Эканоміка11

Жыццё прадпрымальнікаў зноў хочуць «палепшыць». Што дасць новы законапраект?

У Беларусі рыхтуюцца змены ў заканадаўства, якія закрануць працу індывідуальных прадпрымальнікаў. Пра тое, як зараз адчуваюць сябе прадпрымальнікі, як новаўвядзенні адабʼюцца на працы ІП, чаму ўлады не спыняюць ціску на прыватны сектар і чаго хочуць дабіцца чарговымі навінамі, Tochka.by спытала ў старшыні Асацыяцыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва (АМСП) Сяргея Балыкіна.

Новаўвядзенні 2023 года сур'ёзна паўплываюць на працу ІП, якіх у краіне толькі афіцыйна — больш за 270 тысяч

Паводле яго, прыватны бізнэс зараз знаходзіцца ў няпростым становішчы па некалькіх прычынах.

Першая — павелічэнне падаткаў (да прыкладу, падаходны ўлады паднялі адразу з 16% да 20%), другая — скарачэнне спажывецкага попыту, трэцяя — «барацьба з цэнамі».

Аптымізмам не пахне

Па словах лідара бізнэс-саюза, сёння ў асяроддзі беларускіх прадпрымальнікаў пераважаюць негатыўныя настроі. Няпроста знайсці прыватніка, які з упэўненасцю глядзіць у будучыню, чыя справа развіваецца і мацнее.

Акрамя рэзкага павелічэння падаходнага падатку, з 1 студзеня ў прадпрымальнікаў па сутнасці адабралі магчымасць працаваць па спрошчанай падатковай сістэме. Менавіта яна дазваляла многім развівацца і «нарошчваць фінансавыя мускулы».

Акрамя таго, для ІП у гэтым годзе таксама скарацілі спіс відаў дзейнасці, якімі можна займацца, выплачваючы адзіны падатак. А па тых, якія пакінулі, рэзка павялічылі стаўкі.

«Ускладненне падатковага адміністравання і новыя правілы цэнаўтварэння на фоне падзення рэальных даходаў і попыту не дадаюць беларускім прадпрымальнікам аптымізму», — падзяліўся назіраннем Балыкін.

Умовы існавання і вядзення гаспадарчай дзейнасці для ІП і прыватных кампаній пагаршаюцца ўжо некалькі гадоў, нягледзячы на ​​розныя дзяржпраграмы, дэкларатыўна накіраваныя на спрашчэнне іх існавання, і заявы аб важнасці павелічэння долі прыватнага сектара ў ВУП краіны. 

У чым сэнс змен?

Па словах кіраўніка бізнэс-саюза, галоўнае не ў тым, што новы законапраект ураўноўвае ў статусе як індывідуальных прадпрымальнікаў, так і рамеснікаў, так званых самазанятых і ўладальнікаў аграсядзіб.

«У прынцыпе гэта нармальна, таму што іх дзейнасць і па эканамічнай сутнасці прадпрымальніцкая, і па юрыдычнай таксама. Але гэта адзіная вартасць запланаваных новаўвядзенняў», — упэўнены Сяргей Балыкін.

На яго думку, праблема ў тым, што ўлады маюць намер увесці пералік відаў дзейнасці, якімі будзе дазволена займацца ІП. І распрацаваць яго ўжо да 1 чэрвеня!

Акрамя таго, у законапраекце «Аб змене законаў па пытаннях прадпрымальніцкай дзейнасці» размова ідзе аб тым, што Саўмін да гэтага ж тэрміну вызначыць спіс работ і паслуг, якія змогуць аказваць «самазанятыя».

«Сёння ІП можа ажыццяўляць любую не забароненую законам дзейнасць, акрамя банкаўскай, рыэлтарскай і некаторых іншых. Якім будзе новы пералік дазволенай ІП дзейнасці — вузкім або шырокім, — мы не ведаем. Але ў любым выпадку, калі ён зʼявіцца, магчымасці для працы прадпрымальнікаў будуць абмежаваныя», — наракае Балыкін.

Па планах уладаў, ІП, якія ўжо займаюцца тымі відамі дзейнасці, што трапяць у пералік, павінны будуць ліквідаваць свой бізнэс да канца 2025 года або змяніць статус, стварыўшы юрыдычную асобу.

Выключэнне — тыя прадпрымальнікі, якія займаюцца арганізацыяй і правядзеннем культурна-масавых мерапрыемстваў.

Юрыдычная асоба — не выйсце, асабліва ў райцэнтрах

Для «змякчэння ўдару» законапраект прадугледжвае магчымасць стварэння фізічнымі асобамі, якія зарэгістраваны як ІП, юрыдычных асоб, якія засноўваюцца адным чалавекам. У дакуменце прапісана працэдура такой змены статусу.

Пры гэтым арганізацыйна-прававая форма (ПУП ці ТАА) гэтых камерцыйных арганізацый пакуль не вызначана.

Але, па словах Балыкіна, новы статус далёка не заўсёды выгадны для прадпрымальнікаў, якія працуюць на перыферыі. Так, рэгістрацыя каштуе толькі 37 рублёў (адна базавая велічыня), але затым зʼяўляецца маса іншых выдаткаў (падаткі, ФСАН, арэнда офіса і г. д.). І яны куды большыя.

«Які сэнс ствараць юрыдычную асобу стаматолагу, у якога адзін наёмны работнік? Ці юрысту? А такіх (як і ІП, якія займаюцца іншымі паслугамі) на перыферыі вельмі шмат. А менавіта паслугі і дробнарознічны гандаль — гэта тое, чым займаецца большасць прадпрымальнікаў у невялікіх гарадах і пасёлках», — падкрэсліў старшыня Асацыяцыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва.

Паводле яго пераканання, гэта зусім не патрэбна абсалютнай большасці ІП. І акрамя залішняй фінансавай нагрузкі, нясе за сабой яшчэ і ўскладненне бюракратычных працэдур. А ў пераважнай большасці прадпрымальнікаў няма ні адукацыі, ні ведаў, ні досведу для вядзення ўсёй дакументацыі. Гэта патрабуе і часу, і грошай.

«І галоўнае: у райцэнтрах, у адрозненне ад Мінска або абласных гарадоў, няма той колькасці заказаў, якая дазволіць эканамічна абгрунтаваць стварэнне юрыдычнай асобы, спалучаную з павелічэннем расходаў», — растлумачыў Балыкін.

І рэзюмаваў: для паўнавартаснай працы банальна не хопіць выручкі, каб бізнэс быў рэнтабельным.

Фетышызм і кампанейшчына

Чаго ж хочуць дабіцца беларускія ўлады, чарговы раз не ў лепшы бок змяняючы ўмовы гульні для прадпрымальнікаў?

Паводле лідара бізнэс-саюза, яны зацікаўлены ў пераходзе ІП на новы ўзровень, у статус юрыдычных асоб, росце абʼёмаў паслуг і работ, якія выконваюцца, і як вынік — абʼёмаў падаткаў у бюджэты, мясцовыя і рэспубліканскі.

«Але я не разумею такога «фетышызму» перад юрыдычнымі асобамі. Прадпрымальнік і сам з задавальненнем створыць юрыдычную асобу, калі яму ўдасца развіцца і перарасці ўзровень ІП і ператварыцца ў вялікі бізнэс, які патрабуе іншых прававых формаў. Не трэба яго прымушаць або абмяжоўваць магчымасці вядзення бізнэсу», — упэўнены Сяргей Балыкін.

Да чаго ж прывядзе прыняцце законапраекта «Аб змене законаў па пытаннях прадпрымальніцкай дзейнасці»?

«Баюся, мы сутыкнёмся з чарговай кампаніяй, гэтым разам па стварэнні юрыдычных асоб, якая ні да чога добрага не прывядзе. Мы гэта ўжо праходзілі ў 2007 годзе, калі многіх ІП фактычна прымусілі стварыць ПУПы, зарэгістраваўшы іх на льготных умовах. І што ж у выніку? Нічога, там, дзе гэта было эканамічна нявыгадна, гэтыя структуры разваліліся», — распавёў ён.

Ні падаткаў, на занятасці, ні развіцця прыватнага сектара

Акрамя таго, паводле слоў Балыкіна, ПУПы не стануць плаціць больш падаткаў, хутчэй, наадварот, зменшаць адлічэнні ў бюджэты, выкарыстоўваючы «спрошчаную сістэму падаткаабкладання» і іншыя метады працы.

«Няма фіскальных выгад для дзяржавы: сёння ІП на агульнай сістэме падаткаабкладання плацяць больш падаткаў, чым юрыдычныя асобы на спрошчанай», — растлумачыў ён.

Можа, новаўвядзенні дазволяць павялічыць занятасць, і замест аднаго ІП, які займаецца справай, зʼявяцца «сакратар-бухгалтар-юрыст»? Балыкін лічыць, што наўрад ці: плаціць ім, а таксама ўладальнікам арэндных плошчаў, на якіх размесцяцца офісы новых юрыдычных асоб, не будзе з чаго.

І варыянты працягу існавання ў тых, хто закрые сваю справу, ляжаць у плоскасці ценявой эканомікі. А сіл у кантралюючых органаў для выяўлення ўсіх парушэнняў усё менш.

«Акрамя таго, беганіна па кабінетах чыноўнікаў і дадатковая бюракратычная нагрузка зробіць жыццё прадпрымальнікаў, якія засталіся, больш складаным, пакіне ім менш часу на працу. Такім чынам, яны стануць менш зарабляць і плаціць падаткаў. Пры гэтым у чыноўнікаў працы дабавіцца», — абмаляваў перспектывы кіраўнік бізнэс-саюза.

Можа, мэта новаўвядзенняў — павелічэнне кантролю за выплатай падаткаў? І змяненне статусу ІП прывядзе да росту іх абʼёмаў?

«Ці дасць гэта ўладам нешта для кантролю? Не. Пры цяперашнім узроўні лічбавізацыі можна лёгка кантраляваць як юрыдычных асоб, так і ІП. Лічу, гэта бессэнсоўная кампанія, прадыктаваная выключна ідэалагічнымі меркаваннямі, ніяк не эканамічнымі», — адзначыў Сяргей Балыкін.

На яго думку, дадатковыя складанасці падштурхнуць ІП, жыццё якіх апошнія гады лягчэйшым не стала адназначна, да парушэнняў.

«Прыйдзецца прыстасоўвацца да новых рэалій і частка прадпрымальнікаў стане парушаць заканадаўства, і зразумела, што ўсе гэтыя парушэнні ўлады не «вылавяць». Кантралёраў ужо не хапае», — рэзюмаваў Сяргей Балыкін.

Каментары1

  • Тайкус
    02.05.2023
    АГЛ Ваты не катает ))))

«Беларусы будуць ціхенька думаць сваё. А вада камень точыць, дый Лукашэнка фізічна не вечны». Глыбокі маналог былога мытніка Алеся Юркойця4

«Беларусы будуць ціхенька думаць сваё. А вада камень точыць, дый Лукашэнка фізічна не вечны». Глыбокі маналог былога мытніка Алеся Юркойця

Усе навіны →
Усе навіны

Ва Украіне на 15 гадоў турмы асудзілі ўраджэнца Магілёва, які ваяваў на баку Расіі і трапіў ва ўкраінскі палон

Навальная: Я не жадаю паразы сваёй краіне — жадаю паразы Пуціну23

Начальнік Генштаба Польшчы: NATO абавязкова дапаможа нам у выпадку агрэсіі Расіі ці Беларусі. Пагроза вайны рэальная

Памежнікі затрымалі людзей з незвычайным дронам. Вось у чым яго асаблівасць1

«Хачу, каб у маіх дзяцей былі нармальныя сямейныя каштоўнасці». 21-гадовая жыхарка Латвіі сабралася пераехаць у Беларусь30

У Маскве замест памерлага беларускага святара па-беларуску служыць армянін2

Сваяк Віктара Лукашэнкі займае высокія пасады ў КДБ. Гэта высветлілася, калі забралі будынак дзіцячай паліклінікі10

У Віцебску машына пранеслася ў лічаных сантыметрах каля пешахода ВІДЭА

Пракуратура праверыла фермы Гомельшчыны. Факты жахлівыя7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Беларусы будуць ціхенька думаць сваё. А вада камень точыць, дый Лукашэнка фізічна не вечны». Глыбокі маналог былога мытніка Алеся Юркойця4

«Беларусы будуць ціхенька думаць сваё. А вада камень точыць, дый Лукашэнка фізічна не вечны». Глыбокі маналог былога мытніка Алеся Юркойця

Галоўнае
Усе навіны →