Усяго патроху

Беларус трымае дома 100 рэдкіх канарэек

У бабруйчаніна Алега Маслікава — незвычайнае захапленне: ён набывае і разводзіць канарэек, прычым рэдкіх відаў. На сёння ў яго каля 100 прыгожых птушачак, піша «Вячэрні Бабруйск».

«Каб афарбоўка была больш выяўленай, птушак фарбуюць»

Птушкі — хобі Алега Аляксандравіча з дзяцінства. Ужо ў 10 гадоў ён разам з сябрамі лавіў каля ракі дзікіх шчаглоў, чачотак, трымаў іх дома, абменьваўся імі. Бацька захапленне Алега падтрымліваў, так як сам любіў птушак, трымаў калісьці галубоў.

— Калі мне было 12-14 гадоў, у мяне дома былі ўжо дзясяткі канарэек, папугаяў, — распавядае мужчына. — Жылі мы ў кватэры — трое дзяцей у адным пакоі. Рабілі з бацькам дзве-тры высокія этажэркі, на іх стаялі клеткі з птушкамі. Потым быў некаторы перапынак — я служыў у арміі, працаваў у Манголіі, у Польшчы, сям'я з'явілася. Але ўжо будучы дарослым, вярнуўся да свайго захаплення.

Сёння ў нашага героя — каля 100 канарэек рэдкіх відаў. Кажа, у дзяцінстве ён пра такія нават не чуў.

— Канарэйкі бываюць пявучыя, дэкаратыўныя і каляровыя, сярод іх яшчэ розныя падгрупы ёсць. Я трымаю каляровых.

Раней былі розныя, але потым спыніўся толькі на гэтых, бо яны вельмі прыгожыя. Не, яны таксама спяваюць, але не так, як пявучыя, іх галоўная каштоўнасць — у прыгожай афарбоўцы. А каб афарбоўка была больш выяўленай, птушак фарбуюць. Для гэтага існуюць спецыяльныя фарбы, якія дадаюць у пітную ваду або ў корм. У самцоў афарбоўка больш выяўленая.

— У асноўным, у мяне канарэйкі з мазаічнай афарбоўкай: у іх яркі колер праступае толькі ў некаторых месцах — на грудзях, галаве, крыле і надхвосці. У мяне шэсць парод: чорна-чырвоныя, чырвоныя, «чырвоны мазаік», «агат чырвоны мазаік», «агат-тапаз чырвоны мазаік» і «партугальскі арлекін», а існуе парод значна больш. Усе яны адрозніваюцца колерам апярэння. І ў адной пародзе ў мяне ёсць чубатыя птушкі і без чубкоў.

Чаму менавіта канарэйкі? А не папугаі, да прыкладу, яны ж таксама прыгожыя.

Канарэйкі прыгожыя і спяваюць прыгожа, а папугаі крычаць, і ўсё, — адказвае мужчына. — Я нічога супраць папугаяў не маю, нармальная птушка, але трэба трымаць кагосьці аднаго. Трымаў я і курэй. Але гэта бессэнсоўна: улетку яйкі ёсць, а ўзімку — толькі кармі, і задавальнення ад іх ніякага. Да таго ж, стымул павінен быць грашовы. Тут лішкі прадаў, дык хоць нешта зарабіць можна часам.

Па словах Алега Маслікава, людзей, якія займаюцца такімі рэдкімі канарэйкамі, на ўсю Беларусь — чалавек пяць ад сілы. Канаравод (так яны называюцца) кажа, што ў нас у краіне пра каляровых канарэек даведаліся толькі гадоў 6-7 таму. Купляў птушак мужчына ў розных краінах: у Турцыі, Італіі, у расійскіх Маскве і Калінінградзе. Звычайна птушачак перадаюць цягнікамі.

Каштуюць каляровыя канарэйкі даволі дорага: ад 50 да 200 рублёў за асобіну. — Дыяпазон вялікі, усё залежыць ад пароды, ад прыгажосці і якасці птушкі, тут шмат нюансаў, — тлумачыць Алег Аляксандравіч.

«Са студзеня па чэрвень ты цалкам да іх прывязаны»

Утрымліваць канарэек — справа сур'ёная. У нашага героя птушкі жывуць у вальерах, аснашчаных усім неабходным. Маецца ў птушыных апартаментах абсталяванне, аўтаматычна рэгулюецца асвятленне: раніцай яно павольна загараецца на працягу 10 хвілін, а ўвечары таксама паступова згасае. Ёсць купалкі — канарэйкі вельмі любяць плёскацца. Асобна ў доме стаяць клеткі, куды канаравод носіць птушак па парах для спарвання.

Асноўнае харчаванне — збожжавая сумесь, садавіна, гародніна.

— Сумесь рыхтую сам з розных відаў насення, так выходзіць танней, — кажа мужчына. — На дзень яе сыходзіць каля кілаграма. Гародніну, садавіну канарэйкі ядуць практычна ўсе, але больш за ўсё любяць яблыкі, грушы, лісце салаты, грэчку або пшанічную крупу, туды абавязкова яйка дадаю, можна моркву пацерці. У кармушках таксама пастаянна павінна быць мінеральная сумесь, яна з'яўляецца крыніцай карысных рэчываў і антыаксідантаў, палягчае працэс стрававання. І асобна заўсёды кладу здробненыя ракавінкі, сэпію (панцыр каракаціцы) — гэта добрая крыніца кальцыю для птушак.

Па словах Алега Маслікава, каб трымаць пародных канарэек, неабходна заўсёды знаходзіцца побач, асабліва ў сезон гадоўлі. — Са студзеня да чэрвеня ты цалкам да іх прывязаны, — кажа суразмоўца. — Па-першае, важна не прапусціць момант, калі самкі і самцы гатовыя да спарвання.

Зразумець, што самка да гэтага гатовая, можна па яе паводзінах: яна пачынае праяўляць неспакой, кідаецца па клетцы, крычыць, робіць спробы будаваць гняздо. А кенар у гэты перыяд гучна спявае. Як толькі заўважыў гэтыя прыкметы, трэба тэрмінова засяляць іх у падрыхтаваную клетку.

Калі птушкі сядзяць там па парах, патрэбен пастаянны кантроль за яйкамі — здараецца, самка неспадзявана пашкодзіць яйка, часам птушаняты ў гнёздах паміраюць. Бываюць самкі, якія не кормяць птушаня, тады падкладаю яго іншай пары. Яшчэ дадаткова даецца корм, каб самка карміла птушанят.

Канарэйкі схільныя да захворванняў

— З гэтым у нас праблема — у горадзе няма ветэрынараў, якія спецыялізуюцца на птушках, — з сумам кажа суразмоўца. — Нават калі птушка памерла, няма дзе зрабіць поўны аналіз, каб высветліць прычыну. У лабараторыі можна здаць аналіз толькі на некалькі хвароб.

Таму сам вывучаю літаратуру, каб ведаць, як лячыць сваіх птушак. Таксама маем зносіны з людзьмі ў розных групах, абменьваемся вопытам. Дарэчы, у Алега Маслікава ёсць свая група ў WhatsApp «Нашы канарэйкі», у ёй удзельнікі не толькі з Беларусі, але і з Расіі, Казахстана, адзін нават з Турцыі.

«Я гадзінамі магу сядзець са сваімі птушкамі»

Як мы ўжо зразумелі, Алег Маслікаў разводзіць канарэек для сябе, прадае толькі лішкі. Але, кажа, ніколі не глядзеў на гэты занятак як на бізнэс:

— Для мяне гэта перш за ўсё любаванне. Я гадзінамі магу сядзець са сваімі птушкамі, назіраю, аналізую, нешта запісваю. Гэта аддушына.

Блізкія з разуменнем ставяцца да хобі Алега.

— Тут патрэбны чалавек, які будзе цябе разумець, падтрымліваць, не папракаць за выдаткі на корм птушкам і іншае, — кажы ты. — Сёння для канарэек столькі прыбамбасаў усялякіх, бачылі б вы размовы фанатаў у групах! Такіх называюць «птушканутымі», і я такі ж (смяецца).

Каментары

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Зяленскі паслаў Трампу ліст з прабачэннямі за інцыдэнт у Белым доме23

Зяленскі паслаў Трампу ліст з прабачэннямі за інцыдэнт у Белым доме

Усе навіны →
Усе навіны

Лукашэнка — Турчыну: У вас ёсць прэзідэнцкія схільнасці3

Школьнік загінуў пад коламі электрычкі ў Смаргоні1

Рубіа: Мы афіцыйна адмяняем 83% праграм USAID19

Кампанія А1 стане дыспетчарам таксі3

Лукашэнка прызначыў новага памочніка па Гомельскай вобласці3

Раман Галоўчанка стаў кіраўніком Нацбанка10

Галоўчанку адправілі ў адстаўку. Новы прэм'ер — Аляксандр Турчын8

Лукашэнка адправіў у адстаўку Паўла Калаўра, які кіраваў Нацбанкам 10 гадоў9

Што будзе на месцы прасторы «Вершы» і былой галерэі «Ў»?1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Зяленскі паслаў Трампу ліст з прабачэннямі за інцыдэнт у Белым доме23

Зяленскі паслаў Трампу ліст з прабачэннямі за інцыдэнт у Белым доме

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць