Свет99

У Расіі хочуць адмяніць рэабілітацыю значнай колькасці ахвяр савецкіх рэпрэсій. Пакінуць толькі апалітычных і «добранамераных»

Адпаведны праект загада падрыхтаваў генпракурор Расіі Ігар Красноў, перадаюць расійскія медыя. Паводле праекта, пракуратура будзе «на пастаяннай аснове» выяўляць і адмяняць рэабілітацыю тых людзей, якія ў савецкія часы змагаліся са зброяй у руках супраць бальшавікоў, былі абвінавачаны ў нацыяналізме, дапамагалі нацыстам ці проста лічыліся здраднікамі ў шырокім сэнсе.

Генеральны пракурор Расіі Ігар Красноў. Фота: Contributor Getty Images

Як паведамляе буйны прадзяржаўны рэсурс Lenta.ru, генеральны пракурор Расіі Ігар Красноў падрыхтаваў праект загаду аб унясенні зменаў у расійскі закон «Аб рэабілітацыі ахвяр палітычных рэпрэсій», што

прывядзе да адмены рашэнняў аб рэабілітацыі істотнай колькасці ахвяр палітычных рэпрэсій за ўвесь перыяд існавання савецкай улады, уключаючы эпоху Сталіна, аднаго з самых крывавых дыктатараў у гісторыі чалавецтва.

Адзін з пунктаў загаду абвяшчае, што «органам улады ва ўстаноўленым парадку будуць давацца матэрыялы па правядзенні працы па аднаўленні гістарычнай справядлівасці і правоў ахвяр палітычных рэпрэсій, не дапушчаючы апраўдання памагатых нацыстаў і здраднікаў Радзімы. У адносінах да такіх асоб на пастаяннай аснове плануецца арганізоўваць працу па выяўленні і адмене рашэнняў аб рэабілітацыі».

Зыходзячы з тэксту загаду, у выпадку яго прыняцця пад дэрэабілітацыю могуць трапіць тысячы людзей, якія атрымалі гэты статус у 1950-я, 1980-я і 1990-я гады, адзначае Lenta.ru. Таксама працэс дэрэабілітацыі можа закрануць пацярпелых ад рэпрэсій замежнікаў, нават калі яны былі пакараныя смерцю без якога-небудзь суда. Так, у іншым пункце загаду сказана, што рашэнні аб адмене рэабілітацыі ў адносінах да замежнікаў плануецца накіроўваць у адпаведныя краіны праз расійскі МЗС.

Як мяркуе апытаная рэсурсам Lenta.ru старшы навуковы супрацоўнік Музея гісторыі ГУЛАГа Таццяна Палянская, новы загад закране ў першую чаргу тых, хто змагаўся са зброяй у руках супраць савецкай улады, быў абвінавачаны ў нацыяналізме і ўдзеле ў нацыяналістычных арганізацыях («бандэраўцаў», «уласаўцаў», «лясных братоў» і іншых, пералічвае Палянская). Пры гэтым для звычайнага грамадзянскага насельніцтва пагроза адмены рэабілітацыі значна меншая.

«Хутчэй за ўсё, большасць тых, хто былі абвінавачаныя ў калабарацыі з нацыстамі, а затым рэабілітаваныя па судзе, наўрад ці будуць пазбаўлены рэабілітацыі. Сярод іх было шмат звычайных жанчын, якія апынуліся на акупаванай тэрыторыі і былі вымушаныя працаваць на немцаў, каб пракарміць дзяцей», — лічыць Палянская.

Нямецкія салдаты рэгіструюць мясцовых жыхароў акупаванага Магілёва, 1941 год. Крыніца: Bild

Іншага меркавання прытрымліваецца расійскі палітолаг і гісторык Аляксей Макаркін, які кажа, што працэс адмены рэабілітацый ужо ідзе і канстатуе рэзкі рост колькасці рашэнняў аб пазбаўленні гэтага статусу.

«Важна тое, што адмены ўжо ідуць, і можна ўявіць сабе прыкладны вектар руху гэтага працэсу. Калі раней фіксаваліся толькі адзінкавыя выпадкі адменаў рэабілітацый, звязаныя з абвінавачваннямі ў ваенных і іншых адыёзных злачынствах, то ў апошні час іх колькасць павялічылася, бо праект робіць гэты працэс прыярытэтным.

Плюс да таго пашыраецца колькасць падстаў і іх інтэрпрэтацый для адменаў. Напрыклад, дапамога нацыстам. Ці падпадае пад гэта, скажам, удзел у прапагандысцкіх акцыях немцаў? Калі ў 1990-я гады зыходзілі з таго, што хутчэй не падпадае, то цяпер пазіцыя змянілася і становіцца даволі такі адназначнай: падпадае», — заяўляе Макаркін.

Па інфармацыі расійскай газеты «Коммерсант», з 2022 года Генпракуратура Расіі пераправерыла 14 тысяч рашэнняў аб рэабілітацыі ахвяр палітычных рэпрэсій і адмяніла 4 тысячы.

Як заключае Макаркін, частка расійскага грамадства, у асноўным людзі старэйшага пакалення, не сумняваюцца ў тым, што «няма дыму без агню» і «раз рэпрэсаваныя — значыць, вінаватыя». Прадстаўнікі старэйшага пакалення да гэтага часу не могуць шмат чаго дараваць таму ж Хрушчову, Гарбачову, і Ельцыну, у тым ліку і рэабілітацыі палітычных ахвяр, што яны лічаць часткай «глыбока памылковай і злачыннай» палітыкі дэсталінізацыі, якая, на іх думку, у рэшце рэшт прывяла да развалу СССР.

«Паводле апытанняў, калі ў 1992 годзе расіяне лічылі, што распад СССР звязаны ў першую чаргу з аб'ектыўнымі фактарамі, то ў 2000-я самай папулярнай версіяй стала тэорыя змовы: маўляў, згаварыліся некалькі чалавек і наўмысна развалілі краіну. Гэтыя людзі цяпер прыходзяць да высновы: калі змова была ў 1991-м, чаму б яе не магло быць у 1930-я, і таму рэпрэсіі апраўданы.

«Для гэтых людзей адмена часткі рэабілітацый стане дадатковым аргументам на карысць таго, што яны першапачаткова мелі рацыю. Аднак у Генпракуратуры афіцыйна запэўніваюць, што не будуць разглядаць справы даваеннага часу і пасляваенныя справы, не звязаныя з Вялікай айчыннай вайной. 

Мы не ведаем, чым усё гэта скончыцца. Таму што, як казаў Гарбачоў, варта толькі пачаць і далей — працэс пайшоў», — падсумоўвае Макаркін.

Міхаіл Гарбачоў (злева) і Барыс Ельцын, 23 жніўня 1991 года. Фота: GEORGES DEKEERLE / SYGMA

Цяперашні варыянт расійскага закону «Аб рэабілітацыі ахвяр палітычных рэпрэсій», у які пакуль што не ўнеслі вышэйзгаданыя змены, кажа, што «ў часы савецкай улады мільёны людзей сталі ахвярамі самавольства таталітарнай дзяржавы, падвергліся рэпрэсіям за палітычныя і рэлігійныя перакананні па сацыяльных, нацыянальных і іншых прыкметах.

Рэпрэсіі, паводле тэксту закона, ладзіліся не толькі супраць грамадзян Расіі, але і супраць грамадзян былых савецкіх рэспублік (уключаючы Беларусь) а таксама іншых замежных грамадзян і асоб без грамадзянства.

У законе асабліва пазначаецца пяты артыкул, які ў кантэксце сённяшніх намаганняў Генпракуратуры Расіі выглядае найбольш уразлівым для патэнцыйных змен. Вось што ў ім напісана.

Артыкул 5. Ніжэйпералічаныя дзеянні прызнаюцца бяспечнымі для грамадскага ладу, і з прычыны гэтага, незалежна ад фактычнай абгрунтаванасці дадзеных абвінавачванняў, рэабілітуюцца асобы, асуджаныя за:

  1. антысавецкую агітацыю і прапаганду (самая масавая нагода для палітычных рэпрэсій савецкіх грамадзян, якая пачала дзейнічаць яшчэ да Вялікай айчыннай, асабліва ў выглядзе часткі дзясятай сумна вядомага 58-га артыкула Крымінальнага кодэкса СССР — «НН»);
  2. распаўсюджванне свядома лжывых выдумак, якія ганяць савецкі дзяржаўны ці грамадскі лад;
  3. парушэнне законаў аб аддзяленні царквы ад дзяржавы і школы ад царквы;
  4. замах на асобу і правы грамадзян пад выглядам выканання рэлігійных абрадаў;
  5. уцёкі з месцаў пазбаўлення волі, месцаў высылкі і спецпаселішчаў, месцаў прыцягнення да прымусовай працы ва ўмовах абмежавання волі асоб, якія знаходзіліся ў названых месцах у сувязі з неабгрунтаванымі палітычнымі рэпрэсіямі.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары9

  • Сама ублюдочная, конченная страна, подонки
    26.09.2024
    плюс краина "Лукашэния"
  • .
    26.09.2024
    Калі адмяняюць рашэнні па рэабілітацыі 1950-х, 80-х, 90-х, значыць, сучасны узровень крыважэрнасці пуцінскага рэжыму горш, чым быў у СССР з 1950-х.
    Падумайце, сапраўды "у СССР было лепей" (як мінімум палову часу існавання гэтай краіны).
    Вярнуліся ў сталінізм, 1937. (Так, гэта было і так відавочна, проста яшчэ адно пацвярджэнне, на ідэалагічным узроўні).
  • Alex
    26.09.2024
    Фамилия подходящая у прокурора.

У Азіі затрымалі былога байца Палка Каліноўскага2

У Азіі затрымалі былога байца Палка Каліноўскага

Усе навіны →
Усе навіны

Выявілася, «Аземпік» яшчэ і лечыць ад алкагалізму1

Кітайскае судна адключыла перадатчык даных за некалькі гадзін да абрыву кабеля ў Балтыйскім моры2

У беларускіх турмах знаходзяцца трое грамадзян Эстоніі

Украінцаў спыталі: перамовы з магчымай стратай тэрыторый ці вайна да перамогі? Вынікі свежага апытання15

Крыніца ў Пентагоне расказала пра вынікі ўкраінскай атакі ATACMS па Бранскай вобласці4

Эксперт назвала адзін крытэрый, на які важна звярнуць увагу пры выбары кватэры на другасным рынку2

ЗША пракаментавалі новую ядзерную дактрыну Расіі

Алексіевіч: Як пісьменнік я пачалася з «Былога і думаў» Герцэна, а найбольшы ўплыў на мяне зрабілі Чэхаў і Дастаеўскі34

Адкуль праўладныя сацыёлагі ўзялі 80% падтрымкі Лукашэнкі5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Азіі затрымалі былога байца Палка Каліноўскага2

У Азіі затрымалі былога байца Палка Каліноўскага

Галоўнае
Усе навіны →