Культура

Акцёр Анатоль Кацянёў пра ролю Ельцына ў серыяле «Карона»: За ганарар пагасіў іпатэку за кватэру ў Маскве

Беларускі і расійскі акцёр Анатоль Кацянёў, які сыграў Барыса Ельцына ў пятым сезоне папулярнага серыяла «Карона» на стрымінгу Netflix, падзяліўся з «Камсамолкай» падрабязнасцямі здымак.

Кацянёў на здымках у Лондане

Калі ў канцы 2021 года агент акцёра паведаміла яму: «Ты не паверыш, але табе прапануюць на Ельцына паспрабавацца» — Кацянёў успрыняў гэта без лішніх эмоцый.

«Здымалі пробу самі, паколькі гэта міжнародны праект. Мне даслалі сцэнар аднаго эпізоду. Я пачытаў і вырашыў, што гэта нейкі камедыйны серыял. І ўключыў такую пародыю на Ельцына. Знялі, добра правялі час, пасмяяліся. Мой агент адправіла пробу агенту міжнароднага кастынгу. І аднойчы раздаецца званок: «У вас у такі час відэаканферэнцыя наконт кастынгу на ролю Ельцына», — расказвае акцёр.

Рэжысёрам гэтага эпізоду «Кароны» быў кінарэжысёр з Мюнхена Крысціян Швохаў.

— Ён знаходзіўся ў Лондане, як і наш перакладчык Міця, дарэчы, беларус, які таксама жыве ў Лондане і вучыцца на акцёрскіх курсах. Рэжысёр папрасіў не парадзіраваць Ельцына, а быць самім сабой, — кажа акцёр. — Мы зрабілі тры дублі. Пасля чаго мне патэлефанавала агент міжнароднага кастынгу і паведаміла, што рэжысёр ёй сказаў: «Усё, Ельцына больш не шукаем, Ельцын у нас ёсць».

10 студзеня 2022 года Кацянёў вылецеў у Лондан.

— Усё было неяк нечакана лёгка, будзённа і проста. Нас — я кажу пра сябе і акцёра Маскоўскага тэатра імя Маякоўскага Аляксея Дзякіна, які сыграў Мікалая II, — засялілі ў гатэль, уручылі банкаўскую картку, на якую штотыдзень 170 фунтаў стэрлінгаў камандзіровачных пералічвалі. Плюс сняданак, абед і вячэру. І, зразумела, ганарар. Я прабыў там 48 дзён, хоць у мяне было ўсяго сем здымачных дзён. Яны выкупілі ўвесь мой час. Я адмовіўся ад спектакляў, а здымак у гэты час у мяне ў Маскве не было.

Акцёр прызнаўся, што да запрашэння на здымкі ў Лондан не бачыў ніводнай серыі «Кароны».

— Калі ляцеў у Лондан здымацца, нават не ўяўляў, што гэта за серыял. Думаў, гэта нейкая камедыя будзе, таму што я зрабіў на пробах пародыю на Ельцына і мяне раптам зацвердзілі. Ужо ў Лондане я стаў глядзець гэты серыял і зразумеў, што ўсё сур'ёзна, а не нейкі там капуснік. Першы раз я гэта зразумеў у аэрапорце, калі памежнік узяў мае дакументы і ўбачыў лагатып серыяла на запрашэнні. Ён так натхніўся!

Атмасфера на здымачнай пляцоўцы, па словах акцёра, была падобная да свята кожны дзень.

— Яны працуюць так, як быццам сёння свята. Кожны дзень было адчуванне, што вось зараз скончым працу і будзем адзначаць Новы год. Яны чумавыя ў гэтым плане. Сустракаюць цябе так, як быццам чакалі цябе ўсё жыццё, і вось ты нарэшце прыехаў. Я глядзеў на іх у першыя дні здымак, як на экзотыку, і яны на мяне гэтак жа глядзелі. Але вельмі хутка прыйшло адчуванне, што мы з імі ўжо сто гадоў разам працуем. Моцна не адрознівалася ад таго, як мы ў Расіі здымаем. Але нюансы былі. Тэхніка крутая. І яны вельмі моцна заточаныя на працы, працуюць бясконца. Калі ў іх узнікае паўза, яны хуценька хапаюць сваіх дзяцей, сяброў або любімых і нясуцца па музеях усё паглядзець.

«Мяне практычна не грыміравалі»

Ролю Лізаветы II у пятым сезоне «Кароны» выканала Імельда Стонтан, вядомая па ролі Далорэс Амбрыдж у фільмах пра Гары Потэра.

— Яна выглядае на экране такой даволі моцнай, круглатварай, а на самай справе яна далікатная маленькая жанчына, вельмі абаяльная і кранальная. Мы цалавалі адно аднаму рукі, калі расставаліся пасля здымак. Яна вельмі удзячны партнёр.

Роля Ельцына, кажа Кацянёў, абавязвала быць «на ўзроўні».

— Усё ж такі за плячыма майго персанажа была ўся Расія. Не будзем казаць пра яго гады кіравання, але маштабнасць гэтага чалавека адчувалася. Дарэчы, для стваральнікаў серыяла было непрынцыпова партрэтнае падабенства, гэта ж не шоу двайнікоў. Так што мяне практычна не грыміравалі — ніякіх налепак, накладак, гумоза (мяккі пластык для аб'ёмных дэталяў на скуры). Быў толькі тон і пудра, каб паказаць, што персанаж разгарачаны, яму горача, ці наадварот — злёгку бледны, напрыклад, на прыёме Лізаветы ў Георгіеўскай зале.

У серыяле Лізавета II глядзіць па ТБ навіны, на экране — кадры путчу ў Маскве ў 1991 годзе. Яны, як высветлілася, таксама былі знятыя ў Лондане.

— Яны ўсё абгарадзілі экранамі храмакея. І потым на камп'ютарах стварылі маскоўскія вуліцы. Праблема была толькі з полымем Вечнага агню. Агонь быў рэальны, не камп'ютарны, спецыяльны чалавек гарэлку ў патрэбны момант падпальваў. А я вучыў ганаровую варту правільна падымаць нагу. Яны вельмі педантычныя ў дачыненні да дэталяў. Ведаю, што дзяўчынка спецыяльна ездзіла з Лондана ў Маскву, купляла адзенне для царкоўнаслужыцеляў і форму для ваенных ганаровай варты. Два танкі Т-54 яны прыгналі — дзеля некалькіх секунд на экране.

Ганарар дазволіў пагасіць іпатэку за трохпакаёвую кватэру ў Маскве

Апошні здымачны дзень у Анатоля Кацянёва быў прызначаны на 23 лютага. На наступны дзень ён павінен быў вылецець у Маскву. Але здарыўся форс-мажор — рэжысёр падхапіў кавід і папрасіў акцёра затрымацца, а 24 лютага пачаўся напад на Украіну, рэйсы з Лондана ў Маскву былі адмененыя.

— Мне двойчы мянялі квіткі. Спярша быў варыянт ляцець праз Хельсінкі, але ўжо ў аэрапорце высветлілася, што адтуль я таксама не палячу ў Маскву. У выніку мяне адправілі праз Катар. 10 гадзін ляцеў на нейкім незвычайным самалёце, як быццам у купэйным цягніку, толькі без столі. Адзін у купэ. Спачатку з Лондана ў Доху, потым з Дохі ў Маскву. Без рэчаў, іх не паспелі перагрузіць з самалёта на самалёт. На наступны дзень да дзвярэй прынеслі мой багаж з выбачэннямі. Прызнацца, я перажываў за яго, таму там былі падаруначкі для дачкі — цацкі, сукеначкі. У снежні ёй будзе 4 гадкі. Вельмі засумаваў па ёй і яна па мне. Усё-такі 48 дзён тату не бачыла.

Праца ў серыяле, прызнаецца акцёр, добра падтрымала яго ў фінансавым плане — ганарар дазволіў пагасіць іпатэку за трохпакаёвую кватэру ў Маскве, якую ён купіў для сваёй новай сям'і — актрысы Алены Карповіч і дачкі Соф'і.

— Без гэтага ганарару я б яшчэ не адзін год спраўляўся, а так засталося зусім крыху. Усё нажытае за 60 гадоў засталося ў Беларусі, у іншым жыцці. Іпатэку прыйшлося браць, у маім узросце гэта няпроста, — кажа 64-гадовы Анатоль Кацянёў. — Але нічога, жыццё працягваецца, толькі б здароўе не падводзіла.

Чытайце таксама:

Беларусы зняліся ў топавым серыяле ад Netflix. Адзін з іх — у ролі Ельцына

Каментары

Пенсіянеры, што працуюць, будуць атрымліваць поўную пенсію3

Пенсіянеры, што працуюць, будуць атрымліваць поўную пенсію

Усе навіны →
Усе навіны

Беларускі спявак, які хацеў «замуж за Бузаву», прысвяціў песню Лукашэнку і Пуціну4

Пуцін унёс у Дзярждуму законапраект аб усеагульным стратэгічным партнёрстве з КНДР1

У Мінску жанчыне нечым не дагадзілі электрасамакаты ВІДЭА

Калі вы ведаеце нешта пра новую серыю затрыманняў у Мінскай вобласці, напішыце, калі ласка, рэдактару «Нашай Нівы»

Тэхналагічны прарыў SpaceX: ракета-носьбіт вярнулася на стартавы комплекс6

Міграцыйная служба Нарвегіі адмовілася выдаваць праязны дакумент іншаземца траім студэнтам з Беларусі1

Лонданскі юрыст напісаў кнігу пра сваё дзяцінства і маладосць у Мінску4

Галоўчанка перадаў у Нацыянальны музей Амана кнігі Францыска Скарыны

«У кватэры па стыку цячэ вада, а мне кажуць, што гэта не праблема». У Смалявічах два гады не могуць здаць дом на паўсотні кватэр1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пенсіянеры, што працуюць, будуць атрымліваць поўную пенсію3

Пенсіянеры, што працуюць, будуць атрымліваць поўную пенсію

Галоўнае
Усе навіны →