Яго абвінавацілі ў распаўсюдзе забароненага бюлетэня «Салідарнасці». За кратамі ён прабыў 8 месяцаў, а пасля вызвалення працягнуў актыўную грамадскую і навуковую дзейнасць. Цяпер Алег Латышонак — прафесар, вядомы ў Польшчы гісторык і дзеяч беларускай дыяспары ў Беластоку. У 2008 годзе ён стаў кавалерам Ордэна адраджэння Польшчы, а ў 2023 годзе атрымаў з рук прэзідэнта Анджэя Дуды медаль Стагоддзя аднаўлення незалежнасці Польшчы. «Люстэрка» паразмаўляла з Алегам Латышонкам і папрасіла яго параўнаць умовы для палітычных вязняў у камуністычнай Польшчы і сучаснай Беларусі.

Алег Латышонак, Беласток, Польшча, 24 ліпеня 2023 года. Фота тут: «Люстэрка»

Алег Латышонак, Беласток, Польшча, 24 ліпеня 2023 года. Фота тут: «Люстэрка»

«Рэцыдывісты ведалі, што прызнавацца нельга»

— Вас арыштавалі ў 1982 годзе. За што і як так атрымалася?

— Я належаў да сеткі, якая распаўсюджвала нелегальны бюлетэнь нашага прафсаюза «Салідарнасць» у рэгіёне Беластока. Мы даволі хутка наладзілі друк гэтага бюлетэня, часам я пісаў артыкулы для яго. У асноўным сярод нас былі студэнты, але я тады ўжо працаваў маладым настаўнікам. Нас ядналі сяброўскія сувязі, дысцыпліны ніякай не было, калі казаць пра канспірацыю. Ніколі не забуду, як дамовіўся з адным з нашых лідараў сустрэцца ў кавярні. Як толькі да яе падышоў, то ўбачыў усярэдзіне чатырох барадатых хлапцоў (барада была адной з прыкметаў апазіцыйнасці). Я зрабіў крок назад, а мой сябра зайшоў у гэтую кавярню і ўзяў удзел у нелегальным мітынгу.

Мяне арыштавалі праз чатыры месяцы пасля гэтага, пад канец красавіка. Дадому прыйшлі, а пятай раніцы, правялі ператрус. У мяне нічога не знайшлі, але забралі. Я думаў, што гэта затрыманне на 48 гадзінаў, але мяне кінулі ў падвал ваяводскай камендатуры міліцыі. Там сядзелі крымінальнікі, і адзін з іх адразу спытаў, за што я сяджу. «За бюлетэнь», — адказаў я. Той спытаў, што гэта такое. Я расказаў і адзначыў, што падчас ператрусу ў мяне нічога не знайшлі. Тады ён мне параіў ні ў якім выпадку не прызнавацца. Рэцыдывісты ведалі, што гэтага нельга рабіць, бо ў польскім законе была норма: калі чалавек не прызнаецца, то ў следства не можа быць упэўненасці ў яго вінаватасці. Гэта была вельмі добрая парада, якой я ўвесь час трымаўся. Але я быў вельмі непрыемна здзіўлены, калі пракурор сказаў, што мяне арыштуюць на 3 месяцы.

Разам са мною затрымалі больш за 100 чалавек, але пад арыштам засталося толькі 20. У камендатуры нас раскідалі па камерах з крымінальнымі злачынцамі. Абвінавачанні яны мелі даволі сур’ёзныя. Напрыклад, я сядзеў з трохразовым забойцам. Але калі я зразумеў, што той забіваў на фоне рабаванняў, а ў мяне з каштоўных рэчаў толькі зубная шчотка, то пачаў ставіцца да гэтага спакайней.

Алег Латышонак, Беласток, Польшча, 24 ліпеня 2023 года. Фота: «Люстэрка»

Алег Латышонак, Беласток, Польшча, 24 ліпеня 2023 года. Фота: «Люстэрка»

— Раскажыце пра ўмовы, у якіх вас трымалі.

— У ваяводскай камендатуры камеры былі даволі вялікія, у адной сядзела 6 чалавек. Нары — цвёрдыя дошкі, на якіх ляжаў тоненькі матрацык. У куце камеры — «параша». Часам нас выводзілі на кароткія шпацыры. Гэтак я праседзеў 6 тыдняў.

Пасля мяне перавялі ў беластоцкі следчы ізалятар, і там былі ўжо зусім іншыя ўмовы. Спачатку я сядзеў з адным чалавекам, але камера была разлічаная на чатырох, там стаялі два двух’ярусныя ложкі. Мой сусед быў злодзеем-рэцыдывістам. А ў пэўны момант я зразумеў, што ён таксама даносчык. Аднойчы я вярнуўся ад следчага, які мне сказаў, што ён усё ведае пра маю дзейнасць. У камеры я пачаў уголас думаць пра тое, што, можа, варта прызнацца, але не быў да канца ўпэўнены. Сусед-рэцыдывіст пачаў раіць усё ж гэта зрабіць. Так я зразумеў, што ён даносчык, бо ніякі рэцыдывіст такога б не параіў.

У следчым ізалятары ўжо былі нармальныя ўнітаз і рукамыйнік, большы дворык для шпацыраў. Калі следства скончылася, мяне перавялі ў камеру да іншых людзей, якія былі звязаныя з «Салідарнасцю» і трапілі ў турму. Так што там ужо было весялей. Магу сказаць, што ўмовы былі някепскія. Нават надзіва някепскія.

Таксама дапамагала тое, што ў маёй сям'і я быў вязнем у чацвёртым пакаленні. Калі бабуля атрымала дазвол мяне наведаць і прыйшла, то сказала: калі яе бацькі сядзелі за царом, то ўмовы былі горшыя. Мае прабабка і прадзед сядзелі за тое, што іх праваслаўна-каталіцкая сям’я ахрысціла сваё дзіця ў каталіцкую веру. Аднак яны адбывалі пакаранне толькі два тыдні.

— Якім было стаўленне да вас з боку ахоўнікаў і следчых?

— Добрае. Здаралася, што сярод іх я сустракаў сваіх знаёмых. Беласток не такі вялікі горад, і з некаторымі я ці іншыя вязні вучыліся ў школе або ва ўніверсітэце. Але незалежна ад таго, былі гэта знаёмыя ці незнаёмыя, да нас ставіліся добра.

Аднак самае важнае — што да нас добра ставіліся крымінальныя вязні. У адрозненне ад таго, што я чытаў у лагернай літаратуры, ці ад таго, што цяпер адбываецца ў Беларусі. Гэтыя зэкі былі на нашым баку, іх ніхто не настройваў супраць нас. Увечары яны заўсёды крычалі «Niech żyje «Solidarność» i złodzieje!» («Няхай жывуць «Салідарнасць» і злачынцы!» — Заўв. рэд.). Гэты былі дзве найбольшыя групы ў турме — крымінальнікі і «салідарнікі», апошніх сядзела каля 100 чалавек, але злачынцаў было болей. Так што не магу сказаць, што было вельмі кепска. Вядома, турма — гэта не радасць, але нас не білі, калі і быў ціск, то псіхалагічны.

— Як праходзіў гэты псіхалагічны ціск?

— Пагражалі, што арыштуюць бацькоў ці кагосьці з сям'і. Калі хтосьці з хлопцаў меў дзяўчыну, то пагражалі, што арыштуюць яе. Таксама было шмат сітуацый, калі следчыя казалі, што нехта з паплечнікаў даў супраць іншых паказанні, нават паказвалі нейкія паперы. Так ламалі людзей, маўляў, трэба прызнацца, бо іншыя на цябе ўжо нагаварылі.

Я сам быў на мяжы, думаў: «Божа, яны ўсё ведаюць пра мяне і маю дзейнасць. Можа, варта прызнацца?» Але я іх ненавідзеў і вырашыў не рабіць гэтага, бо баяўся, што калі прызнаюся, то наклікаю бяду на іншых людзей. Сказаў следчаму, што не буду гэтага рабіць і размаўляць з ім. Ён абяцаў яшчэ да мяне прыйсці, але ўжо ніколі не прыйшоў.

Алег Латышонак, Беласток, Польшча, 24 ліпеня 2023 года. Фота: «Люстэрка»

Алег Латышонак, Беласток, Польшча, 24 ліпеня 2023 года. Фота: «Люстэрка»

«Немагчыма ўявіць, каб здарылася тое, што з Алесем Пушкіным»

— Адна з галоўных праблемаў беларускіх палітычных вязняў цяпер — гэта адсутнасць своечасовай і якаснай медычнай дапамогі. Як з гэтым было ў польскай камуністычнай турме?

— Вядома, узровень быў не такі, як на свабодзе, але калі чалавеку была патрэбная медыцынская дапамога, то ён мог яе атрымаць. Вядома, калі хтосьці скардзіўся на боль галавы, чакаць таблеткі ён мог доўга. Я тады нават навучыўся лячэнню галаўнога болю самаперакананнем, бо дачакацца лекаў было немагчыма. Але калі ўзнікалі сур’ёзнейшыя праблемы, медыцынская дапамога была забяспечаная.

Немагчыма ўявіць, каб здарылася тое, што з Алесем Пушкіным, каб чалавека давялі да стану агоніі і толькі тады завезлі ў шпіталь. Мне вельмі шкада яго…

— Яшчэ адна праблема, пра якую кажуць беларускія палітвязні — гэта адсутнасць інфармацыі пра тое, што адбываецца на волі. Вядома пра перашкоды ў ліставанні, немагчымасць атрымаць прэсу ці сустрэцца са сваякамі. Як было ў вашым выпадку?

— Толькі ў самым пачатку, калі ішло следства, мы не мелі інфармацыі пра тое, што адбываецца на волі. Пасля можна было атрымліваць газеты — натуральна, толькі афіцыйныя. Але мы даволі часта бачылі свае сем'і і ад іх маглі даведацца, што адбываецца.

Вельмі хутка была арганізаваная ўсебаковая дапамога палітвязням пад эгідай каталіцкага касцёла. Нам пачалі перадаваць перадачы з ежай, напрыклад, памятаю, з Нідэрландаў прыходзіў сыр. Бывала, гэтых перадачаў хапала настолькі, што мы не елі турэмнай баланды.

Салідарнасць звонку адчувалася вельмі моцна. Мы ведалі, што і нашыя сем'і забяспечаныя, што іх ніхто не кінуў. Не было пачуцця нейкай самоты.

— Як вас вызвалілі, чаму гэта адбылося?

— Гэта быў складаны працэс, нас было шмат: калі палітвязняў перавозілі з турмы ў суд, нас суправаджаў цэлы ўзвод міліцыі. Крымінальнікі казалі, што мы — страшная банда, калі трэба столькі міліцыянтаў. У судовай зале ля кожнага стаяў міліцыянт, і калі нас туды завялі, то падняўся страшны плач, бо плакалі нашыя мамы.

Трэба сказаць, што суд быў справядлівым як на той час. Калі хтосьці не прызнаваў віны, то быў у вельмі добрай сітуацыі. На мяне і на іншых следчыя мелі толькі паказанні, а калі да людзей, што гэтыя паказанні далі, нарэшце дапусцілі адвакатаў, яны адклікалі свае словы. Заявілі, што паказанні далі пад псіхалагічным ціскам. Атрымалася, у следства супраць мяне і іншых не засталося нічога, і нас па чарзе пачалі выпускаць з турмы. Некалькі разоў мяне выклікалі, калі я быў ужо на волі, але потым здарылася амністыя, і нашую справу закрылі.

Алег Латышонак, Беласток, Польшча, 24 ліпеня 2023 года. Фота: «Люстэрка»

Алег Латышонак, Беласток, Польшча, 24 ліпеня 2023 года. Фота: «Люстэрка»

«Польскія камуністы хацелі прымірыцца з грамадствам, лукашэнкаўская ўлада не мае такога намеру»

— Ці можна параўнаць сітуацыю камуністычнай Польшчы часоў ваеннага становішча і сучасную Беларусь?

— Гэта абсалютна немагчыма параўнаць. Калі я чую, як у сённяшняй Беларусі ўтрымліваюць вязняў, то мне падаецца, што я быў не ў турме, а ў санаторыі са спецыяльным рэжымам. У нас нават блізка не было таго, што ёсць у Беларусі.

Тагачасная польская камуністычная ўлада хацела прымірыцца з грамадствам. Натуральна, некаторых трымалі доўга, асабліва лідараў, якія рэзка выступалі. Былі і смяротныя ахвяры, асабліва ў самым пачатку дзеяння ваеннага становішча.

Калі казаць асабіста пра мяне, то з працы настаўнікам у Беластоку мяне звольнілі, і ніякай іншай, якая б адпавядала маёй адукацыі, я знайсці не мог. Але хапіла таго, што я пераехаў у Кракаў, дзе раней вучыўся, і там мяне ўзялі на працу спачатку ў музей, а потым ва ўніверсітэт. Ужо ў 1985 годзе мне далі пашпарт і дазволілі выехаць у Лондан, а гэта было ўсяго праз два гады пасля таго, як я выйшаў з турмы.

Натуральна, было цяжка, было адчуванне, што забралі надзею на тое, што ўсё хутка зменіцца. Але ў нас была магчымасць дзейнічаць. Далей існавала падполле, асабліва нелегальны друк. Нават была магчымасць афіцыйна займацца беларускай дзейнасцю, студэнцкі рух меў вялікую свабоду. Калі мы выдавалі студэнцкі беларускі часопіс, то трэба было яго занесці да цэнзара, але той асабліва нічога не выкрэсліваў.

Так што параўнаць стаўленне ўладаў да апазіцыянераў у тагачаснай Польшчы і ў сучаснай Беларусі проста немагчыма. Можа, тэхніка была яшчэ не так развітая, але нас не каралі за ўдзел у дэманстрацыях так, як цяпер робяць у Беларусі, шукаючы людзей па фота ці відэа.

Ну і камуністычная ўлада ў нас усё ж была польскай і неяк хацела прымірыцца з грамадствам, а лукашэнкаўская абсалютна не мае такога намеру.

— Як у той час жыло польскае грамадства? Ці панавала атмасфера страху за тое, што ў кожную хвіліну могуць затрымаць і пакараць за нешта?

— Чагосьці такога не было, людзей не шукалі спецыяльна, каб нішчыць. Можна сказаць, што людзі жылі нармальна, звычайна. Вядома, не было ніякай дэмакратыі і нельга было займацца палітычнай дзейнасцю, але атмасферы вялікага страху не было. Чалавек мог хадзіць на нейкія мітынгі ці пратэсты і жыць спакойна. Нават я, былы палітвязень, нармальна працаваў, выязджаў за мяжу.

— А калі казаць пра людзей, якія ўсё ж вырашылі свядома займацца палітычнай дзейнасцю?

— Залежыць ад таго, пра каго канкрэтна мы гаворым. Калі пра правадыроў, то частка з іх доўгі час хавалася, але амаль усіх злавілі. Палітычная дзейнасць была задушаная. А звычайныя людзі, такія як я, напрыклад, спакойна плацілі ўнёскі нелегальнаму прафсаюзу «Салідарнасць» (была сетка, якая збірала гэтыя ўнёскі). Далей выдаваўся бюлетэнь, часопісы, быў народны ўніверсітэт. Вельмі вялікую ролю адыграў касцёл. Там можна было сустракацца даволі адкрыта, я там свабодна чытаў лекцыі, у касцёлах праходзілі заняткі народнага ўніверсітэта.

У нас не было страху, было пачуццё змарнаванага часу. Мне гэты перыяд запомніўся тым, што нам як нацыі і грамадству знішчылі некалькі гадоў жыцця. Гэтыя вайскоўцы пры ўладзе не ўяўлялі, што трэба рабіць, не ведалі, як мусіць функцыянаваць грамадства, эканоміка. І яны некалькі гадоў не праводзілі ніякіх рэформаў. Галоўны мой дакор да той улады — гэта тое, што яна змарнавала наш час.

Алег Латышонак, Беласток, Польшча, 24 ліпеня 2023 года. Фота: «Люстэрка»

Алег Латышонак, Беласток, Польшча, 24 ліпеня 2023 года. Фота: «Люстэрка»

«Унікальнасць у тым, што ў Беларусі антынацыянальная ўлада»

— За лёсам каго з беларускіх палітычных вязняў вы найбольш сочыце?

— Найбольш — за лёсам Паўла Севярынца, Марыі Калеснікавай і Уладзіміра Мацкевіча. Я лічу Паўла Севярынца годным лідарам беларускай нацыі і незвычайным чалавекам. Марыя Калеснікава — вельмі яркая фігура, знакавая для рэвалюцыі 2020 года ў Беларусі. Уладзімір Мацкевіч — выдатны навуковец, якога я вельмі паважаю.

— Ці можаце вы як гісторык параўнаць тое, што адбываецца ў сучаснай Беларусі, з гістарычнымі падзеямі ў іншых краінах? Свет ужо сутыкаўся з нечым такім ці беларуская сітуацыя ўнікальная?

— Яна ўнікальная, гэта цягнецца ўжо не першы год і не звязанае з рэпрэсіямі, якія адбываюцца цяпер. Унікальнасць у тым, што ў Беларусі антынацыянальная ўлада. Польскія камуністы былі ўсё ж палякамі, і ўсё польскае для іх было важным.

— Але АМАПаўцы, якія б’юць людзей на вуліцах, ці супрацоўнікі турмаў, што катуюць палітвязняў, — яны таксама беларусы.

— Яны беларусы, але ж выконваюць загады. Улада гадамі і дзесяцігоддзямі падбірала ў свае шэрагі людзей, якім пляваць на ўсё беларускае. Пачынаючы ад дыктатара, які лічыць сябе «русским со знаком качества». Ён набраў сабе такіх памочнікаў. У гісторыі немагчыма ўявіць сабе дыктатуру, якая выкараняе ўсё нацыянальнае, прынамсі я такога прыкладу не ведаю. Гэтым беларускі рэжым адрозніваецца ад усіх іншых.

— Ці можаце вы зрабіць гістарычны прагноз, да чаго гэта можа прывесці?

— Калі казаць пра мае прагнозы, то я не чакаў «Салідарнасці», не чакаў такога хуткага развалу Савецкага Саюза, не чакаў рэвалюцыі 2020 года ў Беларусі. Так што мне складана зрабіць нейкі прагноз наконт таго, як будзе развівацца сітуацыя. Адзінае, у чым я перакананы, дык гэта ў тым, што наступным разам беларускі пратэст не будзе мірным. А ў тым, што наступны раз будзе, я не сумняваюся.

Клас
42
Панылы сорам
1
Ха-ха
3
Ого
4
Сумна
5
Абуральна
5