У Мексіцы супрацоўніца паліцыі пакарміла цыцкай дзіця, якое больш за два дні галадала пасля разбуральнага ўрагану «Оціс»
Арызбет Дыянісіа Амбросіа — сама маці дваіх дзяцей.
Калі 33-гадовая супрацоўніца паліцыі Арызбет Дыянісіа Амбросіа брала ўдзел у выратавальных працах у мексіканскім Акапулька пасля ўрагану «Оціс», яна пачула ўдалечыні дзіцячы плач, піша Бі-бі-сі.
Крыху пазней Амбросіа — сама маці дваіх дзяцей — зноў пачула плач і вырашыла высветліць яго прычыну.
У гэты момант яна пабачыла маці чатырохмесячнага дзіцяці. Тая распавяла, што яе сын не еў больш за два дні і плача ад голаду.

«Я сказала ёй, што я сама цяпер кармлю грудзьмі, і калі яна хоча, я магу пакарміць дзіця», — распавяла супрацоўніца паліцыі мексіканскаму тэлеканалу N+.
Амбросіа зняла ахоўны рыштунак і пачала карміць грудзьмі галоднае дзіця, якое неўзабаве перастала плакаць.
«На душы прыемна. Гэта дзіця, і калі нешта і робіць балюча нам, маці, то гэта бачыць дзіця ў такіх умовах», — сказала яна.
Гэты эпізод паказаны на фатаграфіі, апублікаванай у выхадныя Сакратарыятам грамадзянскай бяспекі (SSC) Мехіка, які накіраваў у Акапулька выратавальныя каманды.
Фатаграфіі выклікалі эмацыйную рэакцыю ў сацыяльных сетках на фоне трагедыі, якую перажывае Акапулька пасля нядаўняга ўрагану.
Курортны горад і прылеглыя да яго муніцыпалітэты працягваюць прыходзіць у сябе пасля разбуральнага ўрагану «Оціс», у выніку якога па афіцыйных даных, апублікаваных 31 кастрычніка, загінулі прынамсі 45 чалавек і 47 прапалі без вестак.
Сярод загінулых — трое замежнікаў: адзін амерыканец, адзін брытанец і адзін канадзец. Пошук ахвяр і ацэнка шкоды працягваюцца.
25 кастрычніка «Оціс», які менш чым за 12 гадзін ператварыўся з трапічнага шторму ва ўраган пятай катэгорыі, прыйшоў на тэрыторыю краіны і стаў адным з самых магутных цыклонаў у Ціхім акіяне за ўвесь час назіранняў.
У апошнія дні ўдалося выявіць месцазнаходжанне сотняў людзей, якія не маглі звязацца са сваімі сем'ямі, і паступова пачаць аднаўленне базавай інфраструктуры.
«Лукашэнка павінен панесці адказнасць за саўдзел у расійскай агрэсіі». Міністр замежных спраў Украіны расказаў пра новую палітыку ў дачыненні да Беларусі
Каментары