Свет33

У Афганістане ў выніку разбуральнага землятрусу загінулі 1300 чалавек. З іх 90% жанчыны і дзеці

«Я была ў вёсцы, дзе жывуць сябры «Талібана». Некаторыя мужчыны адмаўляліся дакранацца да параненых ці мёртвых жанчын», — кажа доктарка Сальма.

Афганская дзяўчына нясе гуманітарную дапамогу ў свой намёт і плача з-за моцнай пясчанай буры, што адбылася пасля землятрусу ў раёне Зэнда-Джан у правінцыі Герат, на захадзе Афганістана. Фота: Ebrahim Norooz / AP

90% загінулых у выніку землятрусу, які адбыўся ў Афганістане 7 кастрычніка, склалі жанчыны і дзеці, заявілі ў ААН. Гэта можа быць звязана з жорсткімі абмежаваннямі, уведзенымі «Талібанам», піша Бі-бі-сі.

Магутныя падземныя штуршкі былі зафіксаваныя ў правінцыі Герат на захадзе краіны. Ахвярамі таго землятрусу сталі каля 1300 чалавек, пацвердзілі ў ААН.

Каб зразумець, чаму сярод загінулых было так шмат жанчын і дзяцей, Бі-бі-сі паразмаўляла з дактарамі, сведкамі і актывістамі. На іх думку, асноўнай прычынай з'яўляюцца жорсткія абмежаванні, уведзеныя «Талібанам».

Сальма, жанчына-доктарка з Герата, змагла дабрацца да найбольш пацярпелых ад землятрусу раёнаў, каб аказаць першую дапамогу параненым жанчынам. Яна на свае вочы ўбачыла, як непрапарцыйна шмат жанчын было сярод пацярпелых і загінулых.

«Я была ў вёсцы, дзе жывуць сябры «Талібана». Некаторыя мужчыны адмаўляліся дакранацца да параненых ці мёртвых жанчын», — кажа яна.

Дыскрымінацыя

Раён Зэнда-Джан, размешчаны за 40 км на захад ад Герата, стаў эпіцэнтрам першага і самага разбуральнага землятрусу. Мясцовыя жыхары распавялі, што ў 20 аддаленых горных вёсках не ацалела ніводнага будынка.

Калі адбыўся землятрус, у гэтых будынках у пераважнай большасці былі жанчыны і дзеці.

У сельскіх раёнах Афганістана жанчыны звычайна знаходзіліся дома на працягу дня, але калі ў 2021 годзе ўладу захапілі талібы, яны ўвялі шэраг мер, якія забаранялі жанчынам займаць большасць працоўных месцаў, а таксама вучыцца пасля пачатковай школы.

З-за гэтых законаў большасць жанчын аказаліся асуджаныя на тое, каб праводзіць жыццё ў асноўным у хаце.

«Мужчыны працавалі ў полі, пасвілі статак або з'ехалі ў Іран на заробкі. Жанчыны ж былі дома, займаючыся гаспадаркай і прыглядалі за дзецьмі. Яны аказаліся ў пастцы пад заваламі»,-распавяла Сальма Бі-бі-сі.

Па словах 23-гадовай актывісткі Марыям (імя зменена), сітуацыю пагаршаў яшчэ і той факт, што талібы на яе вачах папярэджвалі супрацоўнікаў выратавальных службаў, каб тыя не чапалі жанчын, якія пацярпелі ў выніку землятрусу.

«Мясцовыя мужчыны не мелі нічога супраць таго, каб ратаваць жанчын, але некаторыя ўзброеныя сябры «Талібана» не падпускалі мужчын да іх», — распавяла Марыям.

«Яны таксама забаранілі жанчынам наведваць гэтыя раёны ў першыя два ці тры дні, бо не хацелі, каб людзі розных палоў знаходзіліся ў адным месцы», кажа яна.

Супрацоўнік гуманітарнай арганізацыі Абдул распавёў, што баевікі не дазвалялі мужчынам дакранацца да целаў жанчын нават пасля іх смерці.

Акрамя таго, па словах відавочцаў, большасць загінулых жанчын былі пахаваныя ў адзін і той жа дзень, а іх целы не былі абмытыя, як гэта прынята па мусульманскіх звычаях. Гэты абрад звычайна здзяйсняе жанчына, і многія сем'і проста не маглі знайсці тых, хто б мог гэта зрабіць.

Абмежаванне дапамогі

Актывісты таксама кажуць, што абмежаванні, уведзеныя рэжымам «Талібана», перашкаджалі медработнікам аказваць дапамогу параненым.

Напрыклад, згодна з правіламі талібаў, жанчынам не дазваляецца падарожнічаць без суправаджэння сваяка-мужчыны.

21-гадовая Фарыба працавала валанцёрам у аддзяленні неадкладнай дапамогі бальніцы Герата, разлічанай на 500 ложкаў. Як толькі яна пачула пра землятрус, яна тут жа захацела паехаць на працу.

Надзеўшы доўгі строй і хустку, яна адправілася з дому ў бальніцу. Але таксісты адмовіліся яе туды везці, бо яна не была з ног да галавы схаваная пад паранджой, а таксама яе не суправаджаў мужчына.

«Таксісты заявілі, што «Міністэрства прафілактыкі заганаў і заахвочвання маральнасці» канфіскуе іх машыны і выпіша ім штраф 10 тысяч афгані (130 даляраў), калі яны мяне падвязуць. Я ішла пешшу цэлую гадзіну, каб дабрацца да бальніцы», — распавяла Фарыба.

За некалькі тыдняў да землятрусу талібы пачалі караць кіроўцаў, якія згаджаліся падвезці жанчын без суправаджальніка і жанчын без паранджы.

Некаторыя прадстаўнікі «Талібана» ўсё ж наведалі галоўную лякарню і заклікалі жанчын-дактароў выйсці на працу.

Па словах відавочцаў, якія знаходзіліся ў бальніцах пасля землятрусу, параненых жанчын было вельмі шмат, а медыцынскага персаналу, які мог бы аказаць ім дапамогу, — вельмі мала. Фарыба таксама вінаваціць у гэтым баевікоў.

«Талібан забараніў дактарам-мужчынам лячыць пацыентак-жанчын. Такім чынам нагрузка на невялікую групу жанчын-дактароў і медсясцёр аказалася велізарнай», — кажа яна.

Доктарка Сальма таксама распавядае, што талібы проста не дазволілі ёй дапамагчы адной з пацярпелых.

«Я бачыла жанчыну, галава якой распухла — яна была там са сваім 10-гадовым сынам. Дактары сказалі ёй зрабіць сканаванне галавы, — кажа доктарка Сальма. — Але яна і яе сын не ведалі, куды ісці і што рабіць. Быў хаос, і я маліла талібаў у бальніцы пусціць мяне, каб я магла дапамагчы, але яны не захацелі».

Адказ «Талібана»

Калі Бі-бі-сі звярнулася да «Талібана» па каментар, яго прадстаўнік адхіліў здагадкі аб тым, што групоўка нясе адказнасць за вялікую колькасць смерцяў. Ён заявіў, што абвінавачванні звязаныя з культурнымі нормамі ў Афганістане, а не з правіламі, усталяванымі «Талібанам».

«Землятрус адбыўся каля 11 раніцы: мужчыны былі на працы, а жанчыны былі дома», — паведаміў Забіула Муджахід. — Любы, хто добра разбіраецца ў афганскіх звычаях, ведае, што амаль 80-90% жанчын не працуюць і сядзяць дома».

Муджахід сцвярджае, што групы выратавання «Талібана» прыбылі на месца трагедыі цягам некалькіх гадзін, а некаторыя з іх былі дастаўленыя туды на верталётах. Але ён прызнае, што дапамога дасягнула не ўсіх, хто ў ёй меў патрэбу.

«Відавочна, што гэта была вельмі вялікая катастрофа, якая закранула вялікую колькасць людзей. Эканоміка Афганістана недастаткова моцная, каб адначасова паклапаціцца пра патрэбы ўсіх, але ісламскі эмірат Афганістана робіць усё магчымае», — сказаў ён.

На пытанне, ці адпраўлялі яны ў пацярпелы рэгіён жанчын — гуманітарных супрацоўніц, ён не адказаў.

Доктарка Сальма кажа, што агенцтвам па аказанні дапамогі ўдалося даць пацярпелым ежу і коўдры, але працы яшчэ вельмі шмат.

Дзясяткі жанчын, параненых у выніку землятрусу ў Афганістане, усё яшчэ спрабуюць атрымаць належную медыцынскую дапамогу праз два тыдні.

«Многія цяжарныя жанчыны страцілі сваіх дзяцей, а некаторыя нараджалі на адкрытым паветры з моцным крывацёкам», — дадае доктарка Сальма. — Маладыя дзяўчаты былі ў стане шоку, у іх не было чыстай ніжняй бялізны і гігіенічных пракладак. Ім вельмі патрабавалася медыцынская дапамога».

Каментары3

  • Помощь Афганистану
    21.10.2023
    Сейчас лицемерный мир бедным афганцам не поможет, у них теперь всех другая святая цель - увеличить число мертвых на 2 млн палестинцев.
    Тем более что американская армия при Байдене так успешно эвакуировалась из Афганистана.
  • mikola
    21.10.2023
    idyioty....
  • Лицемерный мир
    22.10.2023
    Помощь Афганистану, задолбали со своей Палестиной, пусть их спасают их же - лидеры миллиардеры, сидящие в Катаре

Купіць мільярд за €230 мільёнаў. Продаж Прыёрбанка азалаціў бізнэсменаў удачы пры Лукашэнку13

Купіць мільярд за €230 мільёнаў. Продаж Прыёрбанка азалаціў бізнэсменаў удачы пры Лукашэнку

Усе навіны →
Усе навіны

Расійскага «забойцу Вікіпедыі» забілі самога. А Вікіпедыя жыве5

«Рэпутацыйная шкода велізарная». Ад цыбульнага плантатара Ёрга Дорнау дыстанцыруецца нават «Альтэрнатыва для Германіі»5

Казачны парк або турыстычная вёска. Куды паехаць на выхадныя гэтай восенню?2

Як бюджэтна адпачыць на востраве вечнай вясны ў Атлантычным акіяне? Беларусы падзяліліся досведам4

Зянон Пазняк расказаў, чым займаўся 10 дзён ва Украіне61

«Пратэст завадчан у 2024». Найлепшыя твіты тыдня3

Беларускі вундэркінд Аляксей Маёраў забіў чатыры галы за «Рэал» і прывёў у захапленне іспанскую прэсу4

Ксяндзу Анджэю Юхневічу пагражаюць фэйкавымі абвінавачаннямі ў педафіліі2

«Перавыхоўваюць і мілітарызуюць». Для суда ў Гаазе падрыхтавалі даклад пра тое, хто і як вывозіць украінскіх дзяцей у Беларусь4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Купіць мільярд за €230 мільёнаў. Продаж Прыёрбанка азалаціў бізнэсменаў удачы пры Лукашэнку13

Купіць мільярд за €230 мільёнаў. Продаж Прыёрбанка азалаціў бізнэсменаў удачы пры Лукашэнку

Галоўнае
Усе навіны →