаванне не ўмее карыстацца картай і правільна каардынаваць войскі, артабстрэлы». 

«Я не бачу сэнсу тут увогуле знаходзіцца»

«У нас [у падраздзяленні] людзі разумелі, куды і навошта мы паехалі [у ноч на 24 лютага], многія ветэраны падзей ва Украіне 2014 года, Сірыі. Але мы рэальна не хацелі [гэтай вайны]. Гэта не тая краіна, каб з ёю ваяваць. У паловы тама сваякі. У мяне самога там сябры, сваякі, я падтрымліваю сувязь з некаторымі з іх да гэтага часу. Праўда, цяпер цяжэй стала размаўляць. Наша нацыя цяпер — ізгой для ўсяго свету, а для ўкраінцаў асабліва.

Калі мы [вайскоўцы] пачалі глядзець, як гэта ўсё адбываецца: калі нашых кідаюць на мяса, загадзя ведаючы, што ім не выжыць, калі вялікія страты, калі няма дапамогі, калі начальству ўвогуле напляваць на ўсё. Уся гэтая жудасная прапаганда: «Там нацысты, там прыгнёт народа». А калі ты ўжо прыязджаеш туды і бачыш, ну якія нацысты? Гэта такія ж вайскоўцы, як і ты. Я проста зразумеў, што ідэя і мэта гэтай вайны ілжывыя. Гэта не тое, што трэба і мне, і маім людзям, і ўвогуле нашай краіне. 

У сярэдзіне сакавіка я сказаў, што не збіраюся далей у гэтым удзельнічаць. Мяне начальства ўгаворвала застацца, перавесці на больш спакойнае месца. Але, не, хлопцы, дзякуй. Грошы мне вашы не патрэбныя. Я ўвогуле больш не хачу звязваць сваё жыццё з войскам. 

Начальнік мой спытаў: «Што табе не падабаецца?» Я адказаў: «Ды ўсё мне не падабаецца. Мне не падабаецца, як вы працуеце, мне не падабаецца, што тут адбываецца. Я не бачу сэнсу тут увогуле знаходзіцца». І мае хлопцы таксама амаль усе сышлі. Калі я сыходзіў, я яшчэ загітаваў са мной сысці траціну падраздзялення. 

Рыба гніе з галавы. Вось гэта самае галоўнае, што трэба ведаць пра нашае войска. Усе астатнія — ім сказалі [камандзіры], яны зрабілі. Такія, як мы, хто там пачынае думаць, супярэчыць, крытыкаваць іх, нас звычайна або звальняюць, або саджаюць, або кідаюць на мяса, каб сапраўды ўжо не выжылі. То-бок такія, як мы, — не жыльцы. 

Ім патрэбныя менавіта тупыя, маўклівыя, бесхрыбетныя салдацікі, якія будуць выконваць любы загад, якія нават будуць парушаць статут, закон, супярэчыць здароваму сэнсу. Калі б у нас войска складалася з разумных людзей, і не праводзілі чыстку ў вярхах, гэтай вайны б увогуле не было. 

Моцнага войска [ураду] трэба як бы баяцца, таму што вайскоўцы не ахоўваюць нечыя інтарэсы. Нармальныя вайскоўцы. Як вось у прысязе напісана — «абараняць народ і Айчыну». Гэта ключавыя словы. Ні прэзідэнта, ні яго палітыку. Якая цэласнасць краіны, якая тут абарона канстытуцыйнага ладу, калі ты ваюеш ва Украіне? Прычым тут гэта ўвогуле? Гэта ты павінен бараніць сваю краіну ад ворага. А вось гэтыя ўсе брудныя справы, ты можаш там усялякім ФСБ, ГРУ даручыць займацца гэтым. Вось як робяць у нармальных краінах, — Брытанія, Амерыка — калі ім нешта трэба зрабіць так па-хітраму, па-разумнаму, яны што, уводзяць войска? Канечне, не. Там пачынаюцца ўсякія палацавыя перавароты, дыверсіі, падставы. А ў нас: «Наперад!» І ўсё, ты пайшоў [ваяваць]. Уся справа менавіта ў тым, хто пры рулі. У гэтым і праблема, што пры рулі дэбілы. Таму людзей вядуць на забой». 

«Я не патрыёт гэтай улады, у нас у войску ўвогуле такіх няма»

«Людзям вельмі моцна прамывалі мазгі. Камусьці ціснуць на ідэю, камусьці ціснуць на веру. Калі ты не верыш тэлевізару, вер богу. Святары прамым тэкстам гавораць людзям, што трэба падтрымліваць прэзідэнта. Вось гэты артыкул за абразу пачуццяў вернікаў, столькі ўлады ў царкве! Noize MC правільна песню запісаў, дзе спачатку цытата Пуціна, які казаў, што, з аднаго боку, спачатку здаецца, што калі ўрад будзе кіраваць цвёрдай рукой, то ўсе будзем жыць спакойна і ў бяспецы. Але потым гэтая рука пачне душыць. Ну так і ёсць. Разумееце, людзі пагадзіліся на бязвольніцтва ўзамен на ўяўную бяспеку. Як вось у Джорджа Оруэла [у рамане «1984»]: «Свабода — гэта рабства». Я, калі гэтую кнігу чытаў, бачыў проста Расію цяпер — гэта як быццам падручнік гісторыі. 

Я і сам у нейкі перыяд у гэта верыў. Спачатку, калі я яшчэ быў малады, не асабліва ўнікаў. Вось так многія людзі ў краіне не цікавяцца палітыкай, лічачы, што гэта не для іх розуму, але забываючыся, што менавіта людзі ў краіне і ёсць улада, і менавіта яны павінны рэгуляваць [органы ўлады]. Дзяржава абавязаная клапаціцца пра грамадзян, а людзі павінны гэта кантраляваць. Але тут у цябе няма ні выбару, ні ўплыву, ні меркавання. Што скажуць, тое і робіш. Таму я не патрыёт гэтай улады, у нас [у войску] увогуле такіх няма. У мяне шмат сяброў з розных часцей, войскаў, структур, і ўсе, з кім я кантактую, усе незадаволеныя [уладай]. Вельмі мала тых, хто рэальна гэта ўсё падтрымлівае. 

Я размаўляў з украінкай нядаўна. Мы гаварылі пра гэтую агітку, што «яны там супраць расійскай мовы». І яна кажа: «А з якой нагоды я павінна, жывучы ў краіне Украіне, дзе дзяржаўная мова — украінская, размаўляць на рускай мове? У мяне ёсць свая краіна, свае законы, свая Канстытуцыя, свая мова». Я з ёй згодны. Гэта ўсё роўна, што раней мы былі часткай СССР, гэта перажытак мінулага. 

Украіна — гэта асобная краіна, у яе павінна быць свая палітыка, яна можа рабіць што хоча. Але проста калі побач знаходзіцца такі сусед, як мы… Маленькае пакрыўджанае дзіця, у якога адабралі цацку. Дзіцяці гэтаму 70 гадоў і ў яго проста бязмежная ўлада ў руках. Калі б Расія была рэальна развітай краінай з моцнай эканомікай (а нам зусім нічога не перашкаджае гэта зрабіць, нашы рэсурсы гэта дазваляюць), то, можа быць, Украіна і сама захацела б уз'яднацца, каб развівацца далей разам. Але «мы нічога не можам вам прапанаваць, таму мы спрабуем вас забіць». 

Хоць я і сам грамадзянін Расіі, служыў у войску Расіі шмат гадоў, з нечым быў згодны, з нечым не. Але ўсё зводзіцца да таго, што такія людзі, як я, не патрэбныя тут зусім, таму што мы… Мусіць, мы проста адэкватныя». 

Мікалай звольніўся з войска і жыве цяпер у Расіі. 

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

4
За дакладнасьць ! / Адказаць
15.09.2022
Ага, цераз паўгоду, атрымаўшы па сапатцы, раптам празрэў... А было б інакш, калі б было, як плянавалася ў Крамлі, дык начапіў бы медальку ды з тым жа імпэтам апавядаў бы пра свой гераізм.
1
Vik / Адказаць
16.09.2022
И снова вброс. С целью выделить "хороших" русских. Но нет. Только в гробу.
0
Все ответят / Адказаць
16.09.2022
Коллективно ответить придётся, как немецкой нации, так и русской, и белорусам не отвертеться от ответственности за предоставление своей территории для нападения, для обстрелов, предоставление своих больниц, поликлиник, заводов, фабрик, складов для русской армии мародеров, убийц, насильников. Не получится списать на нелегитимного лукашенко силой захватившего и удерживающего власть в Беларуси. А белорусским силовикам придется отвечать не только перед украинцами, но и перед своим, белорусским Народом, кторый, они, насиловали, избивали и убивали в интересах нелегитимного лукашенко.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру