Жанчына з Чашніцкага раёна працуе вясковай старастай. Яна і бур'ян абкосіць, і хмызняк высеча
У старэйшыны вёскі Стражэвічы Чашніцкага раёна, што на Віцебшчыне, Ганны Мішулковай заўсёды знаходзяцца сілы на навядзенне прыгажосці ў роднай вёсцы: абкасіць бур'ян, высекчы хмызняк — усё гэта 68-гадовая жанчына ахвотна робіць сваімі рукамі, бо для яе пасада старасты — не проста фармальнасць, піша «Звязда».
У Лукомльскім сельскім Савеце Ганну Данілаўну ведаюць як чалавека неабыякавага не толькі да свайго населенага пункта, але і да аднавяскоўцаў. «З праблемамі, якія ўзнікаюць у Стражэвічах, яна, як правіла, спраўляецца сама. Услед за працоўным прыкладам старэйшыны, які ідзе ў адну нагу з жыццёвым аптымізмам і незгасальнай энергіяй, астатнія жыхары таксама робяць свае двары больш прыгожымі», — характарызуе жанчыну старшыня сельсавета Нэлі Гамбаран.
Сама Ганна Данілаўна лічыць, што няўменне сядзець склаўшы рукі ў яе з'явілася яшчэ ў дзяцінстве: сям'я жыла на хутары ў Салігорскім раёне, у ёй выхоўваліся восем дзяцей. Вядома, трымалі вялікую гаспадарку і агароды, а яшчэ імкнуліся зарабіць сумленна — сваім мазалём. Разам з маці Ганна жала жыта, нароўні з хлопцамі ўставала на світанку і брала ў рукі касу — талакой нарыхтоўвалі балотную траву і здавалі яе ў калгас, атрымліваючы грошы на падрыхтоўку да школы.
На Віцебшчыну, у ваколіцы Чашнікаў, дзяўчына трапіла па размеркаванні пасля сельскагаспадарчага тэхнікума. Заатэхнік па спецыяльнасці, яна некалькі гадоў працавала ў саўгасе «Зара», які знаходзіўся ў Стражэвічах, а пасля яго рэарганізацыі і да выхаду на заслужаны адпачынак працавала ў Лукомльскім саўгасе.
Тут знайшла каханне, разам з мужам пабудавалі дом. Нават пасля выхаду на пенсію Ганна Данілаўна яшчэ два гады працавала на пасадзе начальніка вытворчага ўчастка паляводчай брыгады, але пасля зразумела, што гады, як ні хацелася б, бяруць сваё, — у гарачы ўборачны і пасяўны сезоны прыходзілася цэлы дзень быць на нагах.
Акрамя гэтага, старэйшына паспявала не толькі выхоўваць двух сыноў і дачку, але і даглядаць гаспадарку, памеры якой сёння з вышыні пражытых гадоў уражваюць і саму нашу гераіню: тры каровы, свінаматкі, конь, куры, гусі, качкі… «Я зараз, калі ўспамінаю мінулае, здзіўляюся сама сабе: як гэта мы з мужам усё паспявалі? Раней каля 70 «сотак» бульбы садзілі, сена касілі да позняга верасня на кароў і каня. Але ж усе так жылі, як у вёсцы па-іншаму? І дзяцей сваіх таксама прывучалі да працы», — дзеліцца Ганна Данілаўна.
Рабоце ў галіне сельскай гаспадаркі жанчына аддала 38 гадоў, але з надыходам пенсіі свой працоўны патэнцыял не страціла, наадварот, з'явілася больш часу на неабходныя вясковыя клопаты. Шэсць гадоў таму Ганна Данілаўна была абрана старэйшынай Стражэвіч, для сябе вырашыла, што чакаць лепшага для вёскі няма калі — трэба пачынаць з сябе.
Дзень за днём, узброеная сякерай і касой, жанчына выходзіла на вуліцу — паціху з Палявой знік хмызняк; два паркі, якія за шмат гадоў згубілі свой прывабны выгляд, ізноў загаманілі зялёнымі кронамі, запрашаючы жыхароў прайсціся па алеі. Нядаўна Ганна Данілаўна з сяброўкай унеслі свой уклад у добраўпарадкаванне вясковых могілак: драўляная агароджа там даўно патрабавала замены, аднак адказныя службы доўга збіраліся з думкамі, каб правесці дэмантаж. За два дні жанчыны разабралі плот, мужчыны дапамаглі вывезці смецце і ўстанавілі новы. Наступнай вясной засталося яго пафарбаваць. Даглядае Ганна Данілаўна нават старыя закінутыя пахаванні, у добраўпарадкаванні на дапамогу прыходзяць яе сыны.
Працавітая і неабыякавая старэйшына з вялікім сэрцам у паважным узросце дапамагае і адзінокім суседзям: снег на двары расчысціць, дроў прынесці, дываны выбіць — на ўсё жанчыне хапае не толькі часу, але і вялікай душы.
Зараз Ганна Данілаўна з мужам таксама трымаюць гаспадарку, але не такую вялікую, як некалі: каля паўсотні трусоў і казу. Муж захапляецца пчалярствам — у яго ўладзе каля 40 «дзыжучых» домікаў, гаспадыня — працай на зямлі. У яе — дзве вялікія цяпліцы, 80 сотак зямлі пад збожжа, бульбу і гародніну. Сарты памідораў, якіх у старэйшыны каля 20, знаходзіць у інтэрнэце і эксперыментуе з іх ураджайнасцю на сваіх «сотках». Летам сядзіба Мішулковых патанае ў чароўных пахах і фарбах кветак, бабулі і дзядулю ахвотна дапамагаюць пяцёра ўнукаў.
Умее Ганна Данілаўна і па-майстэрску вышываць, аднак сябе характарызуе як чалавека працы, а не мастацтва. Мо калі б у вёсцы было аддзяленне для пенсіянераў, у кампаніі аднадумцаў хобі прыносіла б радасць, аднак цяпер у Старажэвічах, некалі буйнога населенага пункта, засталіся толькі хаты — сацыяльна значных аб'ектаў няма. Збіраюцца пажылыя людзі толькі ля аўтакрамы, дзеляцца навінамі і планамі на будучае лета.
У планах самой старэйшыны — працягваць рабіць свой куток больш прыгожым і ўтульным для сябе і вяскоўцаў, балазе, здароўе дазваляе брацца за сякеру і касу. Нездарма жыццёвым крэда Ганны Данілаўны з юнацтва і да сённяшняга дня застаецца крылатае выказванне «Рух — жыццё», якое дазваляе не толькі адчуваць сабе моцнай, але і шчаслівай.
Каментары