Народны артыст Анатоль Ярмоленка стаў бізнэс-партнёрам кашалька Лукашэнкі
Народны артыст Беларусі, кіраўнік ансамбля Анатоль Ярмоленка стаў саўладальнікам рэкламнай кампаніі «Трыа Медыя», піша «Бюро».

Яго бізнэс-партнёр — Сяргей Цяцерын, блізкі сябар і адзін з кашалькоў Аляксандра Лукашэнкі.
Анатолю Ярмоленку належыць 40,1% «Трыа Медыя», Сяргею Цяцерыну — 40%. Яшчэ 19,9% знаходзяцца ў зарэгістраванай на Кіпры кампаніі Abrima Enterprises LTD.
Ярмоленка ўвайшоў у склад удзельнікаў кампаніі 10 лістапада 2022 года. У гэты ж дзень са спіса ўласнікаў выбыла ягоная дачка Вольга Мінец, якая валодала доляй у кампаніі з мая 2015 года.
Кампанія «Трыа Медыя» зарэгістраваная ў кастрычніку 2013 года. Яна з’яўляецца праваўладальніцай тэлеканала «ТНТ International» і эксклюзіўным прадаўцом рэкламы на тэлеканалах «ТНТ International», «ТВ-3 Беларусь» і «БелМузТВ».
Выручка кампаніі ў 2025 годзе склала 8,9 мільёна беларускіх рублёў, што на 11% больш, чым за папярэдні год. Чысты прыбытак дасягнуў 1,6 мільёна рублёў супраць 1,5 мільёна ў 2024 годзе.
Раней «Бюро» ў расследаванні «Беларускія ягадкі» расказвала пра іншую кампанію, звязаную з сям’ёй Ярмоленкі, — «Сябры Івэнт». Адной з саўладальніц з’яўляецца Наталля Ярмоленка (у дзявоцтве Садоўская), жонка ўнука Анатоля Ярмоленкі. Кампанія займаецца арганізацыяй выступаў беларускіх стэндап-комікаў на мінскай пляцоўцы Stand Up Comedy Hall.
У 2025 годзе выручка «Сябры Івэнт» склала 9,7 мільёна беларускіх рублёў, а чысты прыбытак — 1,04 мільёна рублёў.
Каментары