«Прыстаю да сабачнікаў на вуліцы». Жанчына з-пад Гомеля ператварыла старажытнае рамяство з хобі ў прафесію
Яна ведае, як старыя рваныя рэчы выкарыстаць для творчасці, і не можа на вуліцы прайсці міма сабакі з доўгай шэрсцю. Імкненне атрымліваць прыбытак ад хобі дапамагло шматдзетнай маці з Гомельскага раёна змяніць сваё жыццё, піша «Звязда».
«Вяжу, колькі сябе памятаю»
У доме Фрошыных з пасёлка Чонкі пад Гомелем усе ведаюць, як гаспадыня, любімая жонка, маці трох сыноў умее ствараць незвычайную музыку. Пыхкаюць, цокаюць, б'юць рытм у яе руках кросны і калаўрот. Ганна з ніткамі, кручком, пражай у руках — колькі сябе помніць. Вязаць навучылася, калі ў школу яшчэ не хадзіла. Не так даўно жанчына асвоіла ткацтва.
«Па спецыяльнасці я закройшчыца, — расказвае Ганна. — Калі пайшла ў трэці дэкрэтны адпачынак, сыну цяпер пяць гадкоў, загарэлася ідэяй вырабляць пражу з шэрсці сабакі і воўны. Даведалася, што ў Расіі робяць ніткі з шэрсці ангорскіх трусоў. Такая пража вельмі дорага каштуе і ў нас — дэфіцыт. Але, каб спрасці з такога матэрыялу, не патрэбная папярэдняя апрацоўка, у адрозненне ад прадзення з воўны ці шэрсці сабакі. Я так захацела завесці ангорскіх трусоў, што мужу спакою не давала».
Яшчэ была цяжарная, і ён мудра не адмаўляў, але прасіў дачакацца нараджэння дзіцяці. Калі сын нарадзіўся — стала не да трусінай гаспадаркі. Але мары вырабляць самой пражу і вязаць з яе не здрадзіла.
Цеплата навынас
Пасля дэкрэту жанчына ўладкавалася да індывідуальнага прадпрымальніка ў сваім пасёлку майстрам па рамонце адзення.
«Справа ішла не надта бойка, нашы жыхары не часта звяртаюцца па такую паслугу. Таму зарабіць складана. Вырашыла паспрабаваць працаваць як самазанятая», — тлумачыць жанчына.
Мінулай вясной Ганна стала на ўлік беспрацоўных і пачала афармляць рамесную дзейнасць. Ёй ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне прапанавалі прайсці навучанне па прадпрымальніцкай дзейнасці і скласці бізнэс-план.
Майстрыха нечакана для суседзяў па пасёлку вырашыла больш не займацца пашывам і рамонтам адзення, а зарэгістравацца як вытворца тканых і вязаных адзення і аксэсуараў. Калі прайшла курсы і абараніла бізнэс-план, атрымала субсідыю на развіццё ўласнай справы.
«Ткацтва як рамесная дзейнасць — з'ява ў нас рэдкая. Раней на адпаведных выставах і кірмашах ніколі не сустракала рамеснікаў-ткачоў. Большасць знаёмых круцілі пальцам ля скроні, як той казаў,
— прызнаецца Ганна. — У бізнэс-плане прапісала, колькі за месяц магу зрабіць, каб атрымаць даход, прапісала выдаткі, абазначыла, як мяркую распаўсюджваць сваю прадукцыю, запланавала супрацоўніцтва з фермерамі, якія займаюцца развядзеннем жывёл, каб набываць у іх воўну».
За кошт дзяржаўнай субсідыі яна атрымала 4 тысячы 600 рублёў — Ганна набыла ткацкія станкі: вялікі стацыянарны і мабільны для кірмашоў і выязных майстар-класаў, і неабходныя для іх матэрыялы. Спачатку майстрыха ткала дыванкі з другаснай сыравіны — у справу пайшла старая пасцельная бялізна і вельмі прыдатныя для такіх вырабаў зношаныя джынсы. Ткала яна і палатно, рабіла дэкаратыўныя падушкі, сумкі-шоперы. З воўны і сабачай шэрсці вырабляла паланціны, шарфы, пальчаткі. Так атрымалася вязана-тканая «капсула», як цяпер модна абазначаюць кампаненты гардэробу, якія пасуюць адзін да аднаго.
Ніводзін сабака не пацярпеў
«Мне хочацца, каб людзі бачылі, што такі матэрыял як сабачая шэрсць, воўна — гэта не толькі пра вязанне шкарпэтак і супрацьрадыкулітных паясоў, пры ўсёй павазе і да гэтых вельмі важных вырабаў», — пераконвае Ганна Фрошына.
Цёплыя рэчы могуць быць не толькі ўтульнымі, але і эстэтычнымі, далікатнымі. У тканых рэчах Ганне падабаецца гэты пяшчотны, мяккі акцэнт пастэльнага каляровага настрою.
«Аказалася, што працаваць з воўнай вельмі складана. Цяпер у асноўным вырабляю пражу з сабачай шэрсці. Прыстаю да сабачнікаў на вуліцы», — смяецца Ганна.
Самаед, чау-чау, аўчарка — вычасаная шэрсць прадстаўнікоў гэтых парод самая лепшая для яе вырабаў, тлумачыць майстрыха. Яна яе мые, чэша, прадзе, а толькі пасля вяжа або тчэ.
Вытрымаць выклік публічнасці
Майстрыха прызнаецца, што самым складаным для яе ў справе самазанятай стала рэклама. Акрамя таго, кажа, яе ўнутраны творца — мастак, часам моцна пакутуе, калі пры вырабе на заказ жаданне кліента супярэчыць яе густу.
«Курсы прадпрымальніцкай дзейнасці, якія дзяржава арганізуе абсалютна бясплатна для беспрацоўных, вельмі карысныя для чалавека, у якога ёсць жаданне адкрыць сваю справу. Навучанне дае патрэбны напрамак: з чаго пачынаць, як скласці бізнэс-план, як развівацца далей, — выказвае сваё меркаванне Ганна. —
Для мяне, напрыклад, стала самым складаным прасоўваць сваю прадукцыю анлайн, праз сацыяльныя сеткі. Калі чалавек не надта камунікабельны, як я, гэта сапраўды работа над сабой, яна вельмі важная, трэба рыхтавацца да яе.
Калі б была магчымасць яшчэ і такія курсы праходзіць перад тым, як адкрываць бізнэс ці афармляць рамесніцтва, было б цудоўна».
Майстрыха зазначае, што самазаняты ці індывідуальны прадпрымальнік, які рыхтуецца адкрыць сваю справу і разлічвае атрымаць дзяржаўную падтрымку, можа пэўныя сродкі на рэкламу сваёй прадукцыі закласці ў бізнэс-план. Ганна так не зрабіла. Пабаялася, што не зможа асвоіць сродкі, закладзеныя на рэкламаванне, а справаздача па кожным артыкуле строгая.
«Як ткачыха я самавучка. У мяне чатырохрамізны станок і ўсё, што магла самастойна, я асвоіла. Цяпер зразумела, што інфармацыі, якая ёсць у адкрытым доступе, недастаткова. Простае палатнянае перапляценне мне ўжо не цікава ткаць. Таму хачу анлайн навучацца шматрамізнаму ткацтву ў клубе ткачоў з Санкт-Пецярбурга. Мару асвоіць саржавае, атласнае перапляценне нітак палатна з самай разнастайнай фактурай», — падзялілася яна планамі.
Каментары