Іван Краўцоў распавёў пра лёс свайго бацькі — буйнога банкіра, якога арыштавалі
Бацька Івана Краўцова (член штаба Віктара Бабарыкі) быў буйным банкірам і стаяў на чале прыватнага МінскКомплексБанка. У выпуску ютуб-канала «Ток» Іван распавёў пра лёс бацькі, знаёмства Яўгена Краўцова з Віктарам Бабарыкам, а таксама пра спатканні з бацькам у СІЗА КДБ.
Пра дзяцінства
Іван Краўцоў з сям'і інтэлігентаў. Яго маці была спявачкай, а бацька Яўген Краўцоў, апроч валодання банкам, быў прадзюсарам фільмаў «Армія выратавання» і «Залаты аўтамабіль», першага альбома «Ляпісаў» «Ранетае сэрца».
Але Іван лічыць, што яго дзяцінства нельга назваць залатым. Ён заўважае, што яго сямʼя не адпавядае таму вобразу «новых беларусаў» з 1990-х гадоў.
У іх не было ні катэджаў, ні залатых унітазаў. Большая частка выдаткаў ішла на тэхніку. Кампʼютар таксама зʼявіўся вельмі рана. Усё гэта паўплывала на развіццё хлопца, які вельмі рана асвоіў кампʼютар.
«Хіба таму я і стаў потым архітэктарам. Таму што ўвесь час у нейкай электроніцы калупаўся», —
адзначае Іван і распавядае, што яго атачэнне таксама было прыкладна такога ж узроўню. Таму ён не выдзяляўся сярод сваіх сяброў. Да пятага класа Іван наведваў прыватную школу, а пасля перайшоў у дзяржаўную.
Пра бацьку і ўрокі ад яго
Іван згадвае свайго бацьку Яўгена Краўцова:
«Самае цікавае, што ён заўсёды хацеў займацца творчасцю. У наргасе (тады так называўся БДЭУ. — «НН») ён быў у гуртку тэатральнай самадзейнасці. Яны вельмі шмат ставілі пастановак. І гэта было тое, чым ён хацеў займацца ў жыцці. Развал Савецкага Саюза, хваля 90-х, яна сама падштурхнула да таго, што зʼявіўся банк. У прынцыпе, спачатку гэта не было нечым асноўным».
Іван згадвае, што апошнія гадоў дзесяць свайго жыцця яго бацька разам з маці жыў у Падмаскоўі і зноў вярнуўся да творчасці, здымаў розныя дакументальныя фільмы духоўнага зместу.
Па словах Івана, бацька навучыў яго перадусім думаць самому і глядзець на сітуацыю максімальна нестандартна. І самае галоўнае — не баяцца памылак. «Бо мы часта баімся нават падумаць няправільна», — заўважае ён.
«Каб бачыць усё outside the box (нестандартна. — «НН»), для гэтага неабходныя асаблівыя адносіны да жыцця. І яны заключаюцца ў тым, што, па-першае, нічога не вечнае.
Мы не павінны думаць, што нашы дасягненні, адносіны, пазіцыя ў грамадстве надоўга. Мы заўсёды павінны быць гатовымі да таго, што ўсё будзе мяняцца. Другое заключаецца ў тым, што трэба перадусім пытацца і патрабаваць ад сябе. Таму што вынік забяспечваецца працай над сабою.
І гэта не пра адукацыю, а, хутчэй, пра тое, што ты сам прыдумваеш сабе нейкія чэленджы, ставіш сабе планкі і сябе мяняеш».
Гісторыя банка Яўгена Краўцова
Гродзенскаму КомплексБанку патрэбны быў філіял у Мінску. А ў самім банку працаваў сябар з універсітэта Яўгена Краўцова, які і прапанаваў яму заняць месца дырэктара філіяла. У выніку Яўген Краўцоў стаў дырэктарам і ўладальнікам філіяла ў Мінску. Па словах Івана, філіял стаў працаваць лепш, чым банк у Гродне. І потым гродзенскае аддзяленне было выкуплена бацькам. Банк стаў называцца МінскКомплексБанк.
У пачатку 2000-х банк знік. Як тлумачыць Іван, праз тое, што яго развалілі. Бацьку арыштавалі. На ўкладчыкаў ціснулі. Па словах Івана, гэта «напалову палітычная, напалову эканамічная гісторыя».
«Усё трапляе ў тэндэнцыю, якая была ў канцы 1990-х — пачатку 2000-х. У 1994 годзе Лукашэнка стаў прэзідэнтам. І пачынаючы з гэтага моманту ён кансалідаваў уладу ў тым ліку і за кошт зачысткі бізнэсу. Хіба што МінскКомплексБанк быў адзін з апошніх, які заставаўся цалкам прыватным, непадкантрольным і дастаткова незалежным.
Да гісторыі з МінскКомплексБанкам былі іншыя гісторыі, былі банкіры, якіх затрымлівалі, якія зʼязджалі за мяжу, і банкі закрывалі. Гэта была такая кампанія па зачыстцы незалежнага бізнэсу».
Як Яўгена Краўцова арыштавалі
Іван згадвае, што на бацьку пачалі ціснуць яшчэ да таго, як арыштавалі. Ён не быў атэставаны Нацыянальным банкам як старшыня праўлення. Па словах Івана, яго бацька «паводзіў сябе дастаткова дзёрзка і задзірліва» і не спрабаваў дастаткова моцна адаптавацца ці падладзіцца пад новую ўладу:
«У нейкі момант стала зразумела, што яго больш не будуць цярпець у МінскКомплексБанку, і ён прыняў рашэнне, што будзе адыходзіць, пакідаць замест сябе іншых кіраўнікоў і пачынаць займацца зноў шоу-бізнэсам, тым, чым ён займаўся да банка».
Іван распавядае, што дзесьці год бацька быў на пазіцыі старшыні назіральнай рады, а не аперацыйнага кіраўніка. Пры гэтым пастаянна былі сігналы аб тым, што адбываецца нешта не тое. Часам Краўцовы бачылі нейкія машыны, якія за імі ездзілі. Калі яны вярталіся з Украіны, дзе былі на кінафестывалі ў Бярдзянску (на якім быў прадстаўлены фільм «Армія выратавання», рэжысёрам і прадзюсарам якога быў Яўген Краўцоў), то цягнік затрымалі на дзве гадзіны і правяралі дакументы. «Мяркую, яны моцна здзівіліся, што бацька ўязджае ў краіну», — заўважае Іван.
«У адзін вечар, я гэта памятаю, як цяпер, мы вырашылі паехаць у Маскву ўсёй сямʼёй, таму што трэба было нешта набыць. Мама хацела нешта набыць мне да школы. Трэба разумець, што гэта быў 2001 год. Цяпер гэта гучыць дзіўна: паехаць у Маскву нешта купіць. Але тады гэта гучала цалкам зразумела. Звычайна мы ехалі цягніком «Мінск — Масква», ён хіба «Зорка» называецца.
Мы прыехалі на вакзал у адзінаццаць ці палову адзінаццатага вечара. Прыйшлі на платформу. Там хадзіў нейкі міліцыянер. Бацька дае дакументы правадніцы, а яна — да міліцыянера. Той кажа: пачакайце. Мы чакаем недзе 10 хвілін, і прыбягаюць людзі з КДБ. Ну і ўсё. Гавораць: «Яўген Іванавіч, вы затрыманы», — распавядае акалічнасці Іван.
Пасля затрымання Яўген Краўцоў паўтара года знаходзіўся ў СІЗА КДБ. Затым чатыры гады правёў у калоніі ў Бабруйску. У выніку Краўцоў-старэйшы падарваў здароўе і гэта, па словах сына, змяніла яго як асобу.
«Самае галоўнае, што пералом адбываецца пасля суда. І мне здаецца (і гэта таксама датычыць палітзняволеных, што сядзяць цяпер), калі ты знаходзішся ў СІЗА, у цябе ёсць адчуванне таго, што ты змагаешся. Ты думаеш: а можа атрымаецца дамовіцца. Можа, мне дадуць не дзевяць, а шэсць. Ты лічыш. Але калі табе ўжо далі і ты разумееш, што павінен пяць гадоў сядзець у калоніі і проста нічога не рабіць, гэта зусім іншая сітуацыя. І з ім адбылося тое ж самае».
Іван згадвае пра спатканні з бацькам у СІЗА КДБ: «Мне было 13 гадоў. Я дапамагаў маме збіраць перадачы. І мы потым ішлі. Ты прыходзіш. А там такое бюро пропускаў. І сядзіш там дзве гадзіны, чакаеш. І потым з гэтымі сеткамі ідзеш праз дворык. А там такія люкі 54-га года. Усё такое сталінскае. Там такі пакойчык, можа, тры на два метры, з пластыкавым шклом. Ён там, за шклом, а ты тут».
У сямʼі Яўгена Краўцова пасля суда канфіскавалі маёмасць. Але да гэтага вялікія грошы Яўген Краўцоў патраціў на здымкі двух поўнаметражных фільмаў — «Армія выратавання» і «Залаты аўтамабіль». Нейкія грошы, якія не знаходзіліся на рахунках, засталіся. Іван прыгадвае, што яны з маці патрацілі іх на працягу трох-чатырох гадоў. І да моманту, як Яўген Краўцоў выйшаў з турмы, «абсалютна нічога не засталося з таго, што было накоплена».
Як гісторыя з бацькам паўплывала на сына
Бацька адбыў цалкам увесь тэрмін. Перыяд без бацькі прыпаў па падлеткавы ўзрост Івана. Ён яго ацэньвае як цяжкае і адначасова каштоўнае сутыкненне з рэчаіснасцю:
«Пасля гэтага дакладна я зразумеў, што не ўсё залежыць ад цябе. Любы вынік — гэта камбінацыя сітуацыі, намаганняў другіх людзей і тваіх намаганняў».
На погляд Івана, гэта важная рэч, бо прымушае не канцэнтравацца толькі на сабе. «Калі ты нешта робіш, то мусіш думаць, у якой сітуацыі ты гэта робіш і што вакол цябе адбываецца. Ці ты, груба гаворачы, плюеш супраць ці па ветры», — заўважае Іван і падкрэслівае, што лічыць гэта самым важным урокам.
Другі ўрок — у тым, што трэба быць вельмі акуратным са сваімі чаканнямі.
«Аптымізм — гэта добра. Я сам сябе назваў бы, хутчэй, аптымістам. Бо што б я ні рабіў на Мінскім гадзіннікавым заводзе, у архітэктуры, у штабе Бабарыкі, гэта ўсё зыходзіць з пазіцыі таго, што мы можам атрымаць лепшы вынік, чым ёсць цяпер. З другога боку, трэба разумець, што за эмацыйную зарадку, за чаканне ты потым атрымліваеш адпаведную цану. Таму з эмоцыямі трэба быць акуратным».
Знаёмства Яўгена Краўцова з Віктарам Бабарыкам
Іван гаворыць, што ён не ведаў пра знаёмства свайго бацькі з Віктарам Бабарыкам. Пра гэта яму напісаў сам Бабарыка праз год пасля затрымання з СІЗА.
«Там адбылася такая гісторыя. Калі мой бацька адыходзіў з банка, то яны шукалі новага старшыню. І прыйшоў Бабарыка. І, як я разумею, яны гаварылі пра гэта. Але неяк там не сышліся характарамі. І Бабарыка пайшоў у іншы банк, які потым набыў расійскі Газпрамбанк, — распавядае Іван і адзначае, што ў той час, як працаваў у штабе Бабарыкі, той не ведаў, што ён сын Яўгена Краўцова. Гэта Бабарыка зразумеў праз год знаходжання ў СІЗА. Магчыма, думае Іван, Бабарыку нехта пра гэта распавёў.
Глядзіце цалкам:
Каментары