Папулярны мінскі бар змяніў лакацыю. Пра лёс «Кармы» і яго ўладальніка распавядае ўплывовая польская газета.
Артыкул Ірыны Арахоўскай з'явіўся на старонках рэгіянальнага штотыднёвага дадатку да Wyborczej.
Варшаўскі бар «Карма» не мае шыльды, і, паводле слоў аўтаркі артыкула, ён практычна такі самы, які быў у Мінску. Вокны і дзверы заклееныя стыкер-артам. А насупраць — мурал з Алесем Пушкіным. Спачатку ён зʼявіўся як жэст салідарнасці, а цяпер стаў таксама месцам жалобы і памяці аб беларускім палітычным вязню.
У бары звычайна шмат наведвальнікаў, да якіх бармены звяртаюцца на «ты». Тут можна сустрэць каго заўгодна — праграмістаў, мастакоў, менеджараў, якія завязваюць творчыя і дзелавыя кантакты. У бары збіраюцца грошы на дапамогу для Украіны і выступаюць музыкі.
Калі для Еўропы такія месцы з хіпстарамі, графіці і стыкер-артам — звычайная зʼява, то ў Мінску, як сцвярджае аўтарка, ён вельмі выдзяляўся сярод ідэальна чыстых вуліц у цэнтры (на вул. Камсамольскай — рэд.).
Гісторыя Глеба
Глеб — невысокі хлопец з доўгаю барадою і з вялікай колькасцю татуіровак. Разам з ім у размове бярэ ўдзел невысокая дзяўчына з ружовымі валасамі. Хлопец звяртаецца да яе пяшчотна «Юлечка».
Бацька Глеба — прыватны прадпрымальнік, а маці — настаўніца. Ён нарадзіўся ў Гомелі ў межах Чарнобыльскай зоны. У дзяцінстве па праграме аздараўлення дзяцей з зоны заражэння ён наведаў шмат еўрапейскіх краін. Падчас знаходжання за мяжою Глеб вывучыў нямецкую і французскую мовы.
Хлопец адзначае, што ў іх доме «на сняданне заўсёды была рыба найлепшых гатункаў». Каб так было, бацька павінен быў шмат працаваць. А як выпіваў пару кілішкаў, то праклінаў Лукашэнку. Ён заўсёды казаў, што яны павінны зʼехаць з краіны.
Але з сямʼёю, па словах Глеба, ён меў хутчэй слабую сувязь. Больш падтрымкі знаходзіў у іншым месцы.
«Я марыў стаць барменам. Палітыкі для мяне не існавала. А людзі, якія размаўлялі па-беларуску, былі для мяне «вяскоўцамі з калгаса», — цытуе аўтарка словы хлопца.
Усё змянілася, калі ў 2016 годзе ў Кіеве быў забіты беларускі незалежны журналіст Павел Шарамет.
«Я нават не ведаў, кім быў гэты Павел Шарамет. Але калі праходзіў недалёка ад месца ў Мінску, дзе праходзіла акцыя ў яго памяць, то мяне затрымалі сілавікі. Я адчуў абсалютную бездапаможнасць, але расцаніў гэта як выпадковасць. Роўна праз два тыдні на вакзале мяне зноў затрымалі. Тады ўжо зразумеў — гэта такая сістэма», — перадае словы Глеба аўтарка артыкула.
Гісторыя бара
9 жніўня 2020 года ў бары «Карма» ў Мінску людзі пілі піва і ў напружанні чакалі вынікаў выбараў. Інтэрнэт ужо пачалі глушыць, але ў бары з невядомай прычыны ён яшчэ працаваў, і туды забягалі журналісты, каб выслаць матэрыялы ў рэдакцыі.
Як згадвае Глеб, у бар забегла дзяўчына, перад якой узарвалася святлошумавая граната. Работнікі яшчэ напярэдадні купілі бінт і ёд, але не думалі, што іх давядзецца ўжыць. Гэта было зроблена хутчэй «для жарту».
Нечакана супрацоўнікі бара заўважылі, што праз вуліцу бягуць людзі. У бары апусцілі ралеты. У бар набілася каля 100 чалавек на 50 метраў плошчы. Не хапала паветра. У дзверы грукалі сілавікі і патрабавалі адчыніць.
«Зачыніцца было найлепшым рашэннем. Суседні бар не закрылі, і там пабілі і затрымалі як удзельнікаў акцый, так і супрацоўнікаў», — згадвае Глеб.
А на наступны дзень пасля выбараў, у дзень сваіх народзінаў, хлопец зразумеў, куды будзе далей рухацца.
«З гукамі выбухаў гранат у фонавым рэжыме на мяне сышло прасвятленне. З маіх малых вольных ідэй пачалася складацца дарога. Я зразумеў, што буду рабіць далей, адкуль вазьму грошы і як зраблю візу, у які горад паеду. Дастаткова было высунуць нагу, як крок з адказам сам атрымаўся. Я ўбачыў новыя магчымасці і рушыў у дарогу. А выязджаючы, адразу зразумеў, што ні за што на свеце ніколі больш не вярнуся да той паранойі», — згадвае Глеб.
Хлопец выехаў у Польшчу з жонкаю і васьмю тысячамі даляраў у кішэні. Але грошы хутка скончыліся, а жонка пакінула яго. На шчасце, знайшоўся знаёмы, які быў гатовы адкрыць з ім бар у Кіеве. Глеб знайшоў яшчэ дзесяць чалавек, якія пагадзіліся інвеставаць па 5 тысяч даляраў, за што атрымалі 5% долі ў бізнэсе.
Такім чынам, у 2021 годзе «Карма» адкрылася ў Кіеве. Тут зʼявілася Юлія. Нейкім вечарам яна прыйшла з калегамі-беларусамі ў бар.
Гісторыя Юліі
Як піша аўтарка, Юлія размаўляе вельмі ціха. А яе мова багатая на прыгожыя словы і звароты. У Юліі расійскі пашпарт. Сама яна з Саратава. Яе бацька працуе журналістам і прыехаў у Расію з Украіны.
Дзяўчына вывучала англійскую філалогію і любіць Дастаеўскага, хаця мае праблему з акцэптацыяй яго ідэі.
«З Пуціным мы ўжо шмат гадоў, таму адносіны маіх бацькоў да яго змяніліся. У параўнанні з пачаткам 2000-х пазней наступіла досыць істотнае расчараванне. У 2011 годзе, пасля выбараў у Дзяржаўную думу, я пачала хадзіць на пратэсты апазіцыі ў Саратаве», — распавядае Юлія.
У 2021 годзе дзяўчына прыехала ва Украіну ў камандзіроўку на тры месяцы і вырашыла там застацца. Яна запусціла новы медыяпраект і працавала ў ім як галоўны рэдактар. Адначасова Юлія пачала працэс легалізацыі побыту на падставе паходжання бацькі. Па словах дзяўчыны, на яе рашэнне застацца ў Кіеве ўплыў аказала і знаёмства з Глебам.
23 лютага 2022 года пазваніў знаёмы Глеба і сказаў, што пачнецца вайна. Юля спытала: «Ты ў гэта верыш?» — і лягла спаць. А Глеб, замест таго каб спаць, рыхтаваў машыну да эвакуацыі.
Па прыездзе ў Варшаву Юля не змагла далей пісаць пра новыя тэхналогіі, бо ёй здавалася, што гэта не да месца ў час вайны. Дзяўчына пачала дапамагаць Глебу ў «Карме» і працаваць як валанцёрка для Украіны.
Аўтарка артыкула адзначае, што ў сувязі з тым, што з расійскім пашпартам легалізаваць знаходжанне ў Еўропе вельмі складана, дзяўчына падала дакументы на міжнародную абарону.
Стары бар на новым месцы
Глеб згадвае: «Мы чарговы раз прыехалі ў Польшчу, у Варшаву. Тыдзень адпачылі і пачалі працу над адкрыццём чарговага бара. На адкрыцці было 600 чалавек — амаль усе беларусы. Цяпер усё больш украінцаў і іншых замежнікаў. Каго тут можна сустрэць? Псіхатэрапеўта, інвестара ў твой новы праект, цырульніка. Можна сустрэць свайго любімага артыста. Альбо нават мужчыну, якога ў дзяцінстве бачыў у тэлевізары ў праграме «Калыханка».
Глеб лічыць, што беларусы вельмі хутка адаптуюцца. А некаторыя, па яго словах, ужо маюць гісторыю двайной і трайной эміграцыі.
Па словах аўтаркі, Юлія трохі інакш бачыць сябе ў Польшчы, і перадае яе словы:
«Звычайна іду па вуліцы. Ніхто не ведае, адкуль я. Але часам прыходзіць думка: ці маю я права быць тут?… Не адчуваю сябе ў бяспецы. Ні ў якім кутку свету».
Чытайце яшчэ:
Беларусы заснавалі ў Польшчы амаль 12 тысяч фірмаў за апошнія паўтара года
Каментары