Грамадства11

«Мой светапогляд абсалютна не змяніўся». Палітык Віктар Карнеенка стаў садаводам і рамеснікам

Вядомы грамадскі дзеяч і экс-дэпутат Вярхоўнага Савета СССР распавёў «Народнай Волі» пра свой дом і гаспадарку, пра заняткі рамесніцтвам, а таксама пра тое, чаму ён адышоў ад палітыкі.

Віктар Карнеенка разам з унучкай

— Цяпер я на пенсіі, жывём з жонкай у сваім прыватным доме ў Фаніпалі, — кажа Віктар Карнеенка. — Пераехалі сюды даволі даўно — у 2007 годзе.

У Гомелі ў мяне і мамы былі кватэры, лецішча, гараж. Усё гэта мы паступова прадалі, набылі ўчастак у Фаніпалі і пабудавалі дом.

— Самі будавалі?

— Безумоўна. Калі купілі ўчастак зямлі, ён быў абсалютна пустым. Пры гэтым дзейнічаў даволі строгі закон — участак 15 сотак быў не вельмі дарагі, але пабудаваць дом трэба было за два гады. Паспелі. Нерухомую маёмасць у Гомелі паступова прадавалі, а сродкі ўкладвалі ў будоўлю.

— Ці вялікая цяпер гаспадаркаНа вашых здымках усё выглядае прыгожа…

— Ёсць агарод і сад — больш нічога. Быў сабака, але цяпер засталіся толькі каты.

Гэта другі сад у маім жыцці, які я пасадзіў. У садзе каля 20 садовых і дэкаратыўных дрэваў. Чорная сасна, туя, кітайскі ядловец «Стрыкта», розныя кусты…

Растуць маліны, парэчкі, кізіл, кітайскі лімоннік, абляпіха і бружмель. Пасадзіў 28 кустоў буякоў. Таксама ў садзе яблыні, грушы, цудоўная чарэшня, слівы і абрыкосы. Мае сябры памятаюць смак дамашніх абрыкосаў, якія я прыносіў у офіс Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

— Нешта прадаяце з таго, што вырошчваеце?

— Нічога. Была спроба вырошчваць расаду на продаж, але аказалася, што справа гэта вельмі клапатлівая. Ды і канкурэнцыя ў гэтай сферы даволі высокая, у Беларусі існуе цэлая індустрыя.

Але ў нас агарод займае ўсяго паўтары соткі, што тут прадаваць? Іншая справа, што часам бульбу, напрыклад, проста раздаём блізкім і нават добрым знаёмым. Натуральна, што мы з жонкай 400—500 кілаграмаў бульбы, якую збіраем, не з’ядзім, таму частуем іншых ураджаем.

Але па садавіну і гародніну ў магазін хадзіць нам не трэба. Нават на зіму ягады замарожваем, а зімой яны як знойдуцца!

І хачу сказаць, што гаспадаркай і агародам мы займаемся не толькі цяпер, калі я пайшоў на пенсію. Гэта не так цяжка, як падаецца. Адзінае, што ў гэтым годзе, калі няма дажджоў, трэба было вельмі шмат паліваць агарод.

Хаця, шчыра скажу, я выкарыстоўваю пэўныя тэхналогіі. Напрыклад, усе градкі раблю па метадзе амерыканскага эксперта па земляробстве Джэкаба Мітлайдэра.

— Вядома, што вы яшчэ і рамесніцтвам займаецеся…

— Так, без праблем магу зрабіць, напрыклад, арэлі, садовы стол ці крэсла, падстаўкі для абутку, нейкія іншыя вырабы з дрэва. Я зарэгістраваны рамеснікам, плачу падатак і крыху прадаю сваю прадукцыю.

Але ў мяне нават майстэрні сваёй няма — на дварэ працую. Ёсць, праўда, поўны набор інструментаў, і гэта дапамагае крыху павялічыць пенсію. Хаця цяпер людзі купляюць менш, чым, скажам, тры ці чатыры гады таму, калі я пачынаў гэтую справу.

А тут яшчэ з 1 ліпеня ўводзяцца новыя правілы для рамеснікаў. Раней я плаціў дзве базавыя велічыні ў год — і на гэтым усё. А зараз трэба будзе штомесяц трымаць справаздачу, плаціць падатак на прафесійную дзейнасць, таму не выключана, што больш рамесніцтвам займацца не буду. Безумоўна, працягну аматарскую дзейнасць для сябе і блізкіх, але свой маленькі бізнэс, магчыма, спыню.

— Ад грамадска-палітычнага жыцця вы ўжо цалкам адышлі?

— Яшчэ ў 2018 годзе, калі пайшоў на пенсію, сказаў, што спыняю грамадска-палітычную дзейнасць. І патлумачыў, што гэта азначае, што не буду ўваходзіць ні ў якія рады, цэнтры і камітэты. Не буду нічога каардынаваць і ўзначальваць, а таксама не буду вылучацца ў дэпутаты, прэзідэнты і гэтак далей. Але калі некаму патрэбна мая парада, калі яна камусьці будзе карысная, то я не супраць падзяліцца досведам.

Цяпер я разумею, што не памыліўся, калі пакінуў палітыку. Усяму ёсць пачатак — і ўсяму павінен быць канец. Тым больш, што ўжо гучалі словы, каб «старыя палітыкі не блыталіся пад нагамі».

Мне 66 гадоў, можа быць, я і не такі стары, але калі ўлічыць стаж, які лічыцца з 1987 года, то ўжо і багата.

— Але сочыце за тым, што адбываецца апошнім часам у краіне і ў свеце?

— Зразумела, што мой светапогляд абсалютна не змяніўся. Я адсочваю ўсе падзеі, у мяне, як і ва ўсіх неабыякавых людзей, таксама баліць душа за Беларусь. Але мой уплыў на ўсе гэтыя палітычныя працэсы цяпер мінімальны.

Каментары1

  • Улад
    21.06.2023
    Жадаю поспехаў гэтым людзям і моцнага здароўя яшчэ на многія гады. І дзякуй ім за зробленае для незалежнасці і дэмакрытыі Беларусі.

Цяпер чытаюць

Героя тэлефонных зліваў палкоўніка Кісяля, які заклікаў калечыць дэманстрантаў, раптоўна апусцілі на раённы ўзровень10

Героя тэлефонных зліваў палкоўніка Кісяля, які заклікаў калечыць дэманстрантаў, раптоўна апусцілі на раённы ўзровень

Усе навіны →
Усе навіны

Новы трэнд — не расчэсвацца. Вось што трэба пра яго ведаць17

Канада і Боснія згулялі першы матч на чэмпіянаце свету ўнічыю

У Мінску адкрыюць «музычную лаўку» памяці Уладзіміра Мулявіна

Бізнэсмен-рытуальшчык пагарэў на тым, што працаўладкоўваў толькі жанчын3

Што гэта за 196 палітвязняў, пра вызваленне якіх заявілі прапагандысты?2

У Перу паліцыя затрымлівала наркагандляра, пераадзеўшыся ў касцюмы талісманаў мундыялю-20262

Еўрасаюз адкрыў перамовы аб уступленні Украіны і Малдовы2

Прапагандысты запэўніваюць, што 196 палітвязняў ужо на свабодзе13

У Свіслацкім раёне знішчылі вялікае поле маку1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Героя тэлефонных зліваў палкоўніка Кісяля, які заклікаў калечыць дэманстрантаў, раптоўна апусцілі на раённы ўзровень10

Героя тэлефонных зліваў палкоўніка Кісяля, які заклікаў калечыць дэманстрантаў, раптоўна апусцілі на раённы ўзровень

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць