Грамадства

«Спачатку свабода, пасьля — вясельле»

20 ліпеня сваё 25-годзьдзе адсьвяткаваў адзін зь лідэраў незарэгістраванага "Маладога фронту" Зьміцер Дашкевіч. "Наша Ніва" не магла прамінуць такое даты й прымеркавала гутарку са Зьмітром да ягонага юбілею.

Зьмітру Дашкевічу 25 гадоў. Зь іх паўгоду ён адсядзеў на «сутках».

20 ліпеня сваё 25-годзьдзе адсьвяткаваў адзін зь лідэраў незарэгістраванага «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч. «Наша Ніва» не магла прамінуць такое даты й прымеркавала гутарку са Зьмітром да ягонага юбілею.

«НН»: Зьміцер, найперш хачу павіншаваць цябе ад імя ўсёй рэдакцыі зь юбілеем.

Зьміцер Дашкевіч: Дзякуй.

«НН»: Што для цябе значыць гэта дата ў 25 гадоў?

ЗД: Па шчырасьці, нават не было часу, каб адсьвяткаваць народзіны, ня тое, што задумвацца аб значнасьці падзеі. Сустрэў юбілей як шараговую падзею, без залішняй пампэзнасьці і філязофскіх розмыслаў.

«НН»: Ці думаў, калі ў 2000 годзе ўступаў у «Малады фронт», што праз чатыры гады станеш адным зь лідэраў арганізацыі?

ЗД: Найхутчэй, не. Бо нейкае кіраўніцтва ў мяне ніколі не было самамэтай. Але так склалася, і я ні аб чым не шкадую.

«НН»: Зьміцер, сёньня для вялікай колькасьці моладзі ты неаспрэчны аўтарытэт у многіх пытаньнях. Ці адчуваеш адказнасьць за гэтых маладзёнаў?

ЗД: Канечне. Спрабуеш не расчароўваць іх. Узважваеш кожнае сваё слова і учынак.

«НН»: Ці шкадаваў калі, што зьвязаў сваё жыцьцё з «МФ»?

ЗД: Ніколі! І нават не задумваўся аб гэтым. Я ўдзячны Госпаду, што ён прывёў мяне ў гэтую арганізацыю.

«НН»: Хто для цябе Севярынец?

ЗД: Найперш сябар і паплечнік, які ведае, як табе дапамагчы ў складаны момант. Таксама настаўнік, ён шмат чаму навучыў мяне ў жыцьці. А яшчэ Севярынец – эталён беларускага палітыка. Такіх самаахвярных палітыкаў, як Паша, паболей бы.

«НН»: Ці не баісься трапіць на «хімію» ці ў турму як той жа Севярынец ці Фінькевіч?

ЗД: А чаго тут баяцца? Я не напружваюся на гэты конт; калі так трэба, то сяду. Я ўжо думаў, што буду сядзець пасьля выбараў. Сьледчыя КДБ зьбіралі матэрыял на мяне, каб перадаць у пракуратуру. У нашай краіне кінуць чалавека за краты не праблема, але пакуль я на волі, буду працягваць змаганьне.

«НН»: Ці спыняць улады крымінальны перасьлед «маладафронтаўцаў»?

ЗД: Не хачу нічога загадваць па гэтым пытаньні. Гэта ўсё вельмі балюча, але я спадзяюся на лепшае.

«НН»: Хутка зьезд «МФ». Ці гатовы да таго, што цябе не пераабяруць на старшынства?

ЗД: Кіраваньне ня ёсьць для мяне самамэтай, але ў мяне ёсьць канкрэтная праграма дзейнасьці арганізацыі, і, я думаю, удзельнікі зьезду падтрымаюць мяне.

«НН»: Якую можаш даць ацэнку дзейнасьці салігорскіх «маладафронтаўцаў»?

ЗД: У Салігорску яшчэ маладая, але вельмі актыўная структура. Яны малайцы. І салігорцы павінны стаць узорам для «маладафронтаўцаў» у іншых гарадох.

«НН»: Колькі часу ад першага арышту ў 2002-м ты сумарна адседзеў на сутках?

ЗД: Журналісты падлічылі, што дзесьці паўгоду. Канечне, стаміўся жахліва, але, калі сяджу, значыць, гэта некаму трэба.

«НН»: Ці маглі, на твой погляд, падзеі на Плошчы скласьціся іначай?

ЗД: Маглі. Праўда, толькі 19 сакавіка. Астатнія чатыры дні моладзь проста адстойвала гонар беларускай апазыцыі.

«НН»: Нядобразычліўцы закідаюць «МФ» празьмерную рэлігійнасьць. Што ты адкажаш на такія закіды?

ЗД: Скажу, што адзін чалавек, які стаіць на падмурках Хрыста, зробіць нашмат болей за тысячу бунтароў, які ня ведаюць чаго яны хочуць і на якіх маральных каштоўнасьцях яны стаяць. Я сам стаў вернікам адносна нядаўна. Хаджу ў пратэстанцкую царкву, вывучаю Біблію. З гэтага часу я шмат чаго зразумеў.

«НН»: Зьміцер, ці апраўданыя любыя сродкі змаганьня дзеля дабра Бацькаўшчыны?

ЗД: Не. Як напісана ў Бібліі, ніколі не пераможаце, калі будзеце змагацца незаконнымі сродкамі. Наша барацьба і ёсьць моцнай дзякуючы свайму маральнаму аспэкту.

«НН»: Ці ўважаеш ты сябе за шчырага палітыка?

ЗД: Я імкнуся да гэтага. Не бывае беззаганных людзей, і я тут не вынятак. Але спрабую выправіць свае памылкі. Не крыўдую на крытыку і заўвагі.

«НН»: Якія ў цябе зацікаўленасьці, апроч палітыкі?

ЗД: Так склалася, што «МФ» для мяне ўсё. Я цалкам аддаюся арганізацыі і змаганьню. На астатняе, акрамя вучобы, папросту не застаецца часу.

«НН»: Зьміцер, а ці ня думаеш яшчэ жаніцца?

ЗД: Пакуль што не. Трэба спачатку свабоды для краіны дамагчыся, а ўжо потым і пра вясельле думаць.

Каментары

Цяпер чытаюць

Генасамблея ААН прагаласавала за мір ва Украіне. Беларусь была супраць23

Генасамблея ААН прагаласавала за мір ва Украіне. Беларусь была супраць

Усе навіны →
Усе навіны

Румынія прыпыніла выдачу віз беларусам7

Лідара Gods Tower не пусцілі на самалёт на Кіпр, гурт паляцеў без яго10

З раскошным відам на ваду. У сталіцы пачынае фармавацца новы мікрараён, першы дом хутка будзе гатовы6

«Аааа, нарэшце! Мы ўсё думалі, калі ўжо вашы суставы…» Севярынец расказаў, як яго мэтанакіравана мучылі ў зняволенні7

Лукашэнка абнавіў склад камісіі па памілаванні1

Маладая сям’я з Жодзіна расказала, як у чатыры разы скараціла выдаткі на ежу12

Ціханоўская звярнулася да ўкраінцаў: Мы, беларусы, ведаем, што такое Расія. Мы ведаем яе імперскія апетыты20

Маразы скончыліся. Ноччу было не ніжэй за тры градусы

«Калі Пуцін пойдзе на Нарву, мы пойдзем на вайну» — міністр абароны Швецыі1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Генасамблея ААН прагаласавала за мір ва Украіне. Беларусь была супраць23

Генасамблея ААН прагаласавала за мір ва Украіне. Беларусь была супраць

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць