Контрнаступленне, якое пачала Украіна, прасоўваецца нязначна. Прычыны гэтага і перспектывы вайны разам з экспертамі аналізуе французскае выданне.
Як піша Le Monde, яшчэ 12 ліпеня генерал французскай вайсковай разведкі Жак Ланглад дэ Мангро папярэдзіў:
вайна ва Украіне працягнецца да 2024 года, магчыма нават да 2025-га. «Гэты канфлікт з'яўляецца вайной на знясіленне, якая бясспрэчна з'яўляецца часткай доўгатэрміновай перспектывы».
Выданне адзначае, што вайскоўцы і аналітыкі сыходзяцца ў меркаванні — украінскай арміі не ўдаецца, прынамсі, на дадзены момант, пераадолець шчыльную сцяну ўмацаванняў, збудаваных праціўнікам прыкладна на 900 км фронту.
Гэта прызнае і сам Уладзімір Зяленскі. Напрыклад, 6 жніўня ў інтэрв'ю некалькім лацінаамерыканскім СМІ ён заявіў аб тым, што
контрнаступленне складанае. «Прагрэс, верагодна, ідзе павольней, чым некаторыя жадаюць ці ўяўляюць».
Прычыны малых поспехаў
Выданне адзначае, што, паводле паведамленняў сайта War Mapper, які штодня абнаўляе карты канфлікту, у ліпені Украіна змагла вярнуць 85 квадратных кіламетраў тэрыторыі. У чэрвені гэтая лічба была роўная прыблізна 200 квадратным кіламетрам. Расійскія войскі па-ранейшаму займаюць больш за 100 тысяч квадратных кіламетраў, ці 17,5% тэрыторыі Украіны.
Аўтар артыкула нагадвае аб прычынах нязначных поспехаў. Галоўнай з'яўляецца грунтоўная падрыхтоўка Расіі да абароны. Былі ўзведзеныя лініі ўмацаванняў, якія дасягаюць 30 кіламетраў у глыбіню. Вялікія складанасці звязаныя таксама з вялікай колькасцю мін. Цяпер замініравана каля 170 тысяч квадратных кіламетраў. Гэта амаль у два разы перавышае плошчу Партугаліі. Міністр абароны Украіны Аляксей Рэзнікаў адзначыў у каментары The Guardian, што ягоныя войскі выяўляюць «да пяці мін на квадратны метр на асобных участках фронту».
Le Monde піша, што ўкраінцы выказваюць прэтэнзіі саюзнікам у дрэннай падрыхтоўцы ўкраінскіх байцоў. З пачатку вайны каля 63 тысяч салдат прайшлі навучанне ў адной з заходніх краін. У асноўным у Вялікабрытаніі, Германіі і Польшчы. Францыя падрыхтавала больш за 2 тысячы чалавек і плануе да канца года навучыць яшчэ 5 тысяч.
Але часцей за ўсё размова ідзе аб падрыхтоўцы да гарадскога бою, супраць праціўніка, які выступае, што не адпавядае таму, што трэба ўкраінцам.
«Праўда ў тым, што жыхары Захаду больш не ўмеюць весці акопную вайну, а ўкраінцы павінны вучыцца непасрэдна ў справе»,
— цытуе выданне словы дырэктар Ціба Фуйе.
Фактарам, які пагаршае сітуацыю, з'яўляецца тое, што Украіна па-ранейшаму цярпіць ад недахопу артылерыйскіх гармат і боепрыпасаў. На думку аналітыкаў, «агнявы каэфіцыент» на мяжы Запарожжа-Данецк складае прыкладна шэсць-сем да аднаго на карысць Расіі.
Украінскія войскі не могуць манеўраваць без «агнявой падрыхтоўкі». З-за адсутнасці авіяцыі, якую яны месяцамі дарэмна прасілі ў сваіх саюзнікаў, асноўным сродкам расчысткі шляху ад ворага з'яўляецца артылерыя.
«Перавага расійскага боку ў агнявых адносінах робіць вельмі ўразлівымі скапленні бранятэхнікі, што змушае ўкраінцаў больш выкарыстоўваць сваю пяхоту», — тлумачыць Ціба Фуйе.
Змяніўся і праціўнік. Расіяне сталі выкарыстоўваць комплекс радыёэлектроннай барацьбы «Поле-21», які блакуе любую навігацыю па спадарожніку на тэрыторыі да 150 квадратных кіламетраў. Гэта не дазваляе эфектыўна прымяняць кіраваныя боепрыпасы і дроны.
Акрамя гэтага, расійскі бок праяўляе больш гнуткасці ў выкарыстанні артылерыі. Калі ў пачатку вайны іх гарматы выкарыстоўваліся на адлегласці двух-чатырох кіламетраў ад лініі фронту, то сёння яны часта дзейнічаюць на адлегласці ў 15 кіламетраў і адыходзяць як мага хутчэй, каб пазбегнуць агню ўкраінскіх батарэй.
У сваю чаргу ўкраінцы таксама адаптуюць сваю стратэгію. З пачатку лета яны ўзмацнілі ўдары па размешчаных у тыле расійскіх пазіцыях. Асаблівай мішэнню з'яўляецца Крымскі мост. Таксама актыўна праводзяцца аперацыі ў Чорным моры супраць варожых караблёў і вайсковых партоў.
Перспектывы
Але гэтых аперацый яшчэ недастаткова, каб пераламаць баланс сіл, мяркуюць аналітыкі. Ва Украіны засталося ўсяго некалькі тыдняў, каб здзейсніць значны прарыў у расійскіх пазіцыях, які абавязкова будзе выкарыстаны пасля. З надыходам восені манеўры будуць абцяжараныя з-за дажджоў, якія ператвараюць глебу ў гразь і ўскладняюць перасячэнне водных шляхоў.
Аўтар артыкула адзначае, што ўкраінскія ўлады зараз рыхтуюць насельніцтва да перспектывы доўгай вайны. Віцэ-прэм'ер — міністр па пытаннях рэінтэграцыі часова акупаваных тэрыторый Ірына Верашчук адзначыла, што шлях да перамогі ў вайне будзе доўгім і цяжкім, таму ўкраінцам трэба настроіцца на працяглую барацьбу. Пра гэта яна напісала 15 жніўня на сваёй старонцы ў тэлеграм:
«Мы павінны быць шчырымі. У гэтай вайне шлях да перамогі будзе доўгім і цяжкім. «2-3 тыдні», «да канца года», «наступнай вясной» — усё гэта няпраўда. Трэба рыхтавацца да доўгай барацьбы. (…) Кожны на сваім месцы рыхтуемся да марафону, а не да спрынту, да бою ў дванаццаць раўндаў, а не ў тры».
Чытайце яшчэ:
Украіна не атрымае знішчальнікаў F-16 гэтай восенню ці зімой
«Вайна не завершыцца да вясны, шлях да перамогі будзе доўгім» — віцэ-прэм'ер-міністр Верашчук
«Тады Расіі будзе напляваць на Данбас»: генерал ЗША распавёў, як Украіна пераможа ў вайне
Каментары