Грамадства2828

«Зянон Пазняк — той чалавек, з якім пайшоў бы на піва». Валер Кавалеўскі расказаў у інтэрв'ю пра палітычнае і чалавечае

Прадстаўнік у міжнародных справах Аб’яднанага пераходнага кабінета Валер Кавалеўскі ўжо больш за месяц жыве ў Варшаве, куды пераехаў з Вільні напрыканцы снежня 2023 года. У вялікай і шчырай размове з «Белсатам» ён расказаў, як адаптуецца на новым месцы, ці мае ахоўніка і службовы аўтамабіль і ці гатовы пайсці на піва з Зянонам Пазняком.

Фота: Аліса Ганчар / Белсат

— Спадару Валер, нам толькі што адзін вядомы беларус распавядаў пра свае кашмарныя сны з удзелам Аляксандра Лукашэнкі. Што сніцца вам?

— Самае рознае. Але калі сніцца Беларусь, то часцей — мая вёска, мае сябры, часам сняцца мае родныя. І цікава, што не толькі цяпер, але і да гэтага, калі я жыў у Злучаных Штатах, а пражыў я там амаль 8 гадоў бесперапынна, аж да 2020 года, часта снілася мая вёска і тыя людзі, побач з якімі я жыў да 17 гадоў.

— Вёска Беражное на Століншчыне, так? Згадаеце які-небудзь цікавы момант з дзяцінства?

— Летам амаль усе дзеці працавалі, была такая здаровая канкурэнцыя за месца ў калгасе, каб папрацаваць. І калі мне было гадоў 9, удалося выбіць месца на свінаферме. Там стаяў камбайн для апрацавання гарошку, яго збіралі на палях і потым прапускалі праз гэты камбайн. Трэба было грузіць зялёную масу, якая выходзіла з яго, на машыны, а гарох — у іншае месца. Такая мая першая праца.

За 10 дзён я зарабіў 60 рублёў. І гэта было вельмі прэстыжна! Калі не памыляюся, на тыя грошы купілі веласіпед.

Кавалеўскі і Украіна. «Суперсіла, якая мала ў каго ёсць»

— Ад той вёскі было ўсяго некалькі дзясяткаў кіламетраў да мяжы з Украінай. Як вамі адчувалася блізкасць Украіны?

— Ведаеце, той паляшуцкі дыялект, на якім мы там усе размаўлялі, увабраў у сябе вельмі шмат паланізмаў і ўкраінізмаў. З досыць выразнымі адгалоскамі ўкраінскай мовы ў вымаўленні. Але я магу развярнуць сітуацыю: менавіта адтуль пачаліся ўсе нашыя мовы — і ўкраінская, і беларуская, і польская. Сапраўдная мова мінуўшчыны.

Аднак за апошнія дзесяцігоддзі, якія прыпалі на кіраванне Аляксандра Лукашэнкі, моцна паскорылася русіфікацыя. На пачатку 1990-х, калі я заканчваў школу, на нашым дыялекце размаўлялі ўсе, ён быў нормаю. Людзі чулі расейскую мову — і абарочваліся: чужы! А цяпер, калі я прыязджаў дадому і паспрабаваў размаўляць на дыялекце, — абарочваліся ўжо на мяне. Як на дзіва нейкае…

— Тая блізкасць да ўкраінскага свету дапамагае вам цяпер знаходзіць паразуменне з украінцамі і дамагацца вынікаў у размовах ды перамовах?

— Я б сказаў — так, хоць гэта, канечне, не дае мне поўнага разумення культуры і мовы. Але гэта сапраўды добры аргумент, калі я кажу, што нарадзіўся на мяжы з Украінай і што разумею ўкраінскую мову. Цяпер мы можам размаўляць з украінцамі на сваіх родных мовах. Мы разумеем і нас разумеюць. Я б сказаў, гэта такая суперсіла, якая мала ў каго ёсць, мала ў якіх народаў, нават суседніх. Гэта дапамагае выбудоўваць узаемны давер, разуменне, дае пэўную набліжанасць.

Дарэчы, у вельмі малым узросце я насамрэч жыў ва Украіне. Мне было гады два, калі мы жылі ў невялікім гарадку на мяжы з Беларуссю — у Высоцку. Мой бацька быў інжынерам, і яго на нейкі час скіравалі туды працаваць. Такая вось дэталь.

Фота: Аліса Ганчар / Белсат

— Ці можаце сёння, як прадстаўнік Абʼяднанага кабінета, сказаць, што Украіна, наладжванне дыялогу з ёю — прыярытэтны кірунак вашай дзейнасці?

— Так, магу, гэты кірунак у нас сапраўды прыярытэтны, бо ад яго залежыць выжыванне нашай краіны. Нам вельмі важна, каб перамагла Украіна і каб гэтая перамога была рашучая. Таму мы шмат робім, каб дапамагаць Украіне, робім на розных узроўнях: гэта і народныя ініцыятывы — згадаем рэйкавых партызанаў, ініцыятыву «Беларускі Гаюн», беларусаў ва ўсім свеце, якія данацяць на УСУ, пра беларускіх добраахвотнікаў, якія плячо ў плячо з украінцамі бароняць Украіну ад расейцаў.

Але гэта і заклікі палітычных лідараў да замежных урадаў, каб яны падтрымлівалі Украіну. Я б не змяншаў тут важнасці голасу Святланы Ціханоўскай, якая прадстаўляе Беларусь. Яна — голас нашага рэгіёну. Яна ведае і адчувае гэты кантэкст так, як многія іншыя палітыкі могуць не адчуваць. Таму ейны голас тут суперважны.

І вось гэта ўсё стварае даволі выразнае падтрыманне беларусамі Украіны і ўкраінскага народа. Але нам яшчэ трэба дачакацца і пабачыць, як будзе выглядаць практычная дзейнасць украінцаў, каб дапамагчы беларускаму дэмакратычнаму руху. На сённяшні дзень такіх праяваў вельмі і вельмі няшмат. Мы можам казаць пра палітычную камунікацыю, але пра нейкія практычная дзеянні, на жаль, не…

Пра пашпарт Новай Беларусі. «Кіруемся народнаю воляю»

— Калі згадаць практычныя дзеянні, то, на вашую думку, Украіна прызнае пашпарт Новай Беларусі, якім вы займаецеся?

— Было б вельмі лагічна і правільна з боку Украіны зрабіць гэта. Бо гэты крок вельмі моцна аслабіць Лукашэнку. Гэта адбярэ ў яго фактычна цэлую дзяржаўную функцыю, і адбярэ менавіта таму, што ён адмаўляецца выконваць свае абавязкі перад беларускім насельніцтвам — не забяспечвае яго права на свабоду перамяшчэння.

І калі б Украіна зрабіла такі крок і прызнала наш пашпарт, гэта быў бы моцны ўдар па чалавеку, які ёсць ворагам Украіны. Бо Лукашэнка быў, застаецца і будзе ворагам дэмакратычнай, незалежнай, еўрапейскай Украіны. Для яго такая мадэль Украіны абсалютна недапушчальная, і ён будзе супраць яе змагацца. Ягоны ўдзел у гэтай вайне абсалютна невыпадковы.

— Які-небудзь прарыў у справе ўвядзення пашпартоў Новай Беларусі намячаецца?

— Цяпер вырашаем складанае пытанне фармавання каманды, якая будзе забяспечваць аперацыйную дзейнасць пашпартнага цэнтру. Трэба, каб яна была прафесійная і кампетэнтная, бо ад гэтага таксама будзе залежаць прызнанне пашпартнага праекту. Урады прызвычаіліся да таго, што маюць справу са звычайнымі пашпартнымі службамі — міграцыйнымі службамі МУС, і гэта не вымагае аніякага прызнання пашпарта: па дэфолце ён прымаецца як нармальны дакумент.

Нам жа трэба даказаць, што мы ведаем, што робім, што адпавядаем стандартам, праводзім верыфікацыю, не прымаем дакументаў ад выпадковых людзей, правільна захоўваем персанальныя звесткі. Нам усё гэта трэба тлумачыць нашым партнёрам, бо мы для іх на сённяшні дзень усё ж такі не дзяржава.

— Скептыкі не вераць. Кажуць пра «сувенірны пашпарт» і ўтапічны праект. Што вы на гэта?

— Адкажу, што гэты праект быў і застаецца высока рызыкоўным. Ён ніколі і не быў гісторыяй з падручніка «Як выдаваць свае пашпарты палітычным сілам, што апынуліся за мяжой». Такіх падручнікаў не існуе. Але мы мусім памятаць, як нарадзіўся гэты праект. Ён нарадзіўся не таму, што такая ідэя прыйшла ў галаву Святлане Ціханоўскай ці іншаму чалавеку. З такім запытам, ці нават патрабаваннем, прыйшлі да Святланы Ціханоўскай беларусы, якія мелі праблемы з пратэрмінаванымі дакументамі. Менавіта з гэтым пасылам мы пачалі гэтую працу.

І так, праца вельмі складаная, вельмі вялікая. Але той консульскі ўказ, прыняты ў мінулым верасні, стаўся чарговым пацвярджэннем, што мы рухаемся ў правільным кірунку. Рэпрэсіі Лукашэнкі, да гэтага — унутрыпалітычныя, ужо зрабіліся сістэмнымі рэпрэсіямі супраць дыяспары. Таму — ёсць логіка, ёсць абгрунтаванні, ёсць народная воля да гэтага праекту, і мы гэтай народнай воляй кіруемся.

Новы ўрад у Польшчы і пераезд Кавалеўскага. «Гэта супадзенне»

— Гэтым ды іншымі праектамі вы займаецеся ўжо ў Варшаве. Пражылі тут ужо больш за месяц, так? Як працуецца пасля Вільні?

— Мой прыезд сюды супаў — абсалютна выпадкова! — са зменай ураду ў Польшчы. Да ўлады прыйшлі новыя людзі, прыйшлі з новай энергіяй і новым бачаннем таго, што можна будзе зрабіць разам. Гэта не азначае, што Польшча нейкім чынам памяняла сваё стаўленне да сітуацыі ў Беларусі і да беларускіх дэмакратычных сілаў. Наадварот, мы карыстаемся абсалютнай падтрымкай. І на палітычным узроўні, і ў практычных пытаннях, што асабліва важна для людзей, якія сюды пераязджаюць жыць і працаваць.

Польшча адыгрывае вельмі важную ролю сярод іншых краінаў, мае вельмі моцны голас на міжнароднай арэне. І гэты голас таксама важна ўмець канвертаваць. Важна скаардынавацца, сінхранізаваць свае намаганні, каб дамагчыся большых вынікаў і ў пытанні ціску на рэжым, і ў пытанні задзейнічання міжнародных прававых механізмаў адказнасці для рэжыму, паглыблення дыпламатычнай і палітычнай ізаляцыі для яго. Бо прайшло ўжо амаль 3,5 года з моманту выбараў, і рэжым паступова вяртае сябе на міжнародную арэну, спрабуе знайсці новыя хады, партнёраў, новы голас, ужыць новы наратыў. І важна гэта спыніць, не дазваляць ім расці, шырыць прастору.

— Як увогуле пераезд у Варшаву змяніў вашае жыццё? Мы, напрыклад, не заўважылі, каб вас хтосьці ахоўваў…

— У мяне і раней не была ахоўніка. Мне ён не патрэбны. Неяк абыходжуся. Маю прэсавага сакратара — Кірыла Данька, які жыве акурат у Варшаве, што вельмі важна для эфектыўнасці працы. У камандзе таксама — прадстаўнікі ў Бруселі і Кіеве: Уладзімір Астапенка і Генадзь Манько адпаведна. Яшчэ адзін супрацоўнік у Вільні займаецца міграцыйнымі пытаннямі.

Але калі казаць у цэлым, то мне даводзілася мяняць шмат месцаў жыхарства за сваё жыццё. І выснова такая: мне трэба шэсць месяцаў, каб адаптавацца на новым месцы, — і ў плане сацыялізацыі, і ў плане разумення, як працуе гаспадарка ў новым горадзе, як працуе транспарт, лагістыка і гэтак далей. У Варшаве я ніколі не жыў.

Варшава. «Сустрэнемся ў грамадскім транспарце»

— Многія беларусы за пару месяцаў улюбляюцца ў Варшаву…

— Я быў тут шмат разоў. Мне вельмі падабаецца гэты горад. Бо вельмі нагадвае Менск — сваім тэмпам, размахам, энергіяй. Трошкі большы, трошкі хутчэйшы за Менск, больш шматлюдны, я б сказаў. Але мне тут падабаецца. Ёсць рэчы, якія мне «зайшлі» адразу, і ёсць рэчы, якія яшчэ трэба асэнсаваць.

— Што спадабалася адразу?

— Грамадскі транспарт. Мне вельмі падабаецца карыстацца тут грамадскім транспартам. Вельмі надзейны, мае вельмі шмат опцыяў.

Фота: Аліса Ганчар / Белсат

— Не карыстаецеся службовым аўтамабілем?

— Калі ёсць тэрміновая неабходнасць — бяру таксоўку, але часцей усё ж на грамадскім транспарце. Службовага аўтамабіля не маю. Шукайце мяне ў грамадскім транспарце.

— Добра, будзем сустракацца ў метро. Ці маеце планы адкрыць офіс у Варшаве?

— Гэта складанае пытанне. Цяпер у Варшаве вельмі шмат месцаў беларускай прысутнасці. І польскія ўлады моцна дапамаглі з гэтым. Яны даюць памяшканні на льготных ці бясплатных умовах. Таму так, канечне, хацелася б, каб мы атрымалі такую дапамогу.

Але мы таксама разумеем, што польскія ўлады да гэтага часу ўжо вельмі шмат зрабілі для беларускай супольнасці тут, у Варшаве. Я нават не кажу пра іншыя гарады Польшчы, дзе таксама жыве шмат беларусаў. Таму мы разлічваем найперш на свае сілы.

— Здаецца, Варшава магла б стаць ідэальным месцам для працы ўсяго Кабінета, у поўным складзе.

— О, ідэальным цэнтрам для гэтага можа быць толькі Менск. Лепшага месца на зямлі не магу сабе ўявіць. Але пакуль што так. Хтосьці адразу паехаў у Вільню, хтосьці ў Варшаву, нехта апынуўся ў Грузіі. Не так лёгка пераязджаць і мяняць асяроддзе. Таму мы з павагаю ставімся да таго, што хтосьці абраў Вільню, а хтосьці застаецца ў Варшаве.

Начальства. «Не магу сказаць, што Ціханоўская аўтарытарная»

— Чым займаліся сёння?

— У нас было пасяджэнне Кабінета, Святлана Ціханоўская выходзіла на сувязь са Страсбура [размова адбывалася 1 лютага. — Заўв. «Белсат»]. Таксама прайшла сустрэча ўпаўнаважанай групы аб выбарах у Каардынацыйную раду. Былі досыць гарачыя абмеркаванні. Не буду заглыбляцца ў падрабязнасці, але гэтая праца вымагае пэўнага фокусу. Гэта акрамя замежнапалітычных спраў, якія я раблю.

— Святлана Ціханоўская — ваша непасрэдная кіраўніца. Ці бывае яна жорсткая і аўтарытарная? Ці можна ўваходзіць з ёй у спрэчку, пярэчыць ёй?

— Не магу сказаць, што яна аўтарытарная. Яна вельмі ўважліва ставіцца да людзей, успрымае парады, звяртаецца па меркаванне спецыялістаў у сваёй галіне. І так, з ёю можна абменьвацца думкамі, аргументамі, даводзіць сваю пазіцыю.

Святлана Ціханоўская і Валер Кавалеўскі падчас візіту ў Сейм і Сенат Польшчы. Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

То-бок яна адкрытая. Я не памятаю такіх сітуацый, калі б яна сказала: усё, пытанне закрытае, мы спыняемся. Яна адкрытая да таго, каб прыходзіць да яе са сваймі аргументамі, але яны павінны быць добра падрыхтаванымі і абгрунтаванымі. Не на ўзроўні эмацыйных выпадаў.

— Жывы чалавек?..

— Так. Увогуле, гэты рух складаецца з людзей. Гэта не нейкая машына, дзе ўсё безасабовае і людзі адно аднаго не заўважаюць. Наш дэмакратычны рух і пратэсны рух стаў магчымы толькі дзякуючы людзям, якія пераступалі праз свае страхі і рэалізоўвалі свае ідэі, ішлі наперад.

— Ёсць людзі, якія называюць вас стаўленікам Дзярждэпу ЗША ў Кабінеце Ціханоўскай. Што скажаце на гэта?

— Упершыню такое чую [смяецца]. Не, я стаўленік толькі аднаго чалавека — гэта Святлана Ціханоўская.

Ёсць досыць шмат партнёраў, з якімі мне вельмі цікава, камфортна і карысна працаваць. Дзярждэпартамент — толькі адзін з іх. Дзякуючы ўсім партнёрам мы рухаемся наперад і атрымліваем вынікі. А мы маем вельмі шмат падтрымкі, і ўжо адно гэта — важны індыкатар, што ў нас ёсць саюзнікі. І мы атрымліваем такое спрыянне, бо Святлану Ціханоўскую прызнаюць, прызнаюць дэмакратычны беларускі рух і гатовыя нам дапамагаць у дасягненні нашых мэтаў.

— Але нейкія важныя сувязі ў ЗША засталіся? Гэтыя людзі дапамагаюць вам дасягаць мэтаў?

— Так, канечне, ёсць такія сувязі, яшчэ з 1990-х гадоў. Нядаўна, у снежні мінулага года, калі праходзіў стратэгічны дыялог у Вашынгтоне, я сустрэў былога амбасадара Дэніела Спекхарда, які некалі быў паслом Злучаных Штатаў у Беларусі. Гэта быў фактычна першы амбасадар, які карыстаўся беларускай мовай. Я тады працаваў у МЗС Беларусі. І вось Дэніел Спекхард дагэтуль уключаны ў беларускую тэматыку.

Але разам з тым з’явілася вельмі шмат новых імёнаў, амерыканцаў, якія дапамагаюць Беларусі. Вельмі шмат таксама беларусаў, што жывуць у ЗША і ўключыліся ў гэты працэс пасля 2020 года.

Выбары ў будучыні. «Мяне там няма»

— Вы працавалі ў МЗС РБ да 2006 года. У чым прынцыповая розніца паміж працаю тады і цяпер?

— Там і там у цэнтры была Беларусь. Але тады там быў чалавек, які, відавочна, не кіраваўся нацыянальнымі інтарэсамі. Легітымнасць Лукашэнкі з цягам часу змянялася. Ягоны мандат мусіў скончыцца ў 1999 годзе, але быў працягнуты да 2001-га. Ягоная легітымнасць увесь час памяншалася, з ёю памяншалася і лукашэнкаўская павага да нацыянальных інтарэсаў.

Лукашэнка ўсё больш і больш нарошчваў месца і ролю менавіта для свайго асабістага. Пачаў асацыяваць цэлую краіну, дзяржаву са сваімі асабістымі інтарэсамі. Таму ў 2006 годзе, калі ён абраў сябе на трэці тэрмін, я сам сабе сказаў, што не магу больш быць часткаю ўсяго гэтага.

Цяпер я фактычна таксама займаюся замежнай палітыкай у інтарэсах Беларусі, але маю іншыя адчуванні, бо кіруюся менавіта нацыянальнымі інтарэсамі. Мы можам карыстацца беларускай мовай у сваіх камунікацыях, што было ўсё большай раскошай у МЗС. І мы бачым цяпер, як успрымаюць рэальную Беларусь замежныя партнёры. Калі раней трэба было патраціць гады на тое, каб арганізаваць сустрэчу ў нейкіх міністэрствах замежных спраў, парламентах, дамагчыся ўвагі, то цяпер нам на гэта патрабуецца тыдзень-два.

Я ўжо трошкі прывык, але раней для мяне як для прафесійнага дыпламата было шокам, што мы арганізоўвалі візіты ў ключавыя краіны за два тыдні, напрыклад. Звычайна на гэта ідуць месяцы, часам паўгода ці нават год. Але ў нас атрымліваецца гэта рабіць. І тое, што з намі гатовыя сустракацца на вельмі высокім узроўні, — гэта вельмі каштоўна.

— Кажуць, дыпламатыя і выведка ідуць плячо ў плячо. Хацеў бы запытацца пра такую з’яву, як шпіёнаманія. Такое ўражанне, што часам беларуская супольнасць за мяжою пачынае выконваць функцыі контрвыведкі. Бывае, немагчыма штосьці зрабіць ці сказаць, каб цябе не палічылі крамлёўскім агентам. Нядаўна атакавалі таксама і вашую сям’ю. Што з гэтым рабіць?

— Усе сітуацыі, я б сказаў, індывідуальныя. Тут, мабыць, агульнага правіла няма, хаця… можна да яго прыйсці. Я б найперш заклікаў да адказнасці, да таго, каб з асцярожнасцю ставіцца да інфармацыі, якую нам прапануюць. Бо часам усё робіцца адмыслова.

Крыніцу інфармацыі таксама трэба ацэньваць вельмі акуратна. Асаблівая адказнасць — на сродках масавай інфармацыі, якія могуць выступаць своеасаблівымі фільтрамі. Трэба памятаць, што за гэтым стаяць людзі.

 Фота: Аліса Ганчар / Белсат

У мяне быў такі досвед: я ў Джорджтаўне браў курс медыяпалітыкі. Выкладаў прафесар, які ўваходзіў у прэзідэнцкі пул, то-бок быў акрэдытаваны на прэс-брыфінгі ў Белым доме. І на ўводных занятках ён казаў, што галоўная мэта і задача медыя — дапамагаць людзям разбірацца ў тым, хто хоча абрацца ва ўладу. І якраз з гэтага трэба сыходзіць, калі мы думаем, якія падзеі асвятляць, каму надаваць прыярытэтную ўвагу і ці варта вырываць нейкія асобныя асабістыя гісторыі, што не маюць ніякага дачынення да палітычнага працэсу.

— «Дапамагчы разабрацца, хто хоча быць абраным». Адна беларуска заявіла мне нядаўна: у вольнай Беларусі я буду галасаваць за Кавалеўскага, бо давяраю яму. Таму адразу два пытанні: чаму, на вашую думку, людзі вам давяраюць, і ці мяркуеце вы, абапіраючыся на гэты давер, пазмагацца ў будучай Беларусі за пасаду кіраўніка краіны?

— Сёння нават не задумваюся пра тое, што я магу рабіць у Беларусі пасля вяртання. Мне здаецца, што калі я пачну думаць пра гэта, то яно пачне вызначаць ужо сёння мае думкі і дзеянні. І ў такім сэнсе я нібыта буду ствараць для сябе пэўныя ўмовы, гаварыць правільныя рэчы, якія могуць аказацца папулісцкімі. Яны будуць не пра справу, не пра сённяшні дзень і складаныя ўмовы, у якіх мы працуем, а пра тое, каб людзі пабачылі ўва мне магчымага кандыдата.

Таму я проста не іду думкамі туды. Мяне там няма. І, адпаведна, няма ніякіх планаў. Бо мяркую, што сёння мне гэта нашкодзіць як прафесіяналу, як чалавеку, які займаецца практычнымі справамі, і можа кепска адбіцца на ўсім руху. Некаторыя рэчы залежаць таксама і ад мяне.

Палітык і чалавек. «Бываюць дні, калі даводзіцца наступаць на горла ўласнай песні»

— Гучыць шчыра. Магчыма, з гэтай шчырасці і вынікае давер?

— Я не ведаю. Цяжка сказаць, як выбудоўваецца прырода даверу да людзей. Ці праз словы, ці праз дзеянні, ці праз здольнасць прызнаваць свае абмежаванні або свае памылкі… Здаецца, што ў кожнага чалавека на сваім інтуітыўным узроўні ўсё спрацоўвае. Часам людзі вераць словам, дзеянням, а часам — інтуітыўна супастаўляюць розныя звесткі і кажуць: веру.

— Некаторыя кіруюцца выключна выглядам палітыка.

— Што да мяне, я заўсёды хачу даведацца, што гэты чалавек можа зрабіць на практыцы, безадносна да таго, як выглядае. Я спадзяюся, што астатнія, калі будуць рабіць свой выбар, будуць думаць менавіта пра тое, як чалавек разважае, як ставіцца да іншых, з павагаю ці не…

Лукашэнка ўжо вельмі даўно перастаў паважаць людзей. Ён іх эксплуатуе, ставіцца да іх як да расходнікаў. А на кантрасце з ім быў трыумвірат Ціханоўскай, Цапкалы і Калеснікавай, які паказаў, што можна быць палітыкамі і пры гэтым быць абсалютна нармальнымі людзьмі. Аб’ядноўваць вакол сябе, але пры гэтым не рабіцца помнікам.

— Лявон Халатран, напрыклад, упэўнены, што кожная палітыка — гэта такое г…, у якое лепей не лезці.

— Я не пагаджуся. Ёсць розныя палітычныя культуры, ёсць вельмі жорсткія і вельмі таксічныя культуры, і мы ведаем прыклады. Але ёсць і нармальны дыскурс, разуменне таго, што мы можам не пагаджацца адно з адным, што мы мусім адно аднаго выслухоўваць. У гэтым сэнсе я не пасаромеюся аддаць належнае Святлане Ціханоўскай, якая сваім прыкладам дазваляе нам выбудоўваць новую палітычную культуру. Яна не адказвае на абразы на свой адрас, хаця атрымала за гэтыя 3,5 года вельмі шмат незаслужаных і несправядлівых папрокаў, абразаў і гэтак далей. Нягледзячы на ўсё, яна трымае ўзровень, і гэтага ўзроўню мусім трымацца мы ўсе.

Ну а тое, што палітыка — брудная рэч, гэта стандартны штамп. Палітыка — вельмі рухомая з’ява, дзе вельмі шмат элементаў, якія ўвесь час мяняюцца. І таму ёсць сітуацыі кампрамісу, канечне. Але гэта нельга назваць выключна чымсьці адмоўным.

— Бывае такое, што Валер Кавалеўскі як прадстаўнік Кабінету і Валер Кавалеўскі як чалавек не прыходзяць да кампрамісу? Ці даходзіць часам да боек паміж імі? Як даяце рады?

— Тая справа, да якой я далучыўся, а менавіта справа вяртання дэмакратыі ў Беларусь, аднаўленне свабоды ў Беларусі, правядзенне выбараў у Беларусі, — гэта тое, да чаго я імкнуся, і я не дазваляю сабе адступаць ад мэты. Бываюць розныя сітуацыі, калі трэба саступіць, калі трэба прызнаць, што ёсць іншыя аргументы і ёсць іншыя цэнтры сілаў, якія могуць атрымліваць пэўную перавагу ў бягучы момант. Немагчыма быць пераможцам кожны дзень. Можа здарыцца такі ланцуг падзей, што ў цябе не будзе атрымлівацца вельмі доўга штосьці. Гэта не азначае, што ты пайшоў на кампраміс з уласным сумленнем.

Зноў жа, ёсць каштоўнасці, якія павінны быць універсальнымі, непарушнымі. У гэтым сэнсе, мяркую, мне ўдаецца прытрымлівацца нейкіх прынцыпаў і каштоўнасцяў, якія для мяне важныя і асабіста.

Але часам бываюць дні, калі, так… прыходзіцца наступаць на горла ўласнай песні.

— Не псіхуеце праз гэта?

— Ох, я не раскажу, як я спраўляюся са сваімі стрэсамі. Нашае жыццё, пачынаючы з 2020 года, нельга назваць нармальным. Парушаныя ўсе рытмы, парушаныя ўсе звычкі: заняткі спортам, адпачынак, камунікацыя, сацыялізацыя з сябрамі, працоўны час. Усё разбалансаванае вельмі моцна. Таму выпрацоўваюцца і новыя механізмы таго, як даць рады з гэтымі сітуацыямі, з гэтым стрэсамі.

— Добра: вяртаецеся дадому і адціскаецеся ад падлогі?

— Ну не, я не буду заглыбляцца ў дэталізацыю, але пакуль што ў мяне атрымліваецца. Прынамсі — не на публіку…

Дом. «Сваю долю камунальнага жыцця я ўжо атрымаў»

— Я кажу «вяртаецеся дадому». Але які «дом»? Наймаеце кватэру ў Варшаве? Яна вялікая?

— Дастаткова. Для мяне важна, каб была прастора. Калі ў 2020-м далучыўся да каманды Святланы Ціханоўскай, то ў Вільні пэўная частка людзей жыла ў гатэлі, бо гэта было вельмі танна, да таго ж субсідавалася. Для людзей гэта было важна, бо заробкі былі вельмі маленькія.

І я таксама пражыў дні з тры ў гатэлі, а потым сказаў: не, не змагу так, бо псіхіятр потым абыдзецца значна даражэй. Вельмі цесны быў пакой у гатэлі. Асабістай прасторы фактычна не было. Наняў кватэру і з’ехаў.

А магчыма, гэта пытанне ўзросту. Да таго ж, я дзевяць гадоў пражыў у інтэрнаце, калі вучыўся і пачынаў працаваць у МЗС. То-бок, мяркую, сваю долю камунальнага жыцця я ўжо атрымаў, мне хапіла. Таму для мяне важна цяпер не адчуваць заціснутасці сценамі. Так, у Варшаве я наймаю кватэру.

— З чаго складаецца ваш камфорт цяпер?

— Гэта асабісты камфорт. І гэта камунікацыя з роднымі, сябрамі і з калегамі. Бо ў нас няма графіку, і працоўныя гадзіны не фіксаваныя. Але да цябе прыходзяць людзі са сваёй энергіяй, якая дапамагае знаходзіць сябе кожны дзень. Візуальным жа стымулятарам, калі можна так сказаць, служыць кніжная палічка.

Маю даволі багатую кніжную калекцыю, з якою не расстаюся, — падарожнічае са мною. Шмат што не прачытанае, бо не стае часу. Але менавіта яна дапамагае мне памятаць пра іншую перспектыву.

— Кажаце пра камунікацыю з роднымі. Ці часта звязваецеся з сынам? Колькі яму ўжо?

— Сыну ўжо 15 гадоў. У мяне з Янам выдатная камунікацыя. Ён, дарэчы, прыязджаў нядаўна, на канікулах. Прыязджаў спачатку ў Вільню. Дапамог мне сабрацца і пераехаць у Варшаву, пабыў трохі ў Варшаве і адсюль ужо паляцеў назад. Яны з мамаю цяпер у Афрыцы, дзе Марына [Марына Кавалеўская, былая жонка Валера Кавалеўскага, адвакатка, якая ў 2011 годзе бараніла Андрэя Саннікава. — Заўв. «Белсат»] атрымала прызначэнне паводле прафесіі.

«Асалода?.. Думаеш пра тое, як падтрымаць надзею»

— На развітанне: што ў жыцці прыносіць вам найбольшую асалоду?

— Прызнаюся, што тэрмін «асалода»… Нават не ведаю, як вызначыць. Гэтага няма. Думаеш пра тое, дзе атрымаць энергію, дзе зачапіцца, як падтрымаць надзею…

Дапамагае ацэньванне таго, што мы робім. Нават калі крытычнае, галоўнае, каб было справядлівым і зацікаўленым. То бок дапамагае, калі тое, што ты робіш, заўважаецца, камусьці патрэбнае, прыносіць карысць. Найважнейшае — бачыць, што мае прафесійныя дзеянні прасоўваюць нас, хаця б паступова, наперад.

А гэта не проста рабіць, бо ў нас вельмі сур’ёзны супернік. У нас няшмат рэсурсаў. Ёсць чалавечая энергія і надзея, і ў канцэнтраваным выглядзе яна нам дапамагае рухацца наперад, ну але ўсё адно… няпроста. Нам усім няпроста. Многім прыходзіць думка: а што, калі мы ніколі не вернемся ў Беларусь? Гэта цяжкая думка для кожнага з нас.

Чальцы Аб’яднанага пераходнага кабінету Аліна Коўшык і Валер Кавалеўскі на прэс-канферэнцыі ў Музеі вольнай Беларусі. Варшава, Польшча. 2 снежня 2022 года. Фота: Карына Пашко / Белсат

— Цяжкая думка…

— Так, але было нямала людзей у гісторыі чалавецтва, якія не змаглі вярнуцца дадому. І, тым не менш, яны з годнасцю праходзілі гэты шлях, заставаліся вернымі свайму выбару і сваёй краіне, культуры. Таму ад кожнага з нас залежыць, як мы будзем праходзіць гэты шлях.

— Ці шукаеце крыніцу энергіі і ці знаходзіце яе ў людзях?

— Так, у людзях. Гэта могуць быць і беларусы, могуць быць і замежнікі. Бо калі ты чуеш прызнанне і з іхнага боку, гэта вельмі важна. Ці на адрас Святланы Ціханоўскай, ці на адрас іншых палітыкаў, грамадзянскай супольнасці, медыя і гэтак далей. Штодзень кожны з нас штосьці робіць такое складанае, выключнае, пераступае праз сябе, б’ецца са стрэсам. Мы ўсе гэта робім, мы частка адной гэтай экасістэмы. Людзі, якія робяць гэтую справу штодзень.

— Як частка адной экасістэмы — пойдзеце піць піва з Зянонам Пазняком?

— З задавальненнем. Ён той чалавек, з якім пайшоў бы на піва. І, дарэчы, гэта вельмі цікава: у амерыканскай культуры пайсці з кімсьці на піва — штосьці большае, гэта значыць раздзяліць час жыцця з чалавекам, які табе цікавы, якому ты давяраеш, ад якога ты можаш чамусьці навучыцца. Зянон Пазняк належыць да такой маёй групы.

— Хто яшчэ ў гэтай групе?

— Не, не буду персаналізаваць, бо абавязкова кагосьці забуду згадаць. Але ў гэтай групе вельмі шмат выбітных асобаў, якія кожны дзень робяць выключныя рэчы на карысць Беларусі. Таму так: было б здароўе і час на піва…

Каментары28

  • Пiва
    14.02.2024
    А той яго агентам назваў))
  • Жвір
    14.02.2024
    Цікава.
  • Пытанне
    14.02.2024
    А чаго з Вільні з'ехаў? Сам з'ехаў ці выперлі?

«This f*cking AI». Перакладчык Лукашэнкі пры прэзідэнце ААЭ выкарыстаў недыпламатычнае слова5

«This f*cking AI». Перакладчык Лукашэнкі пры прэзідэнце ААЭ выкарыстаў недыпламатычнае слова

Усе навіны →
Усе навіны

Прагіб залічаны. Пяскоў заявіў, што пад уражаннем ад пытання беларускага блогера Улада Бумагі Пуціну18

Беларуска расказала, колькі зарабляе як Снягурка ў Польшчы20

Мінск пачаў атрымліваць трамваі з нізкай падлогай. Вось як яны выглядаюць8

На катку на Нямізе ў Мінску памёр чалавек5

Рэктар БДУ пра жонку: У нас цывілізаваныя дагаворныя адносіны8

У Стаўрапольскім краі РФ выбухнуў ларок з феерверкамі ВІДЭА1

Самалёт ЗША падбілі «сяброўскім агнём» над Чырвоным морам1

«Гэта літаральна зрывае дах!» Тэлевядучая Люцыя Герашчанка распавяла пра паездку ў Індыю з сынам8

Ужо тыдзень у Расіі не могуць знайсці мужчыну, які забіў паліцэйскага, а пасля згвалціў і забіў яго маладую жонку12

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«This f*cking AI». Перакладчык Лукашэнкі пры прэзідэнце ААЭ выкарыстаў недыпламатычнае слова5

«This f*cking AI». Перакладчык Лукашэнкі пры прэзідэнце ААЭ выкарыстаў недыпламатычнае слова

Галоўнае
Усе навіны →