Грамадства66

Прадалі лецішча Ніны Багінскай. Ці можна будзе вярнуць забраную рэжымам маёмасць?

За 727 рублёў з аўкцыёну прададзена лецішча Ніны Багінскай. Неўзабаве рэжым збіраецца масава пазбаўляць маёмасці тых, каго лічыць сваім ворагам. Наколькі бяспечна набываць маёмасць, арыштаваную ў межах палітычных спраў, і як пасля падзення рэжыму можна будзе вярнуць свае правы на гэтую маёмасць? У гэтым разбіраўся Белсат.

З аўкцыёна прададзена лецішча грамадскай актывісткі Ніны Багінскай. Яго забралі за штрафы. Першапачатковы кошт — 693 рублі, прадалі за 727 рублёў. Жанчына — сімвал пратэсту супраць рэжыму Лукашэнкі — прынцыпова адмаўляецца плаціць штрафы паводле палітычных спраў, бо лічыць іх незаконнымі.

«Я ведаю, канешне, пра сітуацыю ў Ніны, звязаную з гэтымі штрафамі, з гэтым лецішчам. Вы разумееце, для яе гэта вельмі прынцыповая пазіцыя. Яна лічыць, што калі нехта збірае грошы, можа, нейкая там арганізацыя дапамагае заплаціць штраф чалавеку, то такім чынам гэты чалавек, які выйшаў пратэставаць супраць дзяржавы, яшчэ і дапамагае гэтай дзяржаве», — тлумачыць журналістка «Белсата» Любоў Лунёва.

Гаворка ідзе пра зямельны надзел памерам чатыры з паловаю соткі ў садовым таварыстве «Фізтэх» у Пухавіцкім раёне. На ім стаіць старэнькая гаспадарчая пабудова.

«А тыя, хто крадзе, яны дрэнна скончаць! Або самі — іх сумленне ўсё ж такі прачнецца, замучае, яны не змогуць нават жыць на гэтай зямлі, або іх дзеці будуць саромецца», — казала Ніна Багінская яшчэ ў 2016 годзе, калі ўлада арыштавала і выставіла на аўкцыён гэтае і яшчэ адно яе лецішча ў Смалявіцкім раёне.

Нягледзячы на ўсё, актывістка ў свае сталыя гады працягвала туды ездзіць.

«Вось гэтая слабая маленькая жанчына пасадзіла агародзік, вось гэта ж трэба ўскапаць, трэба паліваць, палоць, каб вось праз свае пальцы прайшло столькі зямелькі. Разумееце, уся гэта зямелька, якая там ёсць, хоць яе і няшмат, яна прапушчаная праз яе пальцы — і не адзін раз, і не адзін год», — зазначае журналістка «Белсата» Любоў Лунёва.

Для ўдзелу ў таргах зарэгістраваліся чатыры асобы. Пра юрыдычную законнасць угоды, датычнай арыштаванай у межах палітычнай справы маёмасці, запыталіся ў прадстаўніка прадпрыемства «БелЮрЗабеспячэнне». І вось які адказ атрымалі:

«Мы прадаём ужо вельмі працяглы час арыштаваную маёмасць, калі вас нешта там у юрыдычных пытаннях непакоіць, дык набярыце судоваму выканаўцу, удакладніце гэта ўсё. Мы ўсяго толькі гандлёвая пляцоўка».

Пытанне перанакіравалі ў аддзел прымусовага выканання Першамайскага раёна Мінска, які менавіта і выставіў лецішча Ніны Багінскай на аўкцыён.

«Ну я ж не магу вам на гэтае пытанне адказаць, ці будзе чалавек абскарджваць якія пастановы? Гэта настолькі воблачна і размыта. У такім разе пра ўсе дзеянні, што ажыццяўляюцца, гэтак жа сама можна думаць. На сённяшні дзень ніякая пастанова не адмененая — ніякіх перадумоў для гэтага няма», — адказала судовая выканаўца Марыя Саранчук.

«Калі адной з падстаў права ўласнасці будзе судовая пастанова, гэта заўсёды фактар рызыкі», — мяркуе юрыст у галіне нерухомасці Аляксандр Штрыкуль. У сваёй практыцы ён заўсёды імкнецца знайсці судовую пастанову і прааналізаваць яе.

«Я пакідаю за дужкамі маральна-этычнае пытанне такога кшталту набыцця, але калі вы купляеце такога кшталту маёмасць, кватэру, перш за ўсё я кажу пра нерухомую маёмасць, гэта вельмі рызыкоўна. Вы ж збіраецеся ў ёй жыць, укладваць грошы ў рамонт, ёсць рызыкі таго, што ў выніку кватэру ў вас забяруць», — зазначае юрыст у галіне нерухомасці Аляксандр Штрыкуль.

Ёсць спадзяванне, што пасля падзення рэжыму Лукашэнкі ўсе незаконныя пастановы і выракі ў палітычна матываваных справах будуць скасаваныя ў незалежным судзе. Бо пакуль што абскардзіць іх папросту немагчыма. Неўзабаве лукашысты абяцалі масава пазбаўляць маёмасці і беларускага грамадзянства беларусаў, якія з’ехалі за мяжу.

«Гэта новая рэчаіснасць, у якой цяпер жыве Беларусь і будзе жыць да самага канца лукашызму. Мы не мусім ні секунды сумнявацца, што ўсе свае пагрозы, якія яны агучваюць, яны будуць імкнуцца выканаць. А выканаць яны могуць пагрозы ў дачыненні да таго, што застаецца на тэрыторыі Беларусі. Калі няма фізічна чалавека, то хаця б нейкая нерухомасць, напэўна, знойдзецца», — лічыць заснавальнік Tribuna.com Зміцер Навоша.

Журналіст і медыяменеджар сам хоць і выехаў за межы краіны, але ў яго ўласнасці засталася кватэра ў Фаніпалі, на якую арышт быў накладзены яшчэ год таму.

«Я не ўпэўнены, што гэтым мушу займацца нават я сам. Мне здаецца, што гэта краіна, без усялякіх сумневаў, павінна будзе прайсці праз гэты працэс і адкаціць усё рэпрэсіўнае заканадаўства, усе неправавыя рашэнні, што былі прынятыя. У дачыненні да нерухомасці гэта наогул просты працэс, ён завецца рэстытуцыяй, ён прайшоў ва ўсіх краінах», — удакладняе Зміцер Навоша.

У заканадаўстве тэрмін «рэстытуцыя» азначае прызнанне неправадзейнасці ўгоды з далейшым вяртаннем бакамі ўсяго, што яны атрымалі ў межах пагаднення.

«Тут справядлівай ёсць грашовая кампенсацыя. З іншага боку — як будзе на практыцы. Гэта значыць, назбіраецца пэўная колькасць такога кшталту ўгодаў, магчыма, дзяржаве будзе прасцей вярнуць кватэру, чым кампенсаваць. Ці ёсць грошы ў бюджэце? Няма. Цяпер прагназаваць, як яно будзе на практыцы, даволі складана», — кажа Аляксандр Штрыкуль.

На думку юрыста, у Беларусі стварылі ледзь не самую дасканалую сістэму рэгістрацыі нерухомасці ва ўсім свеце. Таму вярнуць права ўласнасці на незаконна забраную маёмасць пасля падзення рэжыму Лукашэнкі будзе нескладана.

Каментары6

  • не такі як ёсць
    11.11.2022
    Слухайце, у мусар’я, пракурорскіх і суддзяў столькі маёмасці і нерухомасці, што хопіць шмат на каго. Адны дразды калі распрадаць палову краіны адбудаваць можна. Баюсь толькі на жах які збудавала сабе херой Беларусі Домрачава пакупніка не знойдзецца
  • Беня
    11.11.2022
    Ничего, Франкенсвета ей поможет также, как и всем помогла.
  • Чаркашкварка
    11.11.2022
    Доуга будуць яшчэ чакаць вяртання сваей маёмасцi i рэстытуцый , бо няма волi ды хрыбта, за свабоду трэба ваяваць. Але не па сенькам шапка.

Макс Корж выпусціў першы кліп пасля пагроз ГУБАЗіКа. Правакацыйны і шматсэнсоўны31

Макс Корж выпусціў першы кліп пасля пагроз ГУБАЗіКа. Правакацыйны і шматсэнсоўны

Усе навіны →
Усе навіны

Cambridge Dictionary назваў слова 2024 года

У ЗША заклікаюць панізіць гандлёвы статус Кітая да ўзроўню Беларусі1

У Тайландзе жанчына метадычна забіла цыянідам 14 сяброў 

Навукоўцы знайшлі спосаб зрабіць памідоры саладзейшымі1

Расія наносіць масіраваны ракетны ўдар па Украіне4

У Германіі памёр навуковец Міхаіл Ерамец. Ён нарадзіўся ў Пінску1

У Гродне і раёне ўведзены рэжым контртэрарыстычнай аперацыі1

Офіс Ціханоўскай пракаментаваў экстрадыцыю Васіля Верамейчыка19

Даныя ўсіх карыстальнікаў Pokemon GO цяпер ператворацца ў глабальную мапу мясцовасці8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Макс Корж выпусціў першы кліп пасля пагроз ГУБАЗіКа. Правакацыйны і шматсэнсоўны31

Макс Корж выпусціў першы кліп пасля пагроз ГУБАЗіКа. Правакацыйны і шматсэнсоўны

Галоўнае
Усе навіны →