Віцебскі аблвыканкам абнаўляе інтэр'еры. З'явяцца галерэя губернатараў вобласці і сакратароў абкама, кіеўская княгіня і савецкі ордэн
150 000 рублёў збіраецца выдаткаваць Віцебскі аблвыканкам на новае афармленне інтэр'ераў свайго будынка ў духу эклектызму, пішуць «Народныя навіны Віцебска».
Увесну аблвыканкамам была праведзена закупка з адной крыніцы паслуг па праектаванні інтэр'ераў 2-га паверха ў будынку Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта на вуліцы Гогаля, 6. Кошт праектных работ тады склаў 5500 рублёў.
Цяпер жа аб'яўлены электронны аўкцыён на выкананне работ па вырабе гэтых інтэр'ераў. Яго арыенціровачны кошт складае 150 000 рублёў.
Паводле дакументацыі закупкі, у калідорах будынка аблвыканкама размесцяць некалькі пано і кампазіцый, закліканых ілюстраваць Віцебскую вобласць. Усе надпісы, наколькі можна меркаваць, выканаюць на рускай мове.
У прыватнасці, там будзе кампазіцыя «Губернатары Віцебскай вобласці» з партрэтамі чатырох былых старшыняў Віцебскага аблвыканкама.
Сіметрычна ёй размесцяць галерэю з партрэтамі першых сакратароў Аргбюро ЦК КП(б)Б. Характэрна, што савецкіх функцыянераў «губернатарамі» не назвалі. Акрамя таго, чамусьці выкарыстоўвалі назву Кампартыі Беларусі, якая ўжывалася да 1952 года, калі XIX з'ездзе Усесаюзную Камуністычную партыю (бальшавікоў) перайменавалі ў Камуністычную партыю Савецкага Саюза (КПСС), адпаведна, зменены былі і назвы рэспубліканскіх кампартый.
Таксама ў інтэр'еры павінны з'явіцца тры пано з гістарычнымі асобамі: беларускім першадрукаром Францыскам Скарынам і манахіняй ды асветніцай перыяду Полацкага княства святой Еўфрасінняй Полацкай, а таксама кіеўскай княгіняй Вольгай, якой прыпісваецца заснаванне Віцебска ў 974 годзе (праз 5 гадоў пасля яе смерці).
Пано з Вольгай і Еўфрасінняй выклікаюць пэўнае здзіўленне.
Па-першае, Вольга намаляваная на фоне барочных віцебскіх храмаў XVIII стагоддзя, там жа намаляваныя гербы Віцебска 1597 і 1781 гадоў, а таксама прывілей Полацку на магдэбургскае права, выдадзеныя вялікім князем Аляксандраў у 1498 годзе, г. зн. — відавочныя анахранізмы.
Па-другое, наколькі можна меркаваць па ілюстрацыі, справа ад малюнка Еўфрасінні Полацкай працягваецца тэкст пра Вольгу.
Акрамя таго, чамусьці кіеўская княгіня ўдастоілася малюнка двойчы — другі яе партрэт ужо ў выглядзе іконы размешчаны ў цэнтры кампазіцыі з прынтамі фатаграфій і паштовак другой паловы XIX — пачатку XX стагоддзяў.
Яшчэ адна кампазіцыя будзе прысвечаная савецкаму ордэну Леніна, якім Віцебская вобласць была ўзнагароджаная згодна з указам Прэзідыума ВС СССР ад 8 лютага 1967 года, у рамках святкавання 50-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі.
Таксама прадугледжаная кампазіцыя з гербамі раённых цэнтраў, якія будуць размяшчацца з двух бакоў ад малюнка карты Віцебскай вобласці. І гербы, і карта, падобна будуць манахромнымі — выкананымі рознымі адценнямі залацістага колеру.
Лесвічную пляцоўку ўпрыгожаць празрыстыя панэлі з арнаментам, які выкарыстоўваецца на дзяржаўным сцягу Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўны герб і цэнтральная паласа арнаменту таксама будуць залацістага колеру. Па баках ад панэляў устаноўлены дзяржаўны сцяг і сцяг вобласці.
Згодна з умовамі закупкі, абнавіць інтэр'еры будынка Віцебскага аблвыканкама павінны да 9 лістапада. Фінансуюцца работы за кошт абласнога бюджэту.
Каментары
цяпер бачаце - залатым па белым напісата - "губернаторы"