Усяго патроху

Кніга XV стагоддзя, падарунак на вяселле і аўтограф Ніла Геймана. Падвялі вынікі конкурсу на самыя буйныя і цікавыя прыватныя бібліятэкі Беларусі

У Беларусі знайшліся фенаменальна вялікія прыватныя бібліятэкі з кніжнымі пакоямі, сярэднявечнымі артэфактамі і рэдкімі аўтографамі, піша Oz.by.

Конкурс сярод уладальнікаў хатніх бібліятэк правяла гандлёвая сетка OZ да свайго 24-годдзя. Кнігалюбаў шукалі па ўсёй Беларусі.

Асабістыя бібліятэкі выставілі на конкурс больш за паўтысячы чалавек. Хтосьці атрымаў кніжныя калекцыі ў спадчыну, а для кагосьці гэта стала сэнсам жыцця. Многія падышлі да пытання вынаходліва, сталі збіраць кнігі адной тэматыкі: гістарычныя, дзіцячыя або фэнтэзі.

Паводле ўмоў, уладальнікі прыватных бібліятэк самі называлі колькасць кніг. Аднак для большай пэўнасці арганізатары пераправяралі звесткі і лічылі кнігі. Газеты і часопісы ў разлік не бралі.

Некаторыя бібліятэкі вылучылі за крэатыўны падыход і неардынарныя зборы.

«Маштабы прыватных бібліятэк, як і колькасць удзельнікаў, перасягнулі ўсе нашы чаканні. Некаторыя кватэры так застаўленыя кніжнымі шафамі, што тыя сталі ўжо не часткай, а ўсім інтэр'ерам. І што цікава, уладальнікі такіх велізарных збораў не проста захоўваюць кнігі як памяць, а сістэматызуюць іх, вядуць улік і перачытваюць. Нават у стагоддзе інтэрнэту яны здолелі захаваць запал да папяровых кніг, з якім жывём і мы з 1999 года. І так будзе і далей», — адзначаюць у сетцы OZ.

Хто ўзначаліў рэйтынг прыватных бібліятэк

Узначаліла рэйтынг прыватных бібліятэк Вольга Кляцко з Калодзішчаў пад Мінскам. Яе калекцыя налічвае 8708 кніг. Менавіта яна атрымае сертыфікат ад сеткі OZ на 1999 рублёў — па аналогіі з годам заснавання рэтэйлера.

Вольга збірае кнігі з 15 гадоў, а дакладней, з моманту свайго паступлення ў медвучылішча. Яе бібліяфільскі «стаж» — 32 гады.

Першую кнігу, набытую на стыпендыю, Вольга памятае дагэтуль. Гэта быў «Тартарэн з Тараскона» французскага раманіста Альфонса Дадэ. Не змагла ўстаяць перад вокладкай, успамінае пераможца.

Цяпер яе кватэра — гэта адна вялікая бібліятэка, у якой вакол кнігі. Стэлажы для іх зробленыя ўручную з сасновых дошак. Кнігі на паліцах расстаўленыя па рубрыках. Ёсць нават каталог, у які бібліяфіл скрупулёзна ўносіць новыя паступленні.

«Зразумела, далёка не ўсе з сабраных кніг мною прачытаныя, але я ўпарта працую над гэтым. Чытаю кожны дзень. Каб знайсці на гэта час, не гляджу тэлевізар і стараюся радзей браць у рукі тэлефон. Таму пра конкурс даведалася ад дачкі. Яна сказала, што ў мяне ёсць шанцы на перамогу. А я проста люблю кнігі як такія і люблю чытаць», — прызнаецца жанчына.

Чым дзіўная прыватная бібліятэка ў Гродне

Юрый Гарадзілаў любіць мемуары і захоплены даследаваннямі сусветных войнаў. У яго самая вялікая гістарычная бібліятэка сярод удзельнікаў конкурсу. Ён увайшоў у лік пяці прызёраў, якія атрымалі па 100 рублёў.

«Сваю першую кнігу купіў яшчэ ў 15 гадоў. Мне падабаюцца даследаванні аб Першай і Другой сусветных войнах, люблю мемуары. Па іх, вядома, гісторыю не вывучыш, кожны аўтар прыўносіў сваё, але для разумення кантэксту падыходзяць», — распавядае знаўца гісторыі блогу s13.ru.

У гродзенскім прыватным зборы — каля 4000 кніг толькі па гісторыі, іх колькасць імкліва расце.

«Збіўся з ліку, кожны месяц выдаткоўваў з пенсіі рублёў з 300-400, заказваю на розных сайтах, на OZ таксама. Вельмі хачу набыць апошняе выданне Пуанкарэ, яго разабралі проста з выдавецтва», — прызнаецца ўладальнік бібліятэкі.

Юрый Мікалаевіч каталог не вядзе, але выкарыстоўвае кніжныя знакі, якія засведчваюць уладальніка. Экслібрысы прастаўленыя пячаткай на пярэднім і заднім форзацах усіх кніжак.

«Што тычыцца экслібрысаў, то іх у мяне тры: прастаўляю на пярэднім і заднім форзацах. Ёсць яшчэ адзін з чымсьці накшталт сямейнага герба, штампую кнігі, якія дару. Месца ў кватэры становіцца ўсё менш. Мне кажуць: куды столькі, пара спыніцца. Па кватэры хаджу бачком. На некаторых паліцах кнігі ў тры-чатыры рады», — адзначае гродзенец.

Чым цікавыя іншыя кніжныя мегазборы

Вялікая бібліятэка і ў Аляксандра Самбукі з Гомеля. Ягоная калекцыя таксама ўражвае — каля 7500 кніг з рускай і замежнай класікай, а яшчэ навуковай літаратурай. Усё беражліва занесена ў каталог.

«Сваю бібліятэку збіраю без малога паўстагоддзя і вельмі ёй ганаруся. Прачытаў усе свае кнігі і магу пераказаць змест любой з іх. У мяне першая вышэйшая адукацыя — філалагічная, па ёй працаваў настаўнікам рускай мовы і літаратуры. Адсюль і любоў да кніг», — расказвае Аляксандр Міхайлавіч.

Мінчук Максім Мілько бібліятэку атрымаў у спадчыну ад бацькі. Цяпер у ёй 2000 кніг — па фэнтэзі і навуковай фантастыцы.

«Колькі сябе памятаю, заўсёды чытаў. Бацька прышчапіў любоў да чытання, ён жа пачаў збіраць бібліятэку, а я з вялікай радасцю прыняў эстафету. Магу доўга гаварыць пра творы, аўтараў і іншыя калялітаратурныя рэчы. Уласна, гэта адна з маіх любімых тэм. Сачу за навінкамі выдавецтваў. І, вядома, не збіраюся спыняцца папаўняць бібліятэку. Вось такая ў мяне залежнасць», — жартуе кнігалюб.

Свой неардынарны збор кніг ёсць і ў мінчанкі Наталлі Пуляевай. Яна вядзе блог па дзіцячай літаратуры. Ёй жа прысвечана і бібліятэка.

«Сем гадоў таму, пасля нараджэння старэйшага сына, я зноў заглыбілася ў свет дзіцячых кніг — ужо як мама. І гэта заглыбленне вылілася ў стварэнне хатняй дзіцячай бібліятэкі. Здаецца, сярод нашых дзвюх тысяч ёсць кнігі на любую тэму і пад любы запыт. Цяпер у сям'і падрастае другі чытач. Малодшай дачцэ годзік, і муж наіўна меркаваў, што новых кніг не дадасца. Але мы ж з вамі ўсё разумеем», — усміхаецца Наталля.

Адна з самых прыгожых прыватных бібліятэк знайшлася ў Фелікса Янушкевіча з Ракава. У родным горадзе ён персона вядомая, як і ягоны брат Валяр'ян. Разам яны адкрылі прыватны музей-галерэю — тры паверхі, запоўненыя экспанатамі. Знайшлося месца і бібліятэцы на больш чым 4500 кніг.

«Значная яе частка — гэта савецкая літаратура 70-80-х гадоў мінулага стагоддзя па мастацтве і навуцы, а таксама музычная літаратура. Але больш за ўсё ў нас кніг беларускіх аўтараў. Самая старая — XV стагоддзя. Асабіста я асабліва шаную выданні з аўтографамі пісьменнікаў. У нашай калекцыі ёсць кнігі, якія падпісаныя самім Уладзімірам Караткевічам», — адзначае Фелікс Янушкевіч.

Якімі яшчэ калекцыямі ганарацца беларусы

Па 50 рублёў на кніжныя навінкі ўручылі яшчэ пяцярым удзельнікам конкурсу. Сярод іх — Яўген Баярчук з Гомеля, які сабраў велізарную калекцыю графічных раманаў і коміксаў, а таксама рэдкіх выданняў, у тым ліку Codex Seraphinianus за 250 даляраў і кнігу з аўтографам англійскага пісьменніка-фантаста Ніла Геймана.

Цікавая бібліятэка і ў Ларысы Івашка з аграгарадка Русіно ў Баранавіцкім раёне. Сваю першую кнігу яна атрымала ў падарунак за касцюм мушкецёра.

«Адной з самых дарагіх кніг для мяне была кніга Астроўскага «Як гартавалася сталь». Мне яе падарыў дырэктар школы ў 1958 годзе за найлепшы карнавальны касцюм. Я так ганарылася гэтым падарункам, што прачытала кнігу некалькі разоў», — успамінае яна.

Кацярына Саўкіна захавала бібліятэку, якую атрымалі яе бацькі як вясельны падарунак ад бабулі. «Ёсць такі выраз, што кніга — найлепшы падарунак. І такі падарунак, а менавіта хатнюю бібліятэку, бабуля вырашыла падарыць маім бацькам на вяселле як найбольшую каштоўнасць у сям'і», — тлумачыць магіляўчанка.

Іншыя зборы таксама ўражваюць. Так, мінчанін Сцяпан Божык валодае прыватнай бібліятэкай на 3200 экзэмпляраў з самай вялікай калекцыяй міні-кніг, а Віталь Каваленка — зборам з больш чым 6000 тамоў.

Каментары

Прыватныя медцэнтры шукаюць варыянты абысці кантроль цэн Мінздароўя, каб не згубіць інстаграмных дактароў5

Прыватныя медцэнтры шукаюць варыянты абысці кантроль цэн Мінздароўя, каб не згубіць інстаграмных дактароў

Усе навіны →
Усе навіны

Дураў назваў парыжскім следчым свой заробак5

У Літве раскрылі махлярскую схему: перакладчыкі падказвалі замежнікам правільныя адказы на вадзіцельскім экзамене

Як сын высокапастаўленага сілавіка выбраў беларушчыну9

Зяленскі распавёў Генасамблеі ААН, якога «рэальнага міру» хоча Украіна5

Google заплаціла $2,7 мільярда за генія штучнага інтэлекту. Чым адметны гэты чалавек?1

Вайсковых пенсіянераў пазбавяць пенсій, калі тыя з'едуць жыць у «недружалюбныя» краіны8

Вярхоўны Суд прызнаў тэрарыстычнай арганізацыяй Полк імя Кастуся Каліноўскага12

Сястра кіраўніка МЗС Рыжанкова жыве ў Францыі, але пасля пачатку вайны атрымала расійскае грамадзянства31

Ганна Лукашэнка і Эйсмант расказалі, як пройдзе «Марафон адзінства»8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Прыватныя медцэнтры шукаюць варыянты абысці кантроль цэн Мінздароўя, каб не згубіць інстаграмных дактароў5

Прыватныя медцэнтры шукаюць варыянты абысці кантроль цэн Мінздароўя, каб не згубіць інстаграмных дактароў

Галоўнае
Усе навіны →