Расійская апазіцыя мае сваю ботаферму, якая каментуе і «палітыку Беларусі»
Днямі з'явілася публікацыя, што расійская апазіцыя нібыта стварыла ботаферму на ўзор знакамітай прыгожынскай «фабрыкі троляў». Як і «прыгожынцы», супрацоўнікі гэтай фермы за грошы, але з процілеглых пазіцый пішуць каментары пад публікацыямі СМІ або ў гарадскіх пабліках. А ў процівагу «тролям» называюць сябе «эльфамі».
Матэрыял пра апазіцыйную ботаферму 15 лістапада апублікавала выданне «СВТВ», якое належыць расійскаму лібертарыянцу Міхаіла Светаву. Таксама ў адкрыты доступ быў зліты архіў з інструкцыямі і прыкладамі каментароў.
Аўтар артыкула ў якасці асноўнага бенефіцыяра праекта называе Фонд барацьбы з карупцыяй Аляксея Навальнага, хоць сам ФБК сваю сувязь з ботамі адмаўляе, і прамых доказаў таго, што ён з імі звязаны, ніхто не прыводзіць.
У той жа час у ранейшых публікацыях на гэтую тэму «эльфаў» звязвалі з амерыканскім фондам «Свабодная Расія» (Free Russia Foundation). Нібыта менавіта ў яго офісе працуюць каментатары, а прадстаўнікі фонду вядуць перапіску з імі пра грошы і змены.
«Эльфы», як сцвярджаецца, маюць офісы ў Вільні і Тбілісі. Журналіст Андрэй Захараў пісаў, што, паводле ацэнкі былога супрацоўніка ботафермы, у літоўскім офісе працавалі каля 20 чалавек, а ўсяго — 75. Захараў мяркуе, што ўцечка інфармацыі адбылася з офіса ў Вільні.
Сярод розных кірункаў дзейнасці «эльфаў», як заўважыла выданне «Медыязона», быў і беларускі. Па «палітыцы Беларусі» нібыта працавала «падраздзяленне з 50 чалавек». Падчас змены работнікі павінны былі пакідаць каментары да навінавых паблікаў і ролікаў на ютубе.
У архіве з данымі ёсць справаздачы аб праведзенай працы — скрыншоты паведамленняў і рэакцыі на іх. У дакуменце «Копія наратываў» на тэму «Беларусь» прапануецца пакідаць каментары пра тое, што Лукашэнка «ўсе апошнія гады віхляў і займаў палавіністыя пазіцыі», а «цяпер Пуціна паўпазіцыі не задавальняюць». Нагадваць, што «Беларусь на пятым месцы па колькасці санкцый» і гэта «не ў інтарэсах» краіны.
Аўтар інструкцыі прапануе ў каментарах нагадваць, што ў Беларусі ёсць «законна абраны прэзідэнт — і гэта не Лукашэнка, а Святлана Ціханоўская». На тэму «Лукашэнка і Пуцін — перамовы» прапануецца пакідаць каментар «Пуцін з Лукашэнкам — гэта прамая рэінкарнацыя Гітлера і Мусаліні». А пасты аб «мэтах і задачах Саюзнай групоўкі войскаў» рэкамендуецца каментаваць так: «Магу падказаць, у вас павінна быць адна мэта: сысці з чужой зямлі».
Памілаванне Рамана Пратасевіча прапаноўвалася каментаваць, выкарыстоўваючы фразы «Пратасевічам скарысталіся», згадваць, што «жыццё Пратасевіча было разбуранае старым дыктатарам», але сам ён пры гэтым «прадаў душу», і раіць «ніколі не супрацоўнічаць з дыктатарскімі рэжымамі».
Трэба сказаць, што сама наяўнасць «фабрыкі эльфаў» выклікала ў расійскіх апазіцыйных колах сур'ёзную дыскусію, якая круціцца адносна таго, наколькі этычна выкарыстоўваць у сваёй дзейнасці такія самыя брудныя інструменты, што і праціўнік. І думкі тут разыходзяцца.
«У расейцаў ёсць імперыялістычныя амбіцыі». Фрагмент інтэрв'ю Ціханоўскай, якое абмяркоўвае твітар
Муратаў і Ройзман — так; Венядзіктаў, Зюганаў, Сабчак, Яўлінскі — не. Навальны адказаў на пытанне пра адзінага кандыдата ад апазіцыі
«Зачем коверкать русский?» Расійскаму лібералу апякла вока беларуская мова
Каментары