«Яны забіраюць наш хлеб». Казахстанскія перавозчыкі выступаюць за тое, каб Еўрасаюз абмежаваў рух грузавікоў на беларускіх і расійскіх нумарах
Саюз міжнародных аўтамабільных перавозчыкаў Казахстана (КазАТО) выказаў незадаволенасць з-за ўшчамлення мясцовых транспартных кампаній з боку перавозчыкаў Беларусі і Расіі.
Казахстанскія транспартныя кампаніі хочуць спыніць паралельны імпарт са сваёй тэрыторыі ў Беларусь і Расію, а таксама папрасіць Еўрасаюз абмежаваць па сваёй тэрыторыі перамяшчэнне грузавікоў на беларускіх і расійскіх нумарах. Пра гэта паведаміў казахстанскі офіс Forbes са спасылкай на прэс-канферэнцыю мясцовых транспартных кампаній.
Падчас прэс-канферэнцыі кіраўнікі Саюза міжнародных аўтамабільных перавозчыкаў Казахстана (КазАТО) выказаліся супраць палітыкі казахстанскіх улад, якія дазваляюць фірмам з Беларусі і Расіі праводзіць «перачэпку» на свае машыны грузаў з Еўропы, якія ідуць у Казахстан і назад.
На думку КазАТО, ва ўмовах міжнародных санкцый у дачыненні да Беларусі і Расіі такі дазвол толькі пагаршае рэпутацыю і эканоміку Казахстана, а таксама ўшчамляе мясцовых перавозчыкаў.
«З 2022 года ў сувязі з санкцыямі, накладзенымі на Расійскую Федэрацыю і Рэспубліку Беларусь, расійскія і беларускія кампаніі рэгіструюць на тэрыторыі Казахстана транспартныя кампаніі і атрымліваюць статус мясцовага рэзідэнта. Іх грузавікі ставяцца на ўлік і атрымліваюць казахстанскія дзяржаўныя рэгістрацыйныя нумарныя знакі, і яны тым самым ажыццяўляюць міжнародныя аўтаперавозкі ў еўрапейскія краіны пад сцягам Казахстана», — заяўляе прэзідэнт КазАТО Махсат Сактаганаў.
Па інфармацыі КазАТО, беларускія і расійскія транспартныя кампаніі разам асобнымі прадпрымальнікамі масава ствараюць у Казахстане юрыдычныя асобы і мімікрыруюць пад мясцовых гульцоў, што дае ім велізаныя магчымасці для паралельнага імпарту тавараў. З улікам таго, што афіцыйна Казахстан не дапамагае Беларусі і Расіі з паралельным імпартам, тое, што адбываецца зараз, значна пагаршае міжнародную рэпутацыю Казахстана.
У дадатак да гэтага мясцовыя перавозчыкі скардзяцца на рэзкае пагаршэнне іх матэрыяльнага становішча і якасці жыцця з-за «перачэпкі» і звязаных з ёй страт.
«Цяжка стала працаваць, зарабляць і весці бізнэс. Беларусь і Расія адбіраюць наш хлеб. Гэта нашы грузы, і менавіта мы павінны іх вазіць. Вось, напрыклад, сітуацыя з Беларуссю: на кожны наш рэйс, санкцыйны і несанкцыйны, патрэбная электрапломба за 130 еўра. Пры «перачэпцы» ў Беларусі з нас звычайна бяруць яшчэ ад 1500 да 3800 еўра на дадатковы дазвол для перавозак у Еўропу, і гэта толькі ў адзін бок, таму даводзіцца плаціць двойчы. І яшчэ дадаткова патрабуюць больш за 200 еўра за «дазвол на перавозку ад трэцяй краіны». Пры гэтым з нас не павінны, паводле пагадненняў, такога патрабаваць», — скардзяцца казахстанскія перавозчыкі.
Паводле іх слоў, з-за гэтага тысячы работнікаў транспартных кампаній Казахстана засталіся без заработнай платы, а іх сем'і — без даходу.
Таму КазАТО патрабуе ад улад Казахстана адмовіцца ад падобнай «перачэпкі» і хоча папрасіць Еўрасаюз абмежаваць перамяшчэнне па сваёй тэрыторыі любых грузавікоў на беларускіх і расійскіх нумарах.
Каментары