Генеральная дырэктарка Вялікага тэатра оперы і балета Кацярына Дулава расказала, чаму ў тэатра няма галоўнага дырыжора, што прывязе на гастролі ў Мінск Вялікі тэатр Расіі і ці здолее «калектыўны Захад» адмяніць рускую культуры.
Інтэрв'ю выйшла на тэлеканале «Беларусь 1» у праграме «Скажы. Не маўчы».
Кацярына Дулава была прызначаная генеральнай дырэктаркай Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета 4 студзеня 2022 года, змяніўшы Вячаслава Гарбузава, які прапрацаваў на пасадзе ўсяго сем месяцаў. Да гэтага Дулава з 2010 па 2022 гады была рэктарам Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі.
Вядома, што калектыў тэатра ўдзельнічаў у пратэстах у жніўні 2020 года. 24 жніўня галоўным дырыжорам Нацыянальнага тэатра оперы і балета быў прызначаны Вячаслаў Чарнуха-Воліч, які да гэтага служыў на такой жа пасадзе ў Адэскім нацыянальным акадэмічным тэатры оперы і балета. Але ўжо 26 жніўня ён пакінуў сваю пасаду. Паводле афіцыйнай інфармацыі — праз каранавірусную інфекцыю.
27 кастрычніка артысты правялі акцыю салідарнасці з беларускім народам перад пачаткам спектакля «Царская нявеста». На наступны дзень звольнілі 4 супрацоўнікаў тэатра: дырыжора тэатра, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі Андрэя Галанава, першую скрыпку аркестра Рэгіну Саркісаву, скрыпачку Алу Джыган і альтыстку Аляксандру Пацёміну.
Да лютага 2023 года з тэатра звольнілі яшчэ двух дырыжораў — Івана Касцяхіна і Алега Лесуна.
Да сёння ў тэатры няма галоўнага дырыжора. Чаму?
Кацярына Дулава адзначае, што знайсці галоўнага дырыжора няпроста. Гэта абумоўлена тым, што сама пасада абсалютна эксклюзіўная. Да яе асаблівыя патрабаванні. Яе, як правіла, займаюць людзі, якія маюць дзве вышэйшыя адукацыі. Па яе словах, гэта прафесія другой паловы жыцця.
«Пакуль ты асвойваеш нешта як піяніст, ці як харавік, ці скрыпач, ты атрымліваеш вышэйшую музычную адукацыю ў пэўнай сферы. Усё, што датычыць дырыжыравання, то гэта асаблівы свет, які звязаны з асваеннем цэлага шэрагу музычных партытур сімфоній, опер, балетаў. У іх спалучаная вялікая колькасць розных кампанентаў. І ты павінен праявіць майстэрства іншага роду. У тым ліку асаблівага роду чалавечыя якасці, інтэлектуальныя».
Таму, па словах генеральнай дырэктаркі, было ў савецкі час прынятае рашэнне ў кансерваторыях рыхтаваць на ўзроўні другой вышэйшай адукацыі чатыры спецыяльнасці. Да іх адносіліся і оперна-сімфанічныя дырыжоры.
«Гэта не проста спецыялізацыя, а зусім асаблівая прафесія. Тут павінна быць харызма, неймаверны аўтарытэт. Ты павінен умець кіраваць сотнямі людзей. Быць пераканаўчым і грунтоўным».
Дулава адзначыла, што так склалася, што сёння тэатр выкарыстоўвае досвед расійскіх калег.
«У прынцыпе, гэта абсалютна нармальная сітуацыя для ўсіх тэатраў свету. І мы ведаем, якія доўгія ці кароткія кантракты мелі ўсе знакамітыя дырыжоры ў розных тэатрах свету, а часам і ў некалькіх адразу. Тут падыход павінен быць адназначным — высокі прафесіяналізм чалавека і карысць для тэатра».
Кацярына Дулава згадвае, што яны прыглядаліся да маладых дырыжораў, якія прыязджалі з розных тэатраў. Быў абвешчаны конкурс, і цяпер тэатр працуе з некаторымі з прэтэндэнтаў.
«У нас ёсць рознагалоссі. Але, спадзяюся, нам атрымаецца іх ліквідаваць. І ў скорым часе мы атрымаем такую творчую адзінку. (…)
Вельмі важна меркаванне аркестра. Шмат у якіх еўрапейскіх краінах дырыжора ўвогуле выбірае аркестр. У нас такі выбар дапускаецца. Праўда, ён не канчатковы. Але мы прыслухоўваемся да меркавання музыкаў», — адзначыла Дулава.
Што прывязе ў Мінск Вялікі тэатр Расіі
Дулава адзначыла, што ў Расіі ва ўмовах адсутнасці гастроляў у тыя краіны, якія вырашылі «адмяніць нашу культуру», рэалізуецца праграма «Вялікія гастролі». Гэта спрыяе прыезду ў Беларусь творчых калектываў Расіі.
Генеральная дырэктарка адзначае, што ў кастрычніку адбудуцца гастролі Вялікага тэатру Расіі ў Мінску. Пакажуць нацыянальную рускую оперу і арыгінальную харэаграфічную пастаноўку.
Як адзначае Дулава, гэта адпавядае таму фармату, які быў падчас гастроляў у Маскве ў мінулым годзе Вялікага тэатра Беларусі (тады дэманстравалі арыгінальную версію балета «Шчаўкунчык» і нацыянальную оперу «Дзікае паляванне караля Стаха»).
Па словах генеральнай дырэктаркі, перамовы амаль завершаныя. Але назваць, што ўбачаць беларускія гледачы, яна адмовілася. Гэта яна тлумачыць тэхнічнымі перашкодамі, якія могуць адбыцца ў працэсе рэалізацыі дамоўленасцяў.
Куды на гастролі можа паехаць тэатр ва ўмовах, калі яго мала дзе чакаюць
Дырэктарка адзначыла, што за мінулы год тэатр пабываў у Амане і Тайландзе. А нядаўна балет «Спартак» у пастаноўцы Валянціна Елізарʼева паказвалі на сцэне Ташкенцкага тэатра оперы і балета.
«Цяпер ёсць планы так званага «ўсходняга вектару». Гэта ў першую чаргу Кітайская Народная Рэспубліка, дзе вельмі любяць і ведаюць беларускі балет. Запатрабаваная і опера, бо кітайцы ведаюць, што ў нас руская, італьянская традыцыя спеваў. Спадзяюся, да восені мы вызначымся. І зразумела, гэта ўсход. У самым простым сэнсе — Усход. Гэта Эміраты, Катар. Цяпер ідуць перамовы па гэтым напрамку».
Дулава адзначыла і некаторыя складанасці з прадстаўленнем балетнага мастацтва на ўсходніх сцэнах. «У нас мастацтва еўрапейскае. І ёсць нюансы з прадстаўленнем чалавечага цела, з магчымасцямі, што можна паказваць, а што — нельга». Але, на погляд генеральнай дырэктаркі, удасца дамовіцца.
Ці змогуць краіны «калектыўнага Захаду» адмяніць рускую культуру
Мерапрыемствы, скіраваныя на адмену рускай культуры ў краінах Захаду, Дулава лічыць абсалютным абсурдам.
«Мы нешта будзем выносіць з музеяў ці з бібліятэк вымаць кнігі? Гэта падобнае да таго, як спальвалі на кастрах. Гэта сусветны здабытак. І адымаць гэта ў народа, у свету — наносіць шкоду ў першую чаргу сабе і сваёй культуры»,
— мяркуе генеральная дырэктарка.
Кацярына Дулава адзначае, што цяпер у Вялікім тэатры гучаць абсалютна ўсе мовы: французская, нямецкая, італьянская. Оперныя творы выконваюцца на мове арыгіналу.
«Ні секунды няма думкі, каб унесці нейкія карэкціроўкі ў рэпертуар балета ці хору. Бо мы добра разумеем, што гэта частка культуры. І мы ў ёй існуем. Спосаб барацьбы толькі адзін — усякімі спосабамі даказваць, што гэта абсалютны абсурд»,
— лічыць генеральная дырэктарка.
Чытайце яшчэ:
Беларускі Оперны тэатр вырашае кадравыя праблемы праз запрашэнне расіян?
З Опернага тэатра звольнілі дырыжора Алега Лесуна
Беларус трапіў у фіналісты Прэміі маладых дырыжораў імя фон Караяна
Каментары