CNN: Дырэктар ЦРУ ў кастрычніку прыязджаў у Кіеў і сустракаўся з Зяленскім
Дзве інфармаваныя крыніцы выдання паведамілі, што дырэктар Цэнтральнага разведвальнага ўпраўлення ЗША Уільям Бёрнс у пачатку кастрычніка наведаў Украіну і сустрэўся з прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім, а таксама іншымі службовымі асобамі.

«Знаходзячыся там, ён пацвердзіў абавязацельствы ЗША аказваць падтрымку Украіне ў яе барацьбе супраць расійскай агрэсіі, у прыватнасці шляхам працягу абмену разведвальнымі данымі», — сказала адна з крыніц, адмовіўшыся казаць падрабязнасці.
Візіт кіраўніка амерыканскай разведкі адбыўся на фоне росту небяспекі выкарыстання Расіяй ядзернай зброі.
Публічна амерыканскі бок сцвярджае, што не бачыць доказаў падрыхтоўкі гэтага, але знаёмыя з разведданымі суразмоўцы CNN папярэджваюць, што рызыка ядзернага ўдару РФ з'яўляецца, магчыма, самай высокай з пачатку поўнамаштабнай вайны.
Асцярогі адносна магчымага прымянення расійскай ядзернай зброі ва Украіне выраслі пасля таго, як Масква пачала публічна казаць аб нібыта рыхтуемай Кіевам правакацыі з выкарыстаннем «бруднай бомбы». І Украіна, і Захад гэтыя абвінавачанні рашуча адкінулі.
Каментары