Нор Салам Кадхім з Ірака працуе стаматолагам у Мар’інагорскай цэнтральнай раённай бальніцы. Дзяўчына палюбіла беларускую кухню і марыць выйсці замуж за беларуса. Але і са стэрэатыпамі сутыкалася. «Запішыце мяне да любога доктара, толькі не да гэтай чорнай», — патрабавала адна пацыентка.

«Я атрымала сярэднюю адукацыю ў Іарданіі і паехала ў Германію. Але мне там не спадабалася. Вярнулася праз пару тыдняў. Правучылася на інжынера-дызайнера адзення два гады, усвядоміла, што не маё. Паехала за сястрой у Мінск. Паступіла ў БДМУ, бо я яшчэ ў дзяцінстве жартавала: буду стаматолагам. Так спадабалася мне ў доктара, калі хадзіла выпраўляць прыкус», — расказвае яна «Мінскай праўдзе».
Медуніверсітэт дзяўчына скончыла ў 2020 годзе, адвучылася ў ардынатуры. Узяла размеркаванне ў Мар’іну Горку. Першы працоўны год быў самым складаным у жыцці.
«Я працавала спачатку стаматолагам-тэрапеўтам бюджэтнага аддзялення. Прывыкла, што ў сталіцы размаўляюць па-руску. А ў Мар’інай Горцы бабулі на прыёме размаўлялі са мной на беларускай! Прыходзіць пажылая пацыентка са скаргай: «Дзярбаніць у зубе». Я гляджу на медсястру з пытаннем: «Можа, гэта захворванне, якога я не ведаю?» Яна ўсміхаецца: «Вам тлумачаць, што боль то ныючы, то страляючы». Так што бабулі мяне навучылі трохі беларускай мове», — смяецца маладая доктарка.

Нор добра размаўляе па-руску. Але яна працягвае займацца мовай з педагогам, каб гаварыць без акцэнту.
Не прайшло і года, як Нор перавялі ў платны кабінет.
Дзяўчына спецыялізуецца на лячэнні зубных каналаў. Усе прыёмы ў яе распісаны да лютага.
Доктарцы прыходзіць шмат добрых водгукаў. Але сутыкалася яна і са стэрэатыпамі.
«Пацыентка зайшла ў кабінет: «Запішыце мяне да любога доктара, толькі не да гэтай чорнай». «Вы ведаеце, да «чорнай» няма вольнага запісу», — адказала ёй медсястра. Праз тыдзень гэтая жанчына прыходзіць з сынам. У яго востры боль, шчака апухла. У рэгістратуры кажуць: «Прыём скончыўся, засталася толькі доктар Кадхім». «Чорная?» — «Яна доктар», — нагадалі ёй.
І вось пацыентка просіць мяне: «Калі ласка, дапамажыце». Афіцыйна змена ўжо скончылася. Сказала ёй, што прыму, але толькі дзеля дзіцяці. Мне непрыемна, калі мяне так называюць. Потым яна запісала да мяне мужа, дачку. І цяпер гэта мая любімая пацыентка».
Нор жыве ў Мінску, а ў Мар’іну Горку ездзіць кожны дзень на грамадскім транспарце. Пад’ём а пятай раніцы. Кажа, што ўлюбілася ў сталіцу, як толькі ўбачыла.
Ацаніла і нацыянальную кухню. Сваіх гасцей водзіць толькі ў рэстараны з беларускімі стравамі.
«Мой страўнік прывык да супу, баршчу. Ем з калегамі сала. Навучылася рабіць дранікі. Аджыку вашу вельмі люблю. Капуста падабаецца ў любым выглядзе».
З бацькамі Нор бачыцца раз на год.
Дзяўчына марыць сустрэць сваю палавінку сярод беларусаў.
«Я тут ужо дзесяць гадоў. Менталітэт у мяне змяніўся. Не змагла б жыць у Эміратах ці Іраку. Хачу тут стварыць сям’ю. І муж павінен быць не араб, а беларус. Галоўнае, каб ён бачыў ува мне чалавека».
Каментары