Грамадства1111

У кожным Ленін, амаль у кожным Пушкін, у ніводным Скарыны і Коласа. Якія помнікі стаяць у беларускіх абласных цэнтрах?

Колькі помнікаў у беларускіх абласных цэнтрах? У якім горадзе больш за ўсё Леніных? І дзе знаходзіцца помнік удзельнікам стварэння ядзернага шчыта Савецкага саюза? Адказы на гэтыя пытанні можна знайсці ў даследаванні «Гарадскі мемаратыўны ландшафт», які праводзіў інстытут «Палітычная сфера». Пра яго асноўныя высновы піша радыё «Унэт».

Аўтар даследавання, гісторык Андрэй Мастыка, сабраў інфармацыю пра больш чым тысячу помнікаў, шыльдаў і мемарыяльных знакаў у абласных цэнтрах Беларусі.

У сярэднім на кожны горад прыпадае каля 200 мемарыяльных аб’ектаў. Абсалютная большасць з іх — гэта помнікі савецкія ці ваенныя.

У кожным абласным цэнтры ёсць помнік Леніну, а ў Гомелі — нават не адзін. У кожным абласным цэнтры, за выключэннем Гродна, пастаўлены помнік Аляксандру Пушкіну. На абласныя цэнтры Беларусі прыпадае і некалькі помнікаў Тарасу Шаўчэнку.

З беларускай літаратуры канкурэнцыю рускаму і ўкраінскаму паэтам складаюць усяго два помнікі Янку Купалу і адзін — Уладзіміру Караткевічу.

Францыска Скарыны ў мемарыяльным ландшафце абласных цэнтраў няма, як і Якуба Коласа.

Скрыншот з прэзентацыі даследавання «Гарадскі мемаратыўны ландшафт»
Скрыншот з прэзентацыі даследавання «Гарадскі мемаратыўны ландшафт»

З больш ранняй гісторыі ў абласных цэнтрах можна адшукаць памятныя знакі падзеям 1794 года ў Брэсце і паўстанцам 1863 года ў Гродне. Апошні ўлады літаральна нядаўна прыбралі.

Скрыншот з прэзентацыі даследавання «Гарадскі мемаратыўны ландшафт»
Скрыншот з прэзентацыі даследавання «Гарадскі мемаратыўны ландшафт»

Самы дзіўны помнік Андрэй Мастыка, па яго прызнанні, знайшоў у Брэсце. Гэта памятны знак «У гонар і на славу ўдзельнікаў стварэння ядзернага шчыта Савецкага Саюза». Гісторык кажа, што памятны знак сучасны і адлюстроўвае трагічную старонку гісторыі, калі вайскоўцы з Брэсцкага гарнізона вымушаныя былі ўдзельнічаць у ядзерных выпрабаваннях пад Свярдлоўскам (цяперашні Екацярынбург). Тады многія пацярпелі, але помнік цалкам гераічны — падае людзей не як ахвяр, а як герояў.

Скрыншот з прэзентацыі даследавання «Гарадскі мемаратыўны ландшафт»

Радыё «Ўнэт» папрасіла аўтара даследавання скласці партрэты абласных цэнтраў Беларусі ў помніках. Вось што атрымалася.

Брэст

Нягледзячы на тое, што гэта Заходняя Беларусь, заходнебеларускі наратыў тут савецкі: Камуністычная партыя Заходняй Беларусі, аб’яднанне Заходняй Беларусі і БССР. Што тычыцца помнікаў ранейшай гісторыі, то іх няшмат і там дамінуе расійскі імперскі наратыў XIX стагоддзя.

Што яшчэ там можна адзначыць: алею ліхтароў па вуліцы Гогаля. Але там прывязка да Гогаля, да той эпохі, а не да нацыянальнага каларыту.

Сярод помнікаў XX стагоддзя цалкам дамінуе тэма Вялікай Айчыннай вайны, памежнікаў і г.д.

Віцебск

Гэты горад і ў помніках спрабуе заставацца культурнай сталіцай Беларусі. Гэта можна заўважыць ва ўшанаванні памяці Марка Шагала, мясцовай мастацкай школы.

Віцебск — гэта адзіны горад, дзе прысутнічае ў мемарыяльным ландшафце сучасная масавая культура — памятныя знакі, звязаныя са «Славянскім базарам».

Але ёсць і расійскі наратыў, які пранікае ў помнікі, тым больш што гэта ўсход Беларусі.

Фота: travel.by

Гомель

Гэта самы савецкі горад, таму пераважная большасць помнікаў ці прысвечана савецкай эпосе, ці ўзведзена падчас яе. Тут найбольшая колькасць Леніных, нават ёсць помнічак маленькаму Валодзю Ульянаву. І больш за ўсё тут помнікаў, звязаных з Кастрычніцкай рэвалюцыяй.

Ёсць адзін мемарыял, прысвечаны аварыі на Чарнобыльскай АЭС, а таксама шыльда ліквідатару.

У той жа час у Гомелі ў мемарыяльным ландшафце даволі някепска прадстаўленыя дзеячы беларускай навукі.

Гродна

Горад падтрымлівае свой статус нацыянальна арыентаванага: там найбольш і найлепш прадстаўлена беларуская гісторыя: эпохі Вялікага Княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай, адлюстраваная ў памяці Грунвальдская бітва, ёсць помнік Давіду Гарадзенскаму, быў памятны знак паўстанцам 1863 года, але яго прыбралі зусім нядаўна.

Праўда, шмат захавалася і савецкага наратыву: «Вялікая Айчыннай вайна», ёсць помнікі і Дзяржынскаму, і Чапаеву, і Шчорсу.

Фота: grodno.in

Магілёў

Тут найменшая колькасць помнікаў з усіх абласных цэнтраў Беларусі. Можна прасачыць асаблівасць усходу Беларусі — каланіяльны расійскі наратыў. Ёсць шмат савецкага, гераічнага — абарона Магілёва, да прыкладу.

Магілёў — адзіны горад, дзе пакуль ушанавалі «Дзень народнага адзінства». Тут адразу два мемарыяльныя аб’екты на гэтую тэму, але яны досыць нейтральнага характару.

Каментары11

  • Джып
    20.12.2023
    Брэсцкая вобласць: проста на старой Бэст-Маскоўскай шашы ля Мілавідаў стаіць помнік паўстанцам Каліноўскага з надпісам на польскай мове.
  • Ленiнапад
    20.12.2023
    Пара зносiць к ..енi мацеры разам з чэкiсцкiм ржымам.
  • даведка
    21.12.2023
    Лукашенко сохранил, видимо, в каждом районном центре памятники Ленину, но опустил их с возвышения к земле.

Кубракоў даводзіў, што міліцыянт Згірскі не датычны да банды налётчыкаў. Цяпер таго судзяць — пагражае да 20 гадоў1

Кубракоў даводзіў, што міліцыянт Згірскі не датычны да банды налётчыкаў. Цяпер таго судзяць — пагражае да 20 гадоў

Усе навіны →
Усе навіны

Фірма, якая належала мадэлі з Мінска, адпраўляла ў Расію брытанскую вайсковую оптыку6

У 52 гады памёр лукашэнкаўскі прапагандыст Дзмітрый Крат14

Блакітнае святло смартфонаў выклікае заўчаснае палавое даспяванне дзяцей — вучоныя2

СБУ паказала рэшткі расійскай ракеты «Арэшнік»1

Што ў згубленых пасылках, якія прадаюць па 10 рублёў? Журналісты правялі эксперымент

«Нібыта людзі з іншай планеты». Чым уразіла Беларусь замежнікаў, якія прыехалі па бязвізе14

Модны аўтамат з нашумелым кобрынскім марозівам паставілі ў Мінску2

Як хлопец з Бабруйска стаў зоркай ва Украіне6

На волю выйшла гомельская велаактывістка Святлана Кароль

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Кубракоў даводзіў, што міліцыянт Згірскі не датычны да банды налётчыкаў. Цяпер таго судзяць — пагражае да 20 гадоў1

Кубракоў даводзіў, што міліцыянт Згірскі не датычны да банды налётчыкаў. Цяпер таго судзяць — пагражае да 20 гадоў

Галоўнае
Усе навіны →