Спорт22

Міністр спорту стварае альтэрнатыўную федэрацыю футбола, бо не можа ўплываць на АБФФ — Трыбуна

Міністр спорту і турызму Сяргей Кавальчук не вельмі задаволены тым, што яму больш не дазваляюць лезці ў справы футбольнай федэрацыі. Таму ён прыдумаў схему, каб вярнуць свой уплыў у абыход старшыні АБФФ Мікалая Шарснёва. Фактычна ўжо створана альтэрнатыўная федэрацыя, а гэта можа стаць прычынай для маштабных санкцый з боку УЕФА і ФІФА. «Трыбуна» тлумачыць, што цяпер адбываецца.

Як Кавальчука адсунулі ад футбола?

Калі намінальным кіраўніком АБФФ быў Уладзімір Базанаў, усе ключавыя рашэнні ў арганізацыі прымаліся па ўзгадненні з Сяргеем Кавальчуком — міністрам спорту і турызму. Без ухвалення былога ахоўніка Лукашэнкі не абыходзіліся прызначэнні галоўных трэнераў зборнай і клубаў. Кавальчук вырашаў, каму можна, а каму нельга гуляць у вышэйшай лізе. Базанаў і яго намеснікі не пярэчылі.

З прыходам на пасаду старшыні Мікалая Шарснёва ўплыў Кавальчука пачаў слабець. Былы кіраўнік Віцебскай вобласці даў зразумець, што мае намер займацца футбольнымі пытаннямі самастойна. Тым больш што ад дзяржавы федэрацыя нічога не атрымлівае, практычна цалкам фармуючы свой бюджэт за кошт паступленняў з ФІФА і УЕФА.

У выніку менавіта Шарснёў прыняў рашэнне аб звальненні Георгія Кандрацьева і ягоных памочнікаў з нацыянальнай зборнай. Прызначэнне іспанца Карласа Алоса — таксама ягоная ініцыятыва. Старшыня АБФФ выступаў за ліквідацыю «чорных спісаў» і вяртанне «непажаданых» гульцоў у чэмпіянат Беларусі (некаторых ужо ўдалося вярнуць). Рашэнні аб рэфармаванні чэмпіянату, змене фармату ліг — да гэтых новаўвядзенняў Кавальчук таксама не мае дачынення.

Пры гэтым у футбольнай супольнасці шмат каму падабаецца імкненне Шарснёва вярнуць федэрацыі хоць нейкую незалежнасць. Але Кавальчук пакідаць футбол без сваёй апекі не мае намеру.

І што ж прыдумаў Кавальчук?

«Трыбуне» стала вядома, што, не здолеўшы займець уплыў на Шарснёва (яго прызначэнне ўзгаднялася з Лукашэнкам), міністр вырашыў стварыць альтэрнатыву АБФФ — структуру, якая будзе займацца прыкладна тымі ж пытаннямі, што і федэрацыі, але толькі пад кіраваннем Кавальчука.

На сёння да канца незразумела, як будзе функцыянаваць гэтае двоеўладдзе, за кім будзе апошняе слова, калі адна арганізацыя мае легітымнасць і міжнароднае прызнанне, а іншая — адміністрацыйны рэсурс. Пры гэтым Кавальчук у загадным парадку заклікае пад сваё крыло супрацоўнікаў федэрацыі, а да іх дамешвае людзей, якія баяцца яму пярэчыць і гатовыя выконваць любыя загады.

Паводле звестак «Трыбуны», тыдзень таму Кавальчук падпісаў загад аб стварэнні працоўных груп «з мэтай далейшага развіцця і ўдасканалення футбола ў Рэспубліцы Беларусь». У загадзе сказана, што неабходна стварыць працоўныя групы па 13 кірунках, у вызначаны тэрмін распрацаваць і прадставіць у Мінспорту планы па працы гэтых самых груп. Кантроль за выкананнем ускладзены на намесніка Кавальчука Аляксандра Баравулю, які меў дачыненне да рэпрэсій супраць беларускіх спартсменаў, за што пазней трапіў у розныя санкцыйныя спісы.

Аляксандр Баравуля

Фарміраванне груп кантралявалася асабіста Кавальчуком, а кіраўніцтва АБФФ проста было пастаўлена перад фактам, што такая структура створаная. Пры гэтым частку груп мусяць узначаліць якраз намеснікі Шарснёва, у іх склад уваходзяць прадстаўнікі федэрацыі і выканкама АБФФ. Прыцягнутыя да «працы» і прадстаўнікі некаторых клубаў вышэйшай лігі.

Першай у спісе, які займела «Трыбуна», значыцца група аналізу і распрацоўкі нарматыўных прававых актаў. Узначальвае яе Баравуля. У яго ў падпарадкаванні, калі так можна сказаць, і футбольныя людзі, і не зусім. Да першай катэгорыі можна аднесці начальніка міжнародна-прававога дэпартамента АБФФ Сяргея Ільіча, генеральнага сакратара федэрацыі Сяргея Жардзецкага, а таксама генеральнага дырэктара мінскага «Дынама» Андрэя Толмача. Толмачу дазволена ўдзельнічаць у групе па ўласнай ахвоце. Такі ж статус і ў экс-ахоўніка Лукашэнкі Міхаіла Ботнікава — сёння гэта старшыня Федэрацыі пляжнага футбола. Яшчэ два чалавекі прадстаўляюць розныя аддзелы Мінспорту. Запісалі ў групу і першага намесніка міністра юстыцыі Наталлю Філіпаву (удзельнічае таксама па жаданні).

Назва другой групы ў нейкай ступені абсурдная — «Удасканаленне працы АБФФ». Атрымліваецца, гэтая група будзе кантраляваць працу Федэрацыі футбола, якая па патрабаванні міжнародных структур павінна быць цалкам незалежнай, аналізаваць яе дзейнасць і нейкім чынам прапаноўваць (ці навязваць?) карэктаванні, якія Кавальчук палічыць карыснымі (абавязковымі да выканання?). Узначальвае групу ўсё той жа ўніверсал Баравуля. А кампанію яму складаюць ужо знаёмыя Ботнікаў і Філіпава плюс першы намеснік Шарснёва Андрэй Васілевіч.

Яшчэ за «ўдасканаленне працы федэрацыі» будуць адказваць начальнік галоўнага ўпраўлення спорту і турызму Мінгарвыканкама Максім Варапай, яго калегі з пяці аблвыканкамаў і некалькі прадстаўнікоў Мінспорту. У склад групы таксама ўваходзіць Анатоль Юрэвіч. У спісах ён прадстаўлены як дзяржаўны трэнер нацыянальнай каманды Рэспублікі Беларусь па футболе.

Юрэвіч — фігурант справы аб дагаворных матчах, дыскваліфікаваны рашэннем АБФФ на пяць гадоў за дачыненне да аферы, — узначальвае групу, якая павінна адказваць за «ўдасканаленне клубнага чэмпіянату». Пад яго кіраўніцтвам куды больш прадстаўнікоў АБФФ, чым у іншых «калектывах», — гэта Васілевіч, начальнік дэпартамента правядзення спаборніцтваў Ігар Цаплюк, сябры выканкама АБФФ Толмач і дырэктар СДЮШАР «Нёман» Сяргей Саладоўнікаў. Плюс галоўны трэнер «Мінска» Сяргей Яромка. Праўда, для іх усіх прадугледжаны добраахвотны ўдзел у групе — у адрозненне ад начальнікаў аддзелаў спорту і турызму некалькіх аблвыканкамаў.

Анатоль Юрэвіч

Таксама Юрэвічу, нягледзячы на ўдзел у даволі ганебным скандале, даручылі групу «падрыхтоўкі нацыянальных і зборных камандаў», а яшчэ групу, якая адказвае за «ўдасканаленне працы з трэнерскімі кадрамі». У склад апошняй у абавязковым парадку акрамя Юрэвіча ўвайшоў старшы трэнер нацыянальнай каманды па пляжным футболе Дзмітрый Рубненка, а вось яшчэ сямёра будуць працаваць, толькі калі самі пажадаюць. Гэта суддзя з футзала Максім Дзяйкала, трэнеры Веніямін Арзамасцаў і Сяргей Бароўскі, першы намеснік Шарснёва Васілевіч, тэхдырэктар АБФФ Дзмітрый Касянок, а таксама два прадстаўнікі БДУФК.

Усяго Юрэвіч зʼяўляецца кіраўніком трох груп, як і Васілевіч. Яго паставілі адказным за «ўдасканаленне сістэмы судзейства», за «дзіцяча-юнацкі футбол і падрыхтоўку спартыўнага рэзерву», а таксама за «развіццё масавага футбола».

Не забыўся Кавальчук і на ранейшага старшыню АБФФ. Уладзімір Базанаў узначаліў групу «развіцця інфраструктуры».

Акрамя таго, яшчэ створаны групы па «фінансаванні футбола» (галоўны Баравуля), «навукова-метадычным і медычным забеспячэнні» (дырэктар РНПЦ спорту Ірына Малёваная), «удасканаленні працы са СМІ» (намеснік міністра інфармацыі Кунцэвіч, калі пагодзіцца). Таксама створана група «ідэалагічнай працы» пад кіраўніцтвам начальніка ўпраўлення кадравай палітыкі Мінспорту Вячаслава Шыпарава.

Што думаюць пра загад Кавальчука ў АБФФ?

Некаторыя групы Кавальчука літаральна дублююць камітэты і дэпартаменты, якія ўжо даўно функцыянуюць пры федэрацыі. У АБФФ ёсць камітэты па масавым футболе, па медыцыне, па дзіцяча-юнацкім футболе, па судзействе. Ёсць дэпартамент маркетынгу і камунікацый, адказны за зносіны з СМІ. Васілевіч пры гэтым курыруе суддзяў і ў АБФФ, і ў групе Кавальчука.

Кавальчук ствараў свае групы, не паведамляючы федэрацыі футбола. Спецыялісты АБФФ даведваліся пра сваё ўключэнне ў гэтыя групы ўжо пастфактум. Па звестках «Трыбуны», асаблівай радасці ў функцыянераў гэта не выклікала, некаторыя былі шакаваныя «прызначэннем». Пры гэтым ісці супраць, адмаўляючыся ад удзелу, ніхто не мае намеру. Клеркі Дома футбола не гатовыя супрацьстаяць загадам, якія спускаюцца зверху.

Калі ў работнікаў АБФФ энтузіязму ад супрацы з Кавальчуком няма зусім, то настрой Юрэвіча іншы. Крыніцы «Трыбуны» сцвярджаюць, што ён рады таму, што зможа зноў актыўна ўплываць на розныя кірункі ў белфутболе — АБФФ пасля скандалу з дамоўнымі матчамі адсунула яго ад усіх працэсаў. Кавальчук жа вырашыў, што трэнер варты «амністыі» (тым больш «Энергетык-БДУ» ўжо не пагражае мінскаму «Дынама» ў барацьбе за чэмпіёнства). Меркаванне АБФФ наконт гэтага нікога не хвалюе.

Да чаго ўсё можа прывесці?

Працэнтаў 70 удзельнікаў груп бачылі футбол, як кажуць, толькі па тэлевізары. У асноўным — гэта чыноўнікі рознага рангу, набліжаныя да Кавальчука спецыялісты, супрацоўнікі Мінспорту і гэтак далей. Але гэта людзі, якія гатовы слухацца і падпарадкоўвацца Кавальчуку.

Крыніцы «Трыбуны» расказваюць пра настроі ў АБФФ. Там мяркуюць, што праз свае прызначэнні Кавальчук гарантаваў сабе пакорлівасць груп, нават калі прадстаўнікі ад АБФФ будуць прасоўваць іншы пункт гледжання. Прадстаўнікі федэрацыі сярод удзельнікаў груп нібыта патрэбныя Кавальчуку для таго, каб пазбегнуць канфлікту з ФІФА і УЕФА, якія могуць убачыць у цяперашняй сітуацыі прамое ўмяшанне дзяржавы ў футбольныя справы. Пакараннем за гэта могуць стаць вельмі жорсткія санкцыі — ажно да адхілення клубаў і зборных ад міжнародных турніраў.

Як мяркуюць суразмоўцы «Трыбуны», такім складам удзельнікаў Кавальчук рыхтуе сабе алібі, пры якім можа сцвярджаць, што калі ў групах ёсць прадстаўнікі АБФФ і футбольных клубаў, то гэта значыць, што рашэнні прымаюцца не чыноўнікамі, а нібыта футбольнай супольнасцю. Аднак па факце, упэўненыя крыніцы, структура створаная для таго, каб ухваляць прыдумкі Сяргея Кавальчука.

Каментары2

  • Бобр
    01.09.2023
    Ставлю на Шерстнева.
  • даведка
    02.09.2023
    Каждый охранник Лукашенко рано или поздно превращается в такого же диктатора, как и их хозяин Лукашенко.

Папулярны тыктокер з Расіі тусіць у дарагіх рэстаранах Мінска: «Быццам бамжу падалі. Жарыце, на здароўе»22

Папулярны тыктокер з Расіі тусіць у дарагіх рэстаранах Мінска: «Быццам бамжу падалі. Жарыце, на здароўе»

Усе навіны →
Усе навіны

Лаўроў у Брэсце расказаў моладзі, што «ад Украіны застанецца нейкая частка»16

Лукашэнка пра адключэнне інтэрнэту ў 2020-м: Калі гэта паўторыцца, адключым зусім35

На Захадзе задумаліся аб перадачы Украіне ядзернай зброі8

Сталі вядомыя пяць новых прозвішчаў палітвязняў, што выйшлі на волю1

Гродзенцу далі чатыры гады за каментары, судзілі яго паказальна перад студэнтамі

Беларускі пашпарт назвалі найслабейшым у Еўропе4

Шольц: Ужыванне Расіяй новай гіпергукавай ракеты азначае, што трэба пазбягаць эскалацыі27

На падтрымку Васіля Верамейчыка меней чым за суткі сабралі палову сумы5

З кавай, цукеркамі і касметыкай: выбіраем адвэнт-календары, зробленыя ў Беларусі6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Папулярны тыктокер з Расіі тусіць у дарагіх рэстаранах Мінска: «Быццам бамжу падалі. Жарыце, на здароўе»22

Папулярны тыктокер з Расіі тусіць у дарагіх рэстаранах Мінска: «Быццам бамжу падалі. Жарыце, на здароўе»

Галоўнае
Усе навіны →