Пры перасячэнні літоўскай мяжы раварысты павінны будуць стаяць у агульнай чарзе з машынамі
У памежных чатах 11-12 лістапада з'явілася інфармацыя пра тое, што на памежных пераходах «Прывалка/Райгард» і «Беняконі/Салечнікі» пры праходжанні мяжы на літоўскім баку раварыстаў ставяць у адну чаргу з аўтамабілямі. На гарачай лініі памежнай службы Літвы Office Life пацвердзілі гэтую інфармацыю.

Прычын прыняцця такога рашэння ў літоўскай пагранслужбе не паведамілі, але заявілі, што яно распаўсюджваецца на ўсе пагранпераходы на беларускай мяжы.
Сутнасць у тым, што дагэтуль на літоўскіх памежных пераходах былі спецыяльныя месцы, дзе пешаходы і раварысты павінны былі чакаць, пакуль іх прапусцяць на мытны і памежны кантроль. Цяпер на літоўскім баку чэргі для раварыстаў і машын сталі агульнымі (для грамадзян ЕС — адна, для грамадзян іншых дзяржаў — іншая).
У беларускім Дзяржпагранкамітэце паведамілі, што ў нас ніякіх абмежаванняў па перасячэнні мяжы для раварыстаў не прымалася. Але параілі ўдакладняць сітуацыю на канкрэтных пагранпераходах.
З-за абмежаванай колькасці пагранпераходаў на мяжы з Еўрасаюзам чэргі там прыкметна выраслі. У перыяды працяглых выхадных і святочныя дні яны часам павялічваюцца ўдвая. З улікам пагаршэння ўмоў надвор'я стаяць у агульнай чарзе раварыстам, імаверна, будзе не вельмі камфортна.
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары