Грамадства

Сілавікі прапануюць адкупляцца за данаты і тлумачаць механізм. Што пра гэту схему і гарантыі кажа юрыст?

Сілавікі сцвярджаюць, што не мае значэння, калі фонды салідарнасці прызналі экстрэмісцкімі: данаціў — значыць вінаваты. І прыводзяць схему, па якой можна пазбегнуць крымінальнай адказнасці. «Наша Ніва» папрасіла юрыста пракаментаваць гэтыя заявы.

Фонды і «экстрэмізм»

У сюжэце АНТ ад 11 кастрычніка начальнік аддзела Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю Уладзіслаў Ларыёнаў тлумачыў, што калі чалавек данаціў у фонды, то не мае значэння, калі нейкае аб’яднанне грамадзян прызнана экстрэмісцкім ці тэрарыстычным. 

«Прызнанне іх такімі — гэта падвядзенне рысы пад іх дзейнасцю, а не адпраўны пункт для магчымасці кваліфікацыі дзеянняў асоб, якія іх спансуюць», — даводзіў ён логіку, якой кіруюцца сілавыя органы, фактычна пацвярджаючы, што прымяняюць закон заднім чыслом.

Юрыст праваабарончага цэнтра «Вясна» Павел Сапелка кажа, што ў маі 2016 года ў заканадаўстве з'явіўся артыкул «фінансаванне экстрэмісцкага фармавання», які прадугледжваў адказнасць за фінансавую падтрымку фармаванняў, якія ўжо прызнаныя экстрэмісцкімі.

Пазней гэта норма трансфармаваная «з падтрымкі экстрэмісцкага фармавання» ў «падтрымку экстрэмісцкай дзейнасці». Пасля гэтага людзей сталі пераследаваць за фінансаванне арганізацый, якія на момант данатаў яшчэ не былі прызнаныя экстрэмісцкімі.

Юрыст акцэнтуе ўвагу на тым, што ўлада спекулюе на двухсэнсоўнасці тлумачэнняў прававых нормаў. З іх не зразумела простым людзям, што іх дзеянні могуць быць забароненымі.

«Фармулёўкі, якія выкладзеныя ў законе, не даюць чалавеку адназначнага адказу, ці супрацьпраўныя яго дзеянні. Спецыяліст, вядома ж, зразумее пра што гаворка, але, калі чалавек не разбіраецца ў юрыдычных тонкасцях, хутчэй за ўсё не ўбачыць выразнай пагрозы», — гаворыць ён.

У сітуацыі, калі цяперашняй уладзе «не да законаў», кажа Сапелка, чалавеку трэба быць гатовым, што ён трапіць пад крымінальны пераслед за падтрымку ініцыятывы, якая не прызнаная на момант ахвяравання экстрэмісцкім фармаваннем.

Юрыст заўважае, што Лукашэнка экстрэмізмам называе тое, што аб’ектыўна не зʼяўляецца агульнанебяспечнымі дзеяннямі. У цяперашняй Беларусі антыэкстрэмісцкае заканадаўства выкарыстоўваецца як інструмент пераследу людзей за ажыццяўленне сваіх правоў і свабод.

Падтрымка грамадскіх ініцыятываў, дзейнасць якіх скіравана на абарону правоў і інтарэсаў людзей, не можа быць экстрэмізмам, настойвае юрыст.

«Чалавек ахвяруе на дапамогу пацярпеламу ад гвалту сілавікоў, міліцыі, неправасудных выракаў пастаноў, ён апрыёры не лічыць свае дзеянні незаконнымі», — падкрэслівае ён.

А што з практыкай, калі прапануюць адкупіцца і абяцаюць не заводзіць крыміналкі?

У сюжэце АНТ тлумачылася, што калі чалавек данаціў адзін раз і актыўна раскаяўся, то яго могуць вызваліць ад крымінальнай адказнасці. Але трэба будзе сплаціць кампенсацыю. Наколькі гэта адпавядае закону? Ці дае гэта гарантыю, што справы пасля не завядуць?

Павел Сапелка кажа, што ў законе ёсць нормы, якія вызваляюць ад крымінальнай адказнасці па абвінавачванні ў экстрэмісцкай дзейнасці (артыкул 361-2 УК). Яны прадугледжваюць дзейнае раскаянне і добраахвотную кампенсацыю шкоды.

Паводле юрыста, калі гаворка ідзе пра дзейнае раскаянне, то яно тычыцца асоб, якія ўпершыню ўчынілі менш цяжкае злачынства альбо злачынства, якое не ўяўляе вялікай грамадскай небяспекі.

Падазраванага могуць вызваліць ад крымінальнага пераследу калі:

  • ён сам прыйшоў з павіннай;
  • актыўна садзейнічаў выкрыццю злачынства;
  • выплаціў нанесеную злачынствам шкоду або вярнуў неабгрунтаванае абагачэнне;
  • сплаціў даход, атрыманы злачынным шляхам;
  • унёс на дэпазітны рахунак органа, які вядзе крымінальны працэс, кампенсацыю ў памеры 50 працэнтаў ад учыненай злачынствам шкоды.

Павел Сапелка заўважае, што чалавек, які «добраахвотна» прызнаўся ў «фінансаванні экстрэмісцкага фармавання» мусіць пільнаваць, каб вызваленне ад крымінальнай адказнасці належным чынам было аформлена.

Пастанова павінна выносіцца органам, які вядзе крымінальны працэс — пракурорам ці следчым са згоды пракурора.

«Гэта не мусяць быць аператыўнікі, КДБ, ці органы фінансавага кантролю», — падкрэслівае юрыст.

Ён паўтарае: кампенсацыя шкоды, іншыя выплаты павінны быць зробленыя толькі на рахунак органа, які вядзе крымінальны працэс і ніякія іншыя.

Па словах юрыста, выкананне такіх умоваў можа стаць гарантыяй таго, што да гэтага пытання вяртацца не будуць. У адваротным выпадку чалавека могуць прыцягнуць да крымінальнай адказнасці ўжо з вынясеннем прысуду.

Павел Сапелка дапускае, што ў выпадку, калі падазраванага ў «фінансаванні экстрэмісцкай дзейнасці» схапілі, дабіліся ад яго дзейнага раскаяння, орган, які вядзе крымінальны працэс, можа разглядаць гэта як добраахвотную яўку з павіннай.

Па словах Уладзіслава Ларыёнава, Дэпартамент фінансавых расследаванняў разам са Следчым камітэтам за першае паўгоддзе 2023 года выявіў 70 злачынстваў, звязаных з фінансаваннем экстрэмісцкай дзейнасці, і 6 злачынстваў, звязаных з фінансаваннем тэрарыстычнай дзейнасці.

З гісторый тых, каго выклікалі ў органы на тлумачэнне за данаты, мінімальная сума кампенсацыі — 500 ці 1000 даляраў. Калі ж чалавек пераводзіў фондам салідарнасці значную суму, то кампенсацыю звычайна просяць у 10-кратным памеры. Часам сумы касмічныя.

У сюжэце АНТ расказалі пра Антона Федарэнку, які ў якасці кампенсацыі пералічыў у дзіцячы фонд хворых анкалогіяй 60 тысяч даляраў.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Глядзіце таксама:

Каго садзяць за данаты, а каму дазваляюць адкупіцца. Вось якая логіка

«Даведалася, што выклікаюць у КДБ». Як айцішнікі вывозілі грошы ў 2023 годзе

Чаму Гараўскага апраўдалі? Тлумачаць юрысты

Каментары

Аўтаслесар, афіцыянт, танцор у Тайландзе, ролі ў «Мухтары» і «Сватах». Пяць фактаў пра новага міністра культуры Чарнецкага5

Аўтаслесар, афіцыянт, танцор у Тайландзе, ролі ў «Мухтары» і «Сватах». Пяць фактаў пра новага міністра культуры Чарнецкага

Усе навіны →
Усе навіны

«Можна ўзяць аўтамат і перасекчы мяжу?» Павук спытаў у памежнікаў, ці законна расійскія войскі ў 2022 годзе перайшлі беларуска-ўкраінскую мяжу6

Сэрвісу «Яндэкс.Таксі» пагражаюць блакіроўкай: на АНТ выйшаў разгромны рэпартаж12

У Мсціславе трое дзецюкоў ад нуды закідалі яйкамі чужыя аўто і разнеслі альтанкі

Пажар адбыўся на складзе Мінскага інструментальнага завода — два чалавекі шпіталізаваныя1

Час, калі сонца не глядзіць у наша аконца: як не ўпасці ў дэпрэсію і застацца бадзёрым2

Урадавыя войскі Сірыі адкінулі паўстанцаў ад Хамы. Але ў Алепа разгром поўны

«Чыловы хлопец» дабраўся і да Беларусі. Што гэта за мем?5

Хто такі Яўген Горын — прапагандыст, які бярэ інтэрв'ю ў палітвязняў за кратамі і кляйміць Захад18

Прэм'ер-міністр Польшчы праінспектаваў новую лінію абароны на мяжы і назваў яе «інвестыцыяй у мір»5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Аўтаслесар, афіцыянт, танцор у Тайландзе, ролі ў «Мухтары» і «Сватах». Пяць фактаў пра новага міністра культуры Чарнецкага5

Аўтаслесар, афіцыянт, танцор у Тайландзе, ролі ў «Мухтары» і «Сватах». Пяць фактаў пра новага міністра культуры Чарнецкага

Галоўнае
Усе навіны →